it cz lt rb
ua fr pl en
se by
May 30

Княгіня Эльжбета Радзівіл: “А вось тут быў уваход у падземны ход!”
Скончыўся чатырохдзённы візіт князёў Радзівілаў у Беларусь

Трэці дзень знаходжання князёў Радзівілаў у Беларусі быў музейны. Праграма шчыльная – з дакладнасцю да пятнаццаці хвілін. Але, зразумела, яна даволі эластычна змяняецца на жаданне 91-гадовай княгіні Эльжбеты, дачкі апошняга ўадара Нясвіжскага замка князя Альбрэхта Радзівіла.
Першы пункт –
Нацыянальны гістарычны архіў
— А колькі ў вас нашых дакументаў? – пасля вітанняў пытаецца ў дырэктаркі княгіня.
— 26 тысяч.
— А можна іх усе пабачыць?
— Натуральна…
— Тады ў наступны раз я прыеду да вас на два месяцы! – усміхаецца высокая госця.

Князям паказваюць унікальны маляваны радавод Радзівілаў, які зрабіў яшчэ Пане Каханку. Натуральна, на тым радаводзе ён, Пане Каханку, — галоўны Радзівіл. Іншая цікавая кніга датычыць XVI стагоддзя. Ад рукі ў ёй перапісаныя ўсе звесткі з сямейнай пахавальні ў крыпце Нясвіжскага касцёла. Але найбольшую цікаўнасць княгіні выклікае альбом гравюр і малюнкаў, дзе цягам двух стагоддзяў – XVIII і XIX – розныя прыдворныя мастакі выконвалі партрэты некаторых прадстаўнікоў роду. Паколькі пані Эльжбета бліскуча памятае ўсю генеалогію роду, яна ўважліва праглядзела кожную староначку. Бо для нас гэта – прыгожыя гравюры, а для княгіні – продкі.
Тут, як і ў кожным наступным пункце, Радзівілы пакідаюць шыкоўныя падарункі – стары здымак Нясвіжскага замку, зроблены з самалёту, з аўтографамі ўсіх гасцей.
Наступны пункт –
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
— Які вялікі і светлы будынак! – ускліквае княгіня на ўваходзе і тут жа пачынае распытваць супрацоўніцу. – А колькі ў вас кніжак? А на якіх мовах? А колькі чалавек могуць адначасова чытаць тут кнігі? А з якога ўзросту моладзь можа запісацца да вас?
Княгіня дужа цікаўная – гэтага ў яе не адымеш. І такой яна была ўсё жыццё. Уласна, дзякуючы гэтаму мы і маем магчымасць даведацца зараз ад яе дасканалае апісанне: што было ў кожным пакоі замку, куды вяла якая сцежка, дзе быў падземны ход… Яшчэ адна замалёўка з яе вялікага жыцця. Бацька, князь Альбрэхт, падараваў у 1929 годзе на Дзень народзінаў дачцэ фотаапарат. І з таго часу пані Эльжбета вось ужо 80 год здымае. Апошні фотаапарат, лічбавы, сучасны, прывёз ёй нядаўна з Францыі сын Аба. І зараз 91-гадовая княгіня даволі паспяхова засвойвае новую тэхналогію. Але вернемся ў Нацыянальную бібліятэку.
— А чаму ў вас гэты экслібрыс ляжыць асобна ад кніжкі?! – падымае вочы пані Эльжбета, звяртаючыся да супрацоўніцы бібліятэкі. – Ці ведаеце вы, што экслібрысы нельга адрываць ад кніжак?
Бібліятэкарка тлумачыць, што калі яны атрымлівалі ўсе гэтыя кніжкі, то эклібрыс ужо быў вырваны і ляжаў асобна.
— Дарэчы, гэта асабісты экслібрыс майго дзеда, — робіць пані Эльжбета вельмі каштоўную заўвагу, якую зараз жа натуюць за ёй.
Княгіня просіць пагартаць адную кнігу. І, напэўна, любому іншаму адмовілі б: усё-ткі кнізе больш за 400 гадоў. Але ці ж можна адмаўляць чалавеку, які ўжо гартаў гэтую кнігу 75 гадоў таму ў прыватнай бібліятэцы свайго таты?..
— А да нас ўжо два гады таму прыязжалі Радзівілы! – хваляцца супрацоўнікі бібліятэкі.
— Якія? – тут жа навастрае вушы пан Мікалай. Ён дасканала ведае генеалогію сям’і.
— Францішак… — пачынае бібліятэкарка.
— З Чэхіі, разам са сваім сынам?.. – падхоплівае пан Мікалай.
— Так! — радуецца бібліятэкарка, што гэты Радзівіл ведае таго.
— Дык ведайце ж, — сур’ёзна кажа пан Мікалай, — што гэта Ілжэрадзівілы! Нейкія людзі проста выдумалі сабе, што яны Радзівілы. А гэты Францішак да таго ж стварыў і ўзначаліў Звяз шляхты Чэхіі. Вось вам наша генеалогія (пан Мікалай прэзэнтуе вялікі плакат, дзе на генеалагічным дрэве пазначаныя больш за 400 прадстаўнікоў роду – аўт.). Калі яшчэ нехта прыедзе, хай пакажа сябе тут!
Далейшы наш прыпынак –
Фундаментальная бібліятэка Акадэміі навук
Супрацоўнікі ахайна, у белых пальчатках паказваюць князям кнігі з бібліятэкі Нясвіжскага замка.
— О, я гэту памятаю! – ускліквае княгіня Эльжбета. — Дайце, я яе пагартаю!..
Супрацоўнікі губляюцца, але, натуральна, нічога не пярэчаць.
Далей – абед у амбасадзе Польшчы. Гасцей – больш за 30 чалавек. Тут і дырэктары ўсіх зацікаўленых музеяў, і прафесар Адам Мальдзіс, і пісьменнік Уладзімір Арлоў з жонкай паэткай Вялянцінай Аксак, і былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, і перакладчык Лявон Баршчэўскі, і скульптар Валяр’ян Янушкевіч, і дырэктар Інстытута Польскага Пётр Казакевіч, дыпламаты, грамадскія дзеячы…
Па абедзе едзем у
Нацыянальны гістарычны музей
Дырэктар спадар Сяргей Вечар вітае княгіню і астатніх гасцей на ўваходзе. Пані Эльжбета ўздыхае, што ў будынку няма ліфта. Дзве крутыя лесвіцы ў 91 год – нялёгкая рэч. Але тым часам.
Экскурсавод пачынае расказваць паводле нейкага свайго плану, але княгіня перапыняе.
— Гэта нецікава. Хто гэта (паказвае на зусім іншы партрэт на сцяне – аўт.).
Экскурсаводка блытаецца ў адказе.
— А гэта? – працягвае бліц-тэст пані Эльжбета. Ёй адказваюць, што гэта такі і такі.
— Не! Вы нічога не ведаеце! – падводзіць рысу княгіня, кліча сваякоў і пачынае сама расказваць, хто дзе выяўлены. Госці падыходзяць да іншых партрэтаў. Справа – бабуля княгіні Эльжбеты.
— А вы ведаеце, калі быў намаляваны гэты партрэт? – працягвае іспыт пані Эльжбета. Ёй называюць дату.
— А вось і не! Гэты партрэт намаляваны з фотаздымка. У мяне ён ёсць, я перадам яго вам. І, хачу сказаць, што гэта – самы паскудны здымак маёй бабулі, які толькі існуе. І партрэт паскудны!
Далей – партрэт князя Альбрэхта, бацькі пані Эльжбеты.
— А гэты партрэт калі быў намаляваны? – працягвае распытваць княгіня.
— Напачатку ХХ стагоддзя, — адказваюць музейшчыкі. Іх логіку можна зразумець. Князю Альбрэхзту на партрэце гадоў 25. Ведаючы дату нараджэння, нескладана назваць такі час. Але ў гэтым выпадку каштоўная не логіка і музейныя веды, а памяць і сямейная таямніца.
— Дык слухайце, — гаворыць княгіня. – Спачатку з фатаграфіі была намаляваная невялікая пастэль, якую бацька падараваў мне, і якая вісела ў замку ў маім пакоі. А ўжо пасля смерці бацькі, прыкладна ў 1941-м ці 42-м годзе, нейкі мастак перамаляваў яго на вялікі памер. І дадаў традыцыйны лаўровы вянок і наш герб – каб ён выглядаў як усе партрэты з такой серыі. Таму вы яго так і датавалі.
Музейшчыкі шчыра дзякуюць княгіні за ўдакладненні – бо цяпер подпісы да карцін можна зрабіць больш дакладныя.
Апошні пункт на сёння –
Нацыянальны мастацкі музей
Тут здараецца не зусім прыемная сітуацыя. Паколькі аўторак – выхадны дзень, кіраўніцтва музею не хоча пускаць нікога, апроч саміх радзівілаў. Нават перакладчыкаў, журналістаў, і прадстаўніцу польскай амбасады. Але самі Радзівілы – па-княску – быруць сітуацыю ў свае рукі, заяўляўчы, што ўсе, хто ўвайшоў – іх сябры, і пойдуць разам з імі.
Тут, у мастацкім музеі, захоўваецца больш за 40 радзівілаўскіх партрэтаў. Князі добра ведаюць іх па фотаздымках і інвентарах, але многія арыгіналы бачаць упершыню. І аглядаюць вельмі падрабязна. Шанаваць і захоўваць гісторыю роду навучаны кожны Радзівіл з маленства.
— О, Слуцкія паясы! – заўважае княгіня. – У нас у замку іх было 16!
Прысутныя прысвістваюць. Бо ва ўласнасці мастацкага музею зараз знаходзіцца два (!) кавалкі (!!) Слуцкіх паясоў, астатнія прывезеныя для экспанавання з Масквы. Адразу відаць, колькі страціла наша зямля, калі прыйшлі камуністы і выгналі адсюль славуты род Радзівілаў…
Госці едуць у гатэль, каб адпачыць перад апошнім днём візіту. Самым адказным, бо гэта –
Нясвіж
У родным горадзе Радзівілаў сустрэлі па-княску. Больш за 500 чалавек сабралася каля касцёла Божага цела, каб прывітаць прадстаўнікоў роду, без якога не было б Нясвіжа якім ён ёсць. Гэта было пажаданне пані Эльжбеты – каб дзень пачаўся не з вітанняў з мясцовай адміністрацыяй, а з святой імшы ў касцёле.
Ксёнд Пётр вітае гаспадароў (не паварочваецца язык называць Радзівілаў у Нясвіжы гасцямі – аўт.). Пасярод касцёлу ставіцца шыкоўны трон з чырвоным аксамітам, на які сядае княгіня Эльжбета. Ксёндз дзякуе роду за касцёл, за горад, за слаўную гісторыю. На імшы гучаць малітвы ў гонар памерлых Радзівілаў, і, безумоўна, у гонар усіх існых. Пасля імшы сям’я спускаецца ў крыпту касцёлу, каб пакланіцца сваім продкам. Пані Эльжбета з хваляваннем ускладае кветкі да труны свайго бацькі…
Пасля – Ратуша. Мэр гораду Ігар Макар асабіста вітае высокіх гасцей. Падарунак – засмажаны карп з нясвіжскага возера і бутэлька шампанскага “Радзівіл”. Князям вельмі падабаецца. Перад ратушай нясвіжцы ў старадаўніх касцюмах чытаюць вершы ў гонар Радзівілаў. Музыкі ладна граюць на шматлікіх інструментах. Атмасфера ўрачыстая і святочная.
У ратушы – кароткая справаздача пра сённяшні стан Нясвіжу. Гасцей уражвае лічба: на добраўпарадкаванне замку і іншых гістарычных помнікаў дзяржава выдаткавала 70 мільёнаў даляраў! (Праўда, як пасьля заўважыў у замку Аба Радзівіл, “нешта іх тут зусім не відаць” – аўт.). У вітрынах ратушы – прадметы з Радзівілаўскага побыту, шмат кафлі з гербамі.
— А можаце адну мне падараваць? – з дзіцячай непасрэднасцю. І, да гонару музейшчыкаў, да канца дня фармальнасці вырашаюцца – і княгіня атрымлівае кафлю з гербам Радзівілаў!
Выходзім з ратушы, каб здзейсніць невялікую экскурсію па горадзе. Сям’я сядае ў шыкоўную брычку з двума коньмі, а пані Эльжбета – у “Мерседэс” (бо брычка завысока).
— Спачатку да Слуцкай брамы, яна тут недалёка, — кажу я княгіні.
— Гэта вы мне будзеце казаць, што яна недалёка?.. – усміхаецца госця, якая сотні разоў у дзяцінстве праходзіла побач са Слуцкай брамай.
Картэж часта спыняецца ў часе паездкі па горадзе. Пані Эльжбета паказвае сыну і ўнукам замак і горад з розных ракурсаў – каб яны даведаліся, якім яна запомніла яго з дзяцінства.
Каля кавярні “Чабарок” раптоўна просіць спыніць аўто.
— А вось гэты дом належыць мне! Бацька падараваў яго, калі я была маленькая. Праўда, я тут ніколі не жыла…
Нарэшце – замак.
— Фі, якая ідыёцкая вежа! – раз’юшана глядзіць на “цыбуліну” на гадзіннікавай вежы гаспадыня замку. – Навошта вы яе тут зрабілі, такога не было!
— Гэта памылка… — апраўдваецца навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц. Але не кажа, ці будзе гэтая памылка выпраўленая…
— Божа!.. – спыняецца княгіня ў замкавым двары і ціхенька шэпча. – Руіна…
Радзівілаў намагаюцца павесці на экскурсію ў адноўлены прыбрамны корпус, але 91-гадовая княгіня рашуча крочыць у самы гушчар будаўнічых прац. І за наступныя тры гадзіны абыходзіць, здаецца, кожны пакойчык. Пераступаючы праз цэглу, рыштаванні… Князь Мікалай у каміне сталовай знаходзіць бутэльку з-пад гарэлкі…
— Гэтага не было, сценка была далей, гэта было не так, — расказвае яна ў кожным з пакояў.
— Што вы, усё было менавіта так! – з усмешкай адказвае ёй Сяргей Друшчыц. У нейкі момант княгіня не вытрымлівае:
— Можа, хопіць са мной спрачацца?! Калі я тут жыла, вас яшчэ на свеце не было!
Супрацоўнікі музею ахайна запісваюць кожнае слова пані Эльжбеты – і на дыктафон і, для пэўнасці, у нататнік. Намесніца дырэктара музею Галіна Кандрацьева падрыхтавала ў правільнай паслядоўнасці здымкі ўсіх інтэр’ераў пакояў. У кожным пакоі для княгіні ставіцца зэдлік – і яна апісвае тое, што не патрапіла на здымак. Для музейшчыкаў гэта – бясцэнная інфармацыя, бо ніхто больш на Зямлі ўжо не згадае гэтага…
— Вось тут, над дамавой капліцай, былі такія дужыя бэлькі, дзе мы з кузэнам Ежы бегалі паліць скрадзеныя ў дарослых папіроскі… А вось тут быў мой стол, за якім настаўніца Мары-Шмідт давала мне ўрокі… А вось тут вісеў партрэт майго бацькі… А тут стаяла мяккая лава, на якой я сядзела, пакуль астатнія танчылі “Мазурку” – бо сама не ўмела… А тут віселі рэвальверы і шаблі… А гэтую лесвіцу мы называлі “Лесвіца Пане Каханку”… А у гэтай вежы бабуля малілася перад сном… А на гэтых прыступках любіла сядзець тлустая жонка нашага слугі Антонія, які пасля апынуўся агентам НКУС… А вось тут быў невялікі пад’ёмнік, на якім дастаўлялі ежу з кухні ў сталовую… А ў гэтай залі на кожным акне ў самым нізе былі маленькія форткі… А пад гэтай падлогай – прыступкі, бо падлога зробленая ўжо пасля таго, як бацька перастаў хадзіць і стаў перасоўвацца на вазочку… А вось тут стаялі два турэцкія сёдлы, здабытыя як трафеі пад Венай…
Калі Радзівілы выходзяць з замку, ужо пачынае цямнець. Але пані Эльжбета ўсё адно вядзе сям’ю на валы – паказаць, дзе яна любіла гуляць у маленстве. У адным з месцаў яна паказвае… месца, дзе быў уваход у славуты падземны ход. Гэта – вылікая нечаканасць для рэстаўратараў, бо дае надзею на новыя адкрыцці!
Пасля агледзінаў замку ў адноўленым корпусе нясвіжцы частуюць князёў Радзівілаў кавай і гарбатай. І як толькі княгіня выходзіць з замку да машыны, пачынаецца дождж.
— Нясвіж плача, што княгіня Радзівіл з’язжджае… — заўважыў нехта ў натоўпе.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

PDF-вэрсыю артыкула можна паглядзець ТУТ

Тэгі:


2 Responses to “Трэці мой рэпартаж пра візыт Радзівілаў у газэце “Звязда””

  1. 1. Нехта ў натоўпе Says:

    Гэта не я быў – гэта сам Глеб!

  2. 2. labadzenka Says:

    Насамрэч, гэта сказала намесьніца дырэктара Нясьвіскага музэю Галіна Кандрацьева, а я толькі пераклаў для княгіні

Leave a Reply