it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 28

Да свайго хуткага 80-годдзя Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзіў падвойную імпрэзу.

Перадрук Еўрарадыё

Першае — адкрыццё выставы ўнікальных пісьменніцкіх рэчаў, прысвечанай уласна хуткаму 80-годдзю найстарэйшай беларускай творчай арганізацыі. Другое — прэзентацыя календара “Першапачатак”, дзе беларускія аўтары паўсталі ў постацях герояў нацыянальнай міфалогіі.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч кажа, што спачатку планавалі проста прэзентаваць календар, без выставы. Але потым дырэктар музея спадар Алег Рыжкоў прапанаваў стварыць такую часовую экспазіцыю з унікальных асабістых рэчаў нашых класікаў.

Заява Уладзіміра Караткевіча на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў

Барыс Пятровіч: “Вядома, у першую чаргу думалі пра тых, каго сярод нас ужо няма. Гэта Васіль Быкаў, Іван Шамякін… Але падумалі, што варта прадстаўляць і пісьменнікаў, якія апошнім часам забытыя дзяржавай, але якія працуюць і ствараюць. Таму мы таксама ўзялі пэўныя экспанаты з хатніх архіваў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча”.

Тканы пояс, які падаравалі Максіму Танку літоўскія сябры

Пісьмовы камплект Максіма Танка з ягонага старшынёўскага кабінета — паэт узначальваў Саюз пісьменнікаў ў 1966-1990 гадах

Барыс Пятровіч кажа, што некаторыя экспанаты такія каштоўныя, што кожны павінен гэта пабачыць!

Барыс Пятровіч: “Напрыклад, Ніл Гілевіч даў арыгінал паэмы “Сказ пра Лысую Гару”. Я калі б пачуў, што ёсць у музеі такая рэч, я б прыйшоў спецыяльна, каб паглядзець!”

Арыгінал “Сказа пра Лысую Гару”, прадстаўлены Нілам Гілевічам

Нататнікі 16-гадовага Ніла Гілевіча

Цэлы шэраг рэчаў даў для экспазіцыі Рыгор Барадулін. Бадай, многім будзе цікава паглядзець, “чым і на чым” піша свае вершы жывы класік.

Барыс Пятровіч: “Унікальныя экспанаты даў Рыгор Барадулін. Свае першыя запісныя кніжкі, асадкі, і машынку, на якой ён друкаваў свае рэчы…”

Пісьмовы прыбор Рыгора Барадуліна, выкананы майстрам Генадзем Асташонкам

Нататнік і асадка Барадуліна

Друкарка Барадуліна

Некалькі экспанатаў перадала для выставы ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна. Ад рукапісаў да вельмі мілага кішэннага ліхтарыка.

Барыс Пятровіч: Там ёсць арыгінал запісаў да “Доўгай дарогі дадому”. Ёсць дыпламатычны пашпарт Васіля Уладзіміравіча. Ёсць пасведчанне ўдзельніка вайны Васіля Быкава… Там ёсць фігурка  сімвал прэміі, прысуджанай яму Літаратурным фондам. Ёсць кніга, выдадзеная гэтым Літаратурным фондам…”

Паштоўка народнага пісьменніка Янкі Брыля народнаму пісьменніку Васілю Быкаву

Кішэнны ліхтарык Васіля Быкава

Дыпламатычны пашпарт Васіля Быкава

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў кажа, што на гэтыя рэчы ўжо “паклалі вока” музейшчыкі.

Барыс Пятровіч: “Вядома, усе гэтыя рэчы  яны ўжо музейныя. І павінны захоўвацца ў музеі. Пакуль што мы іх вернем у сем’і, канешне. Але музейных работнікаў гэтыя рэчы, канешне, вельмі зацікавілі”.

Членскія білеты Саюза 1930-40-х гадоў

Што да календара “Першапачатак”, то яго ідэя належала паэтцы Ірыне Хадарэнка, а рэалізаваў задуму паэт і фотамастак Валер Дубоўскі. Сама Ірына Хадарэнка паўстала на адным са здымкаў у вобразе Русалкі, якая выходзіць з вады.

Валер Дубоўскі: “Ірыну мы ў ваду не піхалі! Мы проста паставілі так ля вады, каб быццам бы з вады! А там далей  трава ўсё закрывала. Ну а далей  крышку фантазіі і крышку-крышку камп’ютара”.

Паэтка Ірына Хадарэнка паўстала ў вобразе Русалкі

Яшчэ з кур’ёзных выпадкаў Валер Дубоўскі прыгадвае фотасесію паэтаў Віктара Жыбуля і Сержука Сыса ў вобразе чарцей.

Валер Дубоўскі: “Чэрці на старым млыне ў Заслаўі мерзлі, бо была папросту дубарына, а яны былі лёгка апранутыя! Бо трэба было здымацца ў той вопратцы, якую знайшлі пад вобразы. Яны мерзлі, але мужна здымаліся. Больш за тое, крышку пасінелыя рукі і насы  гэта якраз было чарцям добра. І мы нават не ўмешваліся ў карцінку на камп’ютары, бо для чарцей гэта падыходзіць!”

Паэты Віктар Жыбуль і Сяржук Сыс зрабіліся Чарцямі

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паўстаў на календары ў вобразе Дамавіка — лагоднага дзеда ў вышыванцы.

Валер Дубоўскі: “Вобраз Барадуліна і Дамавіка склаўся сам. Дзядзьку Рыгору цяжкавата хадзіць, ён апошнім часам збольшага сядзіць дома. І таму я прапанаваў зрабіць Дамавіка  бо ён сядзіць дома ў прамым сэнсе! Піша, піша, думае… Адна наведвальніца выставы заўважыла, што ягоны Дамавік атрымаўся філосафам. Я кажу: а чаму вы вырашылі, што беларускі Дамавік павінен быць прыдурачкам такім? Якраз філосаф!..”

Дамавік Рыгор Барадулін

Выстава будзе працаваць да 8 снежня — і ў гэты час унікальныя экспанаты можа пабачыць кожны ахвочы. Нагадаем, што Нацыянальны гістарычны музей месціцца па вуліцы Маркса, 12. Рэжым работы: ад 11.00 да 19.00 без выхадных.

Тэгі:


Leave a Reply