it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 14

У Мінску адкрылася ўнікальная выстава, дзе сабраны ўсе яўрэйскія храмы Беларусі, Дакладней, усе ацалелыя. Сюды адносяцца сінагогі, малельныя дамы і некалькі ешываў (духоўнае вучылішча для равінаў). Доўгатэрміновая выстава адкрылася ў Мінскім яўрэйскім абшчынным доме (Харужай, 28, тэл. 2867933) — у Музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. З Інай ГЕРАСІМАВАЙ, дырэктарам музея, кандыдатам гістарычных навук мы гутарым пра тое, куды зніклі 95% сінагог і што пагражае астатнім 5%.

"У Мінску да рэвалюцыі было 83 сінагогі, а ў Бабруйску 60"

— Іна Паўлаўна, вы назвалі неверагодную лічбу: толькі ва Усходняй Беларусі (да 1917 года) было 744 сінагогі. Калі ўлічыць, што яны не маглі быць у вёсках, а толькі ў гарадах і мястэчках, — гэта ж колькі на адзін населены пункт даводзіцца!.. А вы падлічвалі, колькі агулам было сінагог да вайны ў Беларусі?

— На гэта пытанне адказаць цяжка, бо па Заходняй Беларусі дакладнай лічбы няма. Лічба 744 — гэта лічба на 1 студзеня 1936 года (звесткі з Нацыянальнага архіва Беларусі). А ў 1937 годзе ў Мінску была нарада, на якой прысутнічаў чыноўнік з Масквы. На нарадзе абмяркоўвалася пытанне, дзе браць грошы на развіццё эканомікі, набываць трактары і гэтак далей. І ён ім сказаў у вельмі жудасным тоне: "Што ж вы дурыце галаву, не можаце яўрэйскія кнігі і старыя рэчы прадаць у Амерыку? За адну кнігу зможаце набыць трактар!" У пратаколе гэтай жа нарады і даецца лічба 744 — гэта сінагогі і малельныя дамы. Па заходняй Беларусі, паўтару, агульнай лічбы няма. Даводзіцца падлічваць — складаць лічбы па раёнах, па абласцях. Але часта яны недакладныя. Напрыклад, па Мінскай вобласці даецца 83 сінагогі. Але цяпер вядома, што гэта — вы будзеце здзіўленыя — лічба толькі па Мінску (!). Агульную колькасць па Беларусі я ацэньваю — да 2000 сінагог.

— Іна Паўлаўна, такая лічба шчыра ўражвае! Насельніцтва Мінска перад вайной складала каля 240 тысяч чалавек. З іх значная частка былі яўрэі. Але 83 сінагогі — усё адно каласальная лічба!..

— Разумееце, у яўрэяў зусім іншы прынцып, чым у каталікоў ці праваслаўных. Гэта праваслаўныя збудавалі адную вялікую царкву — і ўсё мястэчка яе наведвае. Яўрэю ў суботу няможна нічога рабіць, нават ехаць. Таму сінагогі будаваліся па "геаграфічным" прынцыпе — каб туды было недалёка хадзіць пешшу. Пры гэтым сінагога не мусіла быць нейкім неверагодным будынкам, гэта проста месца для супольнай малітвы. А цэркваў і касцёлаў значна менш, бо кожная з гэтых пабудоваў — велічная, будавалася гадамі.

— У якім горадзе сёння захавалася найбольш сінагог?

— У Бабруйску — цэлых дзевяць мураваных сінагог. Гэта тыя, якія пацвярджаюцца гістарычнымі дакументамі. А ўвогуле ў Бабруйску да рэвалюцыі было 60 сінагог і малельных дамоў.

— Дарэчы, а ў чым розніца між першым і другім? Малельны дом — гэта магла быць і прыстасаваная хата?

— Так, магла быць і хата, але магла і сінагога. Справа ў тым, што паводле закона Расійскай імперыі, каб атрымаць дазвол на пабудову сінагогі, трэба сабраць не менш за 80 яўрэйскіх сем'яў, якія будуць туды хадзіць. А для малельнай школы (дома) было дастаткова і трыццаці. Калі ў горадзе ўжо была мураваная сінагога, пісалі прашэнне на малельны дом. Так было прасцей. А атрыбуты ў сінагогі і малельнага дома абсалютна аднолькавыя! Яўрэі не прызнаюць ніякіх рытуальных упрыгожванняў. Толькі ў сінагозе мусіць быць Арон Кодэш — шафа, дзе захоўваецца Скрутак Торы. Калі ў абшчыны ёсць Тора — сінагога абавязкова будуецца адразу з Арон Кодэш.

— А біма — узвышэнне ў цэнтры для чытання Скрутка Торы — абавязковы атрыбут?

— Не абавязковы, зазвычай біма была толькі ў вялікіх сінагогах. Пабачыць біму можна цяпер у Ружанах, у Слоніме, у Гродне, у Быхаве... У Ружанах сінагога стаіць у вусцішным стане — але ў цэнтры захавалася цудоўнейшая біма!..

"Сінагогі знікаюць ад безгаспадарчасці..."

— У выніку чаго была страчаная большасць сінагог — 95% ад усіх?!

— Не думайце, што ў выніку Другой сусветнай вайны. У першую чаргу — як будынкі — сінагогі былі знішчаны ўжо пасля вайны, за савецкім часам. Не хачу сказаць, што гэта рабілася мэтанакіравана. Аддалі пад клуб, затым перабудавалі да непазнавальнасці — і ўсё, сінагогі няма. Логіка была такая: паколькі яўрэяў няма, нашто захоўваць? А чаму ж было не падумаць, што сам будынак — гэта твор мастацтва, культурна-гістарычны помнік? І ён належыць цяпер беларусам, збудаваны на гэтай зямлі! Няма яўрэяў — карыстайцеся!.. Нашто ж разбураць?.. Я знайшла нядаўна план мінскай Халоднай сінагогі (знаходзілася на Нямізе, з'яўлялася самым старым будынкам Мінска ХVІ стагоддзя, зруйнаваная ў 1969 годзе за часам Пятра Машэрава — Г.Л.) за 1963 год. У той час пад сінагогу ў будынку былі адведзены ўсяго два пакоі — 49 квадратных метраў. Хоць на святы там збіралася да 400 вернікаў! Астатняя частка была жылая і гаспадарчая, там знаходзіўся архіў, былі зроблены перакрыцці і перагародкі...

— Дык большасць сінагог загінула ад савецкай безгаспадарчасці?

— Быў час, калі вялася барацьба з рэлігіяй, калі храмы знішчаліся і перабудоўваліся. Што казаць — у маім родным Бабруйску цудоўную царкву перабудавалі пад басейн. Аднак там цвіла вада, мы туды не хадзілі. І што? У 2000-х гадах храм аддалі вернікам, яго аднавілі! З сінагогамі складаней: пасля Другой сусветнай вайны, пасля Халакосту вяртаць вельмі часта ўжо не было каму... Халакост знішчыў не толькі людзей, але ўскосна і іх спадчыну. Новыя гаспадары лічылі, што паколькі няма людзей, народа — трэба забыць і выкінуць тое, што гэты народ стварыў. Разбіралі, узрывалі, перабудоўвалі... Што казаць — у Мінску сінагогу на вуліцы Дзімітрава знішчылі ў 2001 годзе, нягледзячы на шырокі пратэст грамадскасці. Зроблена гэта было цынічна: у 2000 годзе будынак занеслі ў Дзяржаўны Спіс каштоўнасцяў, а ў 2001 выключылі з гэтага спіса і зруйнавалі (такім чынам, фактычна з дапамогай Упраўлення па ахове помнікаў Міністэрства культуры знішчана ўжо шмат каштоўных будынкаўГ.Л.).  Хачу адзначыць, што фашысты не знішчалі сінагог. Яны маглі замкнуць там людзей і трымаць да расстрэлу. Урэшце, спаліць людзей у ёй. Але спецыяльна будынак не чапалі, не было такой мэты — сінагогі маглі быць разбураныя, скажам, у выніку бамбёжак. Я знайшла ўнікальныя звесткі — як у часе вайны нехта падпаліў сінагогу ў Чэрвені (Ігумені) і яе патушылі... немцы!

"Сінагогі — гэта частка культуры Беларусі!"

— Калі, як вы адзначылі, пасля трагічных падзей вайны сінагогі засталіся без вернікаў — як можна было іх уратаваць? Гэтае пытанне актуальнае і цяпер...

— Дзяржава пасля вайны часткова пайшла па гэтым шляху — размясціць там нейкія ўстановы. Аднак пры гэтым абсалютна не ўлічваўся профіль прадпрыемстваў! Не стаяла пытанне пра захаванне будынка. Стаяла пытанне: няма памяшкання для завода, вось вам былая сінагога — рабіце што хочаце. У тых жа Ружанах — унікальныя старадаўнія роспісы практычна загінулі ў выніку размяшчэння там малочнага завода... Выйсце такое — перадаваць арганізацыям ці прадпрыемствам. Але патлумачыўшы, што нельга знішчаць дэкор будынка, змяняць яго выгляд. Трэба захоўваць унутраную аздобу, калі яна засталася. Пакуль ёсць адваротныя прыклады сапраўднага дзікунства — у Росі (Ваўкавыскі раён) будынак былой сінагогі перадалі новаму ўладальніку пад кавярню. Першае, што новы гаспадар зрабіў, — гэта ўшчэнт знішчыў унутраную і вонкавую аздобу і пафарбаваў будынак у жоўты колер. Што за першабытныя норавы ў ХХІ стагоддзі?! Хоць, магчыма, чалавек проста не ведаў, што гэта за будынак...

