it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 08

Падрабязней – у дзіцячай кнізе гісторыка Юрыя Усціновіча “Яська і конік ягоны Грыўка”

Юры Усціновіч падараваў дзеткам захапляльную гісторыю пра Грунвальдскую бітву

Кнігу прэзентавалі ў мінскай “КнігарніЎгалерэі”. Калі я выйшаў з прэзентацыі, то прысеў на лаўцы ў дворыку, разгарнуў кнігу і… прачытаў яе ўсю! Так цікава!..
…Палачане збіраюцца біць ворага пад Грунвальдам. Шасцігадовы Яська ў роспачы: бацька пакідае яго дома “бараніць мамку Любашу”. Яська пускаецца на хітрыкі – хаваецца ў бацькавым возе. Хлапца знаходзяць і вяртаюць дахаты. І тут здараецца цуд: драўляны конік Грыўка пачынае размаўляць, яны разам з Яськам тры разы акунаюцца ў сутоцы Дзвіны і Палаты. І што б вы думалі? Зразумела, Яська робіцца волатам незвычайнай сілы, а Грыўка – срэбнагрывым баявым канём! Яны паспяваюць дагнаць палачанаў пад Грунвальдам і дапамагаюць ім перамагчы хцівых тэўтонцаў. Пасля Яська вяртаецца, робіцца назад звычайным хлопчыкам – і слухае расповеды бацькі пра ўласныя подзвігі!..
— Паколькі кніга для дзетак, то яе не варта ўспрымаць як дакладны гістарычны тэкст, — кажа аўтар Юры УСЦІНОВІЧ, выкладчык гісторыі Полацкага дзяржаўнага універсітэта. – Аднак, ужыўшы сваю фантазію, я тым не менш грунтаваўся на дакладных гістарычных фактах.
Цікава, што спачатку задума была стварыць мультфільм на гэтую тэму. Але маляванне мульціка – справа доўгая і складаная. Таму мульцік яшчэ ствараецца, а кніга ўжо выйшла.
— Для мяне гэта быў першы досвед аздаблення кнігі, — кажа мастак Іван ІВАНОЎ. – Гэта надзвычай цікава: ствараць персанажы, аднаўляць выгляд сярэднявечнага Полацка!.. У мультфільме будуць свае распрацоўкі: за аснову персанажаў я ўзяў герояў старажытных малюнкаў са старонак летапісаў – Радзівілаўскага летапісу, Хронікі Быхаўца… Летапісы ажывуць!..
Юры Усціновіч ствараў кнігу з пазіцыі палачаніна. Увогуле, Полацк – горад, якім цяжка не ганарыцца; горад, жыхарам якога сорамна не ведаць сваю гісторыю.
— Як палачаніну, мне хацелася засяродзіць увагу на Полацку, — кажа Юры Усціновіч. – Хацелася паказаць, што Полацк быў як бы асобнай дзяржавай у Вялікім Княстве Літоўскім. У сюжэце гэта ёсць: не проста прыйшоў Вітаўт і загадаў палачанам збірацца ісці на вайну, а палачане самі вырашалі, што рабіць. Такая своеасаблівая полацкая дэмакратыя.
Што казаць – палачане і цяпер наперадзе ўсіх. У гэтым годзе, калі мы святкуем слаўную перамогу нашыя ваяроў пад Грунвальдам, гэта ўжо другая полацкая ініцыятыва ў гэтай справе. Пра першую мы пісалі нядаўна: перайменаваць адную з вуліц горада ў вуліцу Грунвальдскую.
Самы стары беларускі горад падае годныя прыклады краіне!

Тэгі:


2 Responses to “Шасцігадовы Яська дапамог палачанам перамагчы пад Грунвальдам!”

  1. 1. ihar_b Says:

    Вонкавы выгляд 10/10!

  2. 2. Ида Грезь Says:

    симпатичная обложка. нужно будет в книжный заглянуть, полистать

Leave a Reply