it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 17

нагадаю, абагравальнік ахвяравала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

на мой заклік дапамагчы адвезьці адгукнуўся Анатоль Пуцееў. ён зрабіў гэта сёньня разам з камандай энтузіястаў у складзе: Алег Пуцееў, Валянціна Грынько, Алесь Герасіменка.

Вось што апавёў пра паездку сам Анатоль:

Сёння завозілі абагравальнік да Валянціны Быкавай - сястры самога Васіля! Выдатная нагода пазнаёміцца!
Валянціна Ўладзіміраўна была дома - прыемная бабуля, падобная выразам вачэй да Васіля.
Як даведаліся мы потым, разглядаючы фоты - вочы ім абодвум дасталіся ад іхняй матулі,
крышачку - ад бацькі.
Абагравальнік быў устаноўлены і падключаны да сеткі, правераны на працаздольнасць. Пасля Валянціна
Ўладзіміраўна запрасіла нас на гарбату, падчас якой мы, карыстаючыся момантам, распытвалі яе -
збольшага, канешне, пра Васіля. Усё ж пачуць розныя цікавыя гісторыі з вуснаў чалавека, які яго
ведаў з самага маленства - гэта значна цікавей, чым чытаць старонкі біяграфіі.
Адчуваецца жывая сувязь з гісторыяй, якая напоўнена не сухімі фактамі, а эмоцыямі, рухамі, пачуццямі.
Дзе кожная падзея ўспрымаецца як датычная роднага табе чалавека, як быццам гэта мая бабуля распавядаем мне пра сваё маленства.

Шчыра дзякую Анатолю ды ягоным неабыякавым сябрам! Разам нас багата!

Тэгі:

Oct 10

яшчэ ўвесну Валянціна Ўладзімераўна нічога не бачыла. але намаганьнямі народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі менскія лекары зрабілі апэрацыю сястры Васіля Быкава, вярнулі зрок.
пачаліся халады, прымаразкі -- і ў вёсцы трэба тапіць печ. дровы ёсьць. але лекары забаранілі падымаць Валянціне Ўладзімераўне цяжкое. ды і ў 84 гады не асабліва находзісься па тыя дровы. а жыве Валянціна Ўладзімераўна адна, у дапамогу -- толькі працаўніца сацыяльнай службы. Зінаіда Бандарэнка хоча падараваць Валянціне Ўладзімераўне абагравальнік, амаль новы, вельмі добры.
я магу адвезьці яго і сам -- жыве Валянціна Ўладзімераўна пад Вушачамі.
я проста падумаў, раптам нехта з вас хоча зьезьдзіць да Валянціны Ўладзімераўны. ёй будзе прыемна, яна вельмі мілы і гасьцінны чалавек. а вы пазнаёміцеся з сястрой Васіля Быкава -- адзіным чалавекам на зямлі, які памятае Васіля ад нараджэньня да сьмерці.

лістуйце labadzenka@gmail.com

Тэгі:

Apr 02

Сястра Васіля Быкава Валянціна Ўладзімераўна -- фантастычна мілы чалавек, яна вельмі падобная да брата. Вяртаючыся з Полацку, я абавязкова заехаў да яе на дранікі. Пасядзелі, пагаманілі. Пліта працуе, у хаце цёпла, раённыя ўлады, дзякуй ім, зрабілі новую прыбіральню.
Валянціна Ўладзімераўна жыве адна, цяпер ёй 83 гады. Хоць і сасьлепла на адное вока, чытае "Нашу Ніву" і "Народную Волю", вечарамі слухае "Свабоду" -- скардзіцца, што вельмі дрэнна чуваць.
Яна ў курсе ўсіх навінаў, у палітыцы разьбіраецца як запраўскі палітоляг. І дранікі робіць смачныя-смачныя!

Вельмі сумуе, што рэдка хто ёй звоніць, яшчэ радзей -- хто прыедзе. Заўджы радая гасьцям.

Сябры, калі вы будзеце мець магчымасьць наведаць Валянціну Ўладзімераўну -- зрабіце гэта. Вёска Ваўчо знаходзіцца літаральна перад самымі Вушачамі. Хата Валянціны Ўладзімераўны -- па левым баку, за маленькай крамаю на прыпынку: унізе з гары.

Ці проста патэлефануйце ёй і скажыце пару цёплых словаў. Хто захоча -- вышлю тэлефон на пошту.

Калі я ўжо ад'язджаў, Валянціна Ўладзімераўна паказала памяць пра брата Васіля. Музычная паштоўка, якую Быкаў даслаў ёй яшчэ з Фінляндыі, працуе і цяпер. Валянціна Ўладзімераўна кажа, што калі ёй робіцца вельмі тужліва, яна адкрывае гэтую паштоўку, слухае мэлёдыю і ўспамінае брата. Васіля Быкава.

Чытаць далей »

Тэгі:

Aug 20

001
Учора Валянціна Ўладзімераўна Быкава атрымала новую пліту. Кіраўнік Вушацкай газавай службы Зьміцер Талан бясплатна выдаткаваў машыну, каб завезьці пліту, майстры задарма падключылі апарат гаспадыні.

Пліта (з усімі прыбамбасамі) каштавала 633 тысячы 30 рублёў.

Дзякуй усім, хто аператыўна адгукнуўся на заклік ахвяраваць на пліту:
* Siva
* Dionisiy
* Яніна М.
* рэдакцыя газэты "Наша Ніва"
* tink
* Ігар К.

Рэпартаж пра дастаўку пліты ТУТ.
Чытаць далей »

Тэгі:

Aug 13

усім дзякуй! на наступным тыдні новая пліта ўжо будзе ў Валянціны Ўладзімераўны!
шукайце фотарэпартаж на Блогу!..

Тэгі:

Aug 12

Дзякуй усім, хто ўжо адгукнуўся! Зьбірайма далей!..

Падрабязнасьці ТУТ

Дарэчы, старшыня вушацкага Райгазу заўпэўніў, што задарма прывязе і падключыць пліту. Засталося набыць.

А старшыня Вушацкага выканкаму Алег Кавалёнак, у сваю чаргу, паабяцаў, што пашле людзей збудаваць Валянціне Ўладзімераўне новую прыбіральню і хлеўчык для курэй.

Мой артыкул пра Валянціну Быкаву ТУТ
d0b1d18bd0bad0b0d0b2d0b021

Тэгі:

Aug 11

d0b1d18bd0bad0b0d0b2d0b03

Валянціне Ўладзімераўне Быкавай 83 гады. Яна на два гады маладзейшая за брата Васіля. Нават не прысьпеўшы Народнага пісьменьніка, можна паглядзець на ягоны фатаздымак, а затым на спадарыню Валянціну -- і зьдзівіцца, наколькі яны падобныя!..

Валянціна Ўладзімераўна і зараз жыве ў вёсцы Ваўчо, што пад Вушачамі. Адна. За апошні год напаткала бяда -- сасьлепла на адное вока... Аднак працягвае чытаць кніжкі, незалежную прэсу.

Наведаўшы Валянціну Ўладзімераўну, высьветліў, якія ёсьць побытавыя праблемы -- у мінулыя гады ўжо ўдалося правесьці ёй тэлефон і паскорыць прывоз дроваў. Высьветлілася, што і зараз ня ўсё бясхмарна -- зусім развалілася прыбіральня. Страшна заходзіць, каб не абрынулася... Пра гэта пасарабую паразмаўляць з чыноўнікамі ў райвыканкаме, якія Валянціну Ўладзімераўну ведаюць, а старшыня нават на сваім аўто прыязджаў па яе на сьвяткаваньне 85-годзьдзя Быкава.

Другая бяда, якая кінулася ў вочы -- пліта. Мала таго, што там зламалася духоўка (спадарыня Валянціна дужа перажывае, што ня можа больш пачаставаць гасьцей пірагамі), дык і сама пліта, мяркуючы па выглядзе, паваенная: як яна ўвогуле працуе -- незразумела.

Мне падалося, што мы разам з вамі здольныя вырашыць гэтую праблему. Кошт пытаньня -- каля 170 даляраў (гэта самая танная пліта "Гефест") + бусік завезьці (да Вушачаў каля 200 км).

Альбо -- калі хто мае спраўную пліту -- тады пытаньне толькі ў транспарце. Галоўнае, каб духоўка працавала.

Ахвярадаўцаў чакае выключны бонус -- вы пазнаёміцеся зь сястрой Васіля Быкава.
Чалавекам, які ведаў Вялікага Пісьменьніка даўжэй за ўсіх на зямлі.
Чытаць далей »

Тэгі: