it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 23

Такое рашэнне прыняла Рэспублiканская навукова-метадычная рада. Пытанне толькi — калi адбудзецца тая змена...

Пра абсалютна недарэчную вежу-цыбулiну на Нясвiжскiм замку казалi і пісалі даўно i ўсе, у тым ліку і "Звязда". Яна была пастаўленая на замак паводле праекта 2002 года. Праект той "грунтаваўся" на адной-адзiнай гравюры Томаша Макоўскага, аднак нават там была выяўленая не дакладна такая вежа. Больш за тое, у часы Макоўскага ўвесь замак выглядаў зусiм не так! У канцы XVІII стагоддзя, калi Мiхаiл Казiмiр Радзiвiл Рыбанька скончыў адбудову замка (якi быў разбураны падчас Паўночнай вайны), ён надаў яму адзiны стылiстычны выгляд — абедзве вежы былi прыкладна аднолькавыя.

Канцэпцыя аднаўлення Нясвiжскага замка "на розныя часы" не вытрымлiвае крытыкi i выглядае ўтапiчнай. Як можна на "жывым" аб'екце, якi перабудоўваўся i дабудоўваўся некалькi разоў, паказаць чатыры стагоддзi адначасова?! У вынiку дзеля аднаўлення часоў "цара гароху" быў знiшчаны, скажам, салонiк каля бальнай залы з унiкальнымi скляпеннямi...

I вось нарэшце розум узяў верх — вырашана прыбраць з замка гэты ганебны выраб, усталяваўшы нармалёвы купал. Такое рашэнне прыняла на чарговым пасяджэннi Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнкульце. Пра гэта "Звяздзе" паведамiў сябра Рады, начальнiк Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Iгар ЧАРНЯЎСКI:

— Прынцыпова вырашана змянiць сённяшнюю вежу — i вярнуць ёй звыклы выгляд. Замак мусiць быць прыведзены да стылёвага адзiнства — пра гэта ўжо даўно казалася. Наконт тэрмiнаў казаць нешта цяжка, бо трэба знайсцi некалькi соцень мiльёнаў рублёў, каб гэтую работу правесцi... Магу сказаць толькi, што гэтае рашэнне Рады — абавязковае да выканання. Аднак канкрэтныя тэрмiны, безумоўна, залежаць ад наяўнасцi сродкаў...

Карацей кажучы, знак вельмi добры, але канчаткова радавацца рана. Бо сродкi могуць быць знойдзеныя i заўтра, i праз 10 гадоў. Самы нярадасны варыянт, агучаны ў кулуарах, — змянiць вежу падчас наступнага капiтальнага рамонту. Аднак дзiцяцi зразумела, што пасля такой грандыёзнай адбудовы замка гэты капрамонт будзе гадоў праз 25—30. А калi рабiлi дабротна, як Радзiвiлы, — то i пазней.

Iншае пытанне, якое ўжо пачало ўзнiкаць, — як тэхнiчна замянiць купал? Чаплялi яго кампактным вежавым кранам. Маўляў, няма ў нас такiх мабiльных кранаў на машынах, каб гэта выканаць. Тут, мяркую, яшчэ трэба ўдакладняць. Бо вышыня вежы 43,3 метра — да канца шпiля. А вышыня, скажам, галоўнай ёлкi краiны на Кастрычнiцкай плошчы — 35 метраў. I яе без праблемаў ставiлi кранам. Можа i туды дацягнецца?..

А яшчэ — неверагодны, але магчымы варыянт. У кастрычнiку 2009 года беларускiя ратаўнiкi прадэманстравалi незвычайныя ўменнi i майстэрства — перанеслi ў паветры на верталёце Мi-26 фюзеляж Ту-154 вагою 20 тонаў (!) на адлегласць 80 кiламетраў (!!!). Уяўляеце грандыёзную пiяр-акцыю Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях: усталяванне на верталёце купала вежы Нясвiжскага замка! Мне здаецца, такi сюжэт паказалi б многiя сусветныя тэлеканалы — i майстэрства беларускiх ратаўнiкоў прагучала б на ўвесь свет!

Тым больш што вага купала не павiнна скласцi архiшмат — навуковым кiраўнiком аб'екта Сяргеем Друшчыцам распрацаваны мудры праект, якi дазволiць у тым лiку ашчадзiць бюджэтныя сродкi — пакiнуць апорна-нясучыя канструкцыi, замянiўшы толькi "абалонку".

Рашэнне пра замену вежы толькi прынятае, а неабыякавыя людзi не хаваюць свае радасцi. Анатоль БУТЭВІЧ, старшыня грамадскай назiральнай камiсii пры Мiнiстэрстве культуры па захаваннi гiсторыка-культурнай спадчыны, у нядаўнiм мiнулым мiнiстр культуры i друку Беларусi, падзялiўся са "Звяздой":

— Вiтаю гэтае рашэнне рады! Бо барочны выгляд вежы стаў звыклы для многiх пакаленняў людзей у некалькiх стагоддзях! Вежа, якую павiнны аднавiць, звязаная з сусветнай вядомасцю замка — менавiта па такiм выглядзе яго пазнаюць. I калi такая змена на "цыбулiну" адбылася — то гэта не лепшым чынам працуе на наш iмiдж... Прыязджаюць людзi — i бачаць на гравюрах i 100-тысячнай купюры адно, а ў рэальнасцi — нешта зусiм iншае, недарэчнае i незразумелае. Я — за вяртанне нармалёвай вежы!..

Застаецца спадзявацца, што рашэнне не застанецца на паперы. I вельмi важна, каб вежа была змененая яшчэ да канца аднаўлення замка. Бо пасля, калi ў замак паедуць тысячы турыстаў, уявiць у двары пад'ёмны кран цяжка.

надрукавана ў "Звяздзе"
ад 23 студзеня

Тэгі: ,