it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 13

damok
Гэта здаецца неверагодным, але згаданы раней дамочак на Нямізе ўдалося ўратаваць (часова?). Туды проста ўчора зранку прыехала супрацоўніца Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка (дзякуй ёй!!!) -- і перашкодзіла разбурэньню дома, а затым выпісала пастанову аб прыпыненьні працаў.
Падрабязнасьці -- у маім артыкуле з сёньняшняй "Звязды"...

У Мiнску без дазволу спрабавалi зруйнаваць дом XVIII стагоддзя
Прадпрыемства "Мiнская спадчына" пазаўчора падало заяву
ў Мiнiстэрства культуры, а ўжо ўчора зранiцы дом ледзьве не знiшчылi

Учора ў 8.30 ранiцы супрацоўнiца Мiнiстэрства культуры Аксана Сматрэнка спынiла незаконнае разбурэнне будынка XVIII—ХIХ стагоддзяў па вулiцы Рэвалюцыйнай,  24а ў Мiнску. I разбурыць будынак збiралiся не нейкiя зладзеi з вулiцы, а прадпрыемства "Мiнская спадчына", створанае якраз для аднаўлення гiстарычнага цэнтра сталiцы...

Усё пачалося з трывожнага званка ў рэдакцыю: старадаўнi дом падрыхтаваны пад знос. На месца неадкладна выехаў карэспандэнт "Звязды", паралельна папрасiўшы прыбыць на аб'ект старшыню грамадскай назiральнай камiсii пры Мiнiстэрстве культуры па захаваннi гiсторыка-культурнай спадчыны Анатоля БУТЭВIЧА, у нядаўнiм мiнулым — мiнiстра культуры i друку Беларусi.

— Для мяне была нязвыклая сама сiтуацыя, калi мы напрыканцы працоўнага дня ў тэрмiновым парадку пачалi разбiрацца ў гэтай справе, — каментуе пабачанае спадар Анатоль. — Я даведаўся ад супрацоўнiка будаўнiчай арганiзацыi спадара Батуры, што сапраўды зранку мусiла пачацца руйнаванне будынка. Ведаеце, чыста вiзуальна мне гэты дом не падаўся нейкiм звышаварыйным. Я бачыў i горшыя будынкi, якiя ратавалi рознымi спосабамi... I мне вельмi балiць, што наш 940-гадовы Мiнск з кожным годам губляе сваё гiстарычнае аблiчча... Знiкае аўтэнтыка, з'яўляюцца жалезабетонныя муляжы, якiя не створаць у горадзе аўру... Што будзе цiкавага ў цацачным макеце, пад якiм будзе размешчаны паркiнг? Цi будзе гэта помнiк архiтэктуры? Я, пабачыўшы сiтуацыю, зрабiў неабходныя захады. I стала зразумела, што канец года, планы гараць... Але гэта не можа быць падставай парушаць закон.

Намеснiца начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Аксана СМАТРЭНКА, якая тэрмiнова падрыхтавала пастанову пра прыпыненне прац, а ўжо ў 8.30 ранiцы была на аб'екце, кажа:

— Сапраўды, 26 жнiўня 2009 года навукова-метадычная рада прызнала будынак аварыйным i вынесла рашэнне: уручную разабраць яго, а затым аднавiць у першапачатковым выглядзе. Але дазвол на працы мусiць падрыхтаваць нашае Упраўленне, а выдаць мiнiстэрства культуры. Дазволу не было. Значыцца, разборка будынка, калi яна сапраўды мусiла пачацца, пакуль незаконная. "Мiнская спадчына" звярнулася да нас толькi ўчора, а мне на стол гэты запыт лёг сёння зранку.

Датэлефанавацца да галоўнага iнжынера "Мiнскай спадчыны" Мiхаiла Жыха не ўдалося — сакратарка адказвала, што Мiхаiл Iосiфавiч "на пасяджэннi". Аднак тлумачэнне "Мiнскай спадчыны" ўдалося атрымаць ускосна. Рэч у тым, што адразу пасля спынення прац з Мiхаiлам Жыхам меў размову старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнiкаў Антон АСТАПОВIЧ.

— Мне паказалi ўсю дакументацыю па гэтым доме, — кажа спадар Антон. — У тым лiку i выпiску з пратакола навукова-метадычнай рады, дзе дакладна акрэслена — дом павiнен быць не зруйнаваны, а разабраны. I спецыяльна ўдакладнена — уручную. Сапраўды, гэтыя працы мусiлi пачацца сёння, хоць дазволу Мiнiстэрства культуры не было. Мне было патлумачана, што так атрымалася, бо "падцiскаюць тэрмiны" i "да канца года трэба асвоiць фiнансаванне".

Атрымлiваецца, што з прычыны "падцiскання тэрмiнаў" прадпрыемства "Мiнская спадчына" вырашыла парушыць Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны"? Аднак давайце супаставiм даты. Рашэнне навукова-метадычнай рады было зацверджана 26 жнiўня. А "Мiнская спадчына" звярнулася па дазвол у Мiнiстэрства культуры толькi 11 лiстапада — у рэдакцыi ёсць копiя гэтага лiста. I не дачакаўшыся дазволу, планавала ўжо зранку
12 лiстапада прыступiць да "разборкi" будынка. I вялiкае пытанне, цi адбывалася б тое "ўручную", а не бульдозерамi, як звычайна. Атрымлiваецца, Мiнiстэрства культуры мусiла выдаць дазвол меней за суткi — хоць законам прадугледжаны тэрмiн 20 дзён. Слаба верыцца, што прадпрыемства, якое не першы год працуе з помнiкамi архiтэктуры, не ведае парадку дзеянняў у такiм выпадку. Цi законы ў нас ужо дзейнiчаюць не для ўсiх?..

I цi не паспешлiвае рашэнне аб "разборцы" будынка, калi ў нашай сталiцы засталося ўсяго некалькi дзясяткаў старадаўнiх дамочкаў? Яшчэ крыху — i любая вулiца Прагi цi Рыма пераплюне горад-герой Мiнск па колькасцi помнiкаў архiтэктуры. I прычына iх знiкнення, як бачым, не вайна i катаклiзмы. Унiкальныя сведкi нашай слаўнай гiсторыi гiнуць адзiн за другiм у мiрныя днi. Бо ўратаваць iх "ну проста няможна". Цi няма такой задачы?..

Тэгі: ,