it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 30

pdf-вэрсыю артыкула можна паглядзець ТУТ

Змiцер Вайцюшкевiч прыйшоў на iнтэрв'ю з шасцiмесячным сынам Язэпам. Але фоткацца
з дзiцем адмовiўся — малы яшчэ, прыкмета дрэнная. Нагода для размовы — калядна-навагоднiя святы, да якiх Вайцюшкевiч заўжды рыхтуе канцэрт цi новую праграму. Вось i цяпер — 7 студзеня ў канцэртнай зале "Мiнск" пройдзе прэзентацыя праграмы "Мой сябра — анёлак" на вершы Арцёма Кавалеўскага.

"Нармальныя
мужыкi цяпер
няголеныя..."

— Змiцер, у ранейшых праграмах вы паўставалi перад публiкай у вобразе такога сабе мача, сэксуальнага спевака, якi дзеўкам падабаецца. А цяпер во бараду адпусцiлi. Я ўсё не зразумею, каго вы мне больш нагадваеце — Дзеда Мароза цi Дзеда-Барадзеда...

— Як заўгодна, як хочаце, так мяне i клiчце... Пра вобразы тут цяжка думаць — думаеш пра праекты. Лянота займацца галеннем, я не бачу сэнсу ў гэтым. Тым больш, што апошняя тэндэнцыя...

— ...трохдзённая iтальянская няголенасць?

— Так-так, нармальныя мужыкi цяпер няголеныя! Я не так даўно бачыў Стынга...

— ?!

— Ну, не асабiста, а па тэлевiзары. Дык ён таксама так бараду адгадаваў. Хочацца думаць, што "пад Вайцюшкевiча"... (Усмiхаецца.) Мне барада не замiнае, я ж нёманскi i прапiсаны на хутары, таму барада мне адпавядае. Не магу я быць такiм гарнiтурным, паголеным, дагледжаным... Пакуль што. Хоць гарнiтур маю.

— А я думаў, можа, гэта забабон такi — пакуль артыст не запiша альбом, не голiцца...

— Не-не, я ўжо другi год так хаджу. Я, вiдаць, ужо дасягнуў сваiх мэтаў сэксуальных...

— Цяпер можна быць любым?

— Так... Але гэта не азначае, што за сабой не трэба сачыць.

"Спяваю дзецям, жанчынам
i сабе!"

— А з гэтых персанажаў навагоднiх — Святы Мiкола, Дзед Мароз, Зюзя — хто вам найблiжэйшы? Хто вам у дзяцiнстве падарункi прыносiў?

— Ну, я ж нарадзiўся ў савецкi час, там пра Зюзю нiхто не казаў. Тым больш — пра Святога Мiколу, пра яго я даведаўся ўвогуле з песнi Шалкевiча! Таму, само сабой, гэта быў Дзед Мароз, нейкiя падарункi пад ёлку клалiся... Цяпер, калi я ўжо ўсiх ведаю, магу сказаць, што мне найблiжэйшы Зюзя. У мяне нават ёсць пра яго песня, я яе часам спяваю на канцэртах, дзецям яна вельмi падабаецца. Год таму я выйшаў на канцэрт у вобразе Зюзi. Гэтыя ж канцэрты на Каляды — яны традыцыйныя...

— Алесь Камоцкi робiць штогод канцэрт на свой Дзень народзiнаў, а Вайцюшкевiч — на Каляды. Гэта гаворыць пра расстаноўку акцэнтаў?

— Абсалютна няправiльна! Я першы пачаў рабiць канцэрты на свой Дзень народзiнаў! (Смяецца.) Камоцкага я люблю — i жадаю яму здароўя, бо ён цяпер у шпiталi... У мяне ўвогуле тры даты ёсць у годзе, такiя "стабiльныя" — 7 студзеня, 8 сакавiка i Дзень народзiнаў. Дзецям, жанчынам i сабе!.. Бо чаму жанчыны i чаму дзецi? Гэта такая аўдыторыя, як жа яе называюць рэкламшчыкi...

