it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 18

+IMG_4416
Крысціне 14, Вадзіму 28, Ромку тры месяцы...

У Беларусі ўсё часцей здараецца, што дзяўчаты нараджаюць у 13-14 гадоў. Я сустрэўся з юнымі мамамі ў Нясвіжы і распытаў, як так атрымліваецца

Чаму менавіта Нясвіж? Пра тутэйшых юных мам я даведаўся з дайджэста навінаў – адным радком было напісана, што вось, маўляў, трынаццацігадовыя нараджаюць, і ўжо не першы раз. У гатэлі “Нясвіж” супрацоўніца на рэцэпцыі здзіўлена паглядзела на мяне:
-- А што тут дзіўнага?! У нас час гэта, на жаль, стала звычайнай з’явай – ужо колькі разоў так было…
-- Толькі ў маёй школе ўжо тры выпадкі за апошія гады, -- пацьвердзіў мне знаёмы нясвіжскі настаўнік.
Тэлефаную ў радзільню.
-- Нічога вам не скажу без дазволу галоўнага ўрача лякарні!.. – адказвае мне загадчыца радзільні Святлана ДАВЫДЗЕНКА.
-- Нічога не ведаю, першы раз ад вас чую!.. – адказвае мне галоўны ўрач Нясвіжскай раённай лякарні Зміцер ПУЛЯК. – Зараз перазваню ў радзільню, перапытаю.
Праз 10 хвілін.
-- Вас падманулі, -- кажа мне Зміцер Аляксеевіч. – У радзільні мне сказалі, што ніводнага выпадка ў гэтым годзе не было…
Самым дасведчаным апынуўся райвыканкам. Начальніца Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ірына ЧАМЯРЭЎСКАЯ глядзіць у кампутары – і кажа:
-- Зараз на ўліку тры непоўнагадовыя мамы, яшчэ нядаўна было восем – павырасталі. Мы іх усіх ведаем, тэрытарыяльны цэнтр трымае ўсіх на ўліку…
І ўжо зусім даверліва Ірына Антонаўна дадае:
-- Ведаеце, маёй дачцэ цяпер 15 гадоў… Дык я калі з гэтымі юнымі мамамі сутыкаюся, думаю – хоць бы мяне, Божа, такая доля мінавала…
Тры сённяшнія мамы на ўліку – гэта тры розныя меладрамы. Самая свежая – 16-гадовая Вікторыя з вёскі Лань пад Нясвіжам. Першага Максімку нарадзіла ў красавіку 2008, другога Мацьвея – у ліпені 2009. Сям’я прыстойная, але з журналістам размаўляць адмаўляюцца. Кажуць, усё ў нас добра, ніякай дапамогі не трэба, на дваіх дзяцей 600 тысяч атрымліваем.
Другі выпадак можна назваць самым удалым – ёй 17, яму 21. Жывуць у Снове, ён працуе на агракамбінаце, добра зарабляе – нават дзяржаўную дапамогу не атрымліваюць, бо прыбытак дастатковы.
Трэцяя – Крысціна з вёскі Карцэвічы пад Нясвіжам сама прыйшла да мяне ў рукі – з’явілася ў выканкам афармляць дакументы на бясплатнае харчаванне, калі я гутарыў там з чыноўнікамі.
Маленькая, прыгожанькая, ціхенькая як котачка. Сядзіць і сарамліва паглядае на журналіста, якому ўсё хочацца ведаць. Знаёмлюся з яе прыёмным бацькам Сяргеем, напрошваюся ў госці. Дарогаю пытаюся ў Крысціны ўсё як ёсць, пры гэтым ўважліва падбіраючы словы. Дзіўнае адчуванне – размаўляць з чалавекам, на 9 гадоў за цябе маладзейшым, у якога ўжо ёсць дзіця… Асабліва калі табе самому 23…

“Мама толькі і здолела спытаць – ад каго…”

-- Я даведалася ўсё на 26-м тыдні, -- кажа Крысціна. – У мяне стаў расці жывот – мама гэта заўважыла. І мы паехалі ў шпіталь на абследванне. Абследвалі – і сказалі: дваццаць шосты тыдзень.
-- І што сказала мама?
-- Мама была, вядома, у шоку. Мы прыйшлі дадому і сталі размаўляць. Мама спытала, ад каго. Я адказала. Яна кажа: “Нічога страшэннага, не бойся, я табе дапамагу”.
-- А ты сама што адчувала?
-- Я сама была ў шоку…
-- У школе як адрэагавалі – аднакласнікі, настаўнікі?
-- Яны рабілі выгляд, што нічога не змянілася. Дачыняліся, як і раней. Усё было карэктна.
-- Крысціна, а як ты паведаміла гэта… бацьку твайго дзіцёнка?
-- Пасля таго як паразмаўлялі з мамай, паехалі да яго – мама сама яму ўсё сказала. Яго Вадзім завуць.
-- А колькі яму гадоў?
-- Дваццаць восем. Ён, натуральна, таксама быў у шоку. Але адразу сказаў, што будзе дапамагаць гадаваць дзіця, выхоўваць. Ён у кінатэатры працуе.
-- Ажаніцца прапанаваў?
-- Так, але я вырашыла пакуль не рабіць гэтага. Напэўна, зарана.
-- Крысціна, дзяцей мець не зарана, а жаніцца зарана?!
-- Я мушу вывучыцца спачатку. Ён адказаў, што будзе чакаць маёй згоды.
-- І цяпер вы жывяцё не разам?
-- Ён прыязджае, звычайна па выходных.
-- А калі не сакрэт, вы з Вадзімам доўга сустракаліся перад тым, як… дзіця з’явілася?
-- Ну, дзесьці тыдзень…
-- А гэтыя 6 месяцаў, калі ты ўжо цяжарная была?
-- Не, не сустракаліся.
Ад тэмаў амурных пераходзім да тэмаў матэрыяльных. Колькі атрымлівае дапамогі ад дзяржавы 14-гадовая мама?
-- Калі нарадзіла, атрымала два з нечым мільёны, -- кажа Крысціна. – Цяпер во штомесяц па 350 тысяч даюць. На тыя два мільёны адразу набылі вазочак за 650 тысяч, ложак дзіцячы, рэчы – нічога не засталося. Гэтых грошай, 350 тысяч, таксама не хапае – памперсы, харчаванне, адзенне, лекі… Як халодна стала – цёплыя рэчы трэба. А ў Нясвіжы выбар невялікі, ды і каштуюць дорага…
-- А колькі цяпер, дарэчы, памперсы каштуюць?
-- Бярэм таннейшыя, за 24 тысячы пачак – там 60 штук. На дзень дзіцёнку тры-чатыры памперсы. На месяц два пачакі такія ідзе.
-- Чым корміш дзіця?
-- Раней цыцку давала, а зараз малако скончылася, дык дзіцячае харчаванне даю.
-- У выканкаме сказалі, што харчаванне бясплатна даюць…
-- Не, купляем. Мы не ведалі, што бясплатна атрымліваць можа, толькі сёння во заяву напісала…
У хаце мяне вітае мама Крысціны спадарыня Таццяна. Маладая, 35 гадоў усяго, прыгожая, ахайная. Запрашае на гарбату. Пытаюся – часам тое самае, што і ў дачкі – каб параўнаць адказы…
-- Таццяна, даруйце, я ніколі цяжарным не быў, але няўжо жанчына не адчувае гэтага? Як так сталася, што вы даведаліся ўсё настолькі позна?
-- У яе былі месячныя. І лекар нам сказаў, што ўсё ў парадку. А выкрылася ўсё ўжо на шостым месяцы, калі позна нешта рабіць… У нас адразу і картку забралі, каб схаваць, што мы звярталіся раней, а нам нічога не вызначылі…
-- Вы так рана не збіраліся бабуляй рабіцца?
-- Што вы, я была ў шоку! Цяпер ужо прызвычаілася… Не крычала на дачку, не сварылася. Так здарылася, значыцца трэба думаць, як дзіця гадаваць, а не сварыцца. Хацелася б, вядома, каб так не атрымалася. Але ж – ужо ёсць…
-- Я ведаю, што вы асабіста паведамілі навіну бацьку дзіцёнка. Як гэта адбылося?
-- Як? Ледзьве не адлупілі! Ён ашалеў канкрэтна. Паўтараў толькі : “ну што зробіш?” Прапанаваў жаніцца, але мы вырашылі, што вывучыць спачатку дзяўчыну трэба.
-- 350 тысяч хапае на маленькага дзіцёнка?
-- А як вы думаеце? Памперсы, харчаванне, адзенне…
-- Дзіця было пачало кашляць, далі рэцэпт, я пайшоў у аптэку, -- уступае ў размову Сяргей, муж Таццяны. – Пытаюся, колькі каштуе. 47 тысяч! І ні льготаў, ні палёгкаў!
-- Таццяна, а як вы вырашылі пытанне са школай?
-- Крысцінка ходзіць цяпер у школу, у дзевяты клас, я з дзіцем сяджу. Паразмаўлялі з дырэктаркай школы, яна да нас прыходзіла. Параіла нам Крысціну пасля ў вечаровую школу аддаць, там можна бясплатна курсы бухгалтараў скончыць, прафесію атрымаць – яны адпраўляюць. Так і вырашылі. А то тут адная нарадзіла непаўнагадовая, а пасля паехала вучыцца – дык з другім на руках вярнулася!
-- Крысцінка, а ты ў класе свайго бэбіка паказвала?
-- Не, маленькі яшчэ, каб не сурочыў ніхто…

“Я і цяпер, маючы дваіх дзяцей, не гатовая быць мамай…”

Завітаў я і яшчэ ў адную нясвіжскую хату. Наталлі ўжо споўнілася 19. Сына Мікітку нарадзіла ў 15, дачку Палінку ў 16. Жывуць з бацькам дзяцей ў бабулінай хаце, не распісаныя. Драматургія тут што трэба – і бацькі цяжарную дачку з дома выганялі, і малады бацька дзяцей не вытрымаўшы пачаў піць, і 16-гадовай маме замест калыхання дзіцёнка хацелася з сяброўкамі скакаць на дыскатэку… Цяпер усё хбольшага прамінула. Аднак дзяцінства для Наталлі адразу перайшло ў мацярынства…

+IMG_4520
Наталля на дваіх дзяцей атрымлівае цяпер 99 тысяч...

-- Наталля, я так разумею, што першае дзіця было ў вас… незапланаванае?
-- Так.
-- Гм… А другое?
-- Таксама… Шчыра вам скажу – проста не хапіла ведаў… Я думала, раз месячныя ёсць – значыцца парадак. І толькі пасля даведалася, што бывае і такое. Разумееце, я сама была яшчэ дзіцем… Думала пасля – чаго я туды ўвогуле палезла?..
--Цяпер вы жывяце з бацькам сваіх дзяцей. А чаму не ажаніліся дагэтуль?
-- Ведаеце, у жыцці ўсяк бывае. Не факт, што мы з ім і далей жыць будзем… Па маладосці ўсё было. Сустракацца гэта адное, а жыць… Я яго прывучыла ўсё рабіць, глядзець дзяцей, але…
-- Човен кахання разбіўся аб побыт?
-- Так… Я сама моцная па характары. А ён слабы, яго гэта ўсё зламіла, выпіваць пачаў… Сумеснае жыццё, гадаванне дзяцей – гэта ж адказнасць. Мы то жылі разам, то не жылі… А цяпер я яму паставіла ўмову: альбо кадзіруйся, альбо ўсё.
-- Ён старэйшы за вас?
-- Яму 24 – на 5 гадоў старэйшы.
-- Да таго, як у вас першае дзіця з’явілася, вы доўга сустракаліся?
-- Нядоўга, мо паўгады.
-- І як позна вы даведаліся, што ў вас будзе дзіця?
-- Я асабіста даведалася месяцы праз два, а маме сказала толькі праз паўгады – баялася.
-- Калі самі даведаліся, былі думкі пазбавіцца ад дзіцёнка?
-- Былі, канешне. Я ў школе вельмі добра вучылася, ды і бацька ў мяне вельмі строгі. Каб вы ведалі, колькі я перажыла…
-- Атрымліваецца, вы самі прынялі рашэнне пакінуць дзіця?
-- Як прыняла… Не рашылася проста на іншае. А пасля, як мама даведалася, пачаліся крыкі, што гэта на ўвесь Нясвіж ганьба, трэба рабіць аборт і гэтак далей. А позна было ўжо пазбаўляцца…
-- А як, дарэчы, мама даведалася?
-- Вельмі незвычайным чынам. Пайшла да гадалкі, і тая нагадала ёй, што “ваша дачка народзіць да 18 гадоў”. Мама прыйшла ўся ўсхваляванае, адразу да мяне. А я, зразумела, збялела, пачала нервавацца. І мама пытаецца: “Наташа, што – ужо?!” І тут усё адкрылася. Мама зразумела, што я не проста папраўлялася, а ўва мне ўжо дзіця…
-- Наталля, вы шкадуеце?
-- Я шкадую, што ўсё здарылася так рана. І на дыскатэкі хацелася хадзіць, і з сяброўкамі гуляць… Прашу маму: “Паглядзі дзіця”. А яна: “Нарадзіла – вось і глядзі, а не на дыскатэкі бегай”. І вучыцца во паступіла ў Смілавічы на завочнае – бухгалтарам буду. Аднак на працу не прыладзіцца – досведу няма, на руках двое дзетак. Ніхто такую браць не хоча…
-- Як сталася, што зараз без бацькоў жывяцё?
-- У вас, напэўна, няма жонкі, раз пытаецеся… Як можна маладым з бацькамі жыць? Яны і лезуць увесь час, і сварыліся мы з хлопцам праз гэта… Адзін раз бацька мяне ўвогуле з хаты выгнаў, у самым пачатку. А гэта во хата маёй прабабулі, мяне сюды бабуля пусціла жыць – яна моцна мне спачувае. Цяпер з бацькамі стасункі наладзіліся, яны дапамагаюць, дзяцей калі трэба глядзяць.
-- А людзі, знаёмыя – шапталіся, пальцамі паказвалі?
-- Канешне! І мама гэта спазнала, і бабуля, і я сама. Прыходзіць мама ў краму – а там за спінай пачынаюць шаптацца, што “гэта яе дачка ў 15 нарадзіла”… Я сама першы час ад сораму з дому не выходзіла. А пасля падумала – у мяне цудоўнае дзіця, я яго люблю, гляджу – чаго мне ўжо саромецца?..
-- Наталля, што вы параіце дзяўчатам, якія так рана сутыкаюцца з такім пытаннем?
-- Нікому не раю нараджаць так рана, не падумаўшы. Мне цяпер 19 гадоў – і я разумею, што і цяпер не гатовая была б нараджаць, каб так не здарылася… Трэба ўсё ўзважыць. Разумець, што спадзявацца трэба на сябе і на бацькоў. Калі бацькі, скажам, п’яніцы – як нараджаць? На сацыяльную дапамогу вы здарове дзіця не выгадуеце… І з бацькам дзіцёнка – ці будзеце, ці не будзеце…
На развітанне я спытаўся ў Наталлі, колькі яна атрымлівае дапамогі ад сцыяльных службаў. Высветлілася, што на старэйшага ўжо нічога – бо споўнілася тры гады. А на малодшую Палінку – 99 тысяч, гэта 50% ад агульнай сумы, бо тая ходзіць у садочак. Знайсці працу ў Нясвіжы Наталля пакуль не здолела. Вось і атрымліваецца: самой 19 гадоў, на руках двое дзетак 2,5 і 3,5 гадочкі. І на траіх – 99 тысяч рублёў. Жыві як хочаш.

+IMG_4529

КАМЕНТАР МІНІСТЭРСТВА
“За гэты год нарадзілі 917 непоўнагадовых…”

Галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксандр БАРСУКОЎ кажа, што непаўнагодовыя цяжарныя – сёння з’ява ўжо не адзінкавая.
-- Вось у мяне якраз на стале статыстыка за 9 месяцаў гэтага і мінулага года, -- гартае паперы спадар Аляксандр. – За 2008 год – 903 непаўнагадовыя нарадзілі, за гэты – 917. Прыкладна на адным узроўні. Абортаў у непаўнагадовых абсалютна роўныя колькасць – па 442 выпадкі. Як бачыце, кожная трэцяя робіць аборт, астатнія нараджаюць… Іншая справа, што ў нас у краіне сёння мы не можам гарантаваць цалкам бяспечны аборт. Паводле міжнародных правілаў, гэта мусіць рабіцца медыкаментозным чынам, а мы толькі ідзем да гэтага, робім збольшага хірургічным шляхам. Хачу адзначыць, што адсотак хваробаў і ўскладненняў сярод дзетак непаўнагадовых мамаў значна большы, чым у дарослых жанчын… І мы зараз працуем як з непаўнагадовымі мамамі, гэтак і з усімі дзяўчатамі, іх бацькамі. Размаўляйце з дзецьмі, расказвайце ім, як засцерагацца! Нашыя дзеткі сёння вельмі рана пачынаюць палавое жыццё – і думаюць, што яны ўжо дарослыя. А ведаў зазвычай не хапае…

КАМЕНТАР МЕДЫКА
“У такім узросце і нараджаць небяспечна, і аборт рабіць небяспечна…”

Што рабіць, калі дзяўчо зацяжарыла ў 13-14 гадоў? Па такі каментар я звярнуўся да лекара-гінеколага, доктара медычных навук Пётры КУХАРСКАГА.
-- Зразумела, што ў такім узросце арганізм дзяўчыны не развіўся да канца, вядома, нараджаць рана! Адкуль у яе патрэбная колькасць малака, каб карміць дзіця? Чыста фізіялагічна дзяўчына гатовая нараджаць дзіця ў 17-18 гадоў. Іншая справа – што яна як маці дасць гэтаму дзіцёнку нават у такім узросце? Пытанне вельмі складанае. Бо пры такой ранняй цяжарнасці ў дзіця могуць быць любыя хваробы. А можа і цалкам здаровае дзіця нарадзіцца. Сучасная медыцына здольная ўбачыць большасць хваробаў і паталогій на ранняй стадыі цяжарнасці. Аднак калі рабіць аборт у такім малым узросце, то ёсць небяспека, што дзяўчына ніколі ўжо не здолее мець дзяцей... Так што калі ўжо, проста кажучы, заляцела – і лекары вызначылі, што дзіця здаровае, з медычнага пункту гледжання лепей нараджаць...

КАМЕНТАР ЧЫНОЎНІКА
“Раз нарадзіла – дзяржава мусіць дапамагаць”

Дырэктарка Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Наталля КОРСАК кажа, што ніводная мама не застаецца ў іх без дзяржаўнай падтрымкі.
-- Як толькі цяжарная мама стала на ўлік, мы пачынаем працаваць з сям’ёй. Яна чакае дзіцёнка – і чыноўнікі, лекары чакаюць разам з ёй. Глядзім на прыбытак, калі трэба вылучаем гуманітарную дапамогу, як толькі народзіць – да двух гадоў атрымлівае бясплатнае харчаванне. Непаўнагадовыя мамы ў мяне запісаныя ў асобнай тэчцы, я іх усіх асабіста ведаю. Атрымліваюць грошы – у залежнасці ад прыбытку, звяртаюцца па адрасную сацыяльную дапамогу… Мая справа як чыноўніка – не разважаць, добра гэта ці дрэнна. Раз нарадзіла – дзяржава мусіць дапамагаць.

Надрукавана ў "Звяздзе" за 18 лістапада

Тэгі: ,