|
Жні
15
|
Мой матэрыял у сёньняшняй


Іншыя ілюстрацыі да артыкула можна паглядзець ТУТ альбо (pdf)
Неверагодна, але факт: атрымаўшы беларускую вiзу, можна паглядзець
усю еўрапейскую архiтэктуру XVІ—XIX стагоддзяў!
Ад ананімных аб’ектаў да аўтарскіх шэдэўраў
Прыкладна да XV-XVІ стагоддзяў будаўнiцтва сакральных аб’ектаў традыцыйна было ананiмным — лiчылася непрымальна казаць: я збудаваў храм! Да таго ж, калi касцёл або царква будавалiся цягам ста гадоў, то не выпадала казаць пра нейкага аднаго архiтэктара. Таму i распаўсюджаныя фармулёўкi кшталту: “будавалi манахi-дамiнiканцы”. У iнвентарах i запiсах пазначалася максiмум iмя фундатара — паства памятала дабрыню таго, хто ахвяруе на Дом Божы. Таму, калi меркаваць пра XV i першую палову XVI стагоддзя, то выпадае казаць, што многiя пабудовы створаныя запрошанымi архiтэктарамi, але мясцовымi рукамi. У канцы XVI стагоддзя ўсё рэзка змяняецца…
Генiяльны Сiротка
i генiяльны Бернардонi
У 1582 годзе Мiкалай Крыштаф Радзiвiл Сiротка, знаходзячыся ў Рыме, запрашае 40-гадовага архiтэктара Джаванi Марыя Бернардонi прыехаць у Нясвiж. Да таго часу Бернардонi ўжо стаў суаўтарам многiх храмаў i аб’ектаў: у 24 гады ён стаў манахам-езуiтам, i ад таго часу займаўся выключна архiтэктурай. Джаванi згаджаецца, але “па дарозе” заязджае ў Неапаль, дзе будуе храм — i атрымлiвае ў падарунак архiтэктурны трактат. Па тым часе — проста каралеўскi прэзент!.. Едзе далей, але зноўку “па дарозе” яго перахапiлi люблiнскiя езуiты i таксама не адпусцiлi “без касцёла”. Рэч у тым, што Бернардонi, як езуiт, спыняўся не ў гатэлях, а ў кляштарах ордэна, дзе таленавiтага дойлiда хутка “бралi ў абарот”.
У вынiку Сiротка чакаў Бернардонi цэлыя 5 гадоў. Доўгi час было незразумела, дзе Джаванi быў тры гады — з 1584 па 87-ы. I толькi калi знайшлiся чарцяжы гродзенскага Фарнага касцёла, стала зразумела: Сцяпан Батура таксама не прапусцiў таленавiтага архiтэктара мiма. Варта заўважыць, што гаворка iдзе не пра сённяшнi Фарны касцёл у Гродне, а пра даўнiшнi — заснаваны ў 1389 годзе Вялiкiм князем Вiтаўтам як драўляны, перабудаваны Сцяпанам Батурам на мураваны i ўзарваны камунiстамi 29 лiстапада 1961 года.
Калi Бернардонi нарэшце даехаў да Нясвiжа, Сiротка не адпускаў iтальянца ажно 13 гадоў. Гэты час стаў для Джаванi залатым у жыццi i творчасцi. У Беларусi ён стварае найперш нясвiжскi касцёл Божага Цела (1593) — першы помнiк барока на тэрыторыi Усходняй Еўропы. Затым, як пазначана ў дакументах, “паводле жадання паненак-бенедыктынак геометр свядомы” збудаваў iм кляштар. Мiкалаеўскi касцёл у Мiры, Чарнаўчыцкi касцёл пад Брэстам — таксама творы Бернардонi. Ёсць звесткi, што i да праектавання Нясвiжскага замка iтальянец таксама спрычынiўся. Пасля 13 гадоў шчаслiвага нясвiжскага побыту Джаванi Марыя Бернардонi едзе ў Кракаў, дзе, дзякуючы яму, з’яўляецца… копiя Нясвiжскага касцёла!..
Ватыкан, Францыя, Лiтва…
Спiс архiтэктурных копiй можна працягваць. Скажам, Бярозаўскi кляштар картузiянцаў паводле планiроўкi збудаваны на ўзор французскага кляштара Шартрэз.
Касцёл у Слабодцы Браслаўскага раёна мае “блiзнятку” ў Лiтве.
Але самай неверагоднай копiяй славiлася мястэчка Маляцiчы сённяшняга Крычаўскага раёна. Тут была рэзiдэнцыя Магiлёўскага архiепiскапа Станiслава Богуш-Сестранцэвiча. Дык вось, Маляцiцкi касцёл быў паменшанай копiяй сабора Святога Пятра ў Рыме, а сам палац, у сваю чаргу, паўтараў формы Апостальскага палаца Папы Рымскага. Такi вось беларускi размах.
Францыя, Італія, Германія, Галандыя, Бельгія…
Словы, напісаныя ў падзагалоўку – не перабольшванне. Алядна пройдземся па нашай “замежнай” архітэктуры.
* Сталовічы (Баранавіцкі раён), касцёл кавалераў Мальтыйскага ордэна. 1740-43 гады, архітэктар Іосіф Фантана ІІІ (з дынастыі славутых італьянскіх архітэктараў)
* Полацк, Сафійскі сабор. Перабудаваны ў XVIII стагоддзі Янам Глаўбіцам – выхадцам з Саксоніі
* Бяроза, Кляштар куртузіянцаў. 1648-89 гады. Збудаваны невядомым італьянскім архітэктарам.
* Талачын, базыльянскі храм XVIII ст., архітэктар Якуб Габрыэль (Францыя)
* Гайцюнішкі. Адзіны ў Беларусі дом-крэпасць 1613 года. Збудаваў для сябе галандскі архітэктар Пётр Нонхарт, які дапамагаў Глаўбіцу будаваць Вільню.
* Свяцк (Гродзенскі раён), палац Валовічаў, другая палова XVIII ст. Архітэктар Джакама Сака (Італія).
* Сёмкава (Мінскі раён), сядзіба 1771 года, архітэктар Карла Спампані (Італія). Дарэчы, у гэтай сядзібе ў свой час гасцяваў згаданы ўжо кароль Панятоўскі.
* Ружаны, палац Сапегаў XVII-XVII стагоддзяў. Архітэктар Ян Самуэль Бэккер (Германія).
* Міхалішкі (Астравецкі раён), касцёл 1653 года, архітэктар Хрыстофер Пэнс (Бельгія).
КАМЕНТАР ЭКСПЕРТА
“Глядзiм Еўропу
на Бацькаўшчыне!..”
З’яву “еўрапейскай” архiтэктуры ў Беларусi каментуе аўтарытэтны даследчык архiтэктуры, стваральнiк сайта “Глобус Беларусi” (www.globus.tut.by) Андрэй ДЫБОЎСКI.
— Архiтэктары-легiянеры з Еўропы — надзвычай цiкавая для нас з’ява!.. — кажа спадар Андрэй. — Аднак я не люблю фармулёўкi, што яны прыязджалi сюды “з Еўропы”. Беларусь — таксама Еўропа, таму яны проста ехалі да нас “з iншых краiн”. I атрымлiвалася так, што французскiя, iтальянскiя, нямецкiя, галандскiя архiтэктары будавалi кожны як умеў, як ведаў, як рабiў у сябе на радзiме. Вось i сталася, што Беларусь усе гэтыя стагоддзi не адставала ад агульнаеўрапейскай архiтэктурнай моды. Таму часам, калi патрапляеш куды ў замежжа, узнiкае адчуванне дэжа-вю: недзе я гэта ў нас ужо бачыў!.. З’ява нашай “полiеўрапейскай” архiтэктуры цiкавая для замежнiкаў — патрапiўшы ў Беларусь, можна атрымаць уяўленне пра архiтэктуру многiх краiн Еўропы рознага часу. А для нас самiх гэта зусiм падарунак: ва ўмовах шэнгенскiх вiзаў i дарагiх бiлетаў шанец пабачыць на Бацькаўшчыне дыяменты еўрапейскай архiтэктуры! Усмешка лёсу для аматараў прыгожых формаў i даследчыкаў даўнiны!..
КОПІІ
Копiя Нясвiжскага касцёла
Кракаўскi касцёл Пятра i Паўла — блiзнятка Нясвiжскага. Сёння ён адрознiваецца хiба што колерамi. Яго Бернардонi паспявае збудаваць пад купал — i памiрае ў Кракаве ў 1605 годзе. Дабудоўваюць храм ужо вучнi Джаванi.
Цiкавая дэталь: вядома, што нават калi Бернардонi з’ехаў з Нясвiжа, ён вёў сталую перапiску з Сiроткам, кiраваў iншымi будоўлямi, даваў парады.
Пераацанiць унёсак Бернардонi ў нашу архiтэктуру цяжка. Можна смела казаць, што ён стварыў для Нясвiжа гэткiя ж архiтэктурныя дамiнанты, як Антонiа Гаудзi для Барселоны. Калi Сiротка запрашаў Джаванi, той яшчэ не быў славутым архiтэктарам — такiм ён стаў у Беларусi. Аднак можна сцвярджаць дакладна: Радзiвiл не памылiўся.
Рым—Воўчын
Воўчын — вёска ў Камянецкiм раёне. Вядомая тым, што тут у 1732 годзе нарадзiўся апошнi кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. Неўзабаве Панятоўскiя замаўляюць нямецкаму архiтэктару Яхiму Хэмплу касцёл, якi праз 200 гадоў воляю лёсу стане Станiславу Аўгусту пахавальняй. Рэч у тым, што Панятоўскi, якi быў каханкам Кацярыны II, памёр у Пецярбургу. Перад тым Кацярына выцерла ногi аб яго як магла: прымусiла пакiнуць прастол, а з каралеўскага трона зрабiла ўнiтаз. Гiстарычны факт: на гэтым унiтазе яе i хапiла кандрашка, на iм яна i памерла.
У 1938 годзе Сталiн вырашыў пазбавiцца ад праху “польскага караля”, прапанаваўшы забраць яго палякам. Аднак палякi, якiя лiчаць Панятоўскага каралём-здраднiкам, заявiлi, што не будуць хаваць яго ў Вавелi разам з iншымi “мужнымi i храбрымi”. Як кампрамiсны варыянт быў абраны Воўчын — радзiма караля. Парэшткi таемна перавезлi сюды, пасля вайны iх разрабавалi, а затым мясцовы жыхар таемна перапахаваў апошняга караля…
Што да сувязi Воўчына i Рыма, то яе адзначаюць многiя даследчыкi архiтэктуры. Верагодна, што воўчынскi касцёл быў збудаваны на ўзор рымскай царквы Святой Марыi блiзу Форума Траяна. Хоць у сённяшняй руiне Воўчына цяжка пабачыць падабенства да рымскага хараства…
Мiнск—Ютросiн
Усе вы ведаеце Чырвоны касцёл у Мiнску (касцёл Святых Сымона i Алены). Аднак паглядзiце на фотаздымкi. I здагадайцеся, дзе выяўлены Мiнск, а дзе — польскае мястэчка Ютросiн?
Гiсторыя адбылася так. Калi ў нашага шляхцiча Эдварда Вайнiловiча трагiчна памерлi дзецi i яны з жонкай Алiмпiяй прынялi рашэнне ў iх памяць фундаваць касцёл, то цiкавiлiся рознымi варыянтамi храмаў. I недзе знайшлi касцёл у Ютросiне, якi лiтаральна за 5 гадоў да гэтага збудаваў архiтэктар Томаш Пайздэрскi. Вайнiловiчу касцёл спадабаўся — i ён запрасiў Пайздэрскага паўтарыць храм у Мiнску. Цiкава, што цэглу прывозiлi ажно з Чанстаховы: якасць мясцовай архiтэктара не задаволiла…
Варшава—Жамыслаўль
Лазенкi — летняя рэзiдэнцыя караля Панятоўскага ў Варшаве. Сёння гэта, да ўсяго ж, прыгожы парк, дзе вольна ходзяць паўлiны.
Дакладную, але крыху паменшаную копiю Лазенак можна пабачыць у вёсцы Жамыслаўль Iўеўскага раёна. Мясцовы пан Умястоўскi захапляўся Панятоўскiм i Лазенкамi — i збудаваў сабе такi ж палац. Нават мэблю замаўляў на той жа мануфактуры, што i кароль. У канцы ХIХ стагоддзя Умястоўскiя аддалi палац пад навуковую базу Вiленскага ўнiверсiтэта. Сёння палац закiнуты…
З Лазенкамi звязана i яшчэ адна гiсторыя “капiявання”. Стваральнiк Лазенак, галоўны архiтэктар Варшавы Адам Iдзiкоўскi, на замову графа Паскевiча збудаваў падобны палац у Гомелi. I зараз на беларускай купюры ў 20 тысяч рублёў мы бачым малюнак Гомельскага палаца менавiта работы спадара Iдзiкоўскага.
Беразвечча—Беласток
Беразвечскi касцёл i кляштар былi заснаваныя ў 1643 годзе на паўночным беразе возера Глыбокае (сёння гэта мяжа аднайменнага горада). У 1756 годзе драўляны храм стаў мураваным. Пасля скасавання Берасцейскай царкоўнай унii храм аддалi праваслаўным. Камунiсты знiшчылi яго, а ў кляштары зрабiлi турму, дзе яна месцiцца i сёння.
Некалькi гадоў таму ў польскiм Беластоку была збудаваная дакладная копiя Беразвечскага храма — i ягонае велiчнае аблiчча сiмвалiчна вярнулася на зямлю.
One Ping to “Эўропа на беларускай далонi”
5 каментароў to “Эўропа на беларускай далонi”
-
1. tuta Says:
жнiўня 15, 2009 at 20:41глеб, супэрартыкул )
-
2. vedmo4ka Says:
жнiўня 16, 2009 at 21:53Замечательно. Молодца!
-
3. Лех Качинский Says:
жнiўня 16, 2009 at 22:14усю еўрапейскую архiтэктуру XVІ—XIX стагоддзяў!
Ну это ты уже загнул…… -
4. Nika Says:
жнiўня 17, 2009 at 16:31Цудоўны артыкул, Глеб! Дзякуй Вам)
-
5. MShmel Says:
жнiўня 18, 2009 at 17:39А яшчэ ў Жэмыслаўлі ёсць жорсткі квадратны ваяка











жнiўня 16, 2009 at 07:47
[...] Па-першае, запіс, які пацьвярджае, што ня мае сэнсу ехаць далёка, каб пабачыць нешта ўнікальнае. У Беларусі ёсьць уся Эўропа! [...]