it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 25

 1_1

Учора, 24 кастрычніка Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя “Талака” прэзентавала доўгачаканую альтэрнатыўную мапу горада. На прэзентацыю сабралося больш за 50 ахвотных даведацца больш пра свой уласны горад, атрымаць бясплатна экзэмпляр мапы і паслухаць выступ гурта “NAVI”.
Дадзеная мапа была створаная ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”.

СПАМПАВАЦЬ МАПУ

10_1

--------------------------------------
Ідэя ўзнікнення мапы ў нас узнікла праз памкненне разбурыць гарадскія стэрэатыпы.

Часта можна пачуць, што Гомель - нічым не прыкметны шэры горад у якім, да таго ж, нічога не адбываецца. Перакананыя ў адваротным талакоўцы вырашылі данесці да гамельчукоў і асабліва прадстаўнікоў іншых гарадоў тое, што нам таксама ё чым ганарыцца а наш горад нічым не горшы а нават і лепшы за шмат якія іншыя.

2_1Данесці гэты масіў інфармацыі было лепш за ўсё праз мапу. Ідэя стварэння мапы была ў старшыні “Талакі” Яўгена Меркіса ўжо здаўна. Спачатку мультымедыа-часопіс 34mag.net выпусціў лайфхак-мапу Менска але ствараць падобную пра Гомель сэнса на той час не мела бо колькасць адпаведных аб'ектаў была надзвычай малой для падобнай мапы. З іншага боку гады тры таму была ідэя стварыць мапу дзе адзначыць хаця б гарадскія кафэ і іншую неабходную для турыстаў інфармацыю. Але пакуль сядзелі і думалі над гэтым тэхналогіі ўжо зрабілі ўсё за нас і сёння гэтая інфармацыя прысутнічае ў розных анлайн-сэрвісах - ад стандартных googlemap да foursquare і падобных.

Канкрэтны метад стварэння нам падказалі немцы з ініцыятывы "Orangotango" якія выступалі летам у Менску з публічнай лекцыяй па крытычным мапаванні ў межах "Нефестываля гарадскіх ініцыятываў Must act!". Гэты метад палягае ў крытычным падыходзе да стандартных мапаў, да таго, што на іх адлюстравана і як. Адпаведна гэта дае вялікую прастору для творчасці - удзельнікі самі вызначаюць якой быць іх мапе, што на ёй адлюстраваць і гэта дазваляе інакш паглядзець на звыклыя рэчы, з'явы і аб'екты, абстрагавацца ад любых шаблонаў і канонаў.

8_1

Праца над стварэннем мапы вялася каля дзвух месяцаў. Мы збіраліся на сустрэчах і адмысловых воркшопах/варштатах і накідвалі ўсе нашыя ідэі, тое што мы ведаем пра горад і чым хацелі б падзяліцца. Працоўную групу складалі каля 10 маладзёнаў з Гомеля.

3_1

Паступова ў нас вылучыліся наступныя шэсць блокаў-накірункаў:

1. Гарадскія адметнасці, куды мы ўключылі не архітэктурныя адметнасці горада а больш нейкія цікавосткі, прышпілы, гарадскія славутасці і мясцовых выбітных асобаў кшталту вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча і 6_1інш.

 

2. Гарадская актыўнасць - мы хацелі абавязкова адзначыць што ў горадзе ёсць не толькі чым ганарыцца і на што глядзець але і да чаго далучыцца, што зрабіць. То бок адзначылі разнастайныя арганізацыі, рухі, рэгулярныя мерапрыемствы што ў нас адбываюцца.

3. Фізічная актыўнасць - першапачаткова мы думалі выключна "раварысцкі" блок зрабіць але паступова гэта перарасло выключна роварную тэматыку бо ў нас ёсць свае плюсы для заняткаў фізкультурай і здаровага ладу жыцця ды адпачынку - летам - пяшчаныя пляжы амаль у цэнтры горада, а зімою з узгоркаў можна спусціцца на санках, пакатацца на лыжах у парку за ракой або напрыклад у нас ё вяслярны канал які ўжо алімпійскіх чэмпіёнаў даваў Беларусі і гэта ўсё - у цэнтры горада! Да таго ж ёсць яшчэ традыцыйныя месцы для слэклайнераў, скейтэраў, bmx-ераў.

4. Гарадскія легенды і гісторыя - сюды мы ўключылі шэраг фактаў з гісторыі горада якія часам забываюцца (напрыклад пра існаванне на тэрыторыі сучаснай фабрыкі "8 сакавіка" ў гады ВАв канцлагера дзе было знішчана больш за 100 тыс. чалавек сёння сведчыць толькі маленькі барэльеф і пра гэта мала прыгадваюць а памятаць пра такія рэчы трэба) а таксама і тыя, якімі можна ганарыцца - напрыклад у Гомелі адбыўся першы ў Беларусі футбольны матч!

4_1

5. Крытычны блок - тут мы адзначылі тое, што нам у горадзе не падабаецца, што варта выпраўляць. Напрыклад Гомель заўжды быў горадам каштанаў але апошнія гады дрэвы часцей спілоўваюць і замест іх ужо нічога не высаджваюць - так лягчэй чым іх лячыць і імі займацца альбо існаванне побач з цэнтрам гораду дзейснай электрастанцыі ў ХХІ стагоддзі.

6. Прапановы і мары - сюды мы ўключылі тое, што можна змяніць да лепшага і тое, аб чым мы і гамельчукі мараць. Напрыклад гомельскае метро пра якое нават песня ёсць або ідэя стварэння аглядальнай пляцоўкі ў вежы фабрыкі "8 сакавіка" і інш.

9_1

Асобна мы адзначылі колерам прамысловыя зоны бо з савецкіх часоў цэнтр горада перанасычаны заводамі, фабрыкамі і прадпрыемствамі. Калі ўсё гэта паступова вынесці з цэнтру ў іншыя месцы то вызваліцца пляцоўка для стварэння цікавых зонаў адпачынку, пешаходных вулачкаў, тэматычных кварталаў .

Таксама на мапе былі адзначаныя гістарычныя раёны што існавалі ў горадзе - Манастырок, Свісток, Амерыка, Кагальны роў, Спасава слабада і іншыя бо гэты масіў краязнаўчай інфармацыі сучасныя жыхары ўсё часцей забываюць.
Створаная ў выніку мапа атрымалася змешанай. Яна не змяшчае абсалютова ўсёй інфармацыі пра наш цікавы горад і не прэтэндуе на ўльтыматыўнасць. Таму там шмат цікавага і новага для сябе знойдуць як гамельчукі так і прадстаўнікі іншых гарадоў. Да таго ж мы хацелі паказаць прыклад каб натхніць іншых ствараць падобныя мапы пра наш цудоўны горад.

5_1
Раздрукаваныя мапы мы будзем бясплатна распаўсюджваць праз некаторыя гомельскія музеі, аддаваць зацікаўленым. Плануецца іх завоз і ў Менск - на Арт-сядзібу, кнігарню "Ў" а pdf-версію можна будзе спампаваць у інтэрнэце.

7_1

Як паказала практыка мапы карыстаюцца вялікай цікаўнасцю з боку грамадства бо нам надзвычай не хапае зручных і нетрадыцыйных мапаў на якіх можна было б знайсці тое, чаго не сустрэнеш на звычайных мапах. Таму ў будучыні плануецца выпуск ужо больш звычайных, але тэматычных мапаў – турыстычнай мапы, экалагічнай мапы і т.п.

___________________________________________

Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя "Талака" (ГМКГА), існуе з 1986 году.

Кантакты:
Яўген Меркіс  - 375 44 7494166

 

Тэгі: