it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 10

Першае вялiкае iнтэрв'ю на пасадзе мiнiстра Павел Латушка даў "Звяздзе"

partret_blog Павел Латушка быў прызначаны мiнiстрам культуры чатыры месяцы таму. Журналiсты ўжо паспелi назваць яго "першым беларускамоўным мiнiстрам" i "самым маладым мiнiстрам". На спадара Паўла сапраўды ўскладзена шмат спадзяванняў — што пры iм беларуская мова i культура зойме больш годнае месца ў жыццi грамадства, чым цяпер. Што iншыя чыноўнiкi мiнiстэрства возьмуць прыклад са спадара мiнiстра — i загавораць па-беларуску...

Што-нiшто з гэтага з Паўлам ЛАТУШКАМ абмеркаваў спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА напярэдаднi Дня работнiкаў культуры, якi адзначаецца ў другую нядзелю кастрычнiка.

"Неабходна
пашырэнне прыватнай iнiцыятывы
ў сферы культуры"

— Дазвольце, пакуль вы не задалi пытанне, павiншаваць з надыходным Днём работнiкаў культуры ўсiх работнiкаў культуры i мастацтва нашай краiны за iх высакародную працу, духоўнасць, iдэi дабра i гуманiзму, якiмi яны напаўняюць свет, сэрцы i душы людзей. Шчырая ўдзячнасць гэтым светлым i самаадданым людзям, — пачаў нашую гутарку Павел Латушка.

— Спадар Павел, цi лёгкае мiнiстэрства дасталося вам у кiраванне?

— Мяркуйце самi: так атрымлiваецца, што сфера культуры — адна з найбольш шырокiх у грамадстве. Фактычна мы з вамi штодня сутыкаемся з культурай: ходзiм у тэатры, глядзiм кiно па тэлебачаннi цi ў кiнатэатрах, наведваем музеi, слухаем музыку па радыё, чытаем кнiгi... Сфера культуры ў Беларусi — гэта дзейнасць дзясяткаў тысяч устаноў (дзяржаўных i недзяржаўных), грамадскiх аб'яднанняў, правядзенне розных мерапрыемстваў (мiжнародных, рэспублiканскiх, рэгiянальных), творчасць кампазiтараў, выканаўцаў, мастакоў, рэжысёраў, навукоўцаў... Культура — надзвычай жывы арганiзм, якi дынамiчна развiваецца i, такiм чынам, пастаянна нараджае рознага кшталту супярэчнасцi. Культура — гэта душа чалавека, а працаваць, прабачце за гэта слова, з душой, укладаць у яе пачуццi, дабро i шчырасць, павагу i цеплыню, разуменне таго, што не хлебам адзiным жыве чалавек, — цi гэта лёгкая справа?

— Вы на пасадзе мiнiстра ўжо чатыры месяцы. Якiя прыярытэты вызначылi для сябе за гэты час?

— У нашай краiне створана сiстэма падтрымкi развiцця сферы культуры ў розных кiрунках. Падтрымку дзяржавы адчуваюць i навучальныя ўстановы ад сярэднiх да вышэйшых у сферы культуры, раённыя дамы i цэнтры культуры, бiблiятэкi i музеi, вядучыя мастацкiя ўстановы i калектывы нашай краiны. Склалася сiстэма разнастайных мерапрыемстваў агульнарэспублiканскага i рэгiянальнага ўзроўню, якiя вядомыя не толькi ў нашай краiне, але i за мяжой.

Сiстэма створана i вынiкова працуе. Але зразумелым з`яўляецца тое, што час патрабуе з`яўлення новых iдэй i iнiцiятыў, новых праектаў, калi хочаце адкрыцця новых талентаў, iмёнаў у нашай культуры. І тут, на жаль, часта адбываецца невыкарыстанне магчымасцяў з'яўлення гэтага новага, наватарскага ў нашым асяроддзi.

Прыярытэт у тым, каб стварыць умовы для з'яўлення новых культурных праектаў i iдэяў, адкрыцця новых талентаў, iмёнаў у нашай культуры. Прыярытэт — падтрымка таленавiтай моладзi, якая ажыццяўляецца пад патранатам Прэзiдэнта краiны. Важна стварыць дадатковыя магчымасцi дзеля рэалiзацыi таленту маладых, i ўжо з канца гэтага года мы пачынаем у раёнах краiны праводзiць Рэспублiканскi конкурс маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю". Важна разумець i заўжды памятаць, што ў падмурку нашай культуры знаходзiцца праца ў раёнах, малых гарадах i вёсках. Неабходна i далей захоўваць i выконваць сацыяльныя стандарты дзяржавы ў сферы культуры — гэта даступнасць культуры. Яна складаецца з трох базавых элементаў. Найперш — даступнасць у атрыманнi адукацыi ў сферы культуры. Другое — магчымасць рэалiзаваць сябе ў сферы культуры (праз удзел у розных гуртках, аматарскiх калектывах, народнай самадзейнасцi…). Трэцi элемент даступнасцi — гэта магчымасцi наведваць установы культуры: тэатры, кiно, музеi...

Прыярытэт таксама — узмацненне падтрымкi нацыянальнага мастацтва. У нас ёсць цудоўныя калектывы, тэатры, музеi... Яны патрабуюць далейшай увагi i падтрымкi з боку дзяржавы. У нас створана добрая сiстэма фестывальных мерапрыемстваў, якiх штогод праходзiць больш за 50. Але надышоў час надаць некаторым з iх "новае аблiчча". Мiнiстэрства, напрыклад, працуе над новай канцэпцыяй "Славянскага базару". Неабходна пашырэнне прыватнай iнiцыятывы ў сферы культуры, прадусiм, што тычыцца спраў беларускай эстрады i кiно. Тут вельмi важным з'яўляецца далейшае развiццё прадзюсавання ў гэтых сферах. Патрэбна стварыць магчымасць для праяўлення новых iнiцыятыў, з'яўлення новых праектаў у сферы культуры, у якiх часта праз нашую бюракратызаванасць няма шанцу прабiцца на свет. Вельмi важна больш шырока паказваць беларускую культуру ў свеце праз днi беларускай культуры, культурныя праекты, гастролi, бо культура — гэта таксама iмiдж краiны.

— Спадар Павел, цi змянiлася альбо зменiцца з вашым прыходам каманда мiнiстра, цi з'явяцца новыя людзi?

— Разумееце, не пачынаецца праца новага мiнiстра з чыстага аркуша. Папярэднiкi зрабiлi шмат, i не карыстацца гэтым было б няслушна. Iмкнуся зразумець, што трэба ўдасканалiць, а што захаваць i палепшыць, дзе рэалiзаваць новую iнiцыятыву, падыход. Змены, вядома, будуць адбывацца, але важна разглядаць гэта як натуральны лагiчны эвалюцыйны працэс.

"Мы павiнны
дайсцi з культурай
да кожнага чалавека"

— Адным з галоўных нараканняў на Мiнiстэрства культуры была недасканалая праца з грамадствам: абмеркаваннi праблемных пытанняў праводзiлiся рэдка, многiя звароты грамадскасцi заставалiся без адказаў. Цi будуць тут змены?

— Дзейнасць Мiнiстэрства культуры звязана перадусiм з задавальненнем патрэбаў грамадства ў сферы культуры. Цi гэта магчыма — плённа працаваць без штодзённага дыялогу з тымi, для каго функцыянуе ўся сiстэма сферы культуры? Важным падаецца актывiзацыя ўзаемадзеяння з усiмi творчымi саюзамi i аб'яднаннямi нашай краiны. Праз рады i саветы, якiя дзейнiчаюць пры мiнiстэрстве, павiнен удасканальвацца такi дыялог. Мы распачалi працу па стварэннi апякунскiх саветаў пры вядучых установах культуры нашай краiны, напрыклад, пры Вялiкiм тэатры оперы i балета, Купалаўскiм тэатры i iншымi. Гэта еўрапейская практыка, iснуе яна i ў нашых расiйскiх суседзяў. Мы павiнны дайсцi з культурай да кожнага чалавека. Адным з новых спосабаў можа стаць праект "Культурная сталiца Беларусi", калi на цэлы год адзiн з раёнаў, гарадоў Беларусi будзе актыўным цэнтрам культурных мерапрыемстваў, якiя будуць праходзiць пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры.

Дыялог будзе пашырацца, але важнай справай з'яўляецца яго канструктыўны характар.

latushka_zamak1У часе нарады ў Мірскім замку

— Балючае пытанне для многiх i для мяне асабiста — рэстаўрацыя помнiкаў архiтэктуры. Многiя ў занядбаннi, iншыя рэстаўруюцца недасканала, некаторыя ўвогуле руйнуюцца. На вашу думку, з якога боку трэба падступацца да гэтай праблемы?

— Давайце спачатку да гэтага падыходзiць без лiшнiх эмоцый i катэгарычных ацэнак, акрэслiваючы вельмi дакладна, што трэба рабiць у гэтай галiне сёння i заўтра. У краiне паступова адбываецца рэканструкцыя найважнейшых помнiкаў нашай гiсторыка-культурнай спадчыны, цяпер праз Дзяржаўную iнвестыцыйную праграму па даручэннi Прэзiдэнта iдзе падтрымка трынаццацi такiх аб'ектаў. I такi падыход у Рэспублiцы Беларусь раней не меў месца, нават у часы БССР, калi працы вялiся толькi ў Мiрскiм замку.

Зразумела, цяпер найбольш на слыху Палацава-паркавы ансамбль у Нясвiжы i Замкавы комплекс у Мiры, дзе вядуцца вялiкiя работы. Зразумела, што калi iдзе праца, то могуць узнiкаць i праблемныя моманты, рабочыя пытаннi, якiя трэба своечасова вырашаць. Будзе ўзмацняцца навуковы нагляд за рэстаўрацыяй, праца спецыяльна створанага дзеля гэтых мэтаў iнструмента — навукова-метадычнай рады пры мiнiстэрстве.

Каб ведаць, што рабiць, для пачатку трэба ўсё ўпарадкаваць, даведацца пра дакладны стан аб'ектаў. Для гэтага наша мiнiстэрства ўжо выдала Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь, якi налiчвае больш за 4780 аб'ектаў. Наступны крок — пошук фiнансавання. Зразумела, на гэта дзяржава выдаткоўвае рэсурсы з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Але зважаючы на колькасць помнiкаў i iх стан, трэба шукаць альтэрнатыўныя дадатковыя фiнансавыя крынiцы. Гэта могуць быць сродкi прыватных — як беларускiх, так i замежных — iнвестараў. Мы гатовыя прапанаваць зацiкаўленым набыццё маёнткаў, сядзiбаў, але пры ўмове iх рэстаўрацыi пад навуковым наглядам Мiнiстэрства культуры. Мы прапануем таксама нашчадкам славутых беларускiх родаў узяць чынны ўдзел у рэстаўрацыi родавых маёнткаў. Таксама да гэтай працы трэба прыцягваць грамадскасць. Мiнiстэрства культуры з'яўляецца заснавальнiкам грашова-рэчавай латарэi "Скарбнiца". Грошы ад продажу бiлетаў будуць накiраваныя на рэканструкцыю аднаго з важнейшых аб'ектаў нашай гiсторыi. На меркаванне грамадскасцi прапануем разгледзець першачарговасць рэстаўрацыi на выбар — Наваградскага, Гальшанскага i Крэўскага замкаў.

Дарэчы, цяпер прапрацоўваецца магчымасць пачатку рэстаўрацыi з прыцягненнем дзяржаўных сродкаў палаца Валовiчаў у Свяцку, што пад Гроднам, пра якi шмат пiсалася ў прэсе. Наша архiтэктурная спадчына — гэта наш гонар, сведчанне прыналежнасцi да агульнаеўрапейскай гiсторыi, i адначасова абавязак перад будучымi пакаленнямi.
latushka_zjezd1
На пятым З'ездзе беларусаў свету МГА ЗБС "Бацькаўшчына"

"Князь Мацей Радзiвiл
у апошнiм лiсце напiсаў мне..."

— Спадар Павел, вы бралi чынны ўдзел у V З'ездзе беларусаў свету. Якiя канкрэтныя вынiкi з'езда можаце адзначыць? Якiя планы мiнiстэрства ў дачыненнях з дыяспарай?

— Важна, што большасць удзельнiкаў з'езда тыя, хто шчыра iмкнуўся чуць i разумець адзiн аднаго. I аб'ядноўвала нас агульнае жаданне супрацоўнiчаць дзеля захавання, умацавання i далейшага развiцця беларускай нацыi, нашай культуры i мовы, i, зразумела, галоўнага — дзяржаўнасцi. З кiраўнiцтвам аб'яднання "Бацькаўшчына" мы сустракалiся i пасля з'езда ў вераснi, змястоўна абмеркавалi нашы далейшыя стасункi. Мы гатовыя перайсцi да рэалiзацыi тых папярэднiх дамоўленасцяў, аб якiх iшла размова. Мiнiстэрства культуры зацiкаўлена супрацоўнiчаць з беларусамi замежжа, ствараць культурныя цэнтры Беларусi ў краiнах-суседзях, ствараць бiблiятэкi беларускай лiтаратуры за мяжой. Адзiн з важных кiрункаў такой дзейнасцi — супрацоўнiцтва ў галiне вяртання беларускiх каштоўнасцяў на Радзiму. Супрацоўнiчаў з беларусамi замежжа i маю свой, прабачце, уласны сантымент, бо з чатырнаццацi гадоў працы на дыпламатычнай службе вельмi шмат часу прысвячаў паглыбленню супрацоўнiцтва з беларусамi Польшчы. Лiчу важным працягваць гэту справу ў дачыненнi да супрацоўнiцтва ў галiне культуры з беларусамi замежжа ў розных краiнах свету. У наступным годзе, напрыклад, адбудзецца шэраг мерапрыемстваў да 600-годдзя Грунвальдскай бiтвы.

— I прыклады такога супрацоўнiцтва мы ўжо бачым! Вiзiт князёў Радзiвiлаў, з якiмi вы сустракалiся i абедалi ў Мiнску, — якi ёсць ад яго плён? Цi верагодная нейкая праца ў галiне наладжвання сувязяў i з iншымi нашчадкамi славутых беларускiх родаў?

— Нашы кантакты з нашчадкамi Радзiвiлаў пачалiся некалькi гадоў таму — на пасадзе амбасадара Беларусi ў Польшчы пазнаёмiўся са спадарамi Мацеем i Мiкалаем Радзiвiламi. Сёння можам канстатаваць сталы i ўзаемавыгадны характар гэтых стасункаў. Радзiвiлы, зразумела, зацiкаўленыя ў аднаўленнi, перадусiм, палаца ў Нясвiжы i гатовы зрабiць свой унёсак у гэтую важную справу. Яны ўжо перадалi для музеефiкацыi арыгiнальныя гравюры XVI стагоддзя, копii партрэтаў сваiх славутых продкаў. У ходзе апошняга вiзiту, якi адбыўся 19—23 лiпеня, Радзiвiламi перададзены Нацыянальнаму музею-запаведнiку "Нясвiж" 162 копii партрэтаў iх продкаў — гравюраў прыдворнага мастака Гершкi Ляйбовiча, якiя захоўвалiся ў прыватным архiве князёў. Днямi атрымаў чарговы лiст ад князя Мацея Радзiвiла, дзе пан Мацей iнфармуе аб падрыхтоўцы прафесiйнай копii абраза Божай Мацi, якая знаходзiлася ў замкавай каплiцы. У канцы гэтага месяца самi Радзiвiлы прывязуць яе ў Нясвiж, каб перадаць музею-запаведнiку "Нясвiж". Мы дамовiлiся, што з асабiстага архiва Радзiвiлаў зможам атрымаць i iншыя матэрыялы. Па запрашэннi князя ў Варшаву накiруецца супрацоўнiк нашага музея, каб азнаёмiцца з фамiльнымi архiўнымi зборамi.

Але мы не будзем абмяжоўвацца толькi кантактамi з нашчадкамi роду Радзiвiлаў. У нашых планах сумесна з Мiнiстэрствам замежных спраў Беларусi актывiзаваць альбо наладзiць кантакты з прадстаўнiкамi iншых славутых родаў, чые каранi звязаныя з Беларуссю: Вiшнявецкiмi, Сапегамi, Мiцкевiчамi, Святаполк-Чацвярцiнскiмi, Агiнскiмi, Цеханавецкiмi...

radziwil1_blogПавел Латушка вітае ў Менску князёўну Эльжбету Радзівіл

"Маю беларускамоўнасць сфармiравалi бацька
i консульская праца
ў Беластоку"

— Спадар Павел, вас ужо паспелi назваць "першым беларускамоўным мiнiстрам". Якiя захады плануюцца ў галiне пашырэння ўжывання грамадствам беларускай мовы?

— Зразумела, немагчыма ўявiць перспектывы iснавання i развiцця беларускай культуры без беларускай мовы. Таму самым натуральным асяроддзем для выкарыстання беларускай мовы з'яўляецца сфера культуры.

Нельга ўявiць беларускую культуру без слова Максiма Багдановiча i Францiшка Багушэвiча, Янкi Купалы i Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча i Васiля Быкава, iншых класiкаў нашай лiтаратуры. Дарэчы, у гэтым годзе ў Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры будзе створана сталая экспазiцыя, прысвечаная жыццю i творчасцi класiка беларускай i сусветнай лiтаратуры Васiля Быкава.

На мой асабiсты светапогляд у дачыненнi да мовы зрабiлi ўплыў два галоўныя чыннiкi. Мой бацька — а гэта нябачная эмацыйная генетычная сувязь з продкамi. А таксама дыпламатычная праца ў Беластоку, дзе я быў уражаны стаўленнем беларускай меншасцi ў Польшчы да захавання i развiцця беларускай культуры непарыўна са словам. У беларускай мове лiчу дзейсным iсцi шляхам уласнага прыкладу: шанаваць слова, размаўляць на мове, каб беларускамоўная прастора пашыралася натуральным, а не гвалтоўным чынам. Каб не ствараць напружанне ў адносiнах памiж людзьмi. Такiя рэчы загадам не робяцца. Давайце разам iсцi гэтым шляхам — i беларускае слова будзе гучаць часцей i шырэй.

— Якi досвед, атрыманы на месцах ранейшай працы (консульская праца, прэс-сакратар МЗС, Амбасадар у Польшчы) дапамагае на сённяшняй пасадзе? Часта даводзiцца чуць, што вы вельмi актыўна прасоўвалi нашую культуру ў Польшчы падчас амбасадарскай кадэнцыi — у чым менавiта гэта выяўлялася?

— Кожная з гэтых прац зрабiла важкi ўнёсак у маё асабiстае жыццё, хаця ўсе яны аб'яднаныя адной назвай — дыпламатыя. Але кожная пасада мела сваю спецыфiку. Консульская праца — гэта дапамога грамадзянам сваёй краiны ў розных складаных сiтуацыях: дарожна-транспартных здарэннях, аднаўленнi страчаных дакументаў, арыштах i нават пагiбелi грамадзянаў па-за межамi краiны. Прэс-сакратар МЗС працуе па забеспячэннi iнфармацыйнай палiтыкi МЗС, падаючы аператыўную iнфармацыю аб знешняй палiтыцы краiны, адказвае за аператыўнае iнфармацыйнае забеспячэнне дыпламатычных устаноў нашай краiны, аб падзеях, якiя адбываюцца на радзiме. Гэта праца па стварэннi iмiджу знешняй палiтыкi як унутры, так i па-за межамi Беларусi. Гэта быў выдатны досвед публiчнай працы, працы з журналiстамi. Праца амбасадара краiны — гэта фактычна вянец кар'еры дыпламата, бо няма больш пачэснай i адначасова адказнай мiсii, чым быць прадстаўнiком краiны, адстойваць яе iнтарэсы за мяжой. Для мяне быў вялiкi гонар прадстаўляць нашу Беларусь у суседняй Польшчы. Беларусь i Польшчу звязвае шмат у гiсторыi i культуры, i таму праца на культурнай нiве была адным з прыярытэтаў у пасольскай дзейнасцi. На мерапрыемствах, якiя мы правялi, пабывалi сотнi тысяч палякаў — i цяжка пераацанiць атрыманае задавальненне, стоячы ў Кангрэс-зале Палаца навукi i культуры ў Варшаве, калi чуеш 15-хвiлiнныя апладысменты ўдзячных гледачоў нашым артыстам Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г. Цiтовiча... Немагчыма пераацанiць ролю культуры ў стварэннi пазiтыўнага iмiджу Беларусi за мяжой.

"Хацеў бы за год перагледзець усе спектаклi нашых мiнскiх тэатраў..."

— Якiя густы спадара мiнiстра: музычныя, лiтаратурныя, тэатральныя? Якую кнiгу вы прачыталi апошнюю?

— На жаль, чытаць даводзiцца збольшага службовыя паперы, якiх шмат праходзiць праз стол мiнiстра. Вельмi шмат чытаў у юнацтве. Захапляўся французскiмi раманамi, тэмай Вялiкай Айчыннай вайны. Мама нават пыталася ў мяне: "Што ты ўсё пра вайну чытаеш, няўжо табе астатняе нецiкава?!" Але перыяд вайны быў адным з самых цяжкiх у нашай гiсторыi. I вельмi важна, каб мы i сёння выхоўвалi пашану i памяць аб тых людзях, дзякуючы якiм мы будуем сённяшнюю Беларусь. Зараз вось чытаю сцэнары фiльмаў, якiя плануе стварыць кiнастудыя "Беларусьфiльм". Хоць дома другi месяц ляжыць распачатая п'еса Фрыдрыха Шылера "Марыя Сцюард" у перакладзе на беларускую мову.

Музыку слухаю, зразумела, на канцэртах, агранiзатарамi якiх з'яўляюцца Мiнiстэрства культуры i ўстановы культуры. Стараюся паслухаць песнi беларускiх аўтараў, якiя атрымоўваю на новай пасадзе з просьбай выказаць меркаванне.

Вельмi люблю тэатр. Хацеў бы за год перагледзець усе спектаклi нашых мiнскiх тэатраў. Але мара невыканальная!.. Быў пад уражаннем ад спектакля Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Якуба Коласа "Крыж Ефрасiннi", якi коласаўцы прывозiлi на гастролi ў Мiнск. Заклiкаю ўсiх хадзiць у тэатры, кiно, наведваць музеi!.. Калi вы апошнi раз былi ў бiблiятэцы?.. Пашырэнне культурнай адукаванасцi вельмi важная справа як для кожнага чалавека, так i для краiны.

— Цi ёсць у вас нейкае ўлюбёнае месца ў Беларусi, у свеце?

— Вы ведаеце, так мала часу застаецца на адпачынак... А жаданне сутыкнуцца з прыродаю вялiкае, усё больш i больш у думках вяртаюся да родных мясцiнаў, адкуль мае бацькi. А гэта Смалявiцкi раён. Найбольшую духоўную асалоду ад сутыкнення з некранутай прыродай атрымлiваю, калi наведваю Белавежскую пушчу, якая прыцягвае сваiм духам гiстарычнай глыбiнi, нiбы ўвабраўшы ў сябе гiсторыю чалавецтва i беларускай зямлi. Якое месца прыцягвае ў свеце? На жаль, не вельмi буду адрознiвацца ад iншых дыпламатаў. Наведаўшы аднойчы Вену — гатовы вярнуцца туды i ў дзясяты раз.

ДАВЕДКА "ЗВЯЗДЫ"

Павел ЛАТУШКА нарадзiўся ў 1973 годзе ў Мiнску. Вучыўся на гiстфаку Белдзяржунiверсiтэта, аднак скончыў юрыдычны факультэт БДУ са спецыялiзацыяй па мiжнародным праве (1995). Таксама ў 1996 годзе завочна скончыў Мiнскi дзяржаўны лiнгвiстычны ўнiверсiтэт. Займаў розныя пасады ў структуры Мiнiстэрства замежных справаў. У 2000—2002 гады — прэс-сакратар МЗС. З 2002 па 2008 год быў амбасадарам Беларусi ў Польшчы — самым маладым на той час беларускiм амбасадарам. Валодае польскай i англiйскай мовамi.

pdf-вэрсыю артыкула можна пабачыць ТУТ і ТУТ

Тэгі: ,