it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 23

Паводле іх версіі, карэспандэнту гэта прыснілася, а камяні не маглі трапіць у машыну з пяском

У мінулую пятніцу мы з калегам Яўгенам Валошыным, загадчыкам аддзела расследаванняў "Звязды", ехалі ў Гомель у камандзіроўку. Калі да Гомеля заставалася яшчэ 103 кіламетры, перад намі ўзнікла машына, якая пасыпала дарогу пяском. Ехала яна паводле правілаў — з мігалкай, з хуткасцю 40-50 кіламетраў за гадзіну.

Мы, шчыра кажучы, прыпазняліся. Таму, не парушаючы правілаў дарожнага руху, вырашылі абагнаць дарожную машыну. Калі параўняліся — апынулася, што з машыны разам з пяском ляцяць каменьчыкі і камяні. Хоць і праскочылі хутка — тры "раненні" на шкле. Не трэшчыны, сколы. Але з іх у любы момант могуць пайсці і трэшчыны...

— Та-а-ак, Глеб Паўлавіч, — працягнуў Валошын. — Былі б большыя камяні, маглі б з табой і ў лоб атрымаць... Што за бясчынства?! Гэта ж — небяспека для людзей!

У гэты момант мы зрабілі галоўную памылку — не спыніліся і не выклікалі ДАІ. Па-першае, бо напраўду прыпазняліся. Па-другое — страшна было спыняцца, каб яшчэ большую порцыю камянёў не атрымаць! Аднак мы сфатаграфавалі "крыўдзіцеля", каб адшукаць пасля адказных.

Неўзабаве пабачылі на трасе дарожных працаўнікоў. Паказалі ім фотку. Іхняя машына! Яны далі мабільнік начальніцы.

— Апроч спачуванняў, нічым вам дапамагчы не магу, — адказала Таццяна ДУБ, начальнік ўчастка ААТ ДСА-1 Рагачова. — Раз ДАІ не выклікалі, нічога не дакажаце. У нас у машыну засыпаецца рачны пясок, камянёў там не можа быць у прынцыпе!

На зваротным шляху мы заехалі на гэты ўчастак — машына, якая пабіла шкло, стаяла ў двары. Праўда, быў вечар, нікога ўжо, апроч вартаўніка, не было. Ужо ў Мінску спрабуем дабіцца справядлівасці. Тэлефаную начальніку Таццяны Дуб — намесніку генеральнага дырэктара ААТ ДСА-1 Рагачова Васілю Мяхведзю.

— Нічога вы не зробіце ў вашай сітуацыі! — адказвае мне Васіль МЯХВЕДЗЬ. — Калі такое здарылася, трэба было выклікаць ДАІ, каб яны гэта пацвердзілі. Па-другое, машына абсталяваная мігалкай — вы павінны бачыць, што наперадзе небяспека... Таму ваш выпадак застанецца з вамі!

— А тое, што ў машыну з пяском трапілі камяні, небяспечныя для ўдзельнікаў дарожнага руху, — як вы гэта патлумачыце?

— Хто гэта можа засведчыць?

— Я, а са мной у машыне яшчэ былі 2 чалавекі!

— Гэтага мала! Трэба было выклікаць ДАІ! Вашы сведкі, якія ехалі ў машыне і сышлі з месца здарэння — мала!

Начальнік Упраўлення ДАІ Гомельскага аблвыканкама Ігар МАКУШЭНКА пацвердзіў, што без пратакола ДАІ дабіцца нечага будзе цяжка.

— Вядома, дарма ДАІ не выклікалі, — кажа Ігар Аляксандравіч. — Вы ж ведаеце, што з дарожнікамі судзіцца заўжды цяжка, таму трэба мець дакладныя доказы...

Фармальна, бачыце, усё ў іх слушна. А тое, што гэты камень мог пабіць шкло цалкам і справакаваць аварыю? А тое, што ён мог прычыніць шкоду здароўю і жыццю кіроўцы? А тое, што новае шкло для машыны каштуе 1 мільён 200 тысяч? Гэтыя сколы можна, зрэшты, і "адрамантаваць" — каштуе каля 100 тысяч. Але гарантыі, што трэшчына не пойдзе, ніводная фірма не дае...

Але як жа цяжка размаўляць з людзьмі, якія не прызнаюць сваіх памылак, усміхаюцца пры гэтым і могуць "толькі прынесці спачуванні"...

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Тэгі: