it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 11

Святлала Вранава — чэшка, якая самастойна вывучыла беларускую мову. Відэаінтэрвію зь ёй длы курсаў “Мова нанова” можна паглядзець ТУТ

vranava

“Света, ты прыйдзеш увечары?” пытаецца мой сябра Алесь. “Так, прыйду”, адказваю. “Добра, тады ўбачымся. Толькі мушу папярэдзіць, што там усе па-расейску, беларускамоўных там, на жаль, ня будзе.” “Ну, што зробіш. Вытрымаю, я ўжо прывыкла. Але я ня буду па-расейску!” “Ясна, кажы, як хочаш.” “Добра, тады да вечара!”

З Алесем я размаўляю выключна па-беларуску. Дакладней – я з усімі беларусамі размаўляю выключна па-беларуску, але Алесь размаўляе па-беларуску са мной. Я з ім пазнаёмілася год таму як з расейскамоўным Сашам. Пасля таго, як мы правялі некалькі дзён разам, ён ​​пачаў называць сябе Алесем і перайшоў у стасунках са мной на беларускую.

Увечары прыходжу своечасова. Алеся пакуль няма, а нікога іншага ня ведаю, таму саджуся за стол і чакаю. Да мяне набліжаецца ўсмешлівы малады чалавек.

“Извините, я вижу незнакомое лицо. Алесь говорил, что он приведёт подругу из Чехии. Может, это вы?” “Так, гэта я.” “Класс. Меня зовут Юра”. “Святлана.” “Очень приятно. И где Алесь?” “Яго пакуль няма, напэўна спазняецца. Я яго чакаю.”

Юра выкатвае на мяне вочы: “Я хорошо расслышал, что вы говорите по-белорусски?” “Так”, кажу, “я размаўляю па-беларуску.” “Клёва!” Мой суразмоўца раптам пераходзіць на беларуску: “Я вельмі люблю размаўляць па-беларуску!” “Дык чаму не размаўляеце?” пытаюся. “Размаўляю!” кажа Юра, “з усімі, хто размаўляепа-беларуску, я таксама размаўляю па-беларуску. Але ж вы самі ведаеце, як ёсць. У Беларусі амаль ніхто па-беларуску не гаворыць, цалкам рускамоўнае асяроддзе, гэта цяжка…”

 

“Можно тебя на минутку”, перарывае нас доўгавалосага брунэтка. “Юра, я просто хочу сказать, что Марина не сможет прийти. К ним пришли гости, она должна была остаться дома”, кажа яна. “Хорошо, спасибо. Таня, знакомтесь! Это чешская подруга Алеся. И представь себе, она говорит по-белорусски!” “О, неужели! Вельмі цікава, чуць беларускую мову ад замежнікаў!” пераходзіць на беларускую Таня.

Юра здзіўлена глядзіць на яе: “Таня, я ня ведаў, што ты размаўляеш па-беларуску!” “Вядома ж, размаўляю! З тымі, хто размаўляе па-беларуску, я таксама размаўляю па-беларуску.”

Ці мне гэта толькі здаецца, ці тут сапраўды нешта не так?

Юра з Таняй сышлі, і я раптоўна засталася ​​адна. Праглядаю фотаздымкі на сцяне, калі, нарэшце, прыходзіць Алесь. Яны вітаюцца з Юрам. Я стаю побач з імі, але павернутая спінай, і яны мяне не заўважаюць.

“Привет, Юра!” “Здоров! Как дела?” “Нормально. Сколько тут людей?” “Почти все, только Марины не будет. Я с твоей подругой познакомился.” “Да? И где она? Я должен извиниться перед ней.”

Я паварочваюся да іх: “Я тут.” “Ой, прывітанне, Света! Даруй, што спазніўся! Я не паспеў на аўтобус, а наступны пад’ехаў толькі праз паўгадзіны. Мне вельмі шкада. ”

Юра ў трэці раз на працягу паўгадзіны вылупіў вочы: “Алесь, ты гаворыш па-беларуску?!” “Так, са Святланай… Ды з усімі, хто размаўляюць па-беларуску!” “А я ня ведаў, што ты ведаеш мову!” кажа Юра. “Ну так, ведаю. А ты што? Таксама? Я пра цябе таксама ня ведаў!”

Ох, хлопцы… Ці вы не адчуваеце, што тут нешта не так?

Набліжаецца Таня з дзяўчынай з косамі: “Спадарыня Святлана, Каця таксама размаўляе па-беларуску і хоча з вамі павітацца!” “Вітаю, Каця!” Каця ўсміхаецца: “Так прыемна сустрэць беларускамоўнага чалавека, а яшчэ з-за мяжы!”

 

Алесь з Юрам у здзіўленні глядзяць на сваіх рускамоўных сябровак. “Дзяўчаты! Няўжо вы гутарыце на матчынай мове?!” “Так”, адказваюць ва ўнісон Таня з Кацяй. “З тымі, хто размаўляюць па-беларуску…”

На працягу вечара яшчэ тры разы буду мець той жа самый вопыт: расейскамоўныя людзі гутараць са мной па-беларуску. Толькі адна дзяўчына просіць прабачэньня… Яна хацела б, ей беларуская вельмі падабаецца, але яна ў ёй не ўпэўнена… Ня хоча яе псаваць, таму за лепшае лічыцьяе не выкарыстоўваць. Але аднойчы – абавязкова хоча яе правільна вывучыць!

Я ня ведаю, ці смяяцца, ці плакаць. Вельмі моцна адчуваю, што нешта не так! Хочацца крычаць.. Хочацца перапыніць шум вакол і гучна закрычаць: “хто гаворыць па-беларуску з тымі, хто гавораць па-беларуску – рукі ўгору!” Такое ўражанне, што большасць рук тут паднялася б. Дык што ж гэта? Што тут адбываецца? Нешта не так!

“Ты жа казаў, што там усе будуць размаўляць толькі па-расейску”, кажу Алесю шляхам дадому, “і бачыш, я ўвесь вечар мела зносіны толькі па-беларуску!” “Ну, гэта таму, што ты размаўляла па-беларуску”, адказвае мой сябар. “Алесь, табе здаецца гэта нармальна? Вы мне ўсе кажаце, што вы гаворыце па-беларуску з тымі, хто размаўляюць па-беларуску. І ў той жа час вы размаўляеце адзін з адным на рускай мове! Як ты хочаш даведацца, што твой суразмоўца гаворыць па-беларуску, калі ты гаворыш па-расейску?” “Але ёсць такія, хто карыстаюцца мовай увесь час, і з тымі я размаўляю.” “Маеш на ўвазе – з тымі, хто не саромеюцца сваёй мовы і не баяцца ісці супраць плыні”, кажу. “Ты што! Я ж не саромеюся!” “Дык чаму ёй не карыстаешся?” “Я ж табе казаў: тут расейскамоўнае асяроддзе, няма з кім гаварыць, гэта цяжка.”

Я здаюся. Гэта вышэй майго разумення.

Калі б усе беларусы, якія “размаўляюць з тымі, хто размаўляе” пачалі размаўляць з тымі, хто “не размаўляе”, магчыма мы былі б у здзіўленні, як народ загутарыў бы!

Друзья, подумайте. Может – что-то не так? Сябры, чуеце? ТУТ НЕШТА НЕ ТАК!

Světlana Vránová, Чэхія

9. 3. 2014

Тэгі: ,


Leave a Reply