it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 30

У Воршы — музей, вулiца i помнiк, у Рагачове — занядбаная магiла бабулi i недасяжны пакой пiсьменнiка

IMG_3067

Валодзю Караткевічу 1 гадочак, Ворша, 1931 год

Пазаўчора быў у вандроўцы па мясцiнах Уладзiмiра Караткевiча, якую зладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ідэю вандроўкi прапанаваў пiсьменнiк-гiсторык, якога часта называюць паслядоўнiкам Караткевiча, — Уладзiмiр Арлоў. Ён i выступiў гiдам. Маршрут вандроўкi — Орша (тут Караткевiч нарадзiўся) i Рагачоў, дзе ў дзядзькавай хаце пiсьменнiк стварыў свае выбiтныя творы. I гэтыя два пункты ўразiлi мяне сваiм кантрастам.

Аршанцам можна не хвалявацца: яны годна ўшаноўваюць памяць славутага земляка. Тут ёсць музей Караткевiча, вулiца яго iмя, помнiк. Калi тут былi "Дажынкi", помнiк у парку крыху пасунулi, каб збудаваць... грамадскую прыбiральню. Да гонару аршанцаў, яны ўзнялi скандал — i дамаглiся, каб помнiк паставiлi на больш годнае месца — цяпер Уладзiмiр Сямёнавiч глядзiць на свой улюбёны Дняпро.

IMG_3110

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы

Вулачка Караткевiча хоць i вельмi караценькая, але мае лагiчнае абгрунтаванне — тут захавалася бацькоўская хата, дзе пiсьменнiк жыў з перапынкамi з 1946 па 1958 год. Побач стаiць унiкальны хлявок — на ягоным паддашку Караткевiч абсталяваў свой першы працоўны кабiнет, дзе шмат чытаў, дзе напiсаў першы варыянт "Дзiкага палявання". Сам Уладзiмiр Сямёнавiч жартаўлiва называў гэты хлявок "Летняя рэзiдэнцыя".

IMG_3095

Бацькоўская хата Караткевіча ў Воршы, дзе пісьменьнік зь перарывамі на навучаньне жыў ад 1946 па 1958 гады

IMG_3106

На паддашку гэтага хлявочка пісалася "Дзікае паляваньне караля Стаха"

Захавалiся тут i школы, звязаныя з iмем Уладзiмiра Караткевiча. Да вайны Валодзя скончыў тры класы ў школе № 3 (будынак згарэў). Пасля вайны пайшоў у школу № 1, вучыўся да пачатку 10 класа. Тут ён патрапiў да настаўнiцы лiтаратуры Кацярыны Iванаўны Грыневiч, якая заўважыла лiтаратурны талент вучня, усяляк падтрымлiвала яго, заклiкала не спыняцца. Пасля ўзнiк канфлiкт з настаўнiкам матэматыкi, якi пагражаў будучаму пiсьменнiку паставiць двойку за год. Караткевiч i яшчэ некалькi ягоных сяброў у вераснi ў 10-м класе перавялiся ў школу № 5. Пасля ўнiверсiтэта Уладзiмiр Сямёнавiч настаўнiчаў у роднай восьмай школе.

А цэнтр захавання памяцi пра Уладзiмiра Караткевiча — гэта, зразумела, ягоны музей на цэнтральнай вулiцы Оршы (шкада, што яна носiць дагэтуль iмя Ленiна, а не завецца праспектам Караткевiча). Адметна, што галоўны i самы вялiкi экспанат у iм... сам будынак! Бо менавiта тут у 1930 годзе нарадзiўся будучы пiсьменнiк — тут месцiлася лякарня доктара Рыскiна. У адной палове лекар жыў з сям'ёй, у другой — прымаў пацыентаў. У 2000 годзе мясцовыя ўлады перадалi дом пад музей Караткевiча. За што iм, як кажуць, рэспект.

— Хата, дзе нарадзiўся пiсьменнiк, згарэла, — кажа Вольга ПАШКОВIЧ, старшы навуковы супрацоўнiк музея. — Адзiнае, што засталося з дзяцiнства, — гэта лiст i два малюначкi, якiя Валодзя даслаў цётцы Жэнi, мамiнай сястры, на Далёкi Усход. На адным намаляваная iхняя хата, на другiм — сам Караткевiч у вобразе парсюка. Ёсць i паштоўка, напiсаная сваякам у Рагачоў незадоўга да смерцi. Уладзiмiр Сямёнавiч скардзiўся на дрэнны стан, на тое, што мала пiша з-за гэтага...

З Оршы мы выпраўляемся ў Рагачоў. Пэўна, толькi прыхiльнiкi пiсьменнiка скажуць, як гэты горад звязаны з iм. А звязаны ён каласальна!

— Тут нарадзiлася мама Уладзiмiра Караткевiча, — кажа дырэктар рагачоўскага музея народнай славы Андрэй ЧАРНЯЎСКI. — Тут пахаваная бабуля пiсьменнiка. Але галоўная наша каштоўнасць — гэта хата, дзе Караткевiч падоўгу жыў, дзе ён напiсаў "Ладдзю Роспачы", "Сiвую легенду", "Вiно дажджоў", часткова "Каласы пад сярпом тваiм". Таксама звязаныя з Караткевiчам ваколiцы Рагачова — у вёсцы Збароў працавала настаўнiцай мама пiсьменнiка. У Азярышчы ён любiў паляваць i вудзiць рыбу, тутэйшы абрыў над Дняпром з дрэвамi, якiя туды рэгулярна падаюць, нарадзiлi першы радок "Каласоў...": "Груша цвiла апошнi год...". Вёска Кiсцянi апiсаная ў "Сiвой легендзе". Дняпро ад Рагачова да Кiсцянёў — гэта ягонае любiмае месца, як ён сам пiсаў. I Крыцкiя пагоркi (цi хутары) — ён прасiў, каб яго прах там развеялi пасля смерцi...

Спадар Андрэй, як можа, дбае пра захаванне памяцi пра "рагачоўскi" перыяд Караткевiча. У музеi ён стварыў куток Караткевiча, дзе распавядае школьнiкам i дарослым наведнiкам, якую ролю iх родны Рагачоў адыграў у творчасцi вялiкага пiсьменнiка. Аднак высiлкаў аднаго чалавека тут яўна мала.

На мясцовых могiлках нам паказваюць магiлу бабулi Караткевiча. Яе сённяшнi стан — гэта сорам i для рагачоўцаў, i для ўсiх прыхiльнiкаў Караткевiча. I тут, мне здаецца, няма чаго наракаць толькi на мясцовую ўладу цi яшчэ каго. Каб прыбраць магiлу ды аднавiць помнiк, не трэба загадаў зверху, патрэбныя энтузiязм i любоў да Беларушчыны. Аднак, мяркуючы па стане ўсiх магiлаў, памяць продкаў у Рагачове не надта шануюць: у ацалелых каплiцах ХIХ стагоддзя фактычна грамадская прыбiральня. Большасць магiлаў занядбаная. Адзiныя людзi, якiх я пабачыў на могiлках, замест таго, каб прыбраць магiлу сваякоў, пiлi на ёй "чарнiла" — i так ушаноўвалi памяць памерлага... А гадоў дваццаць таму тут знiк крыж паўстанцам Калiноўскага — сярод якiх быў i сваяк Караткевiча па мамiнай лiнii Тамаш Грыневiч, якога расстралялi тут разам з астатнiмi расiйскiя ўлады...

Вулiца, на якой стаiць дом дзядзькi Караткевiча, завецца iмем Чкалава. Я так i не зразумеў, якое дачыненне гэты выдатны савецкi лётчык мае да Рагачова. Пэўна, большае, чым Караткевiч, бо як нi прасiлi неабыякавыя людзi мясцовыя ўлады перайменаваць вулiцу цi хоць бы яе кавалак — сустрэлi толькi бетонны мур непаразумення. Ды i сама вулiца выглядае ганебна — калюжыны, бруд, вады па калена...

Нi шыльды, нi згадкi пра Караткевiча на хаце няма. Грукаемся ў дзверы.

— Мiнулы раз патрапiць туды каштавала немалых высiлкаў, — кажа Уладзiмiр Арлоў. — Стрыечны брат Караткевiча, спадар Сяргей, не дужа любiць гасцей...

Так i атрымлiваецца.

— Як прыйшлi, так i сыходзьце! Хто вам дазволiў сюды заходзiць?! — крычыць на нас у сенцах спадар Сяргей. Уладзiмiр Арлоў спакойна ўгаворвае яго пусцiць групу журналiстаў з усяе Беларусi. Жонка спадара Сяргея, спадарыня Тамара, далучаецца да ўгавораў:

— Чаго ты крычыш? Хай ужо паглядзяць.

Раззлаваны гаспадар сыходзiць у свой пакой, а спадарыня Тамара вядзе нас у пакой Караткевiча.

IMG_3679

За гэтым сталом пісаліся "Ладзьдзя Роспачы" і "Каласы пад сярпом тваім"
Тут — гатовы музей. Вось стол, якi Караткевiч прыдбаў сам i пiсаў за iм начамi, не спыняючыся. Вось цацачныя сабачкi, якiя памятаюць пiсьменнiка. Вось самавар i iмбрык, з якiх пiў гарбату Караткевiч. Нават шпалеры — тыя самыя...

— Мы ягоны пакой не чапаем — усё так, як было пры Валодзю, — кажа спадарыня Тамара. — Праўда, рэчы я шмат якiя пааддавала — у аршанскi музей i ў наш, рагачоўскi. Але пакой во захоўваем. Нам прапаноўвалi пераехаць, каб зрабiць музей — але мужык мой упёрся — не хоча. Кажа, гэта маё радавое гняздо.

IMG_3688

Гэты імбрычак памятае Уладзімера Караткевіча

Да гэтага часу спадар Сяргей крыху лагаднее i выбачаецца:

— Даруйце ўжо, што так накiнуўся на вас. Разумееце, пры жыццi Валодзя нiкому не быў патрэбны. Аднойчы прыехаў i кажа майму бацьку: "Дзядзька Iгар, ну, як так можна? Выйшаў пераклад маёй кнiгi на iспанскую мову. Мне далi 3 рублi 50 капеек, а Саюзу пiсьменнiкаў — 90 тысяч...". А ў апошнiя гады Валодзя быў тут забыты ўсiмi. Затое як памёр — усе адразу сталiся ягонымi сябрамi, усе сюды пацягнулiся. А я, разумееце, не цярплю такога крывадушша!.. Асаблiва мне журналiсты надакучылi. Былi тут адны... Я iм усё шчыра распавёў. А пасля чытаю — такой брыдоты панапiсвалi i пра мяне, i пра Валодзю. З таго часу я ўсiх журналiстаў выганяю...

Мы тлумачым спадару Сяргею, што ўсё крыху iначай — i пакой Караткевiча павiнен стаць месцам паломнiцтва прыхiльнiкаў пiсьменнiка. За прыжыццёвыя iнтрыгi таго пакалення сённяшняя моладзь не нясе адказнасцi. Гаспадар згаджаецца.

На развiтанне спадар Андрэй Чарняўскi вязе нас на ўзбярэжжа Дняпра ў вёсцы Азярышча.

— Лiчу, што Караткевiч, апостал i анёл беларускай нацыi, мусiць стаць турыстычным брэндам Рагачова. I ваш маршрут Орша—Рагачоў павiнен стаць агульнапрынятым, здабыць папулярнасць!.. Кожнаму прыхiльнiку Караткевiча, мяркую, будзе цiкава стаць тут, дзе мы з вамi зараз стаiм, i ўявiць, што менавiта на гэтым месцы ў Караткевiча нарадзiлася задума "Каласоў..." i першы радок: "Груша цвiла апошнi год...".

Надрукавана ў <a href=http://zviazda.by/ru/main/>"Звяздзе"</a>.

Тэгі: ,