it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 13

Кароткія роздумы да перапісу-2009

Сёння ў нашай краіне пачынаецца перапіс насельніцтва. Гэта надзвычай адказная справа, якая вымагае праявы грамадзянскай адказнасці. Хаця б таму, што на гэта пускаецца шмат дзяржаўных, а значыцца – нашых з вамі грошай. Перапісчыкі ўжо пачалі сваю працу колькі дзён таму: хадзілі па хатах і пазначалі, калі хто будзе дома. Я нават перанёс на дзень камандзіроўку, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак – і распавесці Міністэрству статыстыкі, ці ёсць у мяне дома кампутар.

У перапісы мяне напружыла пытанне пра родную мову. Дакладней, яго фармулёўка, якая ўжо пэўны час горача абмяркоўваецца ў грамадстве, на сайтах і форумах.
“Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)” – так спытаецца ў вас перапісчык. Гэтую фармулёўку (удакладненне ў дужках) я лічу глупай і абсалютна непадыходзячай для Беларусі. Ужо тыдзень тлумачу сябрам і знаёмым, што гэтай фармулёўкай іх адно блытаюць.
Як можна ставіць нароўных родную мову і мову, першай засвоенай у дзяцінстве? У Беларусі, якая найбольш за іншыя рэспублікі была зрусіфікаваная за савецкім часам, такая фармулёўка ўвядзе ў зман. Бо многія людзі, якія нарадзіліся ў часы камуністаў, засвоілі найперш рускую мову. І толькі калі Беларусь стала незалежнай на пачатку 90-х, усвядомілі, што без сваёй мовы не можа быць сваёй краіны. Прыйшлі да беларушчыны ў сталым узросце. Гэта першае.
Мадэлюем іншую сітуацыю. У раннім дзяцінстве бацькі, як сапраўдныя савецкія людзі, размаўлялі з вамі па-руску. Але вы выраслі добрым беларусам – вывучылі і асэнсавалі гісторыю, культуру, мову нашай зямлі. Лічыце яе роднай. Дык што – хлусіць перакладчыкам і згадваць “мову, засвоеную ў раннім дзяцінстве”? Вядома не! Найлепей -- не зважаць на недарэчную фармулёўку. Падумайце хвілінку, што асабіста вы разумееце пад паняткам “родная мова” – і адказвайце менавіта так.
Родная мова – у маім разуменні – гэта, найперш, мова, якую я сам, без падказак і фармулёвак, лічу роднай. Мова, на якой размаўлялі мой прадзед і мая прабабуля. Гэта мова, на якой я пішу вершы. Мова, на якой я найлепш разумею песні. Мова, на якой прызнаюся ў каханні. Мова, якую лічу самай прыгожай на зямлі.
У розныя часы на нашай зямлі гучала руская, польская, французская, шведская, нямецкая мова… Так сталася гістарычна, што беларусы ўмела прыстасоўваюцца да часовых умоваў, каб выжываць і заставацца. І калі цяпер наўкол вы чуеце нейкую іншую мову, апроч беларускай, не засмучайцеся – гэта часова. Не верыце? Усе таксама не верылі, што Саюз ляснецца. Калі смажаны певень дзеўбане, калі мы зразумеем, што без нацыянальных адметнасцяў Беларусь проста знікне з палітычнай мапы свету – тады будзе трэба і мова, і ўсе астатняе.
Трэці момант. Вы гаворыце і думаеце па-руску. Што пазначаць у гэтым выпадку? Спачатку давайце паставім усё на свае месцы. Вы цвёрда перакананыя, што гаворыце так, бо руская мова вам родная, бо вы ісцінна рускі чалавек, бо ад беларускай мовы вы адракаецеся свядома? Тады, безумоўна, пішыце рускую. Аднак, затрымайцеся на хвіліначку. Калі вы шчыра перакананыя, што гаворыце чыста па-руску, утварыце родны склон ад слова “кочерга” альбо множны лік ад слова “дно”.
Дарэчы, у часе мінулага перапісу 85, 6% беларусаў назвалі беларускую мову роднай, з іх 41,3% пазначылі, што размаўляюць на ёй у хаце.
Вось тут і робіцца зразумелым, чаму фармулёўка “мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве” – памылковая, падманлівая. Хаця б таму, што колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, відавочна будзе большая, чым тых, хто засвоіў яе першай у раннім дзяцінстве. Я асабіста ведаю шмат людзей, якія пачалі размаўляць па-беларуску, лічыць мову роднай ужо ў сталым веку. І з лічбаў мінулага перапісу вынікае: не засвоілі, але роднай лічым.
Таму – не забівайце галаву фармулёўкамі і ўдакладненнямі. Слухайце сваё сэрца і голас сваіх продкаў.

Надрукавана ў "Звяздзе" за 14 кастрычніка

Тэгі: ,