it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 21

У самай складанай, я лічу, намінацыі -- "Журналісцкае расьсьледваньне".
Віншую Яўгена!..

Тэкст-пераможца -- ніжэй.

У Беларусi легальна прадаюць наркотыкi?

(Апублікавана ў газеце "Звязда" 03.10.2009)

28-гадовы Максім паспрабаваў курыцельную сумесь спайс, якая шырока прадаецца па ўсёй краiне праз iнтэрнэт. І трапiў у псiхiятрычную клiнiку. Каля месяца ўрачы ўзнаўлялi псiхiчнае здароўе Максiма.

Карэспандэнт «Звязды» высвятляў, чаму курыцельныя сумесi легальна прадаюцца ў Беларусi i хто зарабляе крывавыя грошы на здароўi нашай моладзi?

Называць спайс наркотыкам у Беларусi яшчэ не прынята. Сiнтэтычнае рэчыва, якое iнтэрнэт-гандляры называюць «араматычнай сумессю», завезлi да нас прыкладна год таму. У пералiк псiхатропных рэчываў спайс не ўнесены. Вось чаму сумесь дагэтуль легальна прадаецца па ўсёй краiне, i сябры мiнскага праграмiста Максiма Сакалоўскага вырашылi паспрабаваць, што гэта такое. Той вечар ледзь не паламаў Максiму жыццё — у вынiку хлопец трапiў у рэспублiканскi цэнтр псiхiчнага здароўя. Пасля выпiскi ён пагадзiўся сустрэцца з карэспандэнтам «Звязды».

— З сябрамi паехалi на адну з базаў адпачынку пад Мiнскам. Было гэта ў лiпенi месяцы, — расцягнута i з тугой у голасе ўзгадвае Максiм Сакалоўскi. — Нехта дастаў пакецiк з так званым спайсам — давайце пакурым. Тады я ўпершыню даведаўся пра iснаванне гэтай сумесi. Хлопцы выйшлi на балкон, зацягнулiся з люлькi. Прапанавалi мне: «Хочаш? Гэта нават не наркотык, легальна прадаецца праз iнтэрнэт, як папяросы. Будзе кайфова». Па-праўдзе, не куру нават цыгарэтаў. Але я падумаў, чаму б не паспрабаваць, раз гэта дазволена. I таксама зацягнуўся…

Сумесь пачала «награбаць», спрабаваў трымаць сябе пад кантролем, выклiкаў таксоўку i паехаў дадому. Галюцынацый быццам бы не было, але ў машыне пачаў «ганяць» думкi, нiбыта маёй сям'i пагражае небяспека — жонцы, бацькам. Прыехаў дадому, лёг спаць. Вечарам наступнага дня пайшлi з жонкай на дзень народзiнаў да сябра. I зноўку пачалiся трывогi, тыя ж думкi… Усе здзiўлялiся: «Чаму ты такi зашуганы?» А я нiчога не мог з сабой зрабiць, баяўся за жонку, за бацькоў. Вярнулiся дадому, выкiнуў з кватэры ўсе нажы, зачынiўся ў ваннай…

На наступны дзень жонка не вытрымала i патэлефанавала ў «Хуткую». Мяне завезлi ў «Навiнкi» (Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр псiхiчнага здароўя. — «Звязда»), дзе месяц прыводзiлi ў норму, шпiгавалi лекамi, а потым выпiсалi. Урачы паставiлi дыягназ — «псiхоз». Патлумачылi, што нейкiх сур'ёзных псiхiчных адхiленняў у мяне няма. Так моцна з каляiны мяне выбiла тая самая курыцельная сумесь. Не разумею, чаму спайс дагэтуль адкрыта прадаецца?!

Наркагандляры выдаюць сумесь за легальную араматычную траўку

Гісторыя Максіма — не адзінкавы выпадак. У Мiнску дзейнiчае нефармальнае антынаркатычнае аб'яднанне, удзельнiкi якога паведамляюць мiлiцыi кантакты барыг (так на жаргоне называюць гандляроў наркотыкамi), вылiчваюць нумары тэлефонаў наркагандляроў, даюць кансультацыi сваякам наркаманаў. Нефармальны лiдар аб'яднання Юрый Карэтнiкаў патлумачыў карэспандэнту «Звязды», чаму небяспечныя сумесi маюць у Беларусi шалёную папулярнасць.

— Праблема ў тым, што гандляры пускаюць людзям пыл у вочы, маўляў, спайс — гэта рамантычная трава, якую спрадвеку курылi iндусы, кiтайцы i iншыя ўсходнiя народы. Насамрэч гэта сiнтэтычнае рэчыва, якое ўздзейнiчае на арганiзм чалавека катастрафiчна. Я сустракаўся з дзясяткамi чалавек, якiя ўжывалi спайс i паспрабавалi кiнуць. Але ў iх не атрымалася, трапiлi ў жорсткую фiзiчную залежнасць. Яны не могуць выйсцi з цяжкага дэпрэсiўнага стану, сустракаюць знаёмых, якiя пад кайфам, i зноўку тэлефануюць кур'ерам. Бяда ў тым, што спайс па-ранейшаму адкрыта прадаюць дзясяткi iнтэрнэт-сайтаў, кур'еры iмгненна прывозяць наркотык у любы пункт Мiнска. Вiзiтоўкi з прапановай купiць спайс раздаюць на ўваходах у станцыi метро. Днямi такую ж вiзiтоўку ля станцыi Плошча Якуба Коласа ўперлi мне. Спайсам масава гандлююць у клубах i нават у школах. Па нашых падлiках гэты наркотык паспрабавала больш за 100 тысяч маладых людзей толькi ў Мiнску. I гэта праз год пасля таго, як наркотык з'явiўся ў Беларусi…

Нават сёння, калi пра ўздзеянне спайсу ведаюць у праваахоўных органах, сумесь амаль бесперашкодна прадаецца ў iнтэрнэце. Карэспандэнт «Звязды» налiчыў каля чатырох дзясяткаў сайтаў, якiя прадаюць спайс. «Хутка! Танна! З дастаўкай, — так заманьваюць наркагандляры пакупнiкоў, апiсваючы сумесi. — Насенне гэтай раслiны знаходзiлi ў каралеўскiх магiлах у Юкатан i Перу пачынаючы з 300 года да нашай эры да 900 года нашай эры». Некаторым гатункам спайсу барыгi прыпiсваюць тэрапеўтычныя якасцi. Тэлефаную аднаму з наркагандляроў па мабiльным тэлефоне:

— Цi прадаецца ў вас спайс?

— Так. Дастаўка па Мiнску 15 хвiлiн. Грам каштуе 35 тысяч рублёў.

— Кажуць, што спайс — гэта наркотык.

— Не, усё легальна, можна прадаваць, паспрабуйце.

Не дзiўна, што многiя маладзёны пасля такой «прамыўкi мазгоў» набываюць небяспечную курыцельную сумесь.

— А калi спайс прызнаюць наркотыкам, дзясяткi тысяч маладзёнаў не змогуць ад яго адмовiцца, — падсумоўвае Юрась Карэтнiкаў. — Уявiце, колькi будзе паламаных лёсаў. Колькi падманутых барыгамi маладых людзей патрапяць за краты, згубяць здароўе. Бо сёння далёка не ўсе дзецi разумеюць, што купляючы спайс, яны ўжываюць каварны наркотык…

Чаму спайсам гандлююць амаль бесперашкодна?

Накiроўваюся ва ўпраўленне па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi ГУУС Мiнгарвыканкама. Сустракаюся з супрацоўнiкам Iгарам Луневiчам, якi непасрэдна займаецца праблемай распаўсюду спайсу. На стале ў мiлiцыянера тоўсты стос дакументаў i прышпiленыя да яго рознакаляровыя пакецiкi ад спайсу. Iгар Луневiч тлумачыць, чаму мiлiцыянеры дагэтуль не могуць арыштоўваць гандляроў небяспечнымi курыцельнымi сумесямсi:

— За такое правапарушэнне прадугледжана толькi адмiнiстрацыйнае пакаранне — незаконная прадпрымальнiцкая дзейнасць. Чалавек, якi рэалiзоўвае спайс, без праблем аплачвае штраф у 350 тысяч рублёў i iдзе гандляваць сумесямi зноў. Асобы, якiх мы затрымлiвалi, давалi тлумачэннi: пазычаем у знаёмых тысячу долараў, едзем у Маскву, у кальян-барах набываем спайс i вязём у Мiнск. Навар з 1000 долараў — аж 6500. Для такiх гандляроў штраф у 350 тысяч беларускiх рублёў нiчога не азначае. Затрыманыя намi гандляры сцвярджалi, што ведаюць пра ўздзеянне спайсу на арганiзм чалавека, бо спрабавалi самi, адчувалi галюцынагенныя эфекты. Але спыняць гандаль яны не збiраюцца, бо спайс не лiчыцца наркотыкам.

— Чаму гандляры пазбягаюць крымiнальнай адказнасцi?

— Мы ўжо не адзiн месяц б'ём трывогу. Формула спайсу ўнесена ў праект рэспублiканскага пералiку псiхатропных рэчываў. Пэўны час мы чакалi, пакуль дакумент пройдзе праз усе iнстанцыi. З першага студзеня наступнага года спайс будзе лiчыцца наркотыкам, гандляры будуць адказваць па Крымiнальным кодэксе. Усе аб'явы з iнтэрнэта знiкнуць, спайс, хутчэй за ўсё, будзе рэалiзоўвацца падпольна, як i iншыя наркотыкi.

Сумесi прадаюцца ў мiнскiх крамах?

Калi матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю «Звязды» патрапiў сiгнал — курыцельная сумесь прадаецца у некаторых крамах. Чытачы сцвярджалi, што бачылi пакецiкi з сумессю ў мiкрараёне Уручча.

Калi я прыехаў у тую самую краму, каб праверыць iнфармацыю, пакецiкаў з сумессю на прылаўках не знайшоў. Але быў шакiраваны, калi на iнтэрнэт-сайце крамы знайшоў тыя самыя курыцельныя сумесi з лiнейкi спайс, пра якiя паведамлялi чытачы. На сайце прапаноўвалася набыць сумесi з лiнейкi спайс, а менавiта Smoke

(5 тысяч пакецiкаў коштам у 58 520 беларускiх рублёў кожны) i Jan Rush (10 тысяч пакецiкаў коштам у 62 600 беларускiх рублёў кожны).

Напрошваецца пытанне, адкуль у краме сумесi, якiя ўздзейнiчаюць на арганiзм чалавека цяжэй за марыхуану?

Iмя героя матэрыяла зменена.

Яўген ВАЛОШЫН.

P.S. Беларускае заканадаўства не гатовае да з'яўлення ў Беларусi сiнтэтычных наркотыкаў кшталту спайс. I нават калi ўзгаданыя ў артыкуле сумесi будуць забароненыя, у наркалабараторыях распрацуюць рэчывы з новымi хiмiчнымi формуламi. I што, зноўку чакаць год, пакуль чарговыя формулы ўнясуць у пералiк псiхатропных рэчываў? Тым часам не пабаюся сказаць, што беларуская моладзь у небяспецы. Неабходны самыя рашучыя меры. Бюракратычная цяганiна з уключэннем сумесяў у пералiк псiхатропных рэчываў можа каштаваць тысячаў маладых беларускiх лёсаў.

Якiя грошы зарабляюцца на спайсе?

За год, пакуль спайс легальна прадаецца ў Беларусi, барыгi зарабляюць на здароўi моладзi астранамiчныя грошы.

— Аднойчы i я з жонкай вырашыў паспрабаваць спайс, дамовiлiся сустрэцца з гандляром у сталiчным раёне Кунцаўшчына, — распавядае бубнач аднаго з мiнскiх рок-гуртоў Iван. — Гандляр, з выгляду 24—25 гадоў, прыехаў на новым «БМВ» сёмай серыi коштам каля 50 тысяч долараў. Па спайс да яго стаяла сапраўдная чарга, як у пiўны шапiк. Паспрабаваўшы гэтую гiдоту адзiн раз, мы больш гэтым не займалiся. Пазней я даведаўся, што многiя гандляры за год збудавалi на спайсе катэджы ў сталiцы.

Лiдар антынаркатычнага аб'яднання Юрый Карэтнiкаў, паразмаўляўшы з такiмi гандлярамi, таксама падлiчыў iх прыкладны прыбытак:

— Дакладна ведаю, што сярэднi барыга мае навар у 1500 долараў штодзённа. А ў суме па сталіцы наркагандляры маюць штодзённы прыбытак у 500 тысяч долараў, не менш.

Што такое курыцельныя сумесi спайс?

Курыцельныя сумесi з лiнейкi спайс выклiкаюць псiхалагiчную i фiзiчную ломку. А па сваiм уздзеяннi яны ў разы мацнейшыя за марыхуану. Да такiх высноваў прыйшлi ва ўпраўленнi па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi ГУУС Мiнгарвыканкама.

— Немцы першыя забiлi трывогу ў пачатку гэтага года. У Заходняй Еўропе спайс некаторы час распаўсюджваўся як легальны заменнiк марыхуаны. Немцы хутка прызналi спайс псiхатропным рэчывам, — распавядае карэспандэнту «Звязды» супрацоўнiк упраўлення Iгар Луневiч. — У сумесях знайшлi штучныя хiмiчныя субстанцыi, уздзеянне якiх вельмi небяспечнае. Наркаманы на iнтэрнэт-форумах пiшуць, што спайс у дзесяць разоў мацнейшы за марыхуану. Вядомыя выпадкi, калi ў людзей наступала не толькi псiхалагiчная залежнасць, але i фiзiчная.

Спайс — гэта агульная назва для шматлiкiх курыцельных сумесяў, што завозяцца ў Беларусь. Назвы могуць быць наступныя: Spice, Smoke, Jan Rush, Pulse, Chillin і многiя iншыя.

Яўген Валошын, «Звязда» №187 (26545) 03.10.2009
Тэгі: