it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 08

+ артыкул пра гэта ў "Звяздзе"

001

Палац Радзівілаў у Бэрліне

002

Гравюра 1830-х гадоў

Bild 183-2005-1017-526

Часы Рэйхсканцылярыі Гітлера. Палац -- на заднім пляне

003-1

Схема Вільгельмштрассэ часоў Гітлера. Палац -- дом №77

004

Руіны палацу ў 1945 годзе

005

Так сёньня выглядае месца, на якім стаяў палац Радзівілаў у Бэрліне

006

Таблічка з назвай вуліцы

Спецыяльны карэспандэнт “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА высветліў у Берліне, што звязвае нашых князёў, нямецкага канцлера і Ёгана Вольфганга Гётэ

Цяпер у Берліне – пара перадкалядных кірмашоў. Тлум, смех, цукеркі і глінтвайн. На Аляксандр- пляц заліты каток вакол фантана, а з дынамікаў гучыць класічая музыка. Ты міжволі згадваеш каток на Кастрычніцкім пляцу ў Мінску з ягоным “умца-ца”. Сэнс адзін, начынне рознае.
На гэтых кірмашах мне асабліва спадабаўся глінтвайн – гарачае віно са спецыямі. Яго прадаюць у спецыяльных сувенірных кубачках. Залогавы кошт кубачка – 2,5 еўра. Можаш вярнуць – і забраць грошы, а можаш пакінуць на памяць. З цукерак і салодкасцяў запомніліся “Шакаладныя яблыкі”. На драўляную палачку насаджваецца сапраўдны спелы яблык, абліваецца шакаладам – і калі ласка, пачастунак за 3 еўра! Элементарна, але цікава і смачна.

* * *
Перад Брандэнбургскай брамай стаяць два “жаўнеры” – савецкі і амерыканскі, якія сімвалізуюць колішніх міратворцаў. З жаўнерамі можа сфоткацца любы ахвотны. Нечакана “савецкі” жаўнер звяртаецца да мяне па-руску. Высвятляецца, што Джамбулат -- дагестанец, жыве ў Берліне ўжо 10 гадоў, вучыцца на актора, а тут – падпрацоўвае ў фірме па арганізацыях святаў. “Амерыканскі” жаўнер апынаецца пялкам Патрыкам. Ты размаўляеш з імі па-польску і па-расейску і думаеш пра шматпалярны, мяшаны сённяшні свет: у Берліне расійца іграе дагестанец, а амерыканца паляк, а ты, беларус, гамоніш з імі пра жыццё і навіны.

* * *
Каля колішняга рэйхстагу – сучасныя будынкі з офісамі нямецкіх дэпутатаў. Усе сцены – празрыстыя. Тэлеаб’ектыў перадае табе адуванне чалавека, які падглядае з вакна суседняга дома за жаночай лазняй.
Вось цёцечка правярае электронную пошту, вось дзядзечка засяроджана нешта друкуе, іншы тэлефануе некуды, ходзячы з мабільнікам туды-сюды па пакоі. Ты не знаходзіш кабінета Ангелы Меркель і ідзеш далей.

* * *
Перад Музеем Карлсхорст чатыры сцягі – нямецкі, беларускі, украінскі і расійскі. Гэты будынак ствараўся як казіно для вайскоўцаў, тут 8 траўня 1945 года быў падпісаны Акт безумоўнай капітуляцыі фашысцкай Нямеччыны.
За савецкім часам у музеі было паказана толькі савецкае бачанне той вайны. У 90-х гадах, калі паўстала пытанне, што рабіць з музеем, вырашылі не ліквідоўваць яго (а многія выступалі за гэта), а мадэрнізаваць канцэпцыю – і паказаць два погляды на вайну. Сцягі прадстаўляюць тут зацікаўленыя бакі-ўдзельнікі.
З’явілася шмат цікавых для нас акцэнтаў. Напрыклад, асаблівасці хлуслівай фашысцкай прапаганды пачатку вайны. “Уся Еўропа з намі ў змаганні з бальшавізмам!” – цвердзілі нямецкія агітацыйныя плакаты. А ў той Еўропы фактычна ніхто не пытаў.
Спадабалася мне таксама думка, чаму часам савецкім палонным удавалася выжыць у канцлагерах. Бо звычайныя нямецкія жаўнеры разумелі, што калі яны патрапяць у савецкі палон – тое будзе і з імі…

011

Можна тут пабачыць і вусцішныя здымкі, якіх не паказваюць у музеі вайны твайго горада. Вось пяцёра партызанаў стаяць са стрэльбамі напагатове, а перад імі, не адварочваючыся, стаіць “здраднік і вораг”. Праз імгненне пасля здымка партызаны застрэлілі яго. Ты добра ведаеш з аповедаў бабулі Галі, як тое бывала. Двух яе дзядзькоў растралялі самі патрызаны – нехта данёс, што нібыта супрацоўнічалі з немцамі. Хаця яны былі ў брыгадзе, якая пускала пад адхон варожыя цягнікі, якраз прыйшлі з аднаго задання... Пасля ўдава аднаго з расстраляных прыйшла да Ваўпшасава, кіраўніка таго атрада, вядомага злодзея, на рахунку якога шмат чалавечых жыццяў.
-- Не перажывайце, -- сказаў ёй Ваўпшасаў, -- з вас некалі адмыецца гэтая пляма.

* * *
У гандлёвым цэнтры тваю ўвагу прыцягвае незвычайны пірог – ягоная даўжыня роўна 50 метраў. Кухары ходзяць наўкол, падпраўляюць, пасыпаюць цукровай пудрай. Дзеткі дзівяцца, аблізваюцца і просяць бацькоў купіць ім цукерку. Пірог – рэкламная акцыя аднае фірмы, спосаб прыцягнуць увагу.

008

* * *
Што цікавіць цябе найбольш – гэта колішні палац Радзівілаў у Берліне на Вільгельмштрассе. Дакладней, месца, дзе ён некалі стаяў – цяпер тут звычайны шматпавярховік. У гэтым палацы жыў некалі Антоні Генрых Радзівіл, які праславіўся, апроч усяго, як кампазітар. Сябраваў з Шапэнам, Бетховенам і Мендэльсонам. Быў жанаты на прускай прынцэсе Луізе Гогенцоллерн. Іхная дачка Эліза ўвайшла ў гісторыю як першае каханне кайзера Вільгельма І. Бацькі не далі закаханым ажаніцца, Вільгельм перажыў каханую на 53 гады. Аднак да канца жыцца трымаў на століку патрэт Элізы…
Плённым стала сяброўства Антонія Генрыха з Ёганам Вольфгангам Гётэ. Пасля выхаду першай часткі “Фаўста” Антоні быў моцна ўражаны і ўзяўся пісаць оперу. На яе першым праслухоўванні не змог прысутнічаць з-за хваробы сам Гётэ, але прыслаў сына. Пазней Антоні Генрых усё ж зайграў оперу самому Гётэ. Уражаны класік напісаў у мемуарах, што “прыязджаў князь Радзівіл, граў музыку, пасля якой я зразумеў: “Фаўст” павінен быць на сцэне”.
У 1875 годзе палац Радзівілаў набыў нямецкі ўрад, тут жыў канцлер Отто фон Бісмарк. Пазней палац стаў часткай Рэйхсканцылярыі Гітлера. Відаць, гэта і было чорнай меткай – палац быў знішчаны савецкімі войскамі як логава ворага…

010

* * *
У глыбіне плошчы Бебеля ты аглядаеш касцёл Святой Ядвігі. Берлінскія сябры распавядаюць табе, што да фундацыі храма таксама спрычыніліся Радзівілы. Ты думаеш сам сабе, што калі сабраць разам усё, да чаго “спрычыніліся Радзівілы” – атрымаецца паў-Еўропы. І Беларусь будзе займаць там цэнтральнае месца.
На гэтай жа плошчы – найцікавейшы мемарыял спаленым тут за фашысцкім часам кнігам. Выглядае ён як шкляны квадрат у брукаванцы. Заглядаеш пад зямлю – а там пустыя паліцы, пустая бібліятэка… Цікавы мемарыял, бо аўтарам удалося стварыць адчуванне вусцішы мінулай падзеі дзякуючы адсутнасці нечага, а не дзякуючы помніку ў звычайным уяўленні…

* * *
Вось ён – Берлін пазаўчорашні з палацам Радзівілаў, учорашні з канцылярыяй Гітлера і Берлінскім мурам, і сённяшні – з кірмашамі, глінтвайнам і яблыкамі ў шакаладзе. Берлін – згустак гісторыі, горад, які спазнаў кантрасны душ сусветных палітычных завірухаў.
Ты едзеш на аглядным коле на Аляксандр-плац, глядзіш зверху на гарадскія агні, вясёлую моладзь, радасных бацькоў з дзецьмі – і разумееш, што святло так ці інакш перамагае цемру. Усё да лепшага.

P.S. Дзякую за арганізацыю цудоўнай паездкі Інстытуту Гётэ і цэнтру “То4ка-Treff”!

PDF-вэрсыю артыкула можна пабачыць ТУТ

Тэгі: , ,