it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 03

Глеб Лабадзенка, для naviny.by
labadzenkaЦнатлівая стабільнасць саюзнава гасударства зноўку апынулася пад пагрозаю. Пакуль народзец бяжыць у абменьнік, дырэктар менскага аўтобуснага парка № 2 Ігар Журок зьдзейсніў акт нацыяналістычнай расправы над кіроўцам Васілём В.

Васіль В. вывесіў у кабіне свайго аўтобуса № 50 два сьцяжкі — чырвона-зялёны і расейскі. Неабыякавы грамадзянін Алесь Мазанік накатаў цялегу ў аўтобусны парк — кіроўцу прымусілі зьняць абодва сьцяжкі ды пазбавілі 15% прэміі. Уяўляю будучыя загалоўкі на расейскіх сайтах (а можа, яны ўжо і ёсць — трэба зірнуць): “В Минске водителя автобуса лишили премии за российский флаг”.

Думаю, з-за плота так яно і будзе выглядаць. Разгул нацыяналізму ў братняй Белоруссіі, мягкая беларусізацыя і культывацыя русафобства!

На справе ўсё празаічней. На лабавым шкле транспартнага сродка забаронена зьмяшчаць староньнія прадметы, якія могуць перашкодзіць агляду, і стварыць аварыйную сітуацыю, паўплываць на бясьпеку. Таму кіроўцу абавязалі сьцяжкі зняць — а за “парушэньне правілаў экіпіроўкі аўтобусаў” пазбавілі 15% прэміі.

Але, пагадзіцеся, фармулёўка “нахілілі за маскальскі сьцяг” — большы бальзам на душу нацыяналіста і чырванейшая ануча для мясцовых русафілаў і ўласна ўсходніх суседзяў.

Навіна пра такую жэстачайшую расправу шырока разьляцелася па інтэрнэце. Як раптам у камэнтах узьнік нечаканы ракурс. Маўляў, сорам, таварыш Мазанік! Няшчаснага кіроўцу пазбавілі прэміі — а ён радуецца! І парады: пішы сьледам хадайніцтва, каб не пазбаўлялі!

Людзі! На вайне як на вайне! Трэба быць гатовым, што гэта звычайная практыка злодзеяў — прыкрывацца “дзецьмі” і “жанчынамі”. То бок, ты страляеш па расейскім сьцягу ў кабіне дзяржаўнага беларускага аўтобуса — а ўлада выстаўляе пад твае кулі звычайнага мужыка Васіля В. І ты апынаешся паскудам, празь якога пазбавілі прэміі звычайнага дзядзьку!

Гэтак сама пісалі і мне, калі выйграў справу супраць дырэктара ЖЭСа — і таму ўляпілі 500 тысяч штрафа за адмову адказаць на зварот па-беларуску.

На вайне як на вайне! А калі ўлада дае штраф 5 мільёнаў хлапцам і дзяўчатам (ці 5 сутак арышту), якія выходзяць на плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам — ці гэта не такая самая сітуацыя? Калі Сяргея Каваленку кідаюць за бел-чырвона-белы сьцяг у вязьніцу і даводзяць да паўсьмерці — ці гэта ня тая самая сітуацыя? Кіроўцу падабаецца расейскі сьцяг, ім — бел-чырвона-белы. Дык адным 5 мільёнаў, а другому — мінус 15% ад прэміі. А колькі гэта? 50 тысяч? 100? 200?

І кіроўца, і дырэктар ЖЭСа — звычайны электарат, у якога ў галаве поўная каша. Як вы думаеце, за каго галасаваў той кіроўца на выбарах? Думаю, расейскі сьцяжок на шкле ёсьць адказам на гэтае пытаньне. Яўна не за Някляева ці Статкевіча.

А можа, гэтая затрэшчына прымусіць кіроўцу ўпершыню ў жыцьці задумацца, што расейскі сьцяг у ягонай кабіне — нонсэнс? (Зразумела, найбольш верагодны іншы варыянт: калі ён прыйдзе дадому і скажа жонцы, што “бэнээфаўцы гэтыя вапшчэ фашысты”).

Але якая была мэта: спадабацца кіроўцу, настаўляючы яго доўгімі лекцыямі па гісторыі на шлях ісьцінны? Альбо прыбраць расейскі сьцяг з кабіны менскага гарадскога аўтобуса? Якая розьніца, што скажа кіроўца і што ён будзе думаць пра “бэнээфаўцаў” — калі сьцяг у выніку прыбралі, а гісторыя атрымала такі розгалас, што ягоныя калегі таксама не рызыкнуць чапляць расейскія сьцягі на лабавое шкло?

І тут на сцэну выходзяць іншыя камэнтатары. “А вот калі б ён Зімбабвэ павесіў — ці пачаў бы скуголіць пан Мазанік?” Гэта дурное параўнаньне, бо Зімбабвэ не вяла з намі самую крывавую вайну за ўсю гісторыю Беларусі, не ўзрывала Сафійскі сабор у Полацку і ня вешала Кастуся Каліноўскага.

Хоць у мяне ёсьць яшчэ адна версія, чаму той кіроўца-небарака прычапіў на лабавое шкло расейскі сьцяг. Уявіце. Прыехаў у Менск які Пуцін. Ад аўтобуснага парка нумар два прыгналі па разнарадцы пяць адзінак электарату — і раздалі ім тыя сьцяжкі махаць перад царом. (Прынамсі мне ня верыцца, што той кіроўца адмыслова хадзіў па Менску і шукаў, дзе прыдбаць трыкалор). І вось вярнуўся кіроўца дахаты, круціць у руках трафей з таржаства — а жонка яму кажа: выкінь у сметніцу гэтае рызьзё. А яму шкада, ён жа беларус, як гэта — красату цьвятную ды ў сьметніцу выкінуць?!

Для яго той цьвятны сьцяжок — як для вяскоўца лебедзь з пакрышкі ці пальма з пластыкавых бутэлек: красіва і нарадна.

І тады кіроўца нясе тую красату нарадную на працу і чапляе на шкло. Каб красіва было. А тут, на бяду, у аўтобус заходзіць беларускі нацыяналіст…

…А ў сухой рэшце што? Расейскі сьцяг прыбралі, прычым разам з чырвона-зялёным? Хлопцы, пішыце яшчэ!

Тэгі:


Leave a Reply