it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 23

наваградак

Ідэя, агучаная нядаўна міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам, увасабляецца ў рэальнасць. Ужо з гэтага, 18-га тыража, грошы пойдуць мэтанакіравана – на аднаўленне Наваградскага замка. А пачынаючы з наступнага тыража на самім латарэйным білеце з’явіцца выява замка і адпаведны слоган.
-- Выяву замка мы ўжо рыхтуем, -- кажа Ігар ЧАРНЯЎСКІ, начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. – А вось са слоганам пытанне адкрытае. Запрашаю чытачоў “Звязды” паўдзельнічаць, прапанаваць свае варыянты. У працоўны час тэлефануйце да нас у прыёмную – тэлефон у Мінску 227-42-95. Альбо пішыце на электронную пошту uonr@kultura.by

Спадар Ігар праводзіць паралелі між коштам аднаго латарэйнага білета і коштам аднае цагліны – і тое, і тое 2000 рублёў. Так што, набываючы “Скарбніцу”, кожны з нас набывае цагліну ў аднаўленне Наваградскага замка!
-- Латарэя “Скарбніца” існуе ад 2003 года, -- дадае спадар Чарняўскі. – Аднак яна не мела шырокай рэкламы, таму грошы прыносіла невялікія. Ды і тыя мы размяркоўвалі па розных аб’ектах. Нейкую капейчыну давалі на аднаўленне фрэсак ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве, штосьці ў Ваўкавыск, штосьці на былыя саляныя склады ў Віцебск, штосьці на Аўгустоўскі канал, на сядзібу Агінскага ў Залессі, палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, аднаўленне фрэсах мінскага Кафедральнага касцёла… Аднак цяпер стратэгія іншая – засяродзіцца на адным аб’екце, знакавым для Беларусі – Наваградскім замку. Як паказвае практыка, калі раней адначасова фінансаваліся патроху дваццаць аб’ектаў, паўсюль справа ішла марудна, а калі прынялі за правіла цягам года фінансаваць максімум пяць аб’ектаў – вынік стаў відавочны!..
Латарэю “Скарбніца” можна набыць у “Беларусбанку”, у распаўсюднікаў, ва ўстановах культуры. Неўзабаве яна будзе продацца і ў касах. Бярэш квіток у тэатр – адшкадуй 2000 і на латарэю.Трэба сказаць, што латарэя грашова-рэчыўная: можна выйграць і грошы, і прызы – ад чайніка да аўтамабіля.
Аднак, мне здаецца, сэнс не ў гэтым. А менавіта ў тым, што купляючы білецік, кожны з нас ахвяруе цагліну на Наваградскі замак. І старадаўняя традыцыя вернецца. Бо, напрыклад, у Крэве і па сёння ёсць такі выраз “Каб ты ўсё жыццё цягаў камяні на Крэўскі замак”. Ён нагадвае, што ў часе пабудовы замка было правіла: ніхто не ўваходзіць у горад без каменя.
Семсот гадоў таму беларусы здолелі збудаваць такія магутныя замкі. Давайце дакажам продкам, што мы не горшыя. Цяпер – Наваградскі, на чарзе – астатнія.


надрукавана ў "Звяздзе" ад 24 сьнежня

Тэгі: