it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 19

У Мінску збіраюцца зруйнаваць яшчэ адзін стары будынак — першую ў сталіцы электрастанцыю 1870-х гадоў. Гэта калі коратка. Падрабязней гісторыя выглядае так.

На праспекце Незалежнасці, злева ад цырка, сабраліся будаваць прэстыжны гатэль "Кемпінскі". Рэч, бясспрэчна, патрэбная — асабліва напярэдадні чэмпіянату свету-2014 па хакеі ў Мінску. Аднак вось бяда — якраз на гэтым месцы знаходзяцца будынкі першай у Мінску электрастанцыі — унікальнага помніка гарадской прамысловасці. Электрастанцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. І ўнесена недарэмна. Па-першае, іншага такога будынка ў Мінску няма. А ў Беларусі — усяго два. Па-другое, электрастанцыя перажыла многае — Першую сусветную вайну, рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну. Пасля вайны электрастанцыя непасрэдна ўдзельнічала ў гераічным аднаўленні праспекта — сілкавала ўсе будоўлі ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі.

І вось праектанты гатэлю малююць план, на якім электрастанцыі... няма. А ёсць 8-павярховы шкляны гмах. Гм... На шчасце, усе праекты будаўніцтва ў зоне гісторыка-культурных помнікаў (а тут адразу два — ансамбль праспекта і сама станцыя) узгадняе кампетэнтная Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры. І Рада адрэагавала адэкватна: гатэль будуйце, але станцыю захавайце. Маскоўская фірма "Speech", якая з'яўляецца аўтарам праекта, падышла з разуменнем, і 7 красавіка Радзе быў прадстаўлены другі праект, на якім гатэль павінен быў будавацца ўздоўж ракі, а станцыя захоўвалася (гл. малюнак).

st3
st2
Гэтыя два будынкі 1870 гадоў — першая мінская электрастанцыя. Яна перажыла дзве вайны, рэвалюцыю і адбудову Мінска. Ці перажыве яна пабудову новага гатэлю?..
st1

 

Але вось удакладненне генплана тэрыторыі, якая мае быць забудаваная, ад 3 чэрвеня.
st4

 

На гэтым удакладненым генплане электрастанцыі... няма. Памятаеце, як было ў сталінскія часы: няма чалавека — няма праблемы. Тут тое самае: няма станцыі — няма за што спрачацца. Аднак станцыя пакуль стаіць. І пакуль яе не зруйнавалі, "Звязда" паспрабавала разабрацца ў жангляванні дакументамі.

На гэтым удакладненым генплане электрастанцыі... няма. Памятаеце, як было ў сталінскія часы: няма чалавека — няма праблемы. Тут тое самае: няма станцыі — няма за што спрачацца. Аднак станцыя пакуль стаіць. І пакуль яе не зруйнавалі, "Звязда" паспрабавала разабрацца ў жангляванні дакументамі.

КАМЕНТАР ЧЫНОЎНІКА

st5Ігар ЧАРНЯЎСКІ: "Генплан у такім выглядзе супярэчыць заканадаўству!"

З чатырох чалавек, якія падпісалі генплан, пры падрыхтоўцы артыкула ўдалося ўзяць каментар толькі ў аднаго — начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара ЧАРНЯЎСКАГА.

— Спадар Ігар, я трымаю ў руках ўдакладненне генплана тэрыторыі, прылеглай да цырка, якая мае быць забудаваная, ад 3 чэрвеня 2010 года. Там ёсць у тым ліку і ваш подпіс з удакладненнем. Будынак гатэлю на гэтым генплане праходзіць роўна па месцы, дзе размешчана электрастанцыя. Гэта супярэчыць рашэнню Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры ад 7 красавіка 2010 года. Да таго ж электрастанцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс культурных каштоўнасцяў — яе руйнаваць нельга!.. Як разумець гэтае ўдакладненне ген-
плана, якое вы падпісалі?

— Калі вы бачылі, на гэтым ген-плане я пад сваім подпісам зрабіў заўвагу (гэта праўда, там напісана: "аб'ёмна-прасторавае рашэнне шматфункцыянальнага комплексу ўдакладніць цягам далейшага праектавання зыходзячы з п. 3 рашэння Навукова-метадычнай рады ад 07.04.2010 № 167" — Г.Л.). Гэта значыць, што генплан узгоднены, але неабходна зрабіць карэкціроўку — я спаслаўся на канкрэтнае рашэнне рады, дзе прапісана, што і як праектаваць.

