it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 29

01_1990
Так выглядаў унікальны трохсотгадовы храм у пачатку 1990-х гадоў...
Далей -- фоткі не для слабанэрвовых...

02_2003
2003 год

03_2007
2007 год

04_2009
2009 год

Мой артыкул у сёньняшняй "Звяздзе" пра гэты храм:

У Петрыкаве абрынулася ўнiкальная царква

Упершыню я пабачыў на свае вочы Петрыкаўскую царкву ў 2003 годзе. Храм, якi фармальна з'яўляецца помнiкам архiтэктуры рэспублiканскага значэння, хоць i быў у страшэнным занядбаннi, вельмi ўразiў мяне: трохсотгадовы зруб, аўтэнтычная дранка, арыгiнальныя выразаныя на дошках крыжы... Царква стаiць на гарадскiх могiлак, пахаваннi падступiлi да яе на метр-паўметра. Падыходзячы да сцен, цяжка не наступiць на магiлу... Храм, якому каля 330 гадоў, перастаў дзейнiчаць у 1969 годзе. З таго часу ён паступова адыходзiць у вечнасць, чапляючыся за рэчаiснасць спачатку крыжом, пасля рэшткамi барабана (гэта абрынулася два гады таму), пасля дранкай... Могiлкi засаджаныя дрэвамi, таму царкву не бачна з дарогi — i ёй няма як дакрычацца да людзей, да вернiкаў, чые дзяды i прадзеды былi тут ахрышчаныя...

У час апошняга моцнага ветру дах царквы не вытрымаў стыхii i чалавечай абыякавасцi — i цалкам абрынуўся ўнiз. Застаўся стаяць зруб, якi яшчэ можна ўратаваць. Але рабiць гэта нiхто не збiраецца. Каб зразумець чаму, я тэлефаную галоўнаму архiтэктару Петрыкаўскага раёна Анатолю Фурсу. Ён тлумачыць, што яшчэ ў 2006 годзе быў гатовы праект аднаўлення царквы. Аднак нi ў 2007-м, нi ў 2008-м, нi ў гэтым годзе з мясцовага бюджэту не было выдаткавана нi капейкi на ратаванне храма. Грошы знайшлiся на ўсё: на пабудову дамоў, на рамонт даху ў Доме культуры, на iншую "сацыялку"... Вядома, жывым людзям грошы больш патрэбныя, чым памiраючаму храму...

— Анатоль Уладзiмiравiч, апошнiя гады ваша ўнiкальная царква планамерна разбураецца: спачатку абрынуўся купал з крыжом, затым барабан, цяпер вось — дах з дранкай. Гэтая царква — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння. Чаму нiхто не прыкладае намаганняў, каб захаваць храм?

— Вы ўсё кажаце слушна, i я цудоўна ўсё гэта разумею, — уздыхае Анатоль Фурса. — Пытанне, як гэта часта бывае, стала ў грошах... Я ў Петрыкаве жыву ад 1985 года. Ужо тады царква была закiнутая i занядбаная, але ж аднавiць можна было. Асноўная ж прычына ў тым, што ўжо тады ўшчыльную да царквы падступiлi магiлы — нават перад самым уваходам. I калi паўстала пытанне, што рабiць, то прыйшлi да высновы, што на тым месцы нiчога не зробiш — не прымусiш i не ўгаворыш людзей перанесцi 40 магiлаў! Мы параiлiся i з вобласцю, i з Мiнкультам, i вырашылi перанесцi царкву на 100 метраў убок — там ёсць вольнае месца. I аднавiць яе там, практычна адбудаваўшы наноў, паводле абмераў старой царквы. Праект нам зрабiла "Праектрэстаўрацыя" з Мiнска. У канцы 2006 года праект быў гатовы. З Мiнiстэрства культуры да нас нават прымацавалi архiтэктара Iванчанку. Але стала пытанне аб фiнансаваннi, i да гэтай пары — нiяк...

— Анатоль Уладзiмiравiч, стоп. Адбудаваная нанова царква, нават такая самая з выгляду, — гэта муляж, а не помнiк архiтэктуры!

— А што рабiць, калi там усё пагнiло?..

— У свеце ёсць тэхналогii, якiя дазваляюць захоўваць нават 700-гадовыя драўляныя будынкi!..

— Дык мы будзем выкарыстоўваць элементы...

— Якiя?

— Ну вось, напрыклад, з царквы звалiўся старадаўнi крыж, дык мы яго захавалi — ляжыць у нас у аддзеле культуры. Будзем i iншыя элементы выкарыстоўваць, якiя магчыма... Усё гэта зразумела наконт муляжа, але аднаўляць там няма чаго...

Напрыканцы размовы Анатоль Уладзiмiравiч паабяцаў арганiзаваць школьнiкаў i правесцi суботнiк — пачысцiць царкву, абрынутыя элементы перанесцi на захаванне ў надзейнае месца.

Iншы, здавалася б, зацiкаўлены бок — праваслаўная царква. Мясцовы святар айцец Васiль робiць шмат для парафii — ад 1990 года адрамантаваў Нiкольскую царкву i адрадзiў Уваскрэсенскую — за савецкiм часам там была кавярня... Аднак да трохсотгадовага драўлянага храма рукi не дайшлi...

— Айцец Васiль, у "Звязду" звярнулiся петрыкаўцы з трывогай за свой унiкальны храм. Я хачу разабрацца — цi сапраўды да яго нiкому няма справы, цi сапраўды ўсе так i будуць назiраць, пакуль ён абрынецца?

— Ён ужо абрынуўся... Вецер быў, буран быў — усё пазносiла.

— Але ж зруб яшчэ стаiць...

— А якi сэнс са зруба?

— Але ж гэта стары, праваслаўны храм! Чаму вы не хочаце яго аднавiць?

— Мы хочам! I робiм, што можам на сваiм узроўнi. Але ж гэта помнiк архiтэктуры i культуры. З Мiнiстэрства культуры прыязджалi, фатаграфавалi, мералi яго. Гэтая царква знаходзiцца ў гарадской камунальнай уласнасцi. Вось i тэлефануйце альбо старшынi райвыканкама, альбо ў камунальныя службы.

— Айцец Васiль, але ж пасля распаду Саюза праваслаўная царква здолела вярнуць сабе большасць храмаў. Чаму з гэтым сталася так?

— А ў вас грошы ёсць аднаўляць?

— Але ж iншыя храмы вы аднаўляеце!

— Што можам, тое можам! Але калi ў 1992 годзе насельнiцтва раёна было 46 тысяч, то цяпер 36. Адкуль браць сродкi — усё ж аднаўляецца на грошы прыхаджанаў! А аддзел культуры не выдаткоўвае нi капейкi.

— Але ж, каб правесцi элементарную кансервацыю, шмат грошай не трэба!

— Вы журналiст, а не будаўнiк. Добра вам на словах вiнавацiць некага, айца Васiля...

Кожны з бакоў па-свойму мае рацыю. I нiхто пакуль што не прыкладае рэальных намаганняў, каб уратаваць унiкальнейшы храм, найцiкавейшы помнiк беларускага драўлянага дойлiдства. Напэўна, калi на месцах няма магчымасцi клёку i iмпэту для гэтага, пра гэта павiнна паклапацiцца дзяржава. Бо Петрыкаўская царква — багацце не толькi Петрыкава, i нават не толькi Гомельшчыны.

КАМЕНТАРЫЙ ЭКСПЕРТА

"Гэта самы стары драўляны будынак на ўсiм Усходнiм Палессi!.."

Гiсторык архiтэктуры, магiстр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскi ўспрыняў навiну пра абрушэнне царквы вельмi балюча.

— Гэта абсалютна ўнiкальны аб'ект, найрадзейшы прыклад драўлянай архiтэктуры ў стылi барока! — кажа спадар Харэўскi. — Гэтая царква — самае старое драўлянае збудаванне на ўсiм Усходнiм Палессi, на ўсёй Гомельшчыне. Больш на Гомельшчыне падобных цэркваў не захавалася — i праз пажары вайны, i праз пазнейшы атэiстычны вандалiзм... Пабудавана яна як стараверская, паводле паданняў, у канцы ХVІI стагоддзя ў гэтак званай Аголiцкай пустынi, у вёсцы Сотнiчы на Петрыкаўшчыне. Пазней, ад 1746 года дзейнiчала як унiяцкая. У 1836 годзе яе перанеслi ў Петрыкаў на могiлкi — бо ў Петрыкаве не было праваслаўнага храма. Гэты будынак i стаў першай праваслаўнай царквой у Петрыкаве. Збудаванне вельмi моцнае, з высокiм барабанам званiцы. Яна даўно была ў неналежным стане... I гэта фiксавалi розныя навукоўцы, даследчыкi, проста неабыякавыя людзi, былi праблемныя артыкулы ў дзяржаўнай i недзяржаўнай прэсе... Гэта значыць, рухнула яна не знянацку, усё да гэтага iшло... Тут нельга спадзявацца толькi на праваслаўную абшчыну. Ратаваннем i захаваннем такiх унiкальных аб'ектаў павiнна займацца, мяркую, дзяржава — як захавальнiца нашай нацыянальнай спадчыны. I калi на месцы не патрэбны такi ўнiкальны аб'ект, то Мiнiстэрства культуры мусiла, вiдаць, акуратненька разабраць гэты зруб i перавезцi, скажам, у Строчыцы — Музей народнага побыту. Я думаю, для бюджэту гэта не было б вялiкiм цяжарам — прыслаць рабочых, пранумараваць бярвенне, пагрузiць на грузавiк — i завезцi на грузавiку ў музей... Цяпер, дарэчы, адбываецца цiкавая рэч — Беларусь падае ў ЮНЕСКА дзеля Спiсу сусветнай спадчыны комплексны аб'ект — "Драўляныя цэрквы Палесся". Але чыноўнiкi прапануюць туды "гатовенькае" — дагледжаныя цэрквы. Дагледжанасць якiх — заслуга святароў, прыхаджанаў, мясцовых жыхароў. Дык вось, гэта мы падаём у ЮНЕСКА, а паралельна побач разбураюцца больш унiкальныя храмы, якiм патрэбна неадкладная дапамога... Калi ў дзяржавы няма цяпер грошай на аднаўленне нейкага храма — яго трэба хоць бы закансерваваць да лепшага часу — на гэта шмат грошай не трэба...

Тэгі: ,