it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 14

— сказаў ксёндз Юзаф Булька Кардыналу Казiмiру Свёнтаку незадоўга да смерцi


Кардынал Казімір Свёнтэк на пахаванні кс. Юзафа Булькі ў Мосары, 11 студзеня 2009 г.

Паважаны калега Уладзiмiр Багданаў, з якiм мы ехалi разам у Мосар на пахаванне ксяндза Юзафа Булькi, згадаў у дарозе сваю размову са святаром у 2004 годзе. Тады адзначалася 490-годдзе Мосара, i Булька паставiў пры касцёле памятны крыж. Спадар Уладзiмiр запытаўся ў святара, што той мяркуе зрабiць да 500-годдзя Мосара. І Булька адказаў:

— Да 500-годдзя Мосара я буду ляжаць вось у гэтым куточку, — паказаўшы на вугал пры касцельнай агароджы, пад сценамi Вострабрамскай каплiцы.

Так i сталася — першае, што мы пабачылi ля касцёла — магiльную яму, засланую ўнiзе ялiнкамi, а па баках абцягнутую белай тканiнай. У касцёле людзi стаялi нават на хорах. Не сказаць, што людзей было зусiм ужо шмат — бажнiца змясцiла ўсiх, на вулiцы не чакалi. Аднак для мяне было шчырасцю, што адпраўляць iмшу прыехаў за 500 кiламетраў з Пiнска сам кардынал Казiмiр Свёнтак — асоба, найбольш паважаная i аўтарытэтная ў беларускiм касцёле. У кастрычнiку "Звязда" вiншавала кардынала з 95-годдзем. Гэта чалавек, якi ўсё жыццё аддана служыў Госпаду i веру якога не пахiснулi нават 10 гадоў у сталiнскiх лагерах, якiя ён правёў там за гэтую самую веру. Быў таксама шаноўны мiтрапалiт Тадэвуш Кандрусевiч — цяперашнi галава беларускага касцёла. Мiтрапалiт прамаўляў вельмi эмацыйна — святар не хаваў слёз i горычы, якая перапаўняла яго пры труне ксяндза Булькi.

Кардынал казаў цiха. Усiх кранула ягоная асабiстая згадка: апошнi раз яны бачылiся з Булькам усяго некалькi месяцаў таму, бо добра сябравалi, i кардынал прыехаў у госцi. Я хачу прывесцi частку кардыналавай казанi на развiтальнай iмшы.

— Мы размаўлялi доўга, i ксёндз Юзаф дзялiўся радасцю зробленай справы — святарскай, духоўнай. А ў вачах — бляск радасцi, весялосцi, унясення... Я не стамляўся здзiўляцца: як можа адзiн чалавек столькi зрабiць?! I гэта ў радасцi, не з прымусу, не за выгоды. Ён аддаў сябе без рэшты. I Богу, i касцёлу, i людзям... Мы размаўлялi, ён паказаў мне зробленае тут, у Мосары, а потым мы селi на машыну, i ксёндз паказаў мне ўсе мясцiны, дзе нешта зрабiў. I гэта не было выхваленне. Не! Ён дзялiўся радасцю, што пашырылася хвала Божая. Там зроблена, там дароблена, гэта папраўлена, гэта адноўлена, гэта збудавана. Ён вельмi здзiвiў мяне, я схiлiў галаву. I так мне захацелася — я ўзяў яго за руку, каб яго руку пацалаваць. Не даў. "Кардынале, не. На ўсё згодны з рук кардынала, але гэта — прашу прабачыць — не". Згадзiўся, бо бачыў ягоныя матывы, надзвычай шляхетныя, прыўкрасныя, цудоўныя. Развiтвалiся мы. I я заўважыў у ягоных вачах, што ён развiтваўся неяк... Можа, адчуваў, што гэтае спатканне — з тым, з якiм пражыў разам 16 гадоў як святар са святаром — апошняе...

Дарагi ксёндзу пралаце. Хацеў бы, калi мне гэта вольна, падзякаваць за ўсё, што ты зрабiў. У табе я пабачыў гэтую моц Божую, гарт духа — i гэта давала табе сiлы насуперак хваробе, насуперак пераследу, насуперак цяжкасцям... Ты ствараў... Дзень i ноч.

Дарагi ксёндзу пралаце... Няхай мне будзе вольна, не толькi ў iмя прысутных, але ў iмя ўсiх, да якiх дайшло тваё iмя, а з тым iмем твая справа, падзякаваць за тваю працу святарскую, за ўсё, што зрабiў для людзей. Для iх душаў i для iх справаў. I мяркую, што зараз можаш ляжаць спакойна. Бо зрабiў напраўду цуд. Заслужыў тое, каб адпачыць. Адпачыць вечна. Бо на зямлi ты не меў анi хвiлiны спакою. А цяпер адпачывай, ойча. Адпачывай, пралаце. Адпачывай, святару.

I яшчэ адно. Прабач нам. Не толькi нам. Але i тым — i зблiзка, i здалёку, якiя ў той цi iншы спосаб рабiлi табе прыкрасць, даканалi несправядлiвасцю, пакрыўдзiлi цябе. Даруй iм гэтую злосць i нiкчэмнасць людскую. Ты заўжды выбачаў усiм. Тым больш цяпер. Прабач нам усiм, якiя рабiлi табе злосць. Прабач i мне, калi часам троху, можа, так цi iначай неўласцiва зрабiў. Нас яднаў Бог, блiзкае яднанне духоўнае, святарскае. Я спадзяюся на тваё разуменне. А зараз адпачывай у хвале Божай навекi, i хай гэта будзе тая зямля, якой ты аддаў сябе, сваё цела, хай яна будзе лёгкаю, матчынай, не мачахавай. На тым развiтваюся з табой.

...Я шчыра зычу новаму пробашчу мосарскага касцёла, ксяндзу Уладзiмiру, захоўваць i памнажаць той цуд, якi стварыў у Мосары ксёндз Юзаф Булька.

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 14 студзеня.

Тэгі: