it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 23

00066rtb
Цяпер спектакль называецца “Translations” (“Пераклады”)
І аўтар не Янка Купала, а ірландскі драматург Брайан Фрыл. У астатнім сэнс той жа.
Як памятаем, ідэя “Тутэйшых” была ў тым, што жывуць тут сабе тубыльцы-беларусы, да якіх па чарзе прыходзяць захопнікі – то немцы, то палякі, то расейцы. І кожны лезе ў наш манастыр са сваім статутам, кожны навязвае свае правілы, мову і парадкі. І знаходзяцца між тубыльцаў-беларусаў ашавуркі-падсцілкі кшталту Мікіты Зносака, які лёгка згаджаецца быць Нікіцеім Зносіловым.
…У “Translations” у вас не аднойчы будзе ўзнікаць дэжа-вю да геніяльнай п’есы Купалы. Толькі ў ролі беларусаў тут ірландцы са сваёй “птушынай мовай”, а ў ролі захопнікаў – ангельскія каланісты, якія не могуць вымавіць назвы мясцовых рэк і вёсак, і таму перайначваюць іх на свой капыл.

Сярод мясцовых знаходзіцца хлопец Оўэн, які пажыў у Дубліне і “акультурыўся”, вывучыў англійскую. І за трыццаць срэбранікаў (а дакладней, усяго 2 шылінгі за дзень) робіцца перакладчыкам і памочнікам ангельскіх жаўнераў, якія, здаецца, усяго толькі складаюць мапу мясцовасці. Але на справе гэтая мапа знішчае старадаўнія ірландскія назвы, знішчае мову і памяць мясцовага насельніцтва. Самога ж Оўэна ангельцы называюць Роландам. Ім так прасцей. А Роланд-Оўэн асабліва не супраць – абы б плацілі, хоць чыгунком называйце.
І тут, на фоне нацыяналістычнай трагедыі ўзнікае амур-тужур: мясцовая дзяўчына закахалася ў жаўнера Джона. І той жаўнер нават, апантаны каханнем, збіраецца вывучыць ірландскую мову. Бо яны ні чарта адно аднаго не разумеюць. Аднак, як можна здагадацца, маладым хлопцу і дзяўчыне моўныя перашкоды актуальныя да часу, пакуль яны не застаюцца сам-насам.
Карацей, нехта з мясцовых, выглядае, грохнуў таго Джона: няма чаго, маўляў, нашых дзевак псаваць. І тут ангельскія жаўнеры выяўляюцца не проста складальнікамі мапы. Начальнік кажа: “Калі цягам сутак вы не дапаможаце мне адшукаць Джона, мы пачнем страляць ваша быдла, калі не знойдзем праз двое сутак – руйнаваць вашыя хаты”.
І тыя ірландцы, зусім як партызаны-беларусы, думаюць сабе: скулля табе, а не нашыя хаты – спачатку хаваюць у лесе кароваў-коней, а пасля падпальваюць намётавы лагер ангельцаў.
Рэжысёр спектакля, мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін узмацніў паралелі. Карэннае насельніцтва размаўляе па-беларуску (гэта -- “ірландская” мова), а захопнікі – па-руску (гэта – “ангельская”).
Трэцяя мова спектаклю – каларытная трасянка, на якой гавораць многія беларусы, мяркуючы, што размаўляюць на “великом и могучем», стараючыся дагадзіць новым «гаспадарам».
Калі не ведаць гісторыі – што спектакль апавядае пра рэальныя падзеі ў Ірландыі – можна было б падумаць, што Брайан Фрыл напісаў сваю п'есу, пабываўшы ў Беларусі. Аднак вам вырашаць – ці настолькі ўжо выпадковыя супадзенні і паралелі. Ці мне проста падалося.

P.S. Прэм'ера “Translations” была 23 снежня, наступныя паказы – 24, 29 снежня, 13, 14, 31 студзеня.


надрукавана ў "Звяздзе" ад 24 сьнежня

Тэгі: ,