it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 30

У Беларусь прыляцела князёўна Эльжбета Радзівіл!
А разам з ёй – дзевяць прадстаўнікоў славутага роду.

Столькі князёў у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” яшчэ не бачылі! Таму і пастараліся, каб працэдура афармлення дакументаў заняла ўсяго некалькі хвілін. Фармальнасці, багаж – і вось 91-гаовая князёўна Эльжбета Радзівіл сядае ў шыкоўны “Мэрсэдэс”, а іншыя чальцы сям’і – ва ўтульны мікрааўтобус.

З “Мерэдэсам” звязаная цікавая гісторыя. Яго ласкава падаў для пані Эльжбеты Уладзімір Аляксеенка, уладальнік мінскага гандлёвага дому “Алекор”. Мы разам з Уладзімірам Кірылавічам ужо сустракаліся з князёўнай у Варшаве, абмяркоўвалі дэталі візіту. Аляксеенка расказаў, што сам ён з Радзілімонтаў (маёнтак Радзівілаў пад Клецкам). Дамовіліся, што калі князёўна прыедзе ў Беларусь, “Мэрсэдэс” Уладзіміра Кірылавіча будзе ў яе распараджэнні...
-- Якая цудоўная дарога! – адзначае князёўна Эльжбета. – Думаю, што ў Польшчы такіх няма. А як усё змянілася, як хораша наўкол!
Мінулы візіт князёўны Эльжбеты быў ажно ў 1993 годзе. Ад таго часу ў Беларусь прыязжалі асобныя прадстаўнікі роду, але такога – каб адразу дзесяць Радзівілаў наведалі родныя мясціны – напэўна, не было ад 1939 года! Таму і важна было арганізаваць гэты візіт. Таму і падрыхтоўка да яго ішла некалькі месяцаў. Трэба было прадумаць усё: ад транспарту і гатэлю да складнога крэселка на выпадак, калі князёўна стоміцца ў часе экскурсіі.
Узровень візіту – хоць ён і прыватны – можна лёгка адчуць, зазірнуўшы ў спіс гасцей: гісторык, адзін з кіраўнікоў польскай чыгункі, высокі чыноўнік з польскага ўраду… Але цэнтральная асоба, безумоўна, князёўна Эльжбета. Фенаменальна, але яна – аднагодак газеты “Звязда”! Наша газета ўпершыню выйшла ў жніўні 1917 года, а праз 2 месяцы нарадзілася князёўна Радзівіл. Задумайцеся: пані Эльжбета – апошні чалавек у свеце, які жыў у Нясвіжскім замку, для каго замак быў родным домам!..
-- Якая ў вас вялікая бібліятэка! Няўжо беларусы так любяць чытаць кніжкі?! – перапыняе мае роздумы князёўна. Мы заязжаем у Мінск. – Божа, колькі дрэваў, кветак, якія ахайныя і каляровыя дамы! А вось гэта, я памятаю, касцёл, а гэта – царква…
Размяшчэнне ў гатэлі, абед – і мы едзем на шпацыр па горадзе. Першы пункт – плошча Незалежнасці.
-- Гэты касцёл збудаваў Вайніловіч, сябра майго бацькі, -- кажа пані Эльжбета. – Яны часта прыязжалі да нас у Нясвіж, я таксама ездзіла з бацькам да іх у госці. Мінулы раз, калі я тут была, камуністы зрабілі з гэтага касцёлу кінатэатр… Як добра, што храм вярнулі вернікам!
Спускаемся ў гандлёвы цэнтр “Сталіца”. Паказваю князям Радзівілам краму “Радзівілаўскую”.
-- А чаму яна называецца “Радзівілаўская”?! -- здзіўлена пытаецца князёўна.
-- Таму што ў Беларусі ўсё радзівілаўскае! – ці то жартам, ці то сур’ёзна адказвае яе сын Аба. Аба – ў гонар дзядулі, князя Альбрэхта Радзівіла.
-- Цяпер я бачу, што Мінск – еўрапейскі горад, -- аглядае пані Эль жбета гандлёвы цэнтр. – Бо вы маеце такія самыя крамы, як у Варшаве, Лондане, Рыме… Вой, якая мілая торба!..
Гэта мы падыйшлі да крамы з жаночымі сумкамі. Глядзім адную, другую, трэцюю…
-- Я не памылілася, гэта сапраўды князёўна Радзівіл?! – вочы ў прадавачкі робяцца круглымі. – Я чытала з ёй інтэрв’ю ў газеце! Перакладзіце, што я выказваю ёй сваю павагу і гатовая зрабіць зніжку на любы тавар!
Пані Эльжбеце прыемна, што ў Мінску яе пазнаюць прадавачкі! Хоць, па вялікім рахунку, з князямі Радзівіламі так і павінна быць. Князёўна выбірае сумку, атрымлівае значную зніжку і задаволеная крочыць далей.
Глядзім помнік Міцкевічу (вельмі спадабаўся), Ратушу, Кафедральны касцёл, Святадухаў сабор. Князёўна заходзіць ў храм і аздначае, як хораша спяваюць на хорах.
Вяртаемся ў гатэль. Назаўтра (у панядзелак) маем экскурсію ў рэзідэнцыю Радзівілаў Паланечка, найстарэйшы касцёл Беларусі ў Ішкалдзі і, натуральна, Мірскі замак.
-- Гэта таксама мы збудавалі!.. – паміж справай зазначае князёўна Эльжбета Радзівіл.
Мы набліжаемся да Ішкалдзі. І я мушу высылаць гэты артыкул у рэдакцыю, каб ісці суправаджаць князёў. Працяг – у заўтрашняй “Звяздзе”.

ДАСЛОЎНА
Князь Мацей Радзівіл:
“У Мінску ў мяне няма сумніву, што я ў цэнтры Еўропы”
У канцы першага дня візіту князь Мацей Радзівіл ад імя ўсіх гасцей падсумаваў для карэспандэнта “Звязды” першыя ўражанні ад Беларусі.
-- Першы раз я быў у Мінску 20 гадоў таму. Мне падаецца, што горад вельмі змяніўся. Ёсць шмат новых крамаў, гатэляў, рэстаранаў. Я памятаю яшчэ, як Траецкае прадмесце стаяла ў руінах. Мне вельмі падабаецца, што некаторыя гістарычныя будынкі ў Мінску добра адбудаваныя. Мы былі ў двух касцёлах. Мне спадабалася, што там было шмат людзей, у тым ліку маладых. Я бачу, што людзі цікавяцца рэлігіяй, традыцыяй – гэта вельмі важна. Бо мы, Радзівілы, адсюль. Мы – грамадзяне Вялікага княства Літоўскага, я так кажу заўсёды.
-- Атрымліваецца, што вы гэтак палякі, як і беларусы?
-- Так! ВКЛ было ўнікальнай дзяржавай, якая аб’ядноўвала шмат нацыянальнасцяў і рэлігій. Нажаль, сёння такая дзяржава немагчымая. Але 350 гадоў таму гэта быў узор для іншых дзяржаваў. Там была талеранцыя, там не было шмат падаткаў, гэтая краіна не атакавала іншыя. Нашая сям’я жыла ў Вялікім княстве – значыцца, ў Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне. Я ведаю, што цяпер некаторыя кажуць, што Літва – гэта сэрца Вялікага княства Літоўскага. Але я думаю, што Беларусь – гэта сэрца Вялікага княства! Але гэтая дыскусія, магчыма, не мае сэнсу, бо сэрца Вялікага княства б’е ў кожнага тут (паказвае на грудзі)…
-- Як вы лічыце, сёння Мінск з’яўляецца еўрапейскім горадам, а Беларусь – часткай еўрапейскай супольнасці?
-- Так! Безумоўна, гэта еўрапейскі горад. Ён іншы, чым Варшава і Лондан. Але тут у мяне няма сумніву, што мы ў Еўропе, у сэрцы Еўропы.
-- Якая асноўная мэта вашага візіту?
-- Мы прыехалі сюды з нашай цёцяй Эльжбетай Радзівіл. Перад вайной яна жыла са сваім бацкам, ардынатам Альбрэхтам Радзівілам, у Нясвіжы. Магчыма, гэта апошняя магчымасць прыехаць сюды з ёй, пабачыць Нясвіжскі замак, Фарны касцёл, крыпту. Яна – апошняя асоба, якая памятае, які быў Нясвіжскі замак перад вайной.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
PDF-вэрсыю артыкула можна паглядзець ТУТ і ТУТ

Тэгі: