it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 29

Сяргей Плыткевіч — аўтарытэтны чалавек у сферы турызму, ягонае выдавецтва "Рыфтур" стварае найвялікшую колькасць краязнаўчай літаратуры ў краіне: паштоўкі, праваднікі, фотаальбомы... Спадар Плыткевіч пачаў займацца гэтай тэматыкай у далёкім 1994 годзе, калі і мы яшчэ мала ездзілі, і да нас практычна ніхто. Што змянілася за гэты час? Чым усё-ткі прывабіць турыстаў у Беларусь? Чаму перад домам павінны расці кветкі, а не бульба з цыбуляй? Пра гэта "Звязда" распытала Сяргея Плыткевіча.

"Турызм адкрывае людзям вочы"

— Спадар Сяргей, як вы самі акрэсліце той кірунак, у якім працуеце?

— Іх некалькі. Па-першае, гэта газета "Турызм і адпачынак", з якой мы пачыналі. Там распавядаецца пра турызм у свеце і нашай краіне — прычым з кожным годам у нас усе больш і больш менавіта пра Беларусь. Па-другое, выдавецтва "Рыфтур", якое выдае краязнаўчую літаратуру і фотаальбомы таксама на 99% пра Беларусь. І часопісы, якія перажываюць не лепшыя часы, — "Фотамагія" і "Дзікая прырода". Яны таксама пра Беларусь, але рознай тэматыкі.

— Калі вы пачыналі, тэма турызму, асабліва ўнутранага, была як выпаленае поле. Як вам хапіла імпэту ўзяцца за распрацоўку гэтай тэматыкі?

— Калі мы пачыналі рабіць газету, якраз пачыналіся паездкі нашых грамадзян за мяжу — гэта было нешта новае, цікавае. Пайшла цэлая хваля людзей, якія атрымалі магчымасць некуды паехаць. Было шмат уражанняў, адкрываліся новыя краіны. І нам гэта было цікава. Але пазней, калі народ ужо паездзіў па розных краінах і вярнуўся, то сталі па-іншаму глядзець на сваю краіну. Турызм адкрывае вочы людзям. Яны тады параўноўваюць: а чаму мы жывём так, а не гэтак? А чаму там прыгожа, а ў нас не надта? А можа, нам таксама можна зрабіць прыгожа? Напрыклад, у пачатку 1990-х гадоў многія атрымалі дачы — і давай адразу хату з усіх бакоў абсаджваць бульбай ды агародамі. А пасля раптам высветлілася, што перад хатай могуць быць не бульба-капуста, а прыгожыя кветкі, альпійскія горкі, міні-азёрцы. Паціху мы паварочваемся да Еўропы, да ўсяго свету.

— Гэта значыць, вы лічыце, што беларусам на сваіх палетках не трэба бульбу вырошчваць?

— Бульба павінна расці дзесьці ў сваім месцы. А перад домам павінны быць кветкі, павінна быць прыгожа. Таму што, калі будзе прыгожа перад домам, то ёсць надзея, што і ў доме будзе добра.

"Нашы балоты могуць прыносіць карысць і грошы!"

— Ці сутыкаліся вы з такім меркаваннем, калі нашы людзі некуды з'ездзілі і пачынаюць казаць: вось там прыгажосць дык прыгажосць, а ў нас — цьху! — няма чаго глядзець!..

— На жаль, такое вельмі часта сустракаецца. І думкі пра гэта якраз і падштурхнулі мяне рабіць праваднікі па Беларусі і фотаальбомы. У фотаальбоме "Нечаканая Беларусь" (самыя прыгожыя мясціны там сфатаграфаваныя з самалёта Г.Л.) галоўная думка такая: паглядзіце навокал, мы жывём у цудоўным месцы! Яго трэба проста бачыць, звяртаць увагу: што там за полем, што там за лесам. А лепш ведаць, што на гэтым полі, скажам, адбылася такая бітва, якая мела важнае значэнне для нашай гісторыі. Альбо што ў той вёсцы, альбо ў тым мястэчку нарадзіўся чалавек, які зрабіў вельмі шмат для Беларусі, якога мы павінны памятаць. Таму калі людзі чытаюць такія кніжкі, вандруюць па краіне — гэта таксама плюс. Спачатку мы проста выязджалі за межы і думалі "ах, як там прыгожа!" Зараз, я думаю, павінны ездзіць па роднай краіне. Спачатку — з'ездзіць паглядзець Мірскі замак, паглядзець у Нясвіжы, як жылі Радзівілы. А потым паглядзець, у якім стане знаходзіцца замак у Крэве ці ў Гальшанах. І падумаць: можа, стан гэты трэба мяняць?

— Аднак, беручы ў рукі вашу кніжку "Нечаканая Беларусь", многія людзі, пабачыўшы сваю родную мясціну, ахаюць: "Не можа быць, каб у нас было так прыгожа!.. Усё жыццё пражыў — і ўявіць не мог!" Вось ён, парадокс: каб пабачыць гэтую прыгажосць, трэба праляцець над Беларуссю на самалёце ці на паветраным шары?

— Зразумела, калі ідзеш па балоце, то адчуць прыгажосць гэтага балота вельмі цяжка. Можна адчуць задавальненне, хіба калі спынішся, ляжаш на купіну ды вып'еш чаго халоднага. А калі ты ідзеш, і на плячах у цябе цяжкі заплечнік — гэта праца. І зусім іншы погляд, калі ты падымаешся над гэтым балотам. Ты не адчуваеш дрыгву, у якую можна праваліцца. А бачыш, як з гэтых азёрцаў ствараюцца цэлыя карункі, цэлыя карціны. А наогул, галоўная задача ў тым, каб адчуць знакавасць гэтых мясцін. Калі людзі жывуць у вёсцы, для іх балота — гэта дрэнна. Але калі разважаць пра гэтае ж балота з пункту гледжання цывілізацыі, ведаць, наколькі балоты патрэбныя. Без лесу немагчыма, а ўжо даказалі, што балоты яшчэ больш карысныя. А Беларусь якраз на балоты вельмі багатая. І хочацца, каб людзі ведалі гэта і ўсведамлялі. Больш за тое — гэтыя балоты могуць прыносіць карысць і грошы!

— Як можна на балоце зарабіць грошы і прывабіць турыстаў?

— Еўрапейскія турысты вельмі зацікаўленыя ў такіх мясцінах — менавіта дзе захавалася сапраўднае дзікае жыццё. І ёсць прыклады, калі прыязджалі англічане, немцы — у іх шырока расплюшчваліся вочы, яны думалі: "У нас такога няма". У іхняй Еўропе такога няма! А ў нас ёсць! Праўда ў нас іншага няма, што ў іх ёсць... Але мы павінны "прадаваць" тое, што маем — калі людзі гатовыя плаціць за ўражанні, гэтым трэба карыстацца. Чэргі будуць стаяць, каб сфатаграфаваць глушца, аленя ці лася... Гэта — агульнае багацце нашай краіны. Тое самае — балоты. Напрыклад, самае вялікае балота ў Еўропе — балота Ельня ў Мёрскім і Шаркоўшчынскім раёнах. Там турыстычная фірма прапануе спецыяльную машыну на пнеўматычным ходзе, на надзьмутых колах. І ахвотных — маса, і нашых, і замежнікаў. Таму што звычайная машына не можа праехаць па балоце, а гэтая — можа! Бо калі ты па балоце пройдзеш кіламетр ці два — то табе не да прыгажосці. Я магу сказаць, бо я хадзіў. Але калі ты праедзеш гэты маршрут, а потым 200-300 метраў пройдзеш у сваё задавальненне, а потым зноў сядзеш у машыну і зноў праедзеш — гэта ўспрымаецца зусім інакш!

"Мы па-ранейшаму не далучаныя да Еўропы..."

— Мы — частка Еўропы?

— Мы не проста частка Еўропы, мы цэнтр Еўропы!

— Ага, і некалькі адпаведных знакаў нават ёсць...

— Застаўся адзін, які знаходзіцца ў Полацку, найстаражытнейшым нашым горадзе. Але я памятаю пра тое, што "цэнтры Еўропы" існуюць і ў іншых краінах — у той жа Літве, Латвіі, Польшчы, Славакіі, ва Украіне... Гэта тлумачыцца проста: прыемна ж жыць у цэнтры, ніхто не хоча быць на ўскрайку. Мы па-ранейшаму (на жаль, гэта факт) не далучаныя да Еўропы. Элементарны прыклад — святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Там прысутнічалі афіцыйныя прадстаўнікі розных краін, але афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі не было. Гэты факт для мяне вельмі крыўдны! Прабачце, у гэтай бітве нашы продкі зрабілі вельмі-вельмі шмат, паклалі сваё жыццё. І мы павінны пра гэта памятаць, быць разам з усімі, хто там змагаўся.

— З 1994 года, калі вы сталі займацца тэмай турызму, ці павялічыўся прыток турыстаў у Беларусь?

— Раней у нас быў шоп-турызм, багата нашых людзей выязджала ў Польшчу ды іншыя краіны пагандляваць. Гэта ўсё фактычна памерла. З аднаго боку — гандаль стаў больш цывілізаваны, з другога — людзям стварылі такія ўмовы, што ездзіць гандляваць амаль немагчыма. Таму цэлы пласт так званых "турыстаў" амаль знік. Але ж яны і не былі турыстамі.

Што датычыць турыстаў у Беларусь — на жаль, я не магу сказаць, што вельмі моцна ідзе ўздым. Праблема ў тым, што трэба сур'ёзна ставіцца да гэтай справы. І ведаць пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў гэткіх жа канкурэнтных умовах, як Літва, Польшча, Украіна... І мы можам прыцягваць гасцей, толькі паказваючы ім штосьці асаблівае, ствараючы лепшыя, чым там, умовы. Дык вось, калі ў Літву ці Польшчу любы еўрапеец можа прыехаць фактычна без візы, то 60 еўра для таго, каб прыехаць у Беларусь — гэта 95% патэнцыйных турыстаў адразаецца адразу. Па-другое, усе гэтыя чэргі пры выдачы візы — з тых 5% яшчэ палова адсякаецца...

— Карацей, даедуць да нас толькі самыя стойкія...

— Так — каму трэба па справе ці па бізнэсе. І толькі мінімум — сапраўдныя турысты, сярод якіх, дарэчы, многа расіян — бо едуць без візы, мяжы няма, кошты на адпачынак у санаторыях ніжэйшыя, чым у іх... А вось нашыя кошты на гатэлі, наш сэрвіс не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі ў параўнанні з тымі ж польскімі...

"Кавярняў няма, бо няма турыстаў, а турыстаў няма, бо няма кавярняў"

— Мне тут распавялі гісторыю, як турыст з Англіі прыехаў на тыдзень, але праз два дні прыбег у турагенцыю: аддайце грошы, хачу вярнуцца. Маўляў, рэстараны даражэйшыя, чым у Лондане, у метро ніводнага надпісу па-англійску, ніхто таксама па-замежнаму не гаворыць... А як вы лічыце, што яшчэ пужае турыстаў у Беларусі?

— Пужае не вельмі добры імідж на міжнародным турыстычным рынку. Што казаць, калі ў мяне ў Польшчы ці Літве пытаюцца: "А нас не арыштуюць у Беларусі, а дарогі ў вас ёсць?" Трэба клапаціцца, каб такога не было, каб інфармацыя пра нашу краіну шырылася за мяжой... Гэта называецца недабраякасная рэклама — калі чалавек едзе да нас, а яго не папярэджваюць, што тут мала хто гаворыць па-англійску, якія тут кошты. Таксама, шчыра прызнацца, аскоміну набілі размовы пра наш прыдарожны сэрвіс. Кавярняў вельмі мала. А павінна быць многа. І матэляў таксама. Але ёсць і станоўчыя моманты — напрыклад, за апошнія гады нашую мяжу стала праходзіць нашмат лягчэй.

— Вам не здаецца, што гэта замкнёнае кола: матэлі і кавярні не будуюць, бо няма турыстаў. А турыстаў няма, бо няма матэляў і кавярняў...

— Ёсць такі момант, бо трэба ўкладваць грошы і рызыкаваць... Але вось, скажам, апошні час добра стаў развівацца вясковы турызм. Але чаго ён пачаў развівацца? Бо атрымаў дзяржаўную падтрымку. Па-першае, быў Указ прэзідэнта, які прадугледжваў адпаведныя льготы. Па-другое, была створаная спецыяльная праграма "Белаграпрамбанка" для крэдытавання вясковага турызму. І праграма спрацавала, бо людзі атрымалі магчымасць пачаць справу. І цяпер ужо чыноўнікі заварушыліся — хочуць, каб у кожным раёне было больш сядзібаў.

— Вы сказалі, што нам трэба вабіць нечым адметным, чаго няма ў суседзяў. А ці ёсць у нас нешта такое?

— На жаль, такога, каб ужо зусім асаблівага, няма — акрамя прыроды. Цікавая яшчэ рэлігійная разнастайнасць — калі ў адным мястэчку стаялі поруч храмы чатырох канфесій... Трэба думаць пра тое, каб вяртацца да мінулага. Беларусь — у тых межах, у якіх яна ёсць цяпер — фактычна ніколі такой не была. Была ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыі, у Савецкім саюзе... Таму нашая гісторыя цесна звязаная з гісторыяй суседніх краін. Калі б не было гэтай мяжы, якую цяжка перайсці, трэба было б у першую чаргу развіваць туры, звязаныя з агульнай гісторыяй: Вільнюс—Мінск—Брэст—Варшава... Калі ў адным пакеце прадаецца некалькі краін, тады людзям гэта вельмі цікава. Амерыканцы не паедуць у такую далечыню з-за адной Беларусі. А вось калі ім прапанаваць паглядзець адразу некалькі краін — гэта ўжо цікавая прапанова.

Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА.

Тэгі: