it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 21

101
Сёння Кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 95-годдзе

Кардынал Казімір Свёнтэк для мяне ёсць сімвалам: як высокадухоўны, рэлігійны чалавек аддана служыць Госпаду і свайму народу. У цяжкія часы, калі рэлігія была не ў пашане, Кардынал захаваў веру ў Бога і ў людзей.

Рэдка хто мае такі пакручасты лёс, поўны цяжкіх выпрабаванняў, нібы ў біблійнага Ёва. Нарадзіўся Казімір Свёнтэк да рэвалюцыі, у далёкім 1914 годзе. Калі Казіміру было 3 гады, бацькоў выслалі ў Сібір. У 1939 годзе Свёнтэк скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. 8 красавіка таго неспакойнага года атрымаў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны ў Пружанскі прыход. Новая ўлада пераследавала святароў – Свёнтэка арыштавалі (са звычайнай у тыя страшэнныя часы фармулёўкай “за шпіянаж”) і прысудзілі да смерці. Два месяцы ў Брэсцкай турме будучы Кардынал знаходзіўся ў камеры смяротнікаў. Воляю лёса ўратавала яго вайна – у 1941 годзе Брэст занялі немцы і выпусцілі вязняў. У 1944 савецкая ўлада зноўку арыштавала святара і дала 10 гадоў катаргі ў Сібіры. Адседзеў ад званка да званка.
У 1954 годзе, вярнуўшыся ў Пінск, ксёндз Казімір спраўдзіў даўнюю мару – адправіў святую Імшу ў касцёле. Ягонымі намаганнямі і малітвамі была адноўленая Пінская катэдра – адзін з першых адноўленых храмаў у Беларусі. У канцы 1980-х прыйшла доўгачаканая свабода веравызнання.
Пастырская дзейнасць, нязломнасць і адданасць веры не мінуліся незаўважанымі. У 1991 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў Казіміра Свёнтэка першым Мітрапалітам нанова створанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і апостальскім Адміністратарам Пінскай епархіі.
На той момант Казіміру Свёнтэку было 77 гадоў, але ён актыўна ўзяўся за справу – наведвае прыходы, стварае касцёльныя структуры, абараняе вернікаў, выступае на канферэнцыях. Спаўна пабачыўшы пераслед веры, ксёндз Казімір дачакаўся аднаўлення веры ў Беларусі.
У 1994 годзе Папа Ян Павел ІІ надаў Свёнтэку сан кардынала – найвышэйшы ў Царкве. Казімір Свёнтэк стаў першым у Беларусі кардыналам пасля 1798 года!
Тры гады таму Папа Бенедыкт XVI прыняў прашэнне пра вызваленне Свёнтэка ад пастырскага кіравання Мінска-Магілёўскай архіеперхіяй – усё-ткі на той час Кардыналу было ўжо 92 гады. Сёння Казімір Свёнтэк працягвае пастырскую дзейнасць у Пінску, з’яўляецца Апостальскім Адміністратарам Пінскай епархіі.
Павіншаваць з днём нараджэння Кардынала Казіміра Свёнтэка мы папрасілі ягонага наступніка шаноўнага Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.
-- Найстарэйшы ярарх каталіцкага касцёла Беларусі Кардынал Казімір Свёнтэк адзначае ў гэтыя дні сваё 95-годдзе. Гэта чалавек, які прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, як гаворыцца. Напэўна, у гісторыі гэтага чалавека сабраная гісторыя многіх-многіх людзей. Але ён заўсёды захоўваў веру, вернасць свайму святарскаму пакліканню. Быў прызначаны біскупам, арцыбіскупам, потым кардыналам. Быў першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам пасля аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ад усяго сэрца хацеў бы павіншаваць Яго Эмінэнцыю! Пажадаць яму добрага духоўнага і фізічнага здароўя. Пажадаць яму, каб і далей ён заўсёды жыў той надзеяй, якой кіраваўся ў сваім жыцці. Бо сапраўды многа раз ён жыў наёдзеяй і супраць надзеі, як гаворыць Святое Пісанне. Хацеў бы пажадаць, каб Кардынал заўсёды заставаўся маладым душой. І той гумар, які заўсёды адзначаў Кардынала, ён захаваў і далей. І каб далей служыў Касцёлу і людзям – як і зараз, нібыта малады духам святар. Каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца за яго. І асабліва я жадаю яму далейшых поспехаў. Каб далей мог несці тую місію, якую божы провід прызначыў гэтаму ярарху. І як мы гаворым на лацінскай мове, Аd multos annos -- гэта значыць “многія лета”.
-- Ойча Мітрапаліце, які галоўны ўнёсак Кардынала Свёнтэка як галавы каталіцкага касцёла Беларусі?
-- На ягоную долю прыйшоўся цяжкі час – трэба было адраджаць Касцёл. Была вернутая катэдра – сімвал, галоўная святыня Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ён гэта здолеў. Таксама трэбы было думаць аб падрыхтоўцы новых святароў – ён заснаваў семінарыю ў Пінску. Заснаваў выдавецтва “Про-Хрысто” ў Мінску, клапоцячыся, каб ў нас выдавалася як мага больш рэлігійнай літаратуры. Таксама распачаў вельмі вялікую працу па перакладзе і падрыхтоўцы літургічнай літаратуры. Пры ім быў выдадзены Імшал на беларускай мове. Кардынал дастойна прадстаўляў Беларусь за мяжой. Неаднойчы мне з ім давялося бываць на розных канферэнцыях, спатканнях з папам, на сустрэчах біскупаў. Кардынал Свёнтэк – гэта сімвал. І яго вельмі-вельмі ўсе шануюць за тое, што ён захаваў вернасць свайму пакліканню, вернасць Касцёлу ў цяжкія часы. Кардынал і цяпер актыўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла, часта прыязджае ў Мінск, колькі тыдняў таму быў на асвячэнні касцёла ў Віцебску.
Дарэчы, учора, 20 кастрычніка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама меў свята – адзначаў 20-годдзе біскупскага пасвячэння. Біскупскую сакру, якую ён прыняў 20 кастрычніка 1989 года ў базіліцы Святога Пятра ў Рыме, удзяліў Папа Ян Павел ІІ. Нашыя віншаванні!
А сёння “Звязда” шчыра віншуе Кардынала Казіміра Свёнтэка з 95-годдзем. Зычым ніколі не ведаць змогі, заўжды мець бодры дух і светлую свядомасць, і далей вучыць маладых ваім прыкладам. Са святам, Кардынале!..

фота з сайта pinskhistory.by

Тэгі: , ,