it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 10

Вядомы музыка прэзентуе дыск "Белая яблыня грому" —
на вершы беларускiх класiкаў ад XVIII да XXI стагоддзя

Класiк сучаснай беларускай музыкi Лявон Вольскi выпускае класiчны праект. "Белая яблыня грому" — дванаццаць песень на вершы беларускiх класiкаў, ад Чачота да Барадулiна. 23 сакавiка на вялiкай сцэне Купалаўскага тэатра адбудзецца прэзентацыя праекта i дыска. Першае аддзяленне — уласна песнi са складанкi, другое аддзяленне — малавядомыя песнi Вольскага, якiя ён пiсаў сам, а не са сваiм гуртом NRM. Якраз гэтымi днямi ў iнтэрнэце прэзентуецца першая песня са складанкi — "Немец" Багушэвiча. Сiмвалiчна, бо якраз гэтымi днямi мы адзначаем 170-годдзе паэта!.. Адметна, што Вольскi сам аздобiў дыск — прыдалася мастацкая адукацыя. Да дыска дадаюцца дзве кнiжачкi — у адной бiяграфii i партрэты паэтаў (работы Вольскага), у другой — уласна тэксты песень i малюнкi Лявона "на тэму". Праект знакавы — праслухаўшы яго, разумееш, што беларуская лiтаратура — магутная i вечная, паэзiя наша — непаўторная i светлая, а спевакi нашы — нават сучасныя — трымаюцца каранёў, любяць сваё. Лявон Вольскi — сённяшнi госць "Звязды".

"Беларуская лiтаратура — гэта не зборышча закамянелых аўтараў!"

— Спадар Лявон, гэты праект незвычайны для вас: калi пра мiнулыя праекты некаторыя казалi, што "Вольскi крыўляецца", то гэты — цалкам сур'ёзны. Мне здаецца, што ён для вас стаў пунктам замацавання — як для альпiнiстаў...

— Дакладна!.. Якраз гэта i ёсць такая адзнака: залез на новую прыступку гары — замацаваўся. Бо я люблю пакрыўляцца насамрэч. А тут не пакрыўляешся, бо досыць сур'ёзныя тэксты розных беларускiх паэтаў падабралiся для гэтай праграмы. Я хацеў, каб была нейкая такая нотка з крыўляннем, перагартаў увесь зборнiк Крапiвы — нiчога не атрымалася. Атрымалiся рознастылёвыя песнi, з розным настроем — бо iх пiсалi розныя людзi, у розны час, пад уплывам розных пачуццяў, эмоцый. Таму давялося кожны перажываць па-свойму. Гэта значыць, перажытае гэтымi паэтамi i мне давялося перажыць... У нас, насамрэч, так выкладанне вялося ў школе, што я i ўявiць не мог, што ў Куляшова могуць быць такiя вершы, як "Парушыўшы законы прыцягнення". Вучылi "Сцяг брыгады", "Цвёрда трымаўся юнак на дапросе..." — здавалася, у такiм кiрунку i ўся творчасць. Мне не хацелася б займацца "лiквiдацыяй непiсьменства", бо гэта нудна. Думаю, што шмат людзей папросту зразумее, што беларуская лiтаратура — гэта не зборышча закамянелых i кананiзаваных аўтараў, без хiбаў i заганаў. Такiх нейкiх стэрыльных i стэрылiзаваных iстотаў.

— Пасля гэтай праграмы — будзеце далей крыўляцца?

— Я крыўляцца буду, пакуль мне дазваляе сiтуацыя i гады!.. Я думаю, што беларускую публiку трэба лекаваць не толькi сур'ёзнымi праектамi, але i крыўляннем таксама. Трэба ўмець паiранiзаваць i з сябе, i з сiтуацыi, i з жыцця. Гэта абсалютна здаровы працэс. А ўсе, хто мяне абвiнавачвае ў блазенстве, мне здаецца, занадта сур'ёзна ставяцца да гэтага жыцця беларускага нашага. I гэта iхнi мiнус!

"Пачытаў Багушэвiча i зразумеў — дык гэта ж сапраўдны рэп!.."

— Паводле якога прынцыпу вы выбiралi гэтых паэтаў?

— А неяк само склалася... Зразумела, многiя не патрапiлi — з былых, з сучасных... Ёсць цэлая плойма рэпрэсаваных паэтаў, якiм трэба было б прысвяцiць асобны альбом!..

— Спадар Лявон, а чаму гэты праект атрымаўся сольны — а не, скажам, пад брэндам вашага гурта NRM?

— Сольны — бо NRM працуе ў сваёй галiне. Да таго ж, у гэты час кожны музыка з NRM працаваў над аўтарскiм праектам, не было як адрываць. Ведаеце, ад мяне многiя чакалi сольнай работы, а выйшлi "Куплеты i прыпевы" — усе падумалi: "о-о-о-о, ну капец, усё зразумела..." (Альбом атрымаўся дужа несур'ёзны, сцёбны, з масай "крыўлянняў". — Г.Л.) Там большасць музыкi рабiлася пад старадаўнi сiнтэзатар... А "Белая яблыня грому" — напраўду першы сольны праект, хоць словы напiсаў не я. Тут iгралi музыкi, тут улiчвалiся мае патрабаваннi да песень...

— Дарэчы, якiя музыкi ўдзельнiчалi ў запiсе праекта?

— У запiсе ўдзельнiчалi адны музыкi, на канцэрце будуць iграць iншыя... У запiсе трэкi бубновыя запiсаў Саша Старажук, якi цяпер iграе ў "Ляпiсах", адзiн з лепшых бубначоў Беларусi. Басавыя партыi запiсаў Саша Мышкевiч, якi iграе ў "Без бiлета", вельмi добры басiст. Гiтарныя трэкi пiсаў Павел Траццяк, з якiм мы ўжо неаднаразова супрацоўнiчалi — ён iграе цяпер у J_mors. Клавiшныя я прапiсаў, некаторыя гiтары таксама я. На скрыпцы граў Аляксандр Хаўкiн, якi раней граў у "Крамбамбулi", а цяпер працуе гукарэжысёрам.

— Усе песнi альбома атрымалiся дужа рознастылёвыя. Была такая мэта — зрабiць усе колеры вясёлкi?

— Зусiм не. Проста пасля прачытання кожнага верша адразу была нейкая асацыяцыя музычная. Пачалося гэта досыць даўно — гадоў сем таму. Мая дачка Адэлька хадзiла ў садок. Мы з жонкай Ганнай прыйшлi неяк зарана яе забiраць — i зайшлi ў кнiгарню ля садка. I набылi там зборнiчак Багушэвiча. Увечары, калi гарталi ўважлiва, то зразумелi, што рэп на гэта напiсаць — самае яно! Бо гэтыя радкi рваныя, няма памеру, такiя дзiўныя "рэперскiя" акцэнтацыi... З гэтага пачалося. Пасля я ўзгадаў гэты Броўкаў "Чабор" яшчэ са школы — i зразумеў, што чыста такая "бiтлаўская" стылiстыка падыходзiць. Потым мне Саша Старажук сказаў, што сапраўды ў альтанках у 70-х так спявалася... Потым пачаў чытаць, гартаць зборнiкi — i ў кожным нейкая такая "перлiна" знаходзiлася, кожны верш асацыяваўся з нейкай музыкай, са стылем.

"На ўроках беллiту настаўнiца чытала нам дэтэктывы, каб не дурэлi..."

— Мне здаецца, што ў гэтай праграме, апроч музычнага, моцны адукацыйны складнiк: мы бачым, што беларуская класiчная лiтаратура — гэта сучасна, прыгожа i стылёва!

— Напраўду, цягам апошнiх гадоў дваццацi iснуе такая няўвага да беларускай лiтаратуры. Некаторыя гавораць: а, нахалеру нам трэба гэтыя савецкiя пiсьменнiкi? Аднак атрымлiваецца, што мы ўвесь час выракаемся сваёй спадчыны. Што сто гадоў таму, што пяцьдзясят. "Ай, не трэба нам княства лiтоўскае — у нас ёсць партызаны, рэвалюцыя i вайна". Альбо "нам не трэба гэтыя камунiстычныя пiсьменнiкi, мы новага панапiсваем". I ўсё пачынаецца наноў, без анiякага падмурка. Мне падаецца, гэта памылка. Менавiта савецкiя пiсьменнiкi — Танк, Куляшоў i Панчанка — зусiм па-iншаму для мяне загучалi...

— Але вы, па сутнасцi, узялi ў iх вершы, адарваныя ад часу, а не прасякнутыя савецкай iдэалогiяй... А вы, дарэчы, у школе ўсю каламуць вучылi?

— У школе ў мяне былi занiжаныя веды па беларускай лiтаратуры — была настаўнiца не вельмi добрая. Потым яна пайшла ў дэкрэт, а прыйшла такая маладая. Скончылася выкладанне беларускай лiтаратуры тым, што яна чытала нам дэтэктывы на ўроках — каб не стаялi на вушах, а ўважлiва слухалi. Потым паставiла ўсiм "пяць" i "чатыры" — i гэта паспяхова скончылася вакацыямi.

Ларыса Геніюш -- адзіная жанчына-паэт на дыску. Малюнак Лявона Вольскага

— Ваш бацька -- Артур Вольскi. Вы, напэўна, многiх пiсьменнiкаў запомнiлi асабiста?..

— На вялiкi жаль, я быў малы, калi былi ўсе гэтыя пасядзелкi. Але ў гасцях, пэўна, усе ў нас бывалi... Да Танка, мабыць, бацькi хадзiлi кватэру выбiваць — ён жа быў старшынёй Саюза пiсьменнiкаў. У дзеда майго лецiшча было на Нарачы — побач з Танкавым. Быў такi перыяд, калi мой бацька быў дырэктарам Дома лiтаратараў — дык я, малы, там усiх перабачыў... Але добра з дзяцiнства памятаю толькi Барадулiна — з тых, хто ўвайшоў на гэтую складанку. Памятаю, як мы з бацькам гулялi па вулiцы (бацька ў той час быў дырэктарам Тэатра юнага гледача) — i сустрэлi Барадулiна. Бацька з Барадулiным пайшлi "па пяцьдзясят". Мне, малому, узялi марозiва. А самi — па пяцьдзясят ды па пяцьдзясят... Я з'еў, тузаю бацьку за штанiну — вазьмi яшчэ! Не ведаю, колькi яны там бралi "па пяцьдзясят", але назаўтра я прачнуўся з ка-а-анкрэтнай ангiнай!..

— Спадар Лявон, а ў вашай дачкi-шасцiкласнiцы Адэлi беллiт як выкладаецца?

— Ну, лепш, чым у нас. Але гэта беларуская гiмназiя — трэба ўлiчваць. Нехта пры ёй нядаўна сказаў нешта кшталту "ай, што той Колас". Яна абурылася: "Як гэта?! Ды гэта зорка!.." Колас для яе — рэальная зорка, як Курт Кобэйн якi... Мне толькi абсалютна не зразумела, чаму ў праграме па беларускай лiтаратуры засталiся ўсе гэтыя савецкія вобразы... Няма ўжо таго часу, пара пераглядаць праграмы.

— У часе падрыхтоўкi альбома вы, напэўна, вывучалi бiяграфii пiсьменнiкаў, iх творчы шлях... Што запомнiлася?

— Збольшага я гэта ўсё ведаў — усё-ткi бацька беларускi пiсьменнiк. Iншая рэч, што я — таксама частка беларускага народа. А ў нас гэта зрабiлася такiм непапулярным, забылася! Я забыўся, як Танк хадзiў пехам у Вiльню па навуку са сваёй Пiлькаўшчыны... Забыўся ягонае "На гасцiнцах бярозы зусiм пасiвелi ад ветру..." Гэта ж магутна гучыць!.. Я забыўся таксама, што Панчанка — пры ўсёй сваёй апантанай грамадзянскай лiрыцы — даволi мяккi, культурны, iнтэлiгентны чалавек. Сярод гэтых людзей, можа, за рэдкiм выключэннем — няма такiх, пра якiх Панчанка пiсаў: "Нехта i подлы, i хiжы клятву паўторыць тваю..." Яны ўсе добрыя людзi. Я памятаю, як аднойчы прыехаў з Варшавы — i выпадкова сустрэўся з паэтам Уладзiмiрам Някляевым. I сталi мы размаўляць пра беларускiх савецкiх паэтаў. Я задуменна сказаў, што там ёсць магутная лiрыка... Някляеў адказаў: "Гэтае пакаленне яшчэ нiхто не перапiсаў..." I пачаў мне на памяць цытаваць цэлую паэму Куляшова...

НЕ ПРАПУСЦІ!

Калі: 23 сакавіка
Дзе: Купалаўскi тэатр
У колькі: 19.00

ТРЭК-ЛIСТ ДЫСКА "БЕЛАЯ ЯБЛЫНЯ ГРОМУ"

1. Гэй, наперад! (Янка Купала)
2. Пахне чабор (Пятрусь Броўка)
3. Сон (Адам Мiцкевiч)
4. Вецер Радзiмы (Максiм Танк)
5. Скандынаўская песня (Максiм Багдановiч)
6. "Парушыўшы законы прыцягнення..." (Аркадзь Куляшоў)
7. Немец (Францiшак Багушэвiч)
8. Машыны (Ларыса Генiюш)
9. "Мала сказаць: ненавiджу..." (Пiмен Панчанка)
10. У турме (Якуб Колас)
11. Белая яблыня грому (Рыгор Барадулiн)
12. Заснаванне Вiльнi. 1322 г. (Ян Чачот)

ВЕРШ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА, ЯКI ТАК УРАЗIЎ ЛЯВОНА ВОЛЬСКАГА

* * *

Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамi сярод другiх планет
Iснуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, — як свет i антысвет.

Нiколi мы адной не ходзiм сцежкай,
Не дзелiм хлеб i дзелiм толькi соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
I смуцiшся, калi мiне мой боль.

Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярнiся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.

Аднак зямля б мая асiрацела
I ўвесь сусвет ахутала б iмгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

1962 год

Тэгі: ,