— Спадар Ігар, генплан у такім выглядзе супярэчыць заканадаўству?

— Генплан у такім выглядзе не тое што супярэчыць заканадаўству, генплан у такім выглядзе не дае падставы казаць, як будзе рэалізавана рашэнне рады. Таму што сёння пакуль што няма праектнага рашэння адносна таго, як жа будзе прадстаўлена электрастанцыя. Яна можа быць нават усярэдзіне будынка экспанаваная. Але мяне больш за ўсё зачапіла, што на гэтым генплане элементаў электрастанцыі, пра якія мы гаварылі на радзе — іх проста няма!.. Таму яны павінны паказаць нам электрастанцыю.

— Вось гэты ўдакладнены генплан, ён ужо зацверджаны?

— Генплан не зацвярджаецца, а ўзгадняецца. Гэты генплан узгоднены з заўвагамі — ёсць такая форма. Але ў далейшым праектаванні праекціроўшчыкі павінны гэтыя заўвагі ўлічыць і паказаць, як яны іх рэалізавалі. Будзем далей разглядаць дакументы — будзем бачыць. Калі на наступным этапе будзе прадстаўлена зноў без электрастанцыі — будзем больш сур'ёзныя заўвагі рабіць.

— Хто аўтар удакладненага гепнлана? Хто гэта маляваў?

— Звяртайцеся да праектнай арганізацыі і замоўцы...

— Але я правільна разумею, што паводле рашэння рады Мінкульта электрастанцыя мусіць быць захаваная?

— Так, мусіць быць захаваная найбольш выразная яе частка — два будынкі.

ЗВАНОК У БУДАЎНІЧУЮ ФІРМУ

"Я не буду нічога каментаваць!"

Як удалося разабрацца, адказны за праект гатэлю — галоўны інжынер фірмы "Эліт-Эстэйт" Юры АЖАР. Гэтая фірма выконвала скарэктаваны генплан. Юры Іванавіч быў лаканічны:

— Я не буду нічога каментаваць.

— А чаму вы не будзеце нічога каментаваць?

— Бо я вас не бачу, не ведаю, хто вы.

— Але я вам назваўся.

— Гэта па тэлефоне. Я каментаваць нічога не буду.

— Добра. Як можна з вамі сустрэцца, каб атрымаць каментар?

— Вы можаце напісаць ліст у нашу арганізацыю за прадстаўленнем каментароў.

Вось і ўся размова.

КАМЕНТАР НАВУКОВАГА КІРАЎНІКА

st6Вадзім ГЛІННІК: "Аўтары праекта прызнавалі, што тэхнічна захаваць станцыю магчыма"

Навуковы кіраўнік электрастанцыі — Вадзім ГЛІННІК. Аўтарытэтны навукоўца — апроч электрастанцыі, ён з'яўляецца навуковым кіраўніком ансамбля праспекта Незалежнасці ў Мінску і гістарычнага цэнтра Полацка.

— Спадар Вадзім, распавядзіце, калі ласка, гісторыю стварэння будынка першай мінскай электрастанцыі.

— Гісторыя забудовы гэтага квартала сягае ў першую палову ХІХ стагоддзя — і звязаная яна са стварэннем першага гарадскога парка. Гэта быў адзін з першых публічных гарадскіх паркаў на ўсходзе Еўропы. Дагэтуль яны былі прыватныя. Дык вось, гісторыя парка Горкага пачыналася з гэтага квартала. Там была вядомая "Іардань", дзе хрысцілі праваслаўнае насельніцтва Мінска. Але ўжо ў другой палове ХІХ стагоддзя ў сувязі з пашырэннем гэтай часткі гораду, там была размешчана помпавая станцыя — і адсюль пачынаецца гісторыя нашай электрастанцыі, з 1870-х гадоў. Комплекс разбудоўваўся, у такім выглядзе сустрэў Першую сусветную вайну, рэвалюцыю. І пасля вайны гэтая электрастанцыя абслугоўвала энергіяй усе будаўнічыя пляцоўкі аднаўлення праспекта Незалежнасці — ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі. Пасля яна стала спартовай пабудовай, якой з'яўляецца і сёння.

— У чым сёння каштоўнасць будынкаў электрастанцыі?

