it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 04

1989 год
Заходні Бэрлін, 1989. Нічога не нагадвае?..

Спецыяльны карэспандэнт “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА даведаўся ў Ляйпцыгу, як пачыналася мірная рэвалюцыя 1989 года ў ГДР, і што там рабіў у той час Уладзімір Пуцін

Нашыя заходнія суседзі, палякі, любяць паўтараць: “Пачыналася ўсё ў Гданьску”. Маючы на ўвазе, што менавіта з гданьскіх верфаў і пратэстаў на чале з легендарным Лехам Валенсам пачыналася незалежнасць Польшчы ад камуністаў у 1989 годзе.
У немцаў такую ролю выканаў Ляйпцыг (які расійцы памылкова называюць Лейпцыгам). Горад, дзе амаль 30 гадоў працаваў Ёган Себасьцьян Бах, дзе Вагнер вучыў Ніцшэ музыцы, а Ніцшэ Вагнера – філасофіі. Горад, дзе ў 1409 годзе быў заснаваны славуты універсітэт, у якім паспелі павучыцца Гётэ і Лейбніц, Лессінг і Лібкнехт, Ніцшэ і Радзішчаў, а таксама Ангела Меркель.

І менавіта Ляйпцыгу ў 1989 годзе было наканавана стаць ядром разбурэння камуністычнага рэжыму ў ГДР. Стаць месцам, дзе воля гараджанаў у выніку прывяла да ўз’яднання Нямеччыны.
Пра гэта я думаў, едучы з хуткасцю 160 км/г з Берліна ў Ляйпцыг. Такая вандроўка стала магчымая ў межах журналісцкага трэнінгу “То4ка-Treff”, зладжанага Інстытутам Гётэ ў Мінску і Маскве.


“Мы чакалі ўсяго, але толькі не людзей са свечкамі…”

Ляйпцыг па колькасці насельніцтва – як наш Гомель. Па плошчы – крыху большы за Мінск.
Ад вакзала я крочу наўпрост да царквы Святога Мікалая, заснаванай ажно ў 1165 годзе, шматразова перабудаванай з таго часу. Тут нашую групу сустракае спадарыня Ірмтраўт Холітцэр, непасрэдная ўдзельніца падзеяў 1989 года.

царква мікалая 2
Інтэр'ер царквы Сьвятога Мікалая

-- Усё пачалося са штотыднёвых малітваў аб міры, якія праходзілі па пянядзелках а 17-й гадзіне, -- кажа фрау Холітцэр. – Людзі, якія разумелі бесперспектыўнасць шляха ГДР, мелі толькі адзіную магчымасць сустрэцца і паразмаўляць – у храме. Іншых памяшканняў улада ім не давала. Наш храм змяшчае 2000 чалавек, і паступова гэтых месцаў перастала хапаць…
Сходы працягваліся на вольным паветры. Пра гэта нагадвае цікавы помнік – абсалютная копія адной з калонаў храма на плошчы перад ім: як сведчанне таго, што прастора і атмасфера храма пашырылася на гарадскія плошчы. Людзей болела: 2 тысячы, 5 тысяч, 10 тысяч… Адметна, што на малітоўныя сустрэчы пачалі прыходзіць не толькі пратэстанты, але і людзі іншых канфесіяў, прадстаўнікі грамадскіх рухаў, моладзь. Сакрэтная паліцыя “Штазі” не спала ў шапку. На малітвы сталі прыходзіць агенты ў цывільным, часам іх колькасць складала палову прысутных. Святары вылічвалі іх беспамылкова – па засяроджанай постаці, няветлым позірку – аднак не ўсчынялі шуму. Гэта нядрэнна, казалі святары, што гэтыя людзі слухаюць разам з намі Нагорнае казанне. Дзе яны яшчэ яго пачуюць?..
холітцэр
Фрау Холітцэр

-- Увосень 1989 напруга пачала нарастаць, -- працягвае спадарыня Холітцэр. – На панядзелкавыя сустрэчы сталі ехаць людзі з усяе ГДР, паліцыя перакрывала дарогі на Ляйпцыг, пільнавала людзей на прылеглых вуліцах, у дварах стаялі аўтазакі. Пасля малітваў пачаліся арышты, людзей пужалі звальненнямі, фізічнай расправай. Чорным днём стала 7 кастрычніка, калі адзначалася 40-годдзе ГДР. Гэты дзень мы называем цяпер днём усенароднай жалобы. Дзесяць гадзінаў запар людзі ў форме збівалі мірных грамадзянаў, адвозілі іх на грузавіках за горад. Сотні людзей замкнулі ў канюшнях Марклееберга. У праўладнай газеце з’явіўся артыкул, што “варта скончыць з “контррэвалюцыяй”, калі неабходна, нават са зброяй у руках”…
Так і сталася 9 кастрычніка, у гістарычны панядзелак. Пасля малітвы ў храме людзі выйшлі на плошчу, дзе іх чакалі яшчэ дзесяткі тысячаў аднадумцаў. Усе трымалі ў руках свечкі. А каб трымаць свечкі на дварэ, адной рукі мала – другой трэба затуляць, ахоўваць агонь. І пры гэтым ужо не возьмеш палку ці камень, каб змагацца з паліцыяй і войскамі. Паліцыя аслупянела, не ведала, што рабіць. Бо чакала супраціву, бойкі. Людзі рушылі ад храма ў горад, на плошчу. На здымках таго дня добра відаць, як зверху выглядае 150 тысяч чалавек – гэта процьма народу, якога ўжо не спыніш паліцыяй і нават войскамі без вялікай крыві. І ўлады ГДР, пэўна, не наважаліся праліць вялікую кроў. Мірныя дэманстранты занялі будынак “Штазі”. Супрацоўнікі сакрэтнай паліцыі якраз у гэты момант ліхаманкава знішчалі дакументы – паклёпы, рапарты, пастановы. Канец ГДР быў пакладзены.
-- Мы заўжды падкрэсліваем, што гэта была мірная рэвалюцыя, -- кажа спадарыня Холітцэр. – Да гэтага нас увесь час заклікалі святары: не адказваць на агрэсію, на правакацыі… Вынік: 150 тысяч людзей на вуліцах – і ніводнай пабітай вітрыны!
Усяго некалькі тыдняў працягвалаўся гэты негвалтоўны рух, аднак ён прывёў да спынення дыктатуры партыі і ўз’яднання краіны.
…Чалец ЦК і ўраду ГДР герр Зіндэрман сказаў перад сваёй смерцю: “Мы ўсё спланавалі. Мы да ўсяго былі падрыхтаваныя, але толькі не да свечак і малітваў”…

“Музыка Майкла Джэксана мае шкодны ўплыў…”

Музей “Штазі” – кантрасны душ пасла агледзінаў сённяшняй цывілізаванай, еўрапейскай Нямеччыны.Цяжка ўявіць, што ўсё гэта адбывалася тут усяго 20 гадоў таму! Знаходзіцца музей у былым будынку “Штазі” – тым самым, які занялі мірныя рэвалюцыянеры ў 1989 годзе.
-- Задачай “Штазі” было ўсяляк кантраляваць людзей, -- кажа спадарыня Холітцэр. – Ім трэба было не дапусціць вальнадумства, смелых настрояў у грамадстве, не дапусціць пераменаў. Афіцыйная прапаганда працавала спраўна – нам распавядалі пра “жахі, якія творацца ў Заходняй Нямеччыне”, пра “пачварны капіталізм”, пра “новыя праявы фашызму”, пра “загніваючую краіну”. А мы глядзелі сабе іхняе тэлебачанне – і бачылі зусім іншае: людзей з усмешкамі на тварах, прыгожыя рэчы і адзенне, іншае жыццё, перспектыву…
У музеі структураваныя ўсе прыстасаванні, якія выкарыстоўвалі “Штазі”. У адным з пакояў – прылады для чытання пошты. Некалькі спецыяльных машын з парам – ахайна расклейваць канверты. Фотамашына з лямпамі – фатаграфаваць узор почырку. І прэс – ахайна заклейваць назад. Вось яна – нямецкая педантычнасць! У іншых краінах часам абыходзяцца простым штэмпелем “Атрымана ў пашкоджаным выглядзе”… Ёсць тут і набор фальшывых штэмпеляў розных поштаў свету. З іх дапамогай спецагенты імітавалі лісты ў ГДР з розных краінаў – дзе людзі “пісалі”, што “краіна на верным шляху”. Таксама фальсіфікаваліся лісты з ФРГ – маўляў, жывем вельмі дрэнна і хочам да вас.

музей штазі 3

Іншы пакой музея – прылады для маскіравання: грым, штучныя вусы і бароды, парыкі, гіпсавыя насы… Суседняя экспазіцыя – фотаапараты шпікаў, мікрафоны, зашытыя ў курткі. Экспануюцца тут і сачыненні гэдээраўскіх дзетак, дзе малыя (няўжо самі?!) пішуць пра “загніваючы капіталізм ФРГ”, “дрэнныя ўплывы Захаду” і “шкоду ад музыкі Майкла Джэксана”…
Асобная зала прысвечаная падабенству “Штазі” і савецкага КДБ. Падобныя эмблемы, агульны герой – Дзяржынскі, падобная сістэма ўзнагародаў.
-- А ці ведаеце вы, хто быў шэфам КДБ у Саксоніі ў той час? – пытаецца спадарыня Холітцэр у прысутных. – Містэр Пуцін! Калі ён прыязджаў з візітам да нас, то згадваў некаторыя дэталі тае працы…
У афіцыйнай біяграфіі Уладзіміра Пуціна, між іншым, значыцца, што ён “у 1985 годзе камандзіраваны ў ГДР, дзе працаваў дырэктарам Дома савецка-нямецкага сяброўсктва ў Дрэздэне. Курыраваў з боку КДБ паводзіны савецкіх студэнтаў у ГДР. Знаходзіўся там да канца 1989 – пачатку 1990”. Якраз да часу, калі Савецкі Саюз і савецкі КДБ цалкам страціў уплыў у ГДР. Дарэчы, у ГДР нарадзілася малодшая дачка Пуціна.
На сканчэнне экпазіцыі нам паказваюць вялікую машыну для знішчэння дакументаў. Сімвалічна, што сёння немцы стварылі, па-сутнасці, такую ж антымашыну – якая пры дапамозе кампутарнай праграмы склейвае разрэзаныя кавалкі ў цэлыя старонкі дакументаў. Дакументаў, з якіх немцы даведваюцца, што данасілі на іх у “Штазі” іх сябры і калегі.

“Стаяць! Мы будзем страляць!”

За прамінулыя 20 гадоў немцы пастараліся максімальна сцерці з вуліц былой ГДР напамін пра вусцішныя гады камуністычнай улады. Усё гэта яны звузілі да межаў музеяў і адмысловых выставаў. Бо месца гераічнай гісторыі – у помніках і назвах вуліц. Месца страшэннай гісторыі – у музейных залах. Куды прыводзяць дзетак і паказваюць: так ніколі больш не мусіць паўтарыцца.
Тут, у Доме гісторыі ГДР музейшчыкі імкнуцца максімальна аб’ектыўна паказаць асаблівасці 40 год жыцця іхнай зямлі. Толькі мала радаснага знойдзе тут наведнік: у вочы кідаецца ўбогасць гэтага жыцця, адсталасць ад цывізаваных краінаў таго часу. Тут я пабачыў жыццё, якім жылі простыя савецкія людзі ў той час – у тым ліку і беларусы. І сто разоў падзякаваў Богу, што на гэтае жыццё я гляджу ў музеі.
Асабліва ўражвае відэаролік – дакументальныя здымкі, як людзі праз раку ўцякаюць з ГДР у ФРГ. Іх даганяе кацер памежнікаў, чуваць крыкі: “Стаяць! Мы будзем страляць” А з Заходняга берага ўцекачам цягнуць рукі простыя людзі. Такія былі правілы: дакрануўся да іншага берага – усё, не маюць права страляць. Свабода – ты на тэрыторыі ФРГ!
Іншае відэа паказвае, як уцекачы пералазяць у Празе агароджу амбасады ФРГ – і тым самым ратуюць сябе ад пераследу камуністычных уладаў ГДР…

Немаўля і Бах

Завершыўся дзень, аднак, на ўзнёслай ноце – пашчасціла наведаць канцэрт арганнай музыкі ў Томаскірхе. Тут з 1723 па 1750 год служыў кантарам Ёган Себасьцьян Бах (і паралельна – у згаданым раней храме Святога Мікалая). Тут знаходзіцца і ягоная магіла.

томаскірхе
Томаскірхе

Я слухаў арган, заплюшчыўшы вочы, і думаў пра Баха. Усё-ткі свет справядлівы -- у ім на стагоддзі застаецца толькі сапраўднае. Сапраўдныя людзі і творы, сапраўдныя ўчынкі і героі, сапраўдныя пачуцці. Музыка Баха, як і ягоны прах тут, памятаюць за сценамі храма і баталіі напалеонаўскіх войнаў, і жаўнераў Першай сусветнай, і фашыстаў, і камуністаў. Усё прыкрае і часовае мінула – хоць часам людзі ў адчаі не заўжды верылі ў гэта. А музыка Баха – вяршыня чалавечай творчасці, чароўнае спалучэнне гукаў – працягвае гучаць у Томаскірхе.
Я расплюшчыў вочы ад крыка немаўляці. І ўсміхнуўся. Гэтае дзіця не хутка даведаецца, што такое фашызм, камунізм ды іншая трасца. Але ўжо зараз у ягонай падсвядомасці гучыць сапраўднае – музыка Ёгана Себасьцьяна Баха.

(Працяг будзе)

Тэгі: , ,