it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 15

У бібліятэчцы Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна. Кніга, якую паэт пачаў збіраць больш шасцідзесяці гадоў таму.

Сяргей Шапран, Новы Час

«Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі. Колькі слоў, ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных, — напісаў у прадмове да «Вушацкага словазбору» Уладзімір Някляеў. — У гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту».

 

Пра «Вушацкі словазбор» наша гутарка з Рыгорам БАРАДУЛІНЫМ.
Чытаць далей »

Тэгі:

Nov 12

Baradulin5

сябры, інфармую аб ходзе выданьня кнігі рукапісаў Рыгора Барадуліна "Лепей".

наклад кнігі цалкам аддрукаваны. 103 рукапісы -- ад 1952 да кастрычніка 2013 году.

фармат нататніка, верхні карэнчык, жаўтаватая папера.

ніводнай друкаванай літары, ад першай да апошняй старонкі (нават зьмест і выходныя дадзеныя) ўсё зроблена рукою Барадуліна.

да кнігі прыкладаецца канверт з 23 прыватнымі здымкамі паэта, падпісанымі ягонай рукой. некаторыя здымкі -- унікальныя. як, напрыклад, непублікаваны раней здымак быцькі (які загінуў на вайне) і здымкі мамы.

BONUS!!! да кожнай кнігі будзе прыкладацца падарунак: дыск з аўдыёверсіяй, бліскуча начытанай народнай артысткай Беларусі Зінаідай Бандарэнкай. (цяпер якраз адбываецца яго выраб).

і ўся гэтая прыгажосць будзе ўкладзеная ў кардонны чахол.

карацей, замаўляйце, пакуль ня позна!

ps пакуль увесь камплект ня будзе гатовы, не хачу раскрываць таямніцу і выкладаць фоткі гэтага цуду )

падпісацца на ўнікальную кнігу рукапісаў Рыгора Барадуліна можна ТУТ, пачытаць пра яе падрабязьней можна ТУТ і ТУТ

baradulin-CHB

 

Тэгі:

Nov 09

slovazbor1сябры, выйшла з друку кніга Рыгора Барадуліна "Вушацкі словазбор" (прашу не блытаць з кнігай рукапісаў "Лепей", якая зьявіцца вось-вось).

кнігу ўклала Наталля Давыдзенка, а надрукаваная яна ў серыі "Кнігарня пісьменьніка" Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

першыя асобнікі кнігі ўжо паступілі ў продаж - на сайт Imbryk.by

НАБЫЦЬ МОЖНА ТУТ

зьвяртаю ўвагу, што дастаўка па Беларусі бясплатная.

толькі да канца месяца там дзейнічае супер-акцыя: УСЕ ГРОШЫ АД ПРОДАЖУ КНІГІ ІДУЦЬ РЫГОРУ БАРАДУЛІНУ.

зьвяртаю ўвагу, што менавіта таму кніга тут каштуе даражэй, чым яна потым будзе стаяць у кнігарні -- каб істотней падтрымаць аўтара.

заклікаю сьпяшацца набяць кнігу, бо яе наклад -- усяго 500 асобнікаў.

гэта -- унікальны слоўнік вушацкай гаворкі, якую дзядзька Рыгор старанна натаваў усё жыцьцё. гэтая кніга вельмі важная для яго самога -- і стане найкаштоўнейшаю крыніцаю беларускай мовы для кожнага з вас!

Тэгі: ,

Nov 05

rysik

Ня можа ўсьмешку ўтоіць заход.

Іржавее імжа сырая.

Як цяпельца халоднае,

Дагарае

На стале маім

Рыжы кот

Рысік…

Тэгі:

Nov 05

bar4
Ад Евы й Адама і сябра, і вораг.
І ў Дарвіна довад ня цалкам пусты.
Ад малпы пайшлі тыя ўсе,
У каторых
Дасюль не адпалі дубінак хвасты.

Тэгі: ,

Oct 26

Я ПОКУЛЬ ТУТ…

 

Я там жыву,

Дзе Радаўніца плача,

Дзе смех у стог хавае галаву,

Дзе на вірах часін усіх

Вушача

Трымаецца як можа на плыву.

Я там жыву…

 

Я там іду,

Дзе ходзіць родны голас,

Ашукваючы сынаву бяду,

Дзе, як смычок,

На снезе йграе полаз,

Лясун аб ветах чэша бараду.

Я там іду…

 

Я там спачну,

Дзе, бы ў мядзведжым вуху,

І перуну зацішна, й палыну,

Дзе ўжо не будзе болей

Цесна духу

Майму,

Абжыўшы свежую труну.

Я там спачну…

 

Я покуль тут

Нявогляддзю шчырую,

У цемрадзі й святла здымаю кут,

Стараюся не думаць пра сырую,

Што быццам здыме

Стог зямных пакут.

Я покуль тут…

1995

Тэгі:

Oct 26

ПАСЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ

                                      Валі

 

Хоць дзень ідзе на спад,

але

Ў вачах смяшынкі-д’яблікі.

У абраселым падале

Ты мне падносіш яблыкі.

 

Тугія грудзі аблягла

Сукенка абмакрэлая.

А месяц

зырыць з-за вугла

На ікры загарэлыя.

 

Яшчэ не звіслі над табой

Клапоты хмурай навіссю,

І яблынькаю маладой

Стаіш ты з першай завяззю...

1962

Тэгі:

Oct 16

На чвэрць стагоддзя

 

Беларускі народны фронт,

Твой крок

Чулі высі,

Чакалі долы.

Рассыпаўся ўзброены змрок.

Бел-чырвона-белы, вясёлы

Сьцяг сьвітаньня

Вёў у прасьцяг,

Злы загон

Капыціла “Пагоня”.

Мусіць быць

У пачатка працяг.

Толькі заўтраму верыць сёньня.

Меч гартуецца ў барацьбе

Жыцьме той, хто на подзьвіг клікаў.

БНФ, гадавалі цябе

І Зянон,

І вялікі Быкаў!

 

p.s. зьмяшчаецца паводле просьбы аўтара для максымальна шырокага распаўсюду

тым часам нагадваю,

падпісацца на ўнікальную кнігу рукапісаў Рыгора Барадуліна можна ТУТ, пачытаць пра яе падрабязьней можна ТУТ і ТУТ

 

Тэгі:

Oct 12

 

Baradulin3

кніга гатовая на 100% і вось-вось будзе.
скажу адразу і сьмела -- такой кнігі ў найноўшай беларускай літаратуры не было.
мала таго, што гэта Рыгор Барадулін -- вяршыня беларускай паэзіі. гэта яшчэ і арт-аб'ект, які ўпрыгожыць любую бібліятэку і стане вартым падарункам.
НІВОДНАЙ друкаванай літары, уся кніга выкананая Рыгорам Барадуліным АД РУКІ!
кніга яшчэ не надрукаваная, але замаўляйце ўжо цяпер!
нагадваю! тыя, хто замовіў "дзіцячую заМову" загадзя -- атрымаў яе па 40 тысяч. іншыя цяпер купляюць па 110-120!

падпісацца на ўнікальную кнігу рукапісаў Рыгора Барадуліна можна ТУТ, пачытаць пра яе падрабязьней можна ТУТ і ТУТ

 

ps уверсе гэта ня вокладка, а тытульны аркуш. вокладку пакуль трымаем у сакрэце 😉

Тэгі:

Oct 04

                                  Уладзімеру Арлову

Ёсьць полацкі мэнталітэт -
Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны,
Ад той абрынутай адрыны,
Дзе сон шукаў
Свой сонны сьлед.

Ён цемры пазычаў сьвятла,
Каб стала вечнасьцю імгненьне,
Ляцеў вышэй жаўрук зьдзіўленьня,
Люцела рупнасьці пчала.

Ад Полацку пачаўся сьвет.
Пра небачолых кажам:
З нашых!
Ёсьць Беларусь,
А гэта значыць -
Ёсьць полацкі мэнталітэт!

Тэгі: