it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 21

падрыхтавала да друку Таццяна Шапуцька, Новы  Час

«Новы Час» раней друкаваў урыўкі з дзённіка палітвязня Ігара Аліневіча, напісанага ім у турме КДБ. Цяпер мы вырашылі апублікаваць дзённік цалкам, такім, якім палітвязень перадаў яго на волю.

28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Адзін з людзей у чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем». Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк, плэер… Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес і здаецца, што гэта сон…

 

…Мяжа з Беларуссю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, аперацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: «Больш такой х… не падкідвайце». «Вядома, за намі доўг, мужыкі», — адказваюць тутэйшыя. Кранаемся з месца. Пачынаюць з пагрозаў: «Ты зразумеў, што сказаць трэба? Ці заедзем у адно месца для тлумачэнняў?» «Так зразумеў-зразумеў, — адказваю я, — чаго ўжо тут…» Ага, як жа. Трэба мабілізавацца, засяродзіцца на адной праўдзе: «Не вер, не бойся, не прасі…»

 

«Ужо 20.30, заязджай». Ляснула брама, машына заехала. На вачах па-ранейшаму шапка. Я цалкам дэзарыентаваны. Заводзяць у кабінет, садзяць на крэсла, тварам у стол, на шыю апусцілася рабро чыёйсьці далоні. Наперадзе самая доўгая ноч у маім жыцці…

 

«Ігар, давай пагаворым з табой як чалавек з чалавекам», — пачуў голас насупраць.

 

«У такім становішчы людзі не размаўляюць», — я сам здзівіўся свайму голасу. Мабыць, яны не чакалі супраціву і на некаторы час замарудзіліся.

 

— Якія навіны ў інтэрнэце? Нікога не выкралі? Дрэнна працуеце. Пра вашага «казачка» было вядома загадзя. Мы падрыхтаваліся.

 

Адчыніліся дзверы, нехта сказаў: «Сапраўды, ужо вісіць на сайце». Няёмкая паўза. Усе, а іх было трое ці чацвёра, выйшлі. Вярнуліся дазнавальнікі.

 

— Ты наіўны. Ты думаеш, у цябе ёсць сябры? Табе ўсе здрадзілі, а ты падазраваў не таго! Бралі зморам. Я засынаў шмат разоў і прачынаўся; як толькі адчувалі стомленасць, адразу ўзмацнялі ціск. У ход ішло ўсё: пагрозы, ліслівасць, шантаж, разважанні пра бессэнсоўнасць барацьбы, сумневы ў бок таварышаў, упор на эгаізм і г.д. Я не ведаў, колькі часу прайшло. Ён перастаў існаваць… «…Закіну ў хату да скінхэдаў! У нас ёсць адмысловая скінхата!.. Ты — прыгажунчык, такіх у турмах любяць… Цябе яшчэ не білі нармальна… Навошта табе гэта? Жыў бы як усе. Яшчэ ёсць магчымасць!.. Ты займаешся каратэ? Ты супярэчыш сваім прынцыпам, бо яно іерархічнае!.. Ты баішся ўзяць, ты — баязлівец!.. Ты сядзеш. Пытанне вырашанае. Толькі вось на пяць ці дзесяць гадоў, вырашаць табе… Я б даў табе 12, не, нават 20 гадоў. Я тэлефаную тваёй бабулі. Хай даведаецца пра цябе ўсё… Табе ніхто не нойме адваката… Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?» Я ўключаўся толькі, каб сказаць: «Не ведаю, не быў», і зноў сыходзіў у бяспамяцтва.

 

Другое правіла гаворыць: «Не бойся». Хто спалохаўся — ужо пераможаны. Варта паказаць страх — і ты на кручку. На некаторы час знялі шапку. За сталом сядзеў толькі адзін: «Эх, добры ты хлопец. Інжынер, здаровы лад жыцця вядзеш, спортам займаешся. Нельга так сябе марнаваць. Я ж і сам разумею, што вы шмат чаго правільна кажаце, вось толькі рэалізацыя… А можа, ну яго, усё гэта?»

 

Зноў начапілі шапку на вочы. Прыйшоў нехта новы. Ён не стаў усебакова распрагаць, а з адборнымі фразамі і спецыфічным тонам стаў уціраць — маўляў, якое ж ты «сцыкло». …Зноў чаканне. Жудасна хацелася піць і карцела стрэльнуць цыгарэтку. Але я ведаў, што гэтага рабіць нельга. Любую просьбу трэба ставіць у фармат патрабавання. Трэцяе правіла — «не прасі». Любая просьба робіць псіхалагічны клімат мякчэйшым, і мажліва, менавіта гэтая кропля будзе канчатковай, каб пераважыць чашу шаляў на іх карысць. Знялі шапку, прынеслі ежу. Оперы сядзяць патухлыя, вычарпаныя. Чагосьці чакаем вельмі доўга. Праз маленькую фортку прабіваецца святло. Значыць, ужо дзень. Раптам уздымаюць. Зноў калідорамі, лесвіцамі, кароткім пераходам па ўнутраным дворыку, міма мноства кабінетаў з шыльдачкай «ідзе допыт». Заводзяць да следчага. Тут жа адвакат. Усё культурна. Уручаецца ордэр на арышт па абвінавачванні ў акцыі ля Акрэсціна. Пачынаецца допыт, на гадзінніку 16.00. У іх лапах ужо суткі. Дазнанне доўжылася 19 гадзін. Нарэшце знялі кайданкі… Гэта чароўнае адчуванне свабоды паварушыць рукамі…

 

Ператрус. Адабралі рэчы, «адшманалі» берцы, далі нейкія тапкі даваенных часоў. Ужо не вытрымліваю, засынаю прама на лаве ў адстойніку. Паднімаюць, вядуць у вялікі круглы хол з масіўнымі сценамі. Вузкая лесвіца на другі паверх. Адчуванне, што трапіў у нейкі сімбіёз супрацьядзернага бункера і калізею. Гарызантальная рашотка закрывае ўвесь праём з другога паверха на першы. У сярэдзіне — цэнтральны пульт з тэлефонам. Канваір вядзе мяне ўздоўж дзвярэй, адна за другой, па крузе. У руках у мяне матрац, падушка, прасціны. Спыняемся, адчыняюцца дзверы №3, і я заходжу ў камеру. Нікога. Два жалезных «шканары» з жорсткімі прутамі, дзве табурэткі, уманціраваныя ў сцяну. Такі ж стол. У кутку пластыкавае вядро з вечкам. На тумбачцы стаіць паднос: бульба, селядзец, сок. Маленькае акенца з выглядам на цагляную сцяну за падвойнымі кратамі ў выглядзе напысніка звязвае са знешнім светам. Дзверы з ляскам захлопваюцца. Падаю на матрац ды імгненна падаю ў сон.

 

Прачнуўся ад таго, што ў камеру ўвайшоў старшы прапаршчык і запатрабаваў даклад. «У камеры адзін чалавек, лістоў і заяў няма, шпацыр — 1 гадзіну. Дзяжурны па камеры Аліневіч», — так гучала кожны дзень. Цягнуліся гадзіны… Заняцца было рашуча няма чым. Дзікі холад і скразняк, але захутацца коўдрай нельга. Для тых, хто трапляе сюды без цёплых рэчаў — гэта катаванне. Асабліва адчуваецца адсутнасць абутку. Ногі прадзьмувае ў любых шкарпэтках, нават вязаных. Дапамагае толькі ўкручванне стоп у швэдар. Але гэта — дробязі. Самае важнае — вакол пастаянная цішыня, адсутнічае час. Часам даносяцца крокі, рыпанне наручнікаў, ляск «кармушак» (вертыкальнае вакенца ў дзвярах для падачы ежы), «маяковыя» апавяшчальныя ўдары ў дзверы, свіст і шэпт кантралёраў (яны не размаўлялі!).

 

За некалькі дзён пачынаеш лавіць і распазнаваць любыя гукі. У суткі кармушка адчыняецца некалькі разоў: сняданак, абед, вячэра, лекі. Дзверы адчыняюцца 4 разы: раніцай і ўвечары ў прыбіральню, яшчэ раніцай на абыход дзяжурнага, адзін раз на шпацыр (калі ёсць). І так месяцамі, у некаторых гадамі з кругласутачным люмінесцэнтным асвятленнем.

 

Поўная невядомасць, дзе я і што далей. Гадзіннік забралі. Дні змяшаліся… Прачынаешся і засынаеш, не ведаючы, ні як доўга спаў, ні часу сутак.

 

Што такое прытомнасць арыштанта ў першыя дні? Гэта — рой крэатыву ўяўлення пад каталізатарам падсвядомага жывёльнага страху. Толькі сталыя фізічныя практыкаванні прыводзілі ў пачуццё рэальнасці. Ізаляцыя… Як гэта? Жыццё чалавека сплятаецца з тысячы сацыяльных нітак: зносіны, абавязацельствы, планы, праца, нават салата ў халадзільніку — усё мае нітачку ў нашай свядомасці. І ў адзін момант ты пачынаеш вылузвацца з гэтага трывалага насцілу. Не адразу, а паступова. Раптам узгадваеш пра нейкія справы ад больш аператыўных да менш, розум пачынаецца як бы ўздрыгваць, кідацца, што трэба нешта рабіць. Ты спрабуеш ухапіцца за ніткі, не выпусціць, неяк увязаць па-новаму, але замест гэтага губляеш адну за адной усе і падаеш у бездань пустэчы. Гэта яшчэ не самае страшнае: тут хоць бы бачыш, што страціў.

 

…У гэтым апраметным вакууме першая перадача і першы ліст ад блізкіх — як прамень святла прабівае змрок і абпальвае цяплом. Памятаю, як выцягнуў з пакетаў цёплыя шкарпэткі і шарсцяную коўдру. Захутаўся ў яе і тут жа праваліўся ў сон з адчуваннем дома і бацькоўскага клопату…

 

«…У мяне ёсць пра што з вамі пагаварыць», — сказаў сівы, але моцны палкоўнік з 4-га аддзялення КДБ. З акна самага далёкага кабінета адкрываўся раптоўны від начнога горада, цэнтральнага праспекта Мінска. Не паверу, што пасля камеры на кагосьці гэта не зрабіла б уражання. Так блізка, і так далёка, даўжынёю ў гады… Гарбата, печыва, пернікі,