— На гэтай выставе вы сабралі ўсе ацалелыя беларускія сінагогі. Чым гэта можа дапамагчы самім сінагогам?

— Я лічу, што выстава мусіць мець прыкладны характар. Каб людзі, каб мясцовыя ўлады даведаліся, што побач з імі не проста "старая халупа", а былая сінагога, дзе захаваліся рэшткі ляпніны, знешняга дэкору. Каб яны ўспрымалі гэта як гісторыка-культурную каштоўнасць! Бо гэта  не выключна "яўрэйскі храм", а частка культуры Беларусі!

ДА ВЕДАМА

У Беларусі цяпер дзейнічае 6 сінагог – дзве ў Мінску, па адной у Гродне, Віцебску, Бабруйску і Пінску.

ТОП-5 самых цікавых сінагог

(з тых, што захаваліся)

1. Быхаў. Сінагога 1620 г.

Адзіная ў Беларусі сінагога абарончага тыпу. Мае рэшткі байніц, абарончую вежу, падземную залу са студняй (!). Усяго храмаў абарончага тыпу захавалася чатыры – гэтая сінагога, касцёл у Камаях 1601 года, царква ў Мураванцы 1524 года і царква ў Сынкавічах  XVI стагоддзя (паводле версіі святара, ёй больш за 600 гадоў і гэта перабудаваны замак Вітаўта).

2. Харальная сінагога ў Гродне XVI ст.


Паводле іншых звестак, менавіта гэты будынак з’явіўся ў пачатаку ХХ стагоддзя на месцы папярэдняй сінагогі. Перададзеная яўрэям, дзейнічае. Захавалася ўнікальная біма. Сінагога дасяжная для турыстаў. Гэта варта пабачыць!

3. Сінагога ў Слоніме 1642 г.

Фота Андрэя Дыбоўскага

Цяпер занядбаная. Яўрэяў у горадзе не засталося – перадаваць няма каму. Мясцовыя ўлады таксама не могуць знайсці прымянення ўнікальнаму помніку. У выніку помнік закінуты, у сярэдзіне – фактычна сметніца. Хоць там захаваліся ўнікальныя фрэскавыя роспісы!.. Які мог бы атрымацца музей!

4. Сінагога ў Ружанах XVIII ст.

Фота Андрэя Дыбоўскага

Захавалася біма і фрэскавыя роспісы. Знаходзіцца ў закінутым, жахлівым стане.

5. Сінагога ў Ашмянах 1912 г.

Фота Андрэя Дыбоўскага

У гэтай сінагозе НАЙБОЛЬШ захаваўся сапраўдны інтэр’ер і фрэскавыя роспісы. Цяпер у сінагозе склад.

BONUS! Галоўная сінагога ў Мінску

Малюнак Анатоля Наліваева

У дадатак – Галоўная (Харальная) сінагога Мінска, якую вы ведаеце як… Нацыянальны драматычны тэатр імя Горкага! Збудаваная ў пачатку ХХ стагоддзя. Дзейнічала да 1921 года. Да 1948 годзе там месціўся Яўрэйскі тэатр. Пазней была перабудавана на цяперашні выгляд і аддадзеная пад тэатр Горкага. Між іншым, калі адкінуць фасад з калонамі – сінагога цудоўна захавалася! Вы можаце спраўдзіць гэта, калі зойдзеце паглядзець на тэатр збоку – старая кладка не патынкаваная, яе можа пабачыць кожны.

Агулам у дзяржаўным Спісе знаходзіцца 18 будынкаў сінагог. Большасць з іх – у вусцішным стане. Прычым сітуацыя даходзіць да абсурду. Напрыклад, у Быхаве мясцовыя энтузіясты-краязнаўцы б’юць трывогу: сінагога 1620 года развальваецца, а яны не маюць права яе тынкаваць без дазволу Упраўлення па ахове помнікаў Міністэрства культуры, бо гэта – помнік архітэктуры… Каб атрымаць дазвол, трэба скласці праект аднаўленчых прац, а гэта часам каштуе мільёны рублёў. У выніку людзям не даюць захаваць помнік архітэктуры, сінагога развальваецца – затое ўсё па законе!


Тэгі: ,