it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 26

Пенсіянер Уладзімір ВАШКЕВІЧ за два дні падняў на вушы ўвесь горад

Калі ў лебедзяў з вуліцы Маякоўскага ёсць свой лебядзіны бог, я ведаю, як яго завуць – Уладзімір Іванавіч Вашкевіч.

-- Бачыце вось гэтыя дрэвы каля ракі? – паказвае мне Уладзімір Іванавіч па дарозе да рэчкі. – Тут стаяла наша сядзіба, тут я гадаваўся. Вось гэтыя яблынькі, што і цяпер растуць – гэта наш сад…

За лебедзямі Уладзімір Вашкевіч назірае апошнія гадоў дваццаць. Кажа, што пару разоў бывала, што заставаліся некалькі параў зімаваць, але так – каб цэлы вывадак – упершыню!

-- Яны проста ўсе маладзенькія, -- кажа Вашкевіч. – Шэранькія, а некаторыя ўвогуле яшчэ – пух відаць!.. Яны проста не здолелі паляцець. Аднак лебядзіная вернасць – гэта не выдумка! Дарослыя, хоць і маглі адляцець у вырай, аднак маладняк не пакінулі…

надрукавана ў
"Звяздзе" ад 26 студзеня

Пакуль не ўдарылі маразы, Уладзімір Іванавіч не падымаў трывогу. Бо пры звычайных умовах - -кажуць арнітолагі – лебедзі могуць перанесці і 20-градусны мароз – абы б кармёжка была.

-- Як пачаліся маразы, яны сталі гінуць, і тут я зразумеў, што трэба дзейнічаць, -- кажа Вашкевіч. – Аднае раніцы знайшоў адразу тры мёртвыя птушкі… Стаў паўсюль тэлефанаваць. Найбольш мяне чыноўнікі раззлавалі нашыя. Званю ў дзяржаўную інспекцыю па ахове жывёльнага свету. А мне жанчына там кажа: калі выпіў – дык адпачывай! І трубку, зараза, кінула! Я назаўтра пазваніў, ужо другая ўзяла, Восіпавай назвалася. Кажа, карміць іх – не наша справа. “А што ваша справа?”,-- пытаюся. “Ахоўваць”. Ад каго? “Ад браканьераў”!..

Уладзімір Іванавіч звярнуўся ў “Ахову птушак Бацькаўшчыны” і нават у “Эгіду”, якая займаецца збольшага бяздомнымі коткамі і сабакамі. Там яму дапамаглі – прыехалі, пафоткалі, змясцілі інфармацыю ў інтэрнэце. Адтуль трывожны сігнал расцягнулі сотні беларусаў па сваіх інтэрнэт-дзённіках. Ужо ўчора інфармацыю далі па радыё…

…Тым часам мы з Уладзімірам Іванавіча крышым лебедзям і качкам батоны. Яны, выглядае, не надта галодныя – людзі пачулі пра бяду, пачалі прыносіць ежу.

Пакуль стаялі, падыйшлі па чарзе чатыры чалавекі.

-- Я ў інтэрнэт-газеце прачытаў, -- распавёў хлопец з трыма батонамі пад пахай.

-- А я во тут на ЦЭЦ працую, дык у нас адная жанчына на ўвесь цэх лямантавала, калі даведалася пра такое, мы ўчора з дзяўчатамі ўсе разам прыходзілі, з рук іх кармілі.

Найбольш мяне расчуліла Любоў Яўгенаўна, якая працуе буфетчыцый у радзільні на Бельскага. А сама жыве ажно на Асаналіева, праз увечь горад ехала.

-- Па радыё пачула, вырашыла прыехаць!.. – кажа спадарыня.

Узброілася Любоў Яўгенаўна сур’ёзна. У бутэльку наліла кіпня -- каб паіць качак цёплай вадой. Узяла два старыя паліто – паслаць ім на лёд. І грэчкі зварыла цэлую каструлю.

-- Так у Бібліі напісана – спадзеючыся на дабро, і сам рабі так. А мы часам робім злыя рэчы, а хочам, каб нам усё хораша было…

Мінчане актывізаваліся. Аднак важна, каб гэта быў не проста выбух эмоцыяў. Бо лебедзям трэба пратрымацца да канца маразоў. А штодня адна асобіна павінна з’ядаць да кілаграма ежы!..

Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых жыхароў сталіцы! Пазначце сабе мабільнік Уладзіміра Іванавіча – і дапамажыце:  (8.029) 336-98-33. Ён – чалавек з добрым сэрцам, але са звычайнай пенсіяй. Аднаму яму не ўратаваць шляхетных птушак.

А яны, вытанчаныя і безабаронныя – як жывое выпрабаванне нашай дыбрыні.

КАМЕНТАР СПЕЦЫЯЛІСТА

“Без нас яны загінуць!”

Аляксандр ВІНЧЭЎСКІ, вядомы беларускі арнітолаг:

-- Мы, людзі, самі разбэсцілі гэтых птушак, кормячы іх увосень. Вось яны і не паляцелі ў вырай, калі і тут ежа знайшлася. Аднак цяпер яны без нас сапраўды загінуць. І не ад марозу, а ад голаду. Бо калі птушка добра харчуецца, усе працэсы ў арганізме адбываюцца добра – яна сама абароніць сябе ад марозу. Таму сапраўды – давайце падтрымаем іх! Нагадваю, аднак, што лебедзяў нельга карміць чорным хлебам і пярлоўкай – гэта нашкодзіць іх здароўю!..

Тэгі: ,