— Фокус-група?

— Фокус-група! Брыдкае, бяздушнае слова!

— Цяжка ствараць песнi для дзяцей?

— У мяне нарадзiўся другi сын Язэп — i мне здалося, што варта яму зрабiць падарунак. Першаму я зрабiў падарунак — праграму "Цацачная крама" на вершы Леанiда Дранько-Майсюка.

— Такое адчуванне, што станоўчая дэмаграфiя падорыць нам шмат добрых дзiцячых вершаў i песень...

— У нас тыя пiсьменнiкi, якiя могуць нараджаць дзяцей, яны пiшуць постмадэрн пра жахi розныя, пра сучаснае мастацтва. Iм не да дзетак. Хоць той жа самы Жыбуль — у яго нарадзiўся сын, i ён па-свойму гэта ўсё пераасэнсоўвае...

"Анёлкi — над усiмi: начальнiкамi,
мiлiцыянерамi, мiнiстрамi..."

— Дзеля чаго патрэбны праект пра анёлкаў? Усе асобна ў нас робяць праекты, генiяльныя, кожны стараецца выпендрыцца як можа. А ў прынцыпе, для грамады — дык гэта нiчога. Анёлкi — гэта для ўсiх. Чарговы супольны праект на Каляды — гэта знак таго, што мы ёсць. Гэта спосаб сказаць, што культура нейкiм чынам развiваецца, а не проста кожны ў сваiм завуголлi нешта робiць.

— Гэта было галоўнай прычынай, каб зрабiць супольны праект, а не заспяваць усё самому?

— Не, гэтую "базу" я ўжо потым прыдумаў, фiласофiя прыйшла пазней. У нашым свеце чалавеку часта зручней мець сабаку, чым жонку. Цi наадварот. I вось быў праект "Калыханкi". Дык калыханкi — гэта каб чалавека прытулiлі. А анёлкi — гэта над усiмi, над кожным. Над начальнiкамi, мiлiцыянерамi, пракурорамi, адвакатамi, мiнiстрамi... Над кожным павiнен быць анёлак. Часам глядзiш на якога начальнiка злоснага i набучанага — i думаеш, што ягоны анёлак ад яго ўцёк. Песнi з праекта — гэта простыя песнi да свята. Бо як сабе ўяўляецца беларускае свята цяпер? Гэта пэўныя газеты, дзе "зоркi" разышлiся-сышлiся, хто колькi атрымаў на карпаратывах. Уключаецца тэлевiзар — Надзя Бабкiна... I мне здаецца, што людзi ў стане выбраць адзiн з тых дыскаў, якiя ўжо ёсць. Гэта спосаб навучыцца жыць па-новаму, па-свойму.

— Дык "Мой сябра — анёлак" — калядны дыск?

— Дарослыя ўвогуле любяць такiя расклады: што калi ўключаць. А гэты дыск трэба слухаць, напрыклад, у дарожных заторах. Вось ты не мог да мяне даехаць — i ўвесь дыск паслухаў.

— Ну, так. I амаль не злаваўся на надвор'е i тысячы машын...

— Вось!.. Таму дарослыя хай слухаюць, калi iм захочацца. А дзецi няхай слухаюць, калi iм падабаецца. Я ведаю знаёмых, у якiх дзецям падабаюцца мае дыскi. I дзiця штодня, калi бацька вязе яго ў школу/са школы, патрабуе ўключыць дыск. I бацька шалее, бо яго ўжо задраў гэты Вайцюшкевiч, ён ужо ўсё на памяць ведае! А дзiцяцi падабаецца! Ён гатовы гэта нон-стоп слухаць. Таму на дыску, вядома ж, ёсць тэма — ёлкi-анёлкi. Але я думаю, што яго можна слухаць не толькi зiмою.

— А вы не баялiся, што дваццаць адна песня пра анёлкаў — гэта зашмат?

— Таму я i запрасiў розных салiстаў. Бо iнакш мяне б зненавiдзелi — i дзецi, i бацькi! Я толькi вярнуўся з Амерыкi, дзе зразумеў банальную рэч: хочаш быць шчаслiвым — рабi шчасце iншым, рабi неш та для iншых. Таму i на дыску я лепшыя песнi iншым аддаў, сам заспяваў тое, што засталося...

"Я хачу, каб мой сын быў, скажам, гiнеколагам"

— А вам у Бярозаўцы што на Новы год дарылi?

— Цукеркi "Грыльяж"... Апельсiны мараканскiя... Сервелат! (Смяецца.) Гэта настолькi было смачна, што я ўсё жыццё памятаю... Нейкiх спецыяльных падарункаў не было...

— А вы што дорыце?

— Я не самы лепшы ў гэтым сэнсе "дарыльшчык", для мяне гэта пакута. Магчыма, злосны на сваё дзяцiнства — па Фрэйду — маўляў, мне нiчога не дарылi — i вырас, нiчога страшнага.

— "I вы вырасцеце!"

— Так-так! З iншага боку, музыка, якую я зрабiў на працягу года — яна таксама можа быць падарункам...

— Дык гэта — для ўсiх. А персанальна?

— А персанальна — з подпiсам!

— У песнi "Лiчылка" дэбютаваў ваш шасцiмесячны Язэпка. Выводзiце ў людзi, гадуеце пераемнiка?

— Я называю яго халяўшчыкам, таму што я ў ягоныя гады яшчэ не думаў пра дыскi! (Смяецца.) Я не хацеў бы такой "сямейнасцi". Я хацеў бы, каб ён быў гiнеколагам, напрыклад, — "доктар Вайцюшкевiч". Цi кiм заўгодна, галоўнае, каб добрым чалавекам.

— У вас здаралiся цуды на Каляды?

— Цуд на Каляды быў у 1996 годзе, калi мы сядзелi з Веранiкай Кругловай у кватэры — i не было чаго пажраць. I тут раптам патэлефанавалi i сказалi: прыязджайце, у вас халтура, у адным буцiку трэба граць карпаратыў. Гэта быў цуд на Каляды, бо мы атрымалi 300 долараў i змаглi годна адзначыць святы.

— А падарункi вам якiя дораць?

— Мне падарункi дораць не толькi на Каляды, але i проста на канцэртах. Вось партрэт мой падаравалi, вышыты крыжыкам. Прыемна... Цацкi, само сабой...

— Можа, у вас, як у Леанiда Якубовiча — ёсць "Музей Поля цудаў"?

— Мне не столькi дораць!.. Я ўвогуле рады, што мяне мала пазнаюць на вулiцах, я магу iснаваць, спяваць — i пры гэтым спакойна хадзiць на Камароўку.

— Вы так часта згадваеце ў iнтэрв'ю i на канцэртах свой хутар на Нёмане...

— Гэта частка майго жыцця, частка маёй энергii. Я хачу ў пэўным сэнсе збудаваць там iдэальны свет. Я хачу знайсцi там тое, што чалавек шукае на працягу жыцця. I калi ўцякаць — то не ў Амерыку, а на Нёман.

— Калi б не Язэпка, праграма атрымалася б такой жа?

— Я не думаю, што яна ўвогуле была б. Я прысутнiчаў пры родах, усе 10 гадзiн быў з жонкай. I мне здалося, варта зрабiць i ёй падарунак, i Язэпу...

Язэп, трэба сказаць, мужна выцерпеў бацькавы развагi пра анёлкаў i Каляды. I мне падалося, што з гэтага малога будзе толк. I не важна, цi будзе ён спяваць, як татка, цi будзе гiнеколагам.

Тэгі: , ,