it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 02

Сястра Васіля Быкава Валянціна Ўладзімераўна -- фантастычна мілы чалавек, яна вельмі падобная да брата. Вяртаючыся з Полацку, я абавязкова заехаў да яе на дранікі. Пасядзелі, пагаманілі. Пліта працуе, у хаце цёпла, раённыя ўлады, дзякуй ім, зрабілі новую прыбіральню.
Валянціна Ўладзімераўна жыве адна, цяпер ёй 83 гады. Хоць і сасьлепла на адное вока, чытае "Нашу Ніву" і "Народную Волю", вечарамі слухае "Свабоду" -- скардзіцца, што вельмі дрэнна чуваць.
Яна ў курсе ўсіх навінаў, у палітыцы разьбіраецца як запраўскі палітоляг. І дранікі робіць смачныя-смачныя!

Вельмі сумуе, што рэдка хто ёй звоніць, яшчэ радзей -- хто прыедзе. Заўджы радая гасьцям.

Сябры, калі вы будзеце мець магчымасьць наведаць Валянціну Ўладзімераўну -- зрабіце гэта. Вёска Ваўчо знаходзіцца літаральна перад самымі Вушачамі. Хата Валянціны Ўладзімераўны -- па левым баку, за маленькай крамаю на прыпынку: унізе з гары.

Ці проста патэлефануйце ёй і скажыце пару цёплых словаў. Хто захоча -- вышлю тэлефон на пошту.

Калі я ўжо ад'язджаў, Валянціна Ўладзімераўна паказала памяць пра брата Васіля. Музычная паштоўка, якую Быкаў даслаў ёй яшчэ з Фінляндыі, працуе і цяпер. Валянціна Ўладзімераўна кажа, што калі ёй робіцца вельмі тужліва, яна адкрывае гэтую паштоўку, слухае мэлёдыю і ўспамінае брата. Васіля Быкава.

1947 год, Валя -- справа

Колішні здымак з выгнаньня ад брата Васіля...

...і подпіс на адвароце.

Тэгі: