it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 18

Сябры!
Гурт Biplan, прызнаны ў Літве "Поп-гуртом 2013 года", абвяшчае конкурс для студэнтаў "Мовы нановы" і наведнікаў сайта movananova.by!
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Feb 11

Сябры, ад сённяшняга дня падтрымаць "Мову нанову" можна рублём -- ахвяраваўшы грошы праз сайт "Мае сэнс". Зрабіць гэта можна ў тым ліку і з банкаўскай карткі праз інтэрнэт. Спосабы два. Першы -- ахвяруеце грошы наўпрост. Другі -- выстаўляеце сустрэчу з сабой, а іншыя робяць стаўкі. Выніковая стаўка -- і ёсць падтрымка.
Мінімальнае ахвяраванне там -- 10 тысяч рублёў. Таму, ставячы лайк, можаце адразу і далучыцца да падтрымкі )
Грошы патрэбныя нам на тое, каб набыць раскладныя крэслы (каля 100 чалавек цяпер удзельнічае ў занятках стоячы), а таксама на тэхнічнае абсталяванне і бягучыя расходы (папера, запраўка картрыджаў і г.д.).
Будзем удзячныя за падтрымку, а таксама за распаўсюд гэтай інфармацыі!
Вось спасылка для ахвяраванняў:
http://maesens.by/cause/movananova.by

stile5

 

Тэгі:

Feb 07

УВАГА! Прысутнасць на занятках "Лаянка" асобаў да 16 год -- пад адказнасць дарослых!

peuni 

Як слушна лаяцца па-беларуску? Ці ёсць у нашай мове "брыдкія" словы? За што адзін чалавек мог праклясці другога? Баявы запас айчыннай лаянкі -- у ваш арсенал!

Апроч таго, спецыяльна да Дня Святога Валянціна, перчык і клубнічка -- беларускі эратычны фальклор!

Мяне мілы тузаў, тузаў
Думаў, што я без рэйтузаў.
“Ты не тузай мяне,
Гузік у левай старане”.

* * *
Я па рэчцы плаваю
Са знакомай Клаваю,
А прычаліць не магу:
З палкай муж на берагу.

* * *
Мяне міленькі завёў
Ў чорную смародзіну.
А я ногі падняла
І крычу: “За Родзіну!”

* * *
Музыкант у нас адзін,
Праўда, дзевачкі, дадзім?
Праўда, дзеўкі, трэба даць,
Весялей будзе іграць.

Таксма на занятках пагаворым пра ілжэсяброў перакладчыка -- калі ў розных мовах ёсць вельмі падобныя словы, якія маюць рознае значэнне.

Музычны госць заняткаў, вядомы беларускамоўны рэпер SP Kava, навучыць нас ствараць рэп на падставе абсалютна любога тэксту!

Панядзелак, 10 лютага, 19.00, Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а).
Будзьма з моваю!

Тэгі:

Jan 21

Мова нанова №2. Рыцары і бітвы, 20.10.2014
фота Кацярыны Горкай
іншыя здымкі глядзіце ТУТ
каб павялічыць, націсьніце на фота
mnpan2

Тэгі:

Jan 15

movananova-panarama
нас -- багата! (усе ў кадр не змясціліся)

для прагляду ў поўным памеры націсніце на фотку, а тады можна захаваць сабе на кампутар.

ps уручную склейваць не ўмею, склейваў у праграме -- таму прашу прабачэння за невялікія касякі ))

Тэгі:

Jan 14

Тэгі:

Jan 14

Тэгі:

Jan 14

Юра Сідун, Generation.by

Курсы беларускай мовы, якія ладзяцца ў галерэі «Ў», завуцца цяпер «Мова нанова» і маюць пастаянных вядучых – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія добра вядомыя менскай публіцы, бо вялі папулярныя курсы «Мова ці кава», ініцыяваныя Кацярынай Кібальчыч, у мінулым годзе. Цяпер жа вядоўцы вырашылі ладзіць свае курсы, з падобным фарматам, з запрашэннем адметных гасцей, аднак з новым назовам — «Мова нанова». Як прайшоў першы занятак? Глядзім!


Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 09

Ксенія Ельяшэвіч, TUT.BY

Новыя курсы па беларускай мове, якія будуць праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка, пачнуцца ўжо ў панядзелак 13 студзеня. Заняткі будуць ладзіцца ў сталічнай “Галерэі Ў” штотыднёва ад 19.00 да 21.00 гадзіны. 

Новыя бясплатныя курсы “Мова нанова”збяруць усіх, хто хоча вывучыць мову ці проста “падцягнуць” свае ранейшыя веды. Арганізатары ўжо дамовіліся, каб на некалькі наступных заняткаў завіталі беларускамоўныя замежнікі. Гаворка ідзе пра амерыканца Курта Вулхайзера, што выкладае ў Гарвардзе і цудоўна валодае беларускай мовай; гішпанку Ангелу Эспіносу, што стала вядомая беларусам, калі заспявала песню “Пагоня” (на словы Максіма Багдановіча) і “Малітву” (на словы Янкі Купалы). Таксама ў “Галерэю Ў”, па словах Глеба Лабадзенкі, на адзін з заняткаў завітае таемны госць - “швед, які добра ведае беларускую мову”. 

“У нас сабралася вельмі шмат напрацовак для вывучэння мовы, таму таксама вырашылі сабраць іх на асобным сайце курсаў movananova.by. Сайт ужо напоўнены інфармацыяй і чакае свайго запуску ў панядзелак. З яго дапамогай матэрыялы змогуць атрымаць не толькі студэнты курсаў, але і ахвотнікі з гарадоў і мястэчак, калі захочуць арганізаваць свае заняткі. А калі знойдуцца такія энтузіясты, то мы гатовыя прыехаць, падтрымаць і падзяліцца досведам”, - распавёў парталу TUT.BY Глеб Лабадзенка.

Як адзначаюць арганізатары курсаў, заняткі прысвечаныя не толькі мове і будуць далучацца матэрыялы па гісторыі, культуры і мастацтву Беларусі. Для цікавейшай прэзентацыі запрошаны знаўцы з кожнай галіны:

“Да прыкладу, завітае пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі і бардВіктар Шалкевіч. Генадзь Бураўнік раскажа, як ствараў беларускамоўнае тэлебачанне і быў яго кіраўніком 12 год. Прыйдзе на курсы і філосаф Валянцін Акудовіч. Вядомы тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі правядзе дыскусію наконт сучаснага беларускага тэатру. Завітаюць да нас і беларускамоўныя пекары, прадпрымальнікі, лекары, інтэрнэтнікі, праграмісты, дызайнеры, музейнікі. Усе гэта дзеля таго, каб паказаць, што па-беларуску можна размаўляць на любыя тэмы, а не толькі на тэму філалогіі і літаратуры. Нават у нашых СМІ ёсць цікавая тэндэнцыя, калі па-беларуску даюцца культурніцкія матэрыялы, а вось пра нешта сур’ёзнае - эканоміку ці грамадства, у нас пішуць па-руску. Хочам гэты стэрэатып разбурыць". 

Па словах Глеба Лабадзенкі, на курсы могуць прыходзіць нават тыя людзі, што “двух словаў па-беларуску звязаць не могуць”. Журналіст адзначыў, што паводле назіранняў, для навучання гэта не з’яўляецца асаблівай перашкодай.

Праект “Мова ці кава”, дзе раней амаль год выкладалі Лабадзенка і Літвіноўская, працягне сваю працу, але ўжо без іх.

Тэгі:

Jan 08

supolka003

Сябры!

Ад 13 студзеня (19.00) ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў распачынаецца новы праект – модныя курсы беларускай мовы “МОВА НАНОВА”.

Вядуць курсы філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак, ад 19.00 да 21.00. Уваход вольны!

Ужо цяпер - далучайцеся да суполкі курсаў у facebook і суполкі ЎКАНТАКЦЕ!

На кожным занятку будуць цікавыя беларускамоўныя госці -- як вельмі вядомыя людзі, гэтак і прафесіяналы ў сваёй справе, якія нячаста фігуруюць у прэсе. Прычым, не толькі з Беларусі -- ужо ў студзені навучэнцы змогуць паразмаўляць з сапраўднымі беларускамоўнымі амерыканцамі, шведамі і іспанцамі!

Назва курсаў “МОВА НАНОВА” тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова”вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!

Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя — лексіка і граматыка, а таксама ўсемагчымыя цікавосткі — падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, файна і нязмушана. Апроч уласна моўных практыкаванняў, вас чакаюць незвычайныя звесткі па гісторыі ды культуры Беларусі!

Першы занятак прынясе шмат цікавостак: адразу некалькі гасцей (адзін з іх – вядомы беларускамоўны замежнік), выступ лідара гурта HandmadE Яўгена Валошына, таямнічы госць з Верхнядзвінска, майстар-клас "Як слушна павіншаваць па-беларуску", хітрыкі з граматыкі, аўдыё, відэа, фота, мультымедыя…

На занятках будзе цёплая, сяброўская атмасфера, а таксама прыемная драбяза: дармовыя кава і гарбата. Хоць зіма і бясснежная, але ж прыемнасці ніхто не касаваў!

Чакаем вас на занятках!

PS Чаму "модныя"? Нам дужа хочацца, каб размаўляць па-беларуску сталася модна! А потым -- натуральна!

ПАРТНЁРЫ КУРСАЎ

Галерэя сучаснага мастацтва Ў

"Будзьма беларусамі!"

Кнігарня "ЛогвінаЎ"

"Белсат"

 

Тэгі: