it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 30

Княгіня Эльжбета Радзівіл:
“Колькі вам год? 31? А мне 91. Дык слухайце і запісвайце!”
Князі Радзівілы адведалі Ішкалдзь, Паланэчку, Мір і Наваградак

Другі дзень побыту князёў Радзівілаў у Беларусі пачаўся з агледзінаў найстарэйшага нашага касцёла ў вёсцы Ішкалдзь. Ксёндз Мацей сустрэў нас яшчэ на трасе, каб дэлегацыя не заблукала.
-- Фенаменальна, што гэты касцёл стаіць ужо амаль 600 гадоў! – усклікнула 91-гадовая княгіня Эльжбета Радзівіл. – Гэта сапраўдны цуд, што ён не быў разбураны войнамі ці камуністамі!..

Ксёндз робіць нам кароткую экскурсію па касцёле, у часе якой апавядае, што касцёл сапраўды быў уратаваны цудам. У 1969 годзе камуністы прыехалі на самазвалах, каб разбурыць святыню. Але адная жанчына ўзяла на рукі малое дзіця і легла пад колы: душы! Начальнік загадаў ехаць па жанчыне, але кіроўца выйшаў і сказаў: “Як хочаш, едзь сам!” Святыня была ўратаваная.
Едзем далей, у суседнюю вёску Паланэчка. Гэта – адзін з маёнткаў Радзівілаў. Сярод гасцей прысутнічаюць князі Мацей і Макалай Радзівілы. Калі б не 1939 год, валадарамі Паланэчкі зараз былі б яны…
-- Каханая мая! Як жа хораша, што ты прыехала! – звяртаецца да пані Эльжбеты мясцовая жыхарка. – Ты ж такая старэнькая! Жадаю табе жыць да 100 гадоў і яшчэ больш! Мае бацькі дужа добра згадвалі Радзівілаў. Казалі, што калі княгіня бачыла ў касцёле якое дзіця ў падранай адзежы, то клікала да палацу і давала новыя рэчы.
Увогуле, пабачыць Радзівілаў сабралася палова Паланэчкі. І ніхто не згадваў князёў дрэнным словам. Вось і вер пасля гэтага савецкім байкам пра “князёў-кравапійцаў”…
-- Вельмі цікава пабачыць тут цэлы палац, а не руіну! – кажа княгіня. – Я думала, што тут будзе стаяць адна сценка… А чаму не рэстаўруеце? Грошай няма?
-- Грошай няма! – радасна рапартуюць прадстаўнікі мясцовай улады.
Да князёў падбягае маленькі сабачка і радасна пачынае матляць хвасточкам.
-- Аўчарка паланэчкаўская! -- усміхаецца князь Мацей Радзівіл.
Далейшы пункт падарожжа – Мір. Пані Эльжбета была тут перад вайной пяць ці шэсць разоў – прыязжала з бацькам князем Альбрэхтам Радзівілам да ягонага сябра князя Міхала Святаполк-Мірскага.
-- Гэтая вежа стаяла ў руінах, гэтая вежа таксама, гэтай часткі ўвогуле не было, а жыў князь вось у гэтай вежы… -- здаецца, што тыя прыезды княгіня Радзівіл памятае як учора.
-- О, дык гэта ж наш герб!.. – Радзівілам паказваюць кафлю з іхным арлом і гербам “Трубы” з раскопак каля замку.
-- А вось тут замест падлогі была трава, -- заўважае пані Эльжбета на першым паверсе палаца.
-- Што вы, паводле нашых звестак тут была драўляная падлога! – пярэчыць супрацоўніца музею.
Княгіня спыняецца, выразна глядзіць на музейшчыцу і спакойна пытае:
-- Пані, колькі вам год?
-- Трыццаць адзін!
-- А мне дзевяноста адзін. І вы ведаеце гэта з папер, а я ўсё ясна памятаю на свае вочы. Дык слухайце і запісвайце.
Князёўна зазначае, што ў замку мала што засталася старога. Нейкім дзіўным чынам яна не згадвае ані магілёўскі ліфт, ані шклопакеты з мантажнай пенай, ані пластыкавыя дзверы, ані ванну з гідрамасажам…
Князёў запрашаюць на каву-гарбату і паказваюць сямейны альбом Святаполк-Мірскіх.
-- Гэта Міхал, гэта Аляксандр, гэта Базыль… -- пані Эльжбета без спісаў і дакументаў ведае ўсіх! І зноўку здзіўляецца, што музейшчыцы нічога не запісваюць за ёй…
Быў і яшчэ адзін прыкры момант у Мірскім замку, пра які немагчыма маўчаць. Калі князёўна запыталася, дзе тут прыбіральня, высветлілася, што прыбіральна – гэта, фактычна, дзірка ў падлозе. Можаце шявіць, як гэта для 91-гадовай жанчыны… І гэтак мы збіраемся сустракаць замежных турыстаў?!
Але такая драбяза хіба што не папсавала агульнага ўражання. Тым часам, княгіня кажа, што стамілася – і яе “Мэрсэдэс” кіруецца ў Мінск. Астатнія госці выказваюць жаданне пабываць у Наваградку. Бо кожны з іх ведае, што гэта – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага.
-- Нават па гэтай руіне можна меркаваць, які гэта быў велічны і цудоўна замак! – зазначае князь Дамінік Радзівіл.
Касцёл вельмі ўражвае гасцей. І тым, што тут быў хрышчоны Адам Міцкевіч. І тым, што ў 1422 годзе тут браў шлюб Ягайла (захавалася непасрэдна тая капліца, зараз уключаная ў пазнейшы будынак храму).
Паўтары гадзіны – і мы ў Мінску. Гасцям – гэта было заўважна – было прыемна, што паўсюль, у кожным месцы нашай вандроўкі, іх віталі дзесяткі людзей – як кіраўнікі, гэтак і звычайныя людзі. Хтосці трапна заўважыў: што і сто гадоў таму было гэтак жа. Калі нехта з Радзівілаў наведваў свой маёнтак, натоўпы народу збіраліся паглядзець на князя. Час мінае, Радзівілы застаюцца.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
PDF-вэрсыю артыкула можна паглядзець ТУТ

Тэгі: