it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 12

Партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры падтрымцы парталу Tut.by абвяшчаюць конкурс для маладых выканаўцаў. Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс у студыі ў Менску і зьвядзеньне песьні саўндпрадусарам гурта «Океан Ельзи» Ўладам Яруном.

Да ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай BY: усё для старту!» запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросьце 15—25 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост усіх удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз. Музыкам прапаноўваецца абраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і прасьпяваць яго ва ўласнай манеры. Музыка павінна быць аўтарская, сьпевы на чужую музыку і кавэр-вэрсіі не прымаюцца.

«Мы хочам даць шанец выявіць сябе таленавітым маладым асобам і прадаставіць ім магчымасьць для годнага старту. Мы хочам, каб моладзь прасякалася і натхнялася добрай беларускай паэзіяй. Каб маладыя людзі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыцьцём з усімі», — кажуць завадатары конкурсу мэцэнат Павал Бераговіч і кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Песьня павінна быць запісана ўжывую ў рок-стылістыцы ў яе шырокім разуменьні (поп-рок, брыт-поп, бард-рок, інды-рок, арт-рок, джаз-рок). Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы, складзенае з маладых і пасьпяховых творцаў, а таксама аўтарытэтных паэтаў і музыкаў. У склад журы ўвойдуць: сьпявачка Паліна РэспублікаВіктар Рудэнка (сьпявак, кампазытар, лідэр гурта Rostany), музыка і актор VinsentАлесь Кот-Зайцаў (вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance), Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурта Tonqixod),Віталь Рыжкоў (паэт), Алесь Дземідзенка (Re1ikt), Рома Жыгараў (Akute), Алег Хаменка (старшыня журы), Улад Ярун (старшыня журы).

У заяўку з пазнакай «Засьпявай BY» неабходна ўкласьці:

  1. Анкету з пазнакаю: імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон удзельніка. Калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца зьвесткі ўсіх яго ўдзельнікаў. 
  2. Дэма-запіс адной (!) песьні ў аўдыё-фармаце слухабельнай якасьці.
  3. Фотаздымак выканаўцы ці гурта.

Прымаем заявы на email12tuzin@gmail.com да 1.05 уключна

Падвядзеньне вынікаў адбудзецца да 14 траўня 2014 году. Імёны пераможцаў будуць абвешчаныя на сайце суарганізатараў конкурсу — парталу Tut.by i Tuzin.fm, а таксама на рэсурсах інфармацыйных партнэраў праекту.

Пераможца атрымліваюць у якасьці прызу Гран-Пры «Стартавы пакет», у які ўключаны:

— Аранжаваньне, запіс у студыі ў Менску і зьвядзеньне песьні ўкраінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі») пры ўдзеле прафэсійных музыкаў

— Прэм’ера песьні ў выглядзе інтэрнэт-сынглу на рэсурсах-партнэрах праекту

— Рассылка па беларускіх радыёстанцыях

— Магчымасьць прадставіць песьню ўжывую на адным з канцэртаў у Менску

Адмысловы прыз журы: прафэсійны камплект абсталяваньня пачатковага ўзроўню Focusrite Scarlett Studio. Па рашэньні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі.

Прысьпеў час ствараць новую клясыку!

Tuzin.fm

Тэгі:


Leave a Reply