— Па-першае, гэта адзін з нямногіх будынкаў старадаўняй прамысловай архітэктуры, які ацалеў у Мінску. А калі казаць пра старадаўнія электрастанцыі як тып будынкаў, то іх ацалела дзве — нашая і ў Віцебску. Мінская электрастанцыя — гэта таксама ацалелы кавалачак галоўнай вуліцы Мінска канца ХІХ стагоддзя, які захаваўся амаль у нязмененым выглядзе.

— Як вы лічыце, чаму яна ацалела пры пабудове нашага магутнага праспекта? Толькі таму, што выконвала функцыянальную ролю — сілкавала энергіяй?

— Найперш таму, што аўтары генплана пасляваеннай рэканструкцыі Мінска не прадугледжвалі забудову гэтай тэрыторыі. На ўсіх генеральных планах тут прадугледжвалася паркавая зона. Што і было рэалізавана — спартовыя збудаванні ў структуры парка.

— Аргументы людзей, якія ціснуць сёння на руйнаванне станцыі — што яна выглядае як "некалькі хлявоў". Аднак яна выглядала гэтак жа і тады, калі ствараўся праспект. Чаму тыя архітэктары не зруйнавалі "некалькі хлявоў"?

— Бо яе разглядалі як павільён у межах парка, а не як частку праспекта. Мы і бачым — улетку гэты аб'ект амаль не бачны з праспекта, ён патанае ў дрэвах. Каб не парушыць каштоўнасць ансамбля праспекта мы не павінны парушаць тыя прынцыпы, якія былі закладзеныя пры будаўніцтве пасля вайны.

— Калі над станцыяй навісла пагроза знішчэння?

— Калі ў генеральным плане горада гэтае месца было вызначана пад забудову. Я лічу, што гэта была памылка горадабудаўнікоў — гэтая тэрыторыя мусіла заставацца як ландшафтна-рэкрэацыйная зона, якая б гарантавала захаванне культурнага краявіду і навакольных помнікаў архітэктуры ды прыроды.

— Я так разумею, што зараз ёй пагражае канкрэтны аб'ект, які мусіць паўстаць на гэтым месцы — гатэль "Кемпінскі"?

— Сапраўды, было прынятае рашэнне аб будаўніцтве на гэтым месцы шматфункцыянальнага комплексу з гатэлем "Кемпінскі", двума жылымі дамамі і бізнэс-цэнтрам.

— Наколькі я ведаю, было некалькі праектаў гатэлю: першы з іх прадугледжваў знос электрастанцыі. Другі, дапрацаваны, выяўляў гатэль уздоўж ракі, станцыя заставалася. Апошні варыянт зноў прадугледжвае руйнаванне станцыі...

— З тых матэрыялаў, якія мне вядомыя, спачатку былі зробленыя эскізныя распрацоўкі, якія прадугледжвалі знос элестрастанцыі. На памылковасць такога падыходу было ўказана на навукова-метадычнай Радзе Мінкульта. Тады маскоўскія калегі, аўтары праекта, прадставілі адкарэктаваны варыянт, які прадугледжваў частковае захаванне найбольш адметных фрагментаў будынкаў. Што датычыць цяперашняга стану, то нічога не магу сказаць, бо не ўдзельнічаю ў працэсе.

— Паводле праекта, нават пры захаванні станцыі пад ёй хочуць зрабіць паркінг. Ці гэта магчыма тэхнічна — пракапаць паркінг пад гатовым будынкам, каб не пашкодзіць яго?

— Сапраўды, гэта адна са складаных праблем, якая і ставіла пад сумніў захаванне станцыі — неабходнасць размяшчэння паркінга. Але тэхнічна гэта мажліва — і маскоўскія калегі гэта прызналі.

КАМЕНТАР ЭКСПЕРТА

st7Леанід ЛЕВІН: "У нас засталася адна такая электрастанцыя. Іншай няма"

У якасці эксперта мы запрасілі аўтарытэтнага, можна сказаць, легендарнага архітэктара Леаніда ЛЕВІНА. Прасякаешся павагаю да гэтага чалавека, нават коратка пералічыўшы ягоныя праекты — мемарыяльныя комплексы "Хатынь", "Прарыў", "Кацюша", будынак ВДНГ у Мінску, будынак Міністэрства замежных спраў, станцыі метро "Плошча Незалежнасці" і "Няміга", праект дэталёвай планіроўкі праспекта Пераможцаў у Мінску, рэканструкцыя Траецкага прадмесця, помнікі Купалу і Коласу ў Мінску... Леанід Левін успрыняў вестку пра магчымае руйнаванне электрастанцыі і будаўніцтва гатэлю вельмі балюча...

— Мяне хвалюе, што на нашу гісторыю і спадчыну мы глядзім, як вар'яты, якія знішчаюць, знішчаюць і знішчаюць! І будаваць нешта новае ў сталіцы — гэта не значыць усё знішчаць. Мы павінны захоўваць нашу спадчыну — гэта маё крэда. Ніякія грошы і выдатныя ідэі не могуць жыць за кошт нашай гісторыі. Ансамбль праспекта — гэта нашая гісторыя. Тое, што надумаліся рабіць з гатэлем "Кемпінскі", робіцца без ніякай павагі да нашай гісторыі. Магу ў прыклад паставіць Піцер, дзе гараджане падняліся нават супраць мансардаў, якія вырашылі зрабіць на старых будынках. Бо гэта зменіць выгляд горада, знішчыць яго аўру і непаўторнасць. Няхай чыноўнікі памятаюць, што ўсе яны — часова. А гісторыя Мінска — вечная.

— Спадар Леанід, у сваім лісце на імя міністра культуры Паўла Латушкі вы дэталёва, "на пальцах", патлумачылі як архітэктар — што затуліць і сапсуе новы будынак гатэлю. Ці можаце нагадаць?

— Мы "расстрэльваем" Дом афіцэраў — раз. Мы "расстрэльваем" помнік Перамогі — два. Мы "расстрэльваем" ансамбль Плошчы Перамогі — тры. Мы "расстрэльваем" сквер Янкі Купалы... Патлумачу проста. Вышыня цырка — 13 метраў да карніза і 26 метраў да купала. Вышыня жылых дамоў каля цырка (у бок Кастрычніцкай плошчы) — 27 метраў. А вышыня гатэльнага бізнэс-цэнтра — 40 метраў! Гэта значыцца, што ён не проста перавысіць усе існыя будынкі, але і зробіцца цэнтрам увагі і кампазіцыі! Некаторыя кажуць: Эйфелеву вежу таксама спачатку не прымалі, а пасля ўсе палюбілі. Дарагія мае, гэта — не пра нас. Тое, што мы маем, стваралася стагоддзямі — з вялікай адказнасцю. Ніхто з нас, архітэктараў, не мог пайсці на тое, каб парушаць ансамбль. А праспект Незалежнасці — гэта цэльны, гарманічны ансамбль. Які будзе знішчаны гэтым гатэлем.

— Ці маюць будынкі электрастанцыі нейкую каштоўнасць?

— Вядома, маюць! Гэта помнік нашай прамысловай архітэктуры, якіх засталося не так шмат. Тое самае зрабілі на месцы, дзе цяпер стаіць помнік Пушкіну — немаведама навошта знішчылі гістарычны будынак бісквітнай фабрыкі. І што? На гэтым месцы раскаталі газоны і пасадзілі кветкі. Дык вось, гэта кветкі на магіле нашай спадчыны. Тое самае збіраюцца рабіць на вуліцы Кастрычніцкай — руйнаваць гістарычныя будынкі завода "Крышталь". Тое самае адбываецца і тут. Паўтараю, гэта помнік нашай прамысловай архітэктуры. І ён адзін такі! Іншага ў нас ўжо няма. Я вельмі шкадую, што наша ахова помнікаў не ахоўвае нашы помнікі.

— Аднак электрастанцыя знаходзіцца пакуль што ў Дзяржаўным спісе — пад аховай...

— У нас гэта лёгка вырашаецца: здымаецца шыльдачка з будынка, ён выводзіцца са спіса — і руйнуецца. Такіх прыкладаў было дастаткова, у тым ліку і ў Мінску.

P.S.З Бібліі нам вядомы панятак "залатога цяльца". Калі людзі дзеля золата, грошай, забываюцца на ўсё, перакрэсліваюць усе маральныя прынцыпы і паняткі. Зразумела, гатэль прынясе Мінску вялікія грошы — у выглядзе платы за зямлю, падаткаў, турыстаў... Аднак ці павінны помнік архітэктуры, які перажыў за 140 гадоў шмат бяды, стаць ахвярай шклянога гатэля? Ці ў нас так шмат гэтых помнікаў? Выглядае, што чыноўнікаў не надта хвалюе гэтае пытанне...

Тэгі: ,