it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 25

Сёння, 26 лістапада, Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 80 гадоў. Якраз да гэтага свята выйшла першае непадцэнзурнае выданне -- навела "Ладдзя Роспачы".

Над гэтай кнігай ішла праца год. Яна стала першым творам Уладзіміра Караткевіча, дзе графічна паказаныя ўсе аўтарскія і цэнзарска-рэдактарскія праўкі – па-сутнасці, першым непадцэнзурным выданнем Караткевіча.

Я моцна здзівіўся – і вы таксама здзівіцеся – калі даведаецеся, што за 26 год, як няма Караткевіча, ягоныя творы так і не былі ачышчаныя ад адыёзнай савецкай цэнзуры, якая прасавала творцаў не зважаючы на талент і рэгаліі. Галоўліта даўно няма, а творы нашых найлепшых пісьменнікаў працягваюць перавыдавацца і перадрукоўвацца ў скалечаным савецкай цэнзурай выглядзе…

Ідэя кнігі прыйшла год таму. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паказаў мне рукапіс “Ладдзі”. Рэч у тым, што ў 1964 годзе Караткевіч прысвяціў гэты твор свайму сябру Грышку Барадуліну – таму і падараваў рукапіс.

Я сеў і, акуратна перакладаючы старонкі, за некалькі гадзінаў перачытаў “Ладдзю” ў першародным выглядзе. Расчытваў, як Караткевіч па-майстарску шліфаваў тэкст, перастаўляў словы месцамі, дапісваў сказы, выкрэсліваў цэлыя абзацы – віртуозна і вытанчана працаваў над словам. Ужо тады мяне наведала думка, што такога скарбу нельга хаваць – яго павінен пабачыць кожны прыхільнік Караткевіча, кожны беларус. Потым я разгарнуў Збор твораў, пачаў параўноўваць… Высветлілася, што савецкія цэнзары-рэдактары зрабілі сотні правак, далёка не заўсёды дарэчныя!

Пачалася праца над кнігай. Упершыню “Ладдзя Роспачы” была надрукаваная ў № 2 часопіса “Неман” за 1968 год у перакладзе на рускую мову Васіля Сёмухі (які пераклаў таксама Біблію, “Фаўста” і г. д.) Нечакана высветлілася, што ў спадара Васіля захаваўся машынапіс таго перакладу з рукапіснымі праўкамі Караткевіча! Я ахайна адсканаваў яго – і накіраваўся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, рабіць копію з “Немана” 1968 года. Сеў параўноўваць – 153 цэнзарска-рэдактарскія праўкі! І, што цікава, рэдактары рускай і беларускай версій выправілі часам абсалютна розныя моманты!

Потым, дзякуючы падказцы даследчыка Сяргея Шапрана, удалося знайсці ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук чарнавыя накіды “Ладдзі” – чатыры рукапісныя аркушы. Яны таксама былі ўключаныя ў кнігу – цікава было назіраць, якія моманты “шліфануў” Караткевіч, перапісваючы навелу на чыставік.

У кнізе – 55 ілюстрацый, з якіх 27 друкуюцца ўпершыню. Найцікавейшыя з іх – здымкі самога Караткевіча аўтарства Сяргея Панізьніка, Уладзіміра Крука, а таксама знойдзеныя ў дзедавай хаце Караткевіча ў Рагачове.

У той хаце, дзе і была напісаная “Ладдзя Роспачы”. А таксама – “Віно дажджоў”, “Чазенія”, часткова “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Гэтая хата стаіць і цяпер. У мінулым годзе Рагачоўскія ўлады нават перайменавалі вуліцу Чкалава ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча (між іншым, у Мінску вуліцы пісьменніка дагэтуль няма). А да юбілею пры хаце мусіць быць адкрыты мемарыяльны знак.

Як савецкая цэнзура правіла Уладзіміра Караткевіча

Вялізны артыкул на гэтую тэму вы знойдзеце ў кнізе. А зараз – некалькі прыкладаў.

Найперш патлумачу, якія ўвогуле праўкі сустракаюцца ў тэксце. Яны падзеленыя на чатыры групы. Першая – моманты, дзе аўтар працаваў над словам, падбіраў сінонімы і г.д. Другая – дзе аўтар нешта выкрэсліваў з тэксту. Трэцяя – дзе аўтар нешта дапісваў. Чацвертая – цэнзарска-рэдактарскія праўкі. Вы адразу спытаецеся: а як ты, разумнік, адрозніў дзе цэнзарскія, а дзе рэдактарскія? А ніяк. Таму і падаў як адну групу. Любая праўка – рэч суб’ектыўная. Адзін філолаг скажа: правільна, што паправілі, нельга так пісаць. А іншы жахнецца: як можна было так пакрэсліць самога Караткевіча?! Таму кніга ад пачатку рабілася інтэрактыўнай. Праўкі не “адматаныя” назад да варыянту рукапісу – а паказаныя графічна. Каб кожны з вас, беручы кнігу ў рукі, рабіўся даследчыкам творчасці Караткевіча. І вырашаў – што папраўлена дарэчна, а што не.

Але што казаць, калі пасля правак “не выжыў” нават жанр твора. У аўтара – “навела”. У рускім перакладзе яна робіцца “легендай”, а ў беларускім кніжным варыянце – “аповесцю”…

Многія праўкі былі зробленыя цэрберамі выключна паводле ідэалагічных матываў. Уявіце сабе – з тэкста выкідаліся словы “беларус”, “беларускі”, “беларуская”!..

Калі Смерць прыходзіць па Гервасія Выліваху, кажа: “Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі. Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай?” Што пакінуў рэдактар: “Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты…”

“Ты зноў папаўся, беларус...” – кажа Смерць Выліваху за гульнёй у шахматы. А ў тэксце застаецца: “Ты зноў папаўся…”

Нават “беларускія жаўрукі”, якія пранізліва звінелі ў небе ў Караткевіча, сталі ў тэксце проста “жаўрукамі”

Савецкія рэдактары пільна сачылі, каб у тэкстах беларускіх пісьменнікаў не было ні грама “лішняй” Беларушчыны. Караткевіч як мог стараўся надурыць цэрбераў. Цэрберы не надурваліся. Чытаем у рукапісы: “...Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Другі, ля Ржаўца пад Юхнавым. Трэці, ля Макруш, што пад Бельскам. Усе гэтыя тры ўваходы прагныя на ваду. Равучы – глытае і азёрную ваду, і ваду Іпуці. Бельскі – цэлую рэчку Паніклю. Кажуць, гэта зроблена […]”. Пасля праўкі гэты фрагмент стаў выглядаць так: “...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Кажуць, гэта зроблена […]” Розніца, як бачым, каласальная! Мала таго, што знікла “беларуская зямля”, дык яшчэ і ўваходаў у пекла паменела: былі тры, застаўся адзін. Чаму так адбылося? Вельмі проста. Першы ўваход знаходзіцца “на дне Равучага возера, што пры Іпуці”. Іпуць – левы прыток ракі Сож, цячэ праз Клімавіцкі, Добрушскі і Гомельскі раёны Беларусі, а таксама праз Смаленскую і Бранскую вобласці Расіі. Равучае возера знаходзіцца ў Добрушскім раёне. Але нават калі не ведаць гэтага, то лёгка дапусціць, што яно недзе на Гомельшчыне – як і сам Рагачоў, адкуль выправіліся Выліваха са Смерцю. Другі ўваход “ля Ржаўца пад Юхнавым”. Тут усё адназначна: Ржавец – гэта возера ў Юхнаўскім раёне Смаленскай вобласці, то бок цяперашняя Расія. Трэці ўваход “ля Макруш пад Бельскам”. Гэта цяперашняя Польшча. А цяпер вернемся ў пачатак неадцэнзураванага сказа: “Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла…” Караткевіч зрабіў ні што іншае, як абазначыў этнічныя межы Беларусі!.. Ці мог дапусціць такое савецкі рэдактар-цэнзар? Зразумела, не! Таму пацярпелі два ўваходы – “расійскі” і “польскі”. Бо нават калі б цэрбер выкрасліў “на беларускай зямлі” – было б няясна, якой халеры Смерць з Вылівахам паперлася ажно пад Бельск ці пад Смаленск? Таму ад гэтага фрагмента тэкста засталіся “рожкі ды ножкі”…

Трэба сказаць, некаторыя праўкі рэдактар відавочна зрабіў ад недахопу ўласнага клёку. Яркі прыклад – момант, калі каралева Бона дорыць Выліваху на памяць манету – залаты з выявай свайго мужы Жыгімонта (у тэксце – Цыкмуна): I як іншыя супакойваюцца, пазіраючы на божага агнца, так Выліваха, калі ў яго быў дрэнны настрой, выцягваў залаты за ланцужок, назіраў знаёмыя і родныя рысы, чытаў надпіс “Sigis-rex-polo” — і яму рабілася лягчэй”. Рэдактар выкрасліў з гэтага сказа 2 літары – прыназоўнік “за”. І што атрымалася? Што Выліваха выцягваў не “залаты за ланцужок” (манету), а “залаты ланцужок”, і далей па тэксце – “назіраў знаёмыя і родныя рысы, чытаў надпіс “Sigis-rex-polo” — і яму рабілася лягчэй”. Бадай, гэта адна з самых вар’яцкіх правак у “Ладдзі Роспачы”, якая шмат што кажа пра ўзровень рэдактара…

Іншая такая ідыёцкая праўка. I ў Гервасія хапіла розуму з самага пачатку адмовіцца ад удзелу ў гульні, у якой Смерць была катом, а ён — дурным мышаняткам”. У гэтым сказе гора-рэдактар нанешта замяніў адну літару. І як сказіўся сэнс: “…у якой Смерць была катам, а ён — дурным мышаняткам Хто зразумее логіку такога ўмяшання ў тэкст?

Асабліва вас павесяліць, як розныя рэдактары правілі і змякчалі “грубыя” моманты ў тэксце. Чытаем у рукапісы: “Што вы спяваеце, смярдзючы чалавечы кал?!” Беларускі рэдактар “змякчыў”: “Што вы спяваеце, смярдзючыя чалавечкі?” Рускі рэдактар пайшоў далей: “Что вы поете, несчастные?”

Трошку ніжэй у тэксце “таўстазадая навалач” стала “таўстапузай навалаччу”!..

Чым адрозніваецца “Палачанін” ад “палачаніна”?

Уважлівы чытач адразу скажа: вялікай літарай! Але рэдактар беларускага тэксту ў 1978 годзе відавочна не пабачыў тут розніцы.

У “Ладдзі Роспачы” Караткевіч віртуозна пагуляўся з вялікімі/малымі літарамі. Палачанін, калі з’яўляецца ў тэксце, пішацца з малой літары – як “жыхар горада Полацка”. Потым, калі пачынаюцца дыялогі са Смерцю, ён робіцца персанажам – і пішацца ўжо як “Палачанін”. А пасля выхада з пекла ён зноўку робіцца “жыхаром горада” – і пішацца з малой літары. Рэдактар і тут “не ўехаў” у задуму аўтара – і ўсё павыпраўляў пад адную грабёнку…

Словазлучэнню “Ладдзя Роспачы” Караткевіч таксама надаў сімвалізм. Транспартны сродак, які вязе небаракаў да Смерці, называецца “Ладдзя Роспачы”. А шахматная фігура, якой Смерць хацела перамагчы Выліваху – “ладдзя роспачы”. Ці трэба казаць, што рэдактарам усё было выпраўлена аднолькава?..

Тая ж гісторыя са “Смерцю” (персанажам) і “смерцю” (дзеяннем). Далёка не паўсюль рэдактару ўдалося зразумець аўтарскую гульню словаў…

Моўныя і стылістычныя праўкі – асобная справа. Некаторыя людзі кажуць, што Караткевіч недасканала валодаў беларускай літаратурнай мовай, бо ў сям’і размаўлялі па-руску, а вучыўся ў Кіеве ўвогуле па-украінску. Аднак, здаецца, рэдактар умешваўся і выпраўляў нават там, дзе гэтага можна было не рабіць. У выніку мова Караткевіча старанна падганялася пад шаблон, выхалошчвалася, рабілася “правільнай”.

Некалькі прыкладаў – як было ў Караткевіча, і як выправіў рэдактар.

Плывяцё — плывяце, цурчэла – цурчала, згэлк – крык, прагучэў – прагучаў, зачурчэла – зацурчала, зямлёй – зямлёю, успершыся – успёршыся, лузаць – лушчыць, дрыжэла – дрыжала…

Такіх момантаў – дзясяткі ў кнізе… Як і іншых правак. Прыводзіць усе не буду, інакш вам будзе нецікава чытаць саму кнігу.

212 і 84

Гэта – колькасць рэдактарскіх правак адпаведна ў беларускім і рускім тэксце “Ладдзі”. Уявіце – на 23 старонкі рукапісу!.. Што ж тады было з “Каласамі”, з “Хрыстом”, з іншымі творамі Караткевіча?.. Гадаць тут не выпадае – трэба сядаць і займацца гэтым. Так ужо сталася, што найвыбітнейшыя беларускія пісьменнікі – Караткевіч, Быкаў, Брыль – жылі і пісалі ў той час. І правілі і цэнзуравалі іх такія рэдактары і такія цэнзары. Адкруціць час – немагчыма. Адкруціць недарэчныя праўкі – у нашых сілах!

Уявіце толькі – сёння, 26 лістапада 2010 года Караткевічу споўнілася б усяго 80 гадоў. Гэта ўзрост вашых бабуляў, вашых бацькоў, гэта ўзрост некаторых з вас. Уладзімір Караткевіч памёр на 54-м годзе жыцця. Зрабіўшы столькі, што нявольна ўзнікае адчуванне, што ён жыў не менш за стагоддзе. Уладзімір Караткевіч не меў моцы змагацца і перамагчы тагачасных цэрбераў. І дзякаваць Богу, што ён не марнаваў на гэта сілы. Ён рабіў тое, што мог рабіць толькі ён – пісаў. З цэнзарамі паваюем мы.

МАЙ НА ЎВАЗЕ

Прэзентацыя “Ладдзі Роспачы” адбудзецца 4 снежня (субота) а 13-й гадзіне ў Мінску ў “Кніжным салоне” (Калініна, 5, метро “Парк Чалюскінцаў”). Абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізьнік. Прэзентацыя пройдзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Калі жадаеце мець такую кнігу сабе – лістуйце на адрас электроннай пошты labadzenka@gmail.com

Тэгі: