it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 28

перадрук з euroradio.by
давайце ўжо, насварыцеся, што кніжкі ў прыбіральні чытаю ))

Блогер, журналіст і паэт Глеб Лабадзенка раіць вучыць беларускую мову па малюнках у прыбіральні.

Аўтар: Мара Нальшанская, Дзяніс Дзюба

Фота: labadzenka.by

Еўрарадыё: Чаму на малюнку, дзе вы тлумачыце розніцу паміж  “стул”, “крэсла” і “фатэль”, стул - вадкі?
Лабадзенка: Таму што гэта ўжо малюнак пасля цэнзуры. Спачатку там было напісана “стул выдатны”, але, як высветлілася, чытачы не зразумелі, што такое “выдатны стул” і думалі, што гэты ўнітаз “Керамін”, на якім сядзіць чалавечак, ён выкарыстоўвае як выдатны “стул”. А што такое вадкі стул – усе адразу зразумелі. Таму давялося зрабіць усё-такі гэты стул вадкім, але ў канцы застаўся клічнік і адчуванне, што чалавечак вельмі гэтаму радуецца.

Еўрарадыё: Вы распавядалі, як нарадзілася гэтая ідэя. Вы кажаце, што жонка ваша блытае цяпер і зараз, і вы вырашылі намаляваць такія малюначкі, якія людзі будуць вешаць сабе ў прыбіральнях і запамінаць гэтыя складанасці. Вам не крыўдна, што прыбіральня будзе месцам для вашай творчасці?

 

Лабадзенка: Абсалютна не крыўдна. У мяне ў прыбіральні вісіць кніжная палічка, і аўтары, чые кнігі туды патрапілі – гэта ім вялікі камплімент. Кожны раз некалькі староначак у мяне атрымоўваецца спазнаць. І гэта найлепш засвойваецца. Таму, калі такі малюначак вісіць у прыбіральні – гэта найлепшы крок да таго, каб людзі сталі пісьменнымі. Таму яны робяцца такога фармату, каб людзі маглі гэта раздрукаваць сабе і павесіць.

 

 

Еўрарадыё: Вы кажаце, што да 1-га верасня вы збіраецеся зрабіць кнігу з гэтымі малюнкамі. Каб гэтыя малюнкі вырываць? Адмысловае выданне? Адукацыя ў прыбіральні?
Лабадзенка: Я так і думаю, каб гэта зрабіць у форме нататніка, на колцах ці спружыне. Каб гэта можна было лёгка вырваць. Камусьці паслаць па пошце, падпісаць: “Ну што, Сярожа, блытаў? На табе малюначак”. Або вырваць і павесіць сабе ў прыбіральні. Зрэшты, гэтыя малюнкі робяцца яшчэ і з разлікам на тое, што іх можна размалёўваць. Іх можна даваць дзеткам, каб дзеткі іх размалёўвалі. У мяне ёсць такая патаемная мара, каб дзеткі гэтыя малюнкі ўспрымалі за свае. Бо яны малююць прыкладна гэтак жа.

 

Еўрарадыё: А цяпер больш сур’ёзна. Наколькі такім чынам памылкі можна выправіць? Можа, у школы такую тэхналогію трэба прапанаваць?
Лабадзенка: Я думаю, што прапаноўваць бессэнсоўна. Мы часта прапаноўваем, а нас проста не слухаюць. Я перакананы, што тое, чаго нам нестае – гэта грамадзянская супольнасць. Ідэі, якія б нараджаліся ў людзей, а не ў нейкіх устаноў. Ведаеце, як ветэраны прапанавалі перайменаваць праспекты – я ж не хачу як тыя ветэраны быць.
Я лічу, што кожная ідэя павінна “застаўпіцца” – гэта значыць, што людзі павінны яе ўхваліць. Вось я намалюю, зраблю нейкае выданне-нататнічак – калі яны лягуць колам, значыць я прамахнуўся, што нас усе пісьменныя, і гэта нікому не трэба. А калі гэта будзе мець поспех – хай гэта перарасце ў нешта большае, нешта іншае. Занясем на экспертызу ў Акадэмію навук, няхай скажуць, ці добры гэта падручнік беларускай мовы.
Еўрарадыё: Я бачу чатыры карцінкі вашы: пра стул крэсла і фатэль, пра канапу і дыван, пра гаспадарку і гаспадыню, пра любіць сябе і набываць сабе. А якія ў бліжэйшых вашых планах наступныя моўныя цяжкасці з’явяцца?
Лабадзенка: Я вяду сабе такія занатоўкі. У каментах у блогу і ў каментах на Фэйсбуку людзі пакідаюць, што б ім хацелася чуць. Сёння з раніцы я атрымаў такую замову: людзі ўзгадалі Новы год і блытаюць “елка” “ёлка” і “ялінка” – дзе можна што ўжываць. Я стаў сам разбірацца і высветліў, што “ёлка” – гэта тое што крычаць маладым за сталом. Гэта як па-расейску “Горько!” крычаць. І мне здаецца, што гэтая драбяза – цікавая. Яе мала хто ведае. Я думаю, што ў найбліжэйшых малюнках яна сябе знойдзе.

 

Еўрарадыё: Супер! То бок, можна пакідаць і ідэі вам… Ці пытанні…
Лабадзенка: Не тое, што можна! Пад кожным малюнкам я прашу гэта рабіць! Бо калі я сам сяду і прыдумаю сто нейкіх сітуацый – гэта будзе абсалютна дурная справа. Бо ў мяне могуць быць адны погляды на гэтую рэч, а ў людзей – зусім іншыя. І таму, я спадзяюся, што гэты праект будзе супольны. Што людзі будуць пісаць, якія цяжкасці ў іх або ў іх знаёмых. І я на гэта буду рэагаваць у такіх малюначках.

 

Чытаць далей:http://euroradio.fm/report/labadzenka-patrapits-u-prybiralnyu-gonar-dlya-pismennika-103575

Тэгі: