it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 09

Чарговае пасяджэнне Рады пры Міністэрстве культуры прайшло эмацыйна і напружана: “Мінская спадчына” прасіла дазволу зруйнаваць будынак 1817 года

надрукавана ў “Звяздзе” ад 10 красавіка

Так выглядаў дом у 2007 годзе

А так — цяпер, калі за яго ўзялася “Мінская спадчына”

У папярэдніх артыкулах, прысвечаных праблемам мінскіх помнікаў архітэктуры, мы распавялі прыкры выпадак. Будынак 1817 года па вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў Мінску апошнія некалькі гадоў стаяў занядбаны. Некалі гэта было пажарнае дэпо, пасля — дэпо першай мінскай конкі. Не так даўно тут месціліся археалагічныя майстэрні. Пару месяцаў таму будынак сабралася рэканстуяваць прадпрыемства “Мінская спадчына”. І найперш, не маючы аніякіх дазволаў… зняло з будынка дах. Любы чалавек уявіць, што адбылося далей — двухсотгадовы помнік архітэктуры стала заліваць дажджом і талым снегам… А ў мінулую сераду галоўны інжынер “Мінскай спадчыны” Міхаіл Жых звярнуўся да сяброў Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры з просьбай… дазволіць “разабраць” будынак. Маўляў, аварыйны стан, захаваць немагчыма. Што гэта значыць, усім зразумела — папярэдні помнік архітэктуры на вуліцы Рэвалюцыйная, 24а “Мінская спадчына” разбірала экскаватарам.

Сябры Рады, неабыякавыя да спадчыны людзі, успрынялі пытанне эмацыйна. Калі старшыня Рады, намеснік міністра Віктар Кураш спытаўся, а дзе падзеўся дах будынка, навуковы кіраўнік Аляксандр Кропатаў, не міргнуўшы вокам, стаў выкручвацца:

— Ну, разумееце, там гэта…, ну… снег прадушыў дах — і, каб пазбегнуць абрушвання, давялося яго разабраць…

Хтосьці з сяброў Рады захіхікаў, хтосьці пачаў голасна абурацца. Бо ўсе ведалі, што гэта — хлусня. Будынак стаіць у цэнтры Мінска, ва ўсіх на вачах. І ёсць фотаздымкі, што перад незаконным зняццем даха ніякіх абрушванняў ці дзірак у ім не было. Таму размова з “Мінскай спадчынай” перайшла на падвышаныя ноты.

— Далейшае існаванне будынка немагчымае, ёсць тэхнічнае заключэнне пра аварыйны стан. Таму прашу вас дазволіць разборку будынка. Фізічны стан падмурка не дазваляе пракласці там камунікацыі… — прасіў галоўны інжынер “Мінскай спадчыны” Міхаіл Жых.

— Пачакай, пачакай, — перапыніў таварыша Жыха галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін. — Як бы вам гэта ні было сумна і не хацелася гэтага рабіць, я выкажу сваё меркаванне. Дом № 8 захавайце. І не трэба расказваць казкі кшталту “гэта вельмі складана”. Дык што, зачысціць усё і збудаваць нанова?! Думайце! Думайце!! Вам ставяць задачу: захаваць! І думайце, як гэта зрабіць!

— Віктар Дзмітрыевіч проста зняў у мяне з языка… — умяшаўся намеснік міністра спадар Віктар Кураш. — Такое адчуванне, што вы ў гэтым горадзе не жывяце! У вас да ўсяго адзін падыход: разабраць і нанова пабудаваць…

— Усе павінны ўваходзіць у вашае становішча, — працягваў спадар Нікіцін. — Трымайце! А то — гэта вы не можаце ўтрымаць, тут глыбока, тут нізка, тут бервяно на галаву ўпала… Ідзіце — думайце! Вас што, спадарожнік прымушаюць праектаваць за 30 секундаў? Думайце!! Ідэй не хапае? Дык запрасіце тады каго!

Міхаіл Жых не губляў надзеі атрымаць дазвол на руйнаванне дома:

— Я б хацеў звярнуць увагу на вынікі даследаванняў фізічнага стану пабудоў…

Віктар Нікіцін не стрымаўся:

— Магчыма, я буду вельмі катэгарычны, але мы ведаем, як гэта ўсё робіцца. Усё вельмі проста: як замовіш — так і зробяць. Хочаш адмоўнае — атрымаеш адмоўнае, хочаш станоўчае — табе зробяць станоўчае заключэнне. Вы кажаце, глыбіня камунікацыяў 5 метраў? Калі мы будавалі гатэль “Еўропа”, высветлілася, што два суседнія будынкі проста вісяць у паветры. Ну і што, запрасілі метрабудаўнікоў, зрабілі ахаладжэнне, сцяжкі… А што нам было, кансерваторыю разбурыць?! Таму я вам паўтараю: восьмы дом трымаць! У нас у гэтай частцы горада ўжо мала чаго старадаўняга засталося, а вы правакуеце на разборку!..

Намеснік міністра Віктар Кураш падвёў рысу, звяртаючыся да навуковага кіраўніка аб’екта Аляксандра Кропатава.

— Аляксандр Мікалаевіч, ніводнага кроку па разборцы будынка каб не было!.. Каб пасля не паставілі перад фактам, што нешта завалілі, што можна было захаваць.

— Вельмі цікава, які ў “Мінскай спадчыне” ўвогуле працэнт разборкі і захавання будынкаў, а які працэнт навабудаў?! — рытарычна запытаўся ў М. Жыха старшыня Грамадскай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч. Пытанне засталося без адказу.

— Віктар Іосіфавіч, — звярнуўся Анатоль Бутэвіч да Віктара Кураша, — звярніце ўвагу, хто зняў дах, не маючы на гэта дазволу. Дзе ж будынак не стане аварыйным, калі ён без даха стаіць ужо паўзімы!.. Чаму ідзе падмена паняццяў? За каго яны нас прымаюць?!

— Хачу нагадаць, што заключэнне аб аварыйным стане — гэта не рэкамендацыя да разборкі, гэта — рэкамендацыя да ўмацавання канструкцый! — паведаміла намеснік начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аксана СМАТРЭНКА. — Мы разглядалі матэрыялы і лічым, што будынак можа быць захаваны пры пэўных захадах па ўмацаванні.

Віктар Кураш даручыў Упраўленню ўзяць пытанне, даслоўна, “на асаблівы, штодзённы кантроль”. Парадаксальна, але Міхаіл Жых так да канца пасяджэння і працягваў угаворваць Раду дазволіць яму “разборку” будынка. Рада засталася непахіснай. І, дзякаваць богу, “Мінская спадчына” абавязаная выконваць рашэнні Рады.

Тэгі:


3 Responses to ““Вам задача — захаваць будынак. Думайце!””

  1. 1. Кім Says:

    Ні халеры яны не захаваюць. Увесь ніжні горад, увесь верхні горад ужо пазнесены, хутка чарга старэйшага менскага будынку. Харашо ідзем, палет нармальны.

  2. 2. tamaszevicz Says:

    Правільна! “Мінская “спадчына” выглядае як ідыёты – асабліва Жых, які, як ты цудоўна напісаў, “просіць” разабраць будынак, маўляў, нам цяжка :))))
    Вось, цікава, можа кадравыя зьмены ў “Мінскай спадчыне” прымусяць нарэшце іх працаваць нармальна? Прапаную зьняць Жыха і яго атачэньне з пасадаў…

  3. 3. Аляксей Says:

    Пад будынкам напэўна авіябома з часоў вайны ляжыць. І яна выпадкова выбухне. Але ніхто на загіне і нават ня буде паранены. А будынак будзе разбураны.
    Ці можа сланапатам на яго выпадкова наступіць…

Leave a Reply