it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 11

Сэрца славутага святара спынілася на 85-м годзе жыцця


Калі з’явілася паведамленне пра смерць ксяндза Юзафа (Юозаса) Булькі, я адразу зразумеў, што напішацца не некралог.

У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул “Катаванне”, які мае на ўвазе і катаванне маральнае. Частка другая, калі гаворка ідзе пра “асобу ў бездапаможным стане” (састарэлы, немаўля, інвалід і г.д.) прадугледжвае да пяці гадоў. Аднак здараюцца выпадкі, калі кодэксы не прымяняюцца, бо за пэўныя рэчы чалавек сплоціць не тут і не гэтым суддзям.
Ксяндзу Юзафу Бульку два тыдні таму споўнілася 84 гады. Аднак, паверце, гэты чалавек не збіраўся паміраць.
Педанты, магчыма, пакажуць на адваротнае. Яшчэ ў 2004 годзе бліскучая журналістка Вераніка Чаркасава, незадоўга да таго, як яе па-зверску забілі, напісала рэпартаж з Мосара. Сканчаўся артыкул словамі самога 78-гадовага на той час Булькі, што “яму ўжо цяжка, паміраць ужо сабраўся”.
Гэта было, даруйце за недарэчнае слова, звычайнае старэчае какецтва – мая бабуля кажа так цераз дзень, дай ёй Бог здароўя.
Дык вось, з таго часу “стомлены” ксёндз Булька акультурыў у Мосары дзве сажалкі, зрабіў пагорак з альтанкай закаханых наверсе, паставіў на гары сярод поля 30-метровы крыж, арганізаваў міні-заапарк, дзе сярод іншых жывёлак ёсць нават стравусы, на радасць мясцовым малым і тысячам турыстаў. А таксама ўсталяваў помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ – першы ў Беларусі.
А што ж здарылася ў 2009 годзе? Спачатку адзін дзяяч знайшоў у інтэрнэце інфармацыю пяцігадовай даўніны, і перадрукаваў у сваім ЖЖ. Пасля адная газета ўхапілася за гэта – і парэкламавала ў сябе на сайце той запіс. А затым правяла цэлае “журналісцкае расследванне”, пасля якога ксяндза Бульку трэба было хіба што ставіць да сценкі і растрэльваць. У ім журналіст паразмаўляў у тым ліку і з ксяндзом Булькам і смакаваў, што 83-гадовы чалавек “заўважна хваляваўся, бо сама тэма гутаркі яму вельмі балючая”. Я перакананы, што калі прыйсці да любога чалавека і сказаць яму “ты супрацоўнічаў са спецслужбамі і забіваў людзей”, ён пачне хвалявацца не менш, бо гэта сур’ёзныя абвінавачанні.
Сэнс абвінавачанняў да шаноўнага ксяндза, якія (з агаворкамі “магчыма”, “напэўна”, “мы лічым”) высунула пракуратура Літвы зводзіўся да таго, што Булька ў ваенны час быў антысавецкім партызанам, а пасля яго завербавалі спецслужбы – і ён ледзьве не сваімі рукамі забіваў былых паплечнікаў. Прыводзіцца нават лічба “асабіста забітых” – 45.
Вось тут я спынюся і не буду пераказваць усё падрабязна. Часткова таму, што сыходзяць гэтыя абвінавачанні ад людзей, якія лічаць Вільню адзінай сталіцай ВКЛ, а месцам каранацыі Міндаўга – віленскую Катэдру. Гэта па-першае.
Па-другое, у канкрэтна дадзенай сітуацыі сэнс нават не ў тым – супрацоўнічаў/не супрацоўнічаў, здаваў/не здаваў, страляў/не страляў. Не нам, журналістам, выносіць прысуды людзям. Тым больш, не маючы 100% доказаў віны.
Магчыма, я скажу негуманную і нацыяналістычную рэч. Але ў выпадку з Булькам мяне найперш цікавіць, што ён зрабіў для маёй краіны за апошнія 20 гадоў, а не што ён зрабіў у Літве 60 гадоў таму. Ва ўмовах вайны – калі і беларусы ішлі ў паліцаі, калі і беларусы зводзілі чужымі рукамі старыя рахункі, а часам родныя браты апыналіся па розны бок барыкадаў. І для нашай краіны Булька зрабіў каласальную рэч: сваім прыкладам паказаў, як адзін чалавек можа змяніць і перакуліць жыццё некалькіх вёсак. І няхай яго ненавідзяць мясцовыя алкаголікі, якім пасля пачатку Булькавай антыалкагольнай кампаніі давялося хадзіць па “чарніла” за тры кіламетры, аднак кожнага турыста, які патрапіў у Мосар, здзіўляе і шакуе райскі куточак, які стварыў тут ксёндз-будзіцель. Такіх чароўных мясцін – створаных рукамі чалавека – я налічу ў Беларусі раз-два.
Сэнс у сітуацыі з траўляй ксяндза Булькі ў тым, наколькі асобна ўзяты журналіст мае маральнае права даваць ацэнкі, няхай і ўскосныя (пададзеным наборам фактаў і здагадак), падзеям, якія адбываліся 60 гадоў таму. Гэтую тэму ўжо закранаў у “Звяздзе” мой калега Яўген Валошын 21 лістапада 2009 года – пасля таго, як ксёндз Булька патрапіў у рэанімацыю з інфарктам.
Пасля гэтага тая самая газета, якая правяла “сенсацыйнае расследванне” адгукнулася хваравітым допісам на сайце, дзе па-папугайску паўтараліся страшэнныя абвінавачанні: супрацоўнічаў, выдаваў, забіваў (!).
Што мяне парадавала тады – што практычна ніводзін з наведнікаў сайта не падтрымаў аўтараў артыкула, і ў каментарах асуджаў іх некарэктныя выказванні.
Бо трэба думаць галавой, калі пішаш такую рэзкую інфармацыю пра 83-гадовага чалавека. Зрэшты, калі была мэта загнаць ксяндза Бульку ў труну – то яна дасягнутая. Пра гэта сведчаць і мясцовыя жыхары – што менавіта пасля публікацый у прэсе (а не ў інтэрнэце) ксёндз пачаў перажываць і хвалявацца, пасля ў яго здарыўся інфаркт, святар патрапіў у рэанімацыю, і вось – памёр. Такой думкі – што скандал наблізіў смерць ксяндза – прытрымліваецца і ксёндз-канцлер Віцебскай дыяцэзіі Раман Мурзіч, такія ягоныя словы ўжо з’явіліся ў прэсе.
Я не імкнуся высоўваць адрасныя абвінавачанні. Мне проста вельмі шкада, што ў наш час людзі без журналісцкага і чалавечага густу дарываюцца да “рупара”. І ладна б пісалі пра крызіс, нафту, палітыку, сэкс і спорт. Але яны пішуць пра 83-гадовага ксяндза, які не можа, і ў сілу жыццёвай мудрасці, не будзе ім голасна адказваць. А пісакі радуюцца, што ў якія гады здабылі “сенсацыю”, правялі “журналісцкае расследванне”. Правядзіце расследванне, калегі, пра пярэваратняў у пагонах ці якіх бандытаў. Страшна кулю ў лоб атрымаць? Пра старога дзеда лягчэй сенсацыю рабіць?
Але добрыя справы цяжка перакрэсліць брэхам. Бо разумны чалавек параўнае, што зрабіў для Беларусі ксёндз Булька, а што зрабілі тыя, хто ўявілі сябе пракурорамі.
Мне да болю шкада, што гэты ўнікальны чалавек памёр раней, чым мог бы памерці. Таму што ў Мосары яго не заменіць ніхто. І ці будзе падтрымлівацца гэты райскі куточак у належным стане, ці будзе развівацца – ніхто не ведае. Хоць гэта рабілася рукамі людзей, але месца для кожнай кветкі вызначаў асабіста ксёндз Юзэф.

…Пад час аднаго з наведванняў Мосара ў мяне была вельмі шчырая размова з ксяндзом Юзафам Булькам – я адмыслова ехаў параіцца з гэтым легендарным чалавекам пра свае асабістыя пытанні. І з таго наведвання, вось ужо некалькі гадоў, у мяне ў машыне вісіць анёлачак ад ксяндза Булькі.І я вельмі даражу гэтым анёлачкам.

Надрукавана ў "Звяздзе" ад 12 студзеня

pdf-вэрсыю артыкула можна пабачыць ТУТ

Тэгі: