it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 27

Вользе Паўлюкевіч 17 гадоў. Вось што яна піша пра сябе:

Я (як было ў Зуёнка) – філфакаўка, студэнтка філфака БДУ. Сябры гавораць, я падобная да сланечніка – ці то вяснушкамі, ці то ўсмешкай. А я пішу вершы і, як гераіня аднаго савецкага фільма, “спадзяюся калі-небудзь напісаць добрыя”.

З дазволу Вольгі выстаўляю яе вершы на ваш суд. Не палянуйцеся пракамэнціць — думаю, вашае меркаваньне будзе важным для аўтаркі.

* * *

Здарайся са мной
Як мага часцей –
Галоўны з усіх маіх выпадковых.
Прынось мне кішэні, мяхі
Вясцей
І радасць маю,
Як сваю захоўвай.
Я буду чакаць,
Як чакае свет
Сігналу рассыпацца на аскепкі.
Прыходзь і здарайся.
Здарайся ледзь
Не кожную раніцу панядзелка –
Якраз да другой мне.
І будзь маім
Пачуццем,
І чвэрці не разумеючы.
Я буду гарбатай цябе паіць,
А ты –
Ганарыцца уласнай веліччу.
Здарайся са мной
На хвіліну,
Ці
Ніколі не крыўдзі сваім з’яўленнем.
Ты можаш стаць лепшым ва ўсім жыцці,
А можаш
Навекі застацца ценем.
Я буду належаць табе,
Калі
Ты спынішся побач у хуткім часе.
Інакш –
Нават сэнсу няма паліць.
Я ўсё ж спадзяюся,
А ты –
Здарайся.

* * *

Свет пачынаецца з мары,
Як ручай пачынаецца
З кроплі,
А самая добрая казка –
З попелу.
З ветлівага “Дабранач”
(і да самае раніцы) –
Думкі.
А з верагоднае пасткі –
Рухі.

Жыць можа – толькі каханнем,
Быццам знянацку спатканым.

Кветка жыве – промнем,
Народ – тым, што можа помніць,
Неба жыве громам,
А чалавек – комам
У горле.

Свет пачынаецца з мары,
З жадання дзяліцца любоўю
На практыцы.
Свет маленькі ў маштабе
Галактыкі.
Усяго толькі шарык.
Можа,
Гэта і вабіць
Кожнага?


* * *

Закрэсліць –
ад слова крыж,
і я закрыжую дні свае.
Я шмат патрабую звыш
таго, што даецца вышнімі.
Як быццам багацце слоў
з’яўляецца пакараннем.
Закрэсліць –
ад слова кроў
з Галгофай у параўнанні.
У сэрца –
свае цвікі,
каб стала раскрыжаванай.
Закрэсліць –
ад слова кпіць…
Або лекаваць заганы.

***

Не атрымліваецца змагацца,
Ведаеш.
Ды й ці трэба?
Ўсміхнешся – й жыццё прасцей.
Гэты свет за стагоддзі так звар’яцеў,
Прамінуўшы ўжо шляху свайго сярэдзіну…
Ён жыве, мабыць, толькі адным
“Хутчэй!”.
Я яго не спыняю, бо як тут спынішся.
Спадзяюся,
Ён некалькі слоў пакіне мне –
І не болей:
Астатняе не ўцячэ.

* * *

Ва ўсіх людзей аднолькавыя сны
У прадчуванні хуткае вясны.

* * *

Каб даслужыцца да вялікіх зорак,
Знасіць патрэбна безліч гімнасцёрак.

* * *

Для тых, хто і ў выпрабаваннях не страчвае веры,
Пан Бог адчыняе нарэшце наступныя дзверы.

* * *

Я магла б, як Матфей, уладарыць радкамі,
Толькі Бог, а не я, словы ў свет выпускае.

Тэгі:


10 Responses to “Вольга Паўлюкевіч. “Здарайся са мной як мага часцей…””

  1. 1. kabierac Says:

    Супер!

  2. 2. Вольга Н. Says:

    Такая маладзенькая — а ўжо студэнтка?.. Малайчынка) А вершы вельмі шчырыя, напоўненыя радасцю адкрыцця.

  3. 3. цыля Says:

    Паэзія ў вершах — яна або ёсьць, або яе няма. Тут яна ёсць. А ўсё астатняе — прыкладзецца: няхай тэхніка пакуль небездакорная, але гэта ў такім узросце неістотна. Галоўнае — паэт нарадзішся! Поспеху табе, дзяўчынка-сонейка!

  4. 4. Vadzim Says:

    Цудоўныя вершы. Зычу поспехаў, малойца!!!

  5. 5. Khavanski Says:

    Мая былая аднакласніца 🙂

  6. 6. Мiкалай С. Says:

    спадабалася 🙂

  7. 7. Гануля Says:

    Цудоўныя вершы…

  8. 8. Уладзімер Says:

    10+!!!

  9. 9. Ёжик Says:

    Прыгожыя. Падабаўся першы верш, больш за астатнія. Асабовы

  10. 10. Oli Oli Says:

    мне таксама падабаецца першы верш!У ім шмат пачуццяў 🙂

Leave a Reply