it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 30

Сяргей ШАПРАН

Надрукавана: Абажур. 2013. № 7 (103)

bar01

Патрыярх беларускай літаратуры Рыгор Барадулін завяршыў 2013 год падвойным святам: выйшлі адразу дзве яго кнігі, і абедзве ўнікальныя — «Вушацкі словазбор» і «Лепей». Калі першую кнігу Барадулін усё жыццё збіраў, дык другую амаль усё жыццё пісаў. Такім чынам, абедзве кнігі для паэта ў многім выніковыя. Пра гэта і гутарым з Рыгорам Іванавічам.

 

— Падчас прэзентацыі «Вушацкага словазбору» ў кнігарні «Логвінаў» Уладзімір Някляеў засведчыў, што неаднойчы бачыў Вас, шчаслівага, з Вашай чарговай новай кнігай у руках, але ніколі не бачыў настолькі радаснага, як пасля выхаду «Вушацкага словазбору»…

— Для мяне выхад гэтай кнігі — вялікая ўрачыстасць для душы. Я ж пачаў запісваць вушацкія словы, якія чуў ад мамы, ад сваякоў, ад суседзяў — вушацкіх людзей, вострых на язык, недзе з класа шостага-сёмага. І, як толькі размова заходзіць пра «Вушацкі словазбор», мне адразу хочацца цытаваць: «Жывець, як золата важыць»; «Каму пільней, таму пыльней». Вушацкае вуха чуе нават, што пяе салавей: «Цімох, Цімох, павёў дзяўчыну ў мох, у мох. Паваліў, загаліў — торк, торк, торк…» У гэтым слоўніку выразы і словы на ўсе выпадкі жыцця. Ёсць, напрыклад, такое ёмістае вушацкае слова «прылюдзіцца» — гэта значыць, прывесці да пэўнага парадку, толку, спарадкаваць. Дык вось, я вельмі ўдзячны Наталлі Давыдзенка, укладальніцы гэтай кнігі, якая зрабіла працу акадэмічнага інстытута: яна не толькі сабрала цэлую трохтонку маіх запісаў, але і, сістэматызаваўшы, прылюдзіла, спарадкавала іх. «Вушацкі словазбор» — гэта не проста слоўнік, гэта слоўнік і ізборнік разам, бо добрую палову кнігі складаюць прыказкі і прымаўкі, прыгаворкі і зычэнні, пад’ялдычкі і цвялілкі, добрыя пажаданні і хуткамоўкі, загадкі і дзіцячыя гульні, звычаі і прыкметы. Тут усяго патроху: і скаромнага, і ўзнёслага.

Сам я па стане здароўя ўжо не мог засяродзіцца на падобнай працы — я нават у алфавітным парадку не склаў бы гэты слоўнік! Таму яшчэ раз хачу адзначыць вялікае старанне Наталлі Давыдзенка — яна нібыта на шахтах працавала. Працаздольнасць у яе шалёная! Між іншым, Наташа — не толькі дасведчаны рэдактар, але і сама паэтка, якая хоць і піша па-руску, але апошнім часам падрыхтавала ўжо дзве свае кніжкі па-беларуску.

Некалі, яшчэ ў 1979 годзе, Вы напісалі ўступнае слова да вершаў Някляева, якія ўпершыню выйшлі ў перакладзе на рускую мову ў Маскве. Праз трыццаць гадоў Вы сталі аўтарам прадмовы ўжо дда яго выбраных твораў. Тым часам і Някляеў не хавае павагі і любові да Вас, бо ўжо ў трэці раз Вашыя кнігі пачынаюцца з яго ўступнага слова. Прадмова да «Вушацкага словазбору» называецца проста і зразумела: «Цуд!»

— Я вельмі ўдзячны і Уладзіміру Някляеву — чалавеку тонкага густу, першаму дэгустатару «Вушацкага словазбору» і аўтару добрай прадмовы да кнігі. Але Някляеў даўно ўжо даказаў — за што ён ні возьмецца, усё ў яго здорава выходзіць: і вершы пісаць, і паэмы, і эсэ, і прадмовы. Няма такой галіны чалавечай дзейнасці, дзе б ён не быў першы. Ён унікальны, таму што здольны здзіўляць і здзіўляць. Гэта, мусіць, апошні з самых дасканалых беларускіх паэтаў. Можна нават сказаць — малады класік. Пакуль будуць такія, як Някляеў, наша мова будзе жыць. Някляеў і нашая моладзь, бо апошнім часам беларуская моладзь пайшла як грыбы пасля дажджу.

Сам я яшчэ заспеў людзей, якія помнілі вушацкі, крывіцкі варыянт беларускай мовы, а пасля ўзнік цэлы прагал, бо нараслі пакаленні, якія не ведалі ні беларускай, ні рускай мовы і гаварылі на «трасянцы», мова для іх зрабілася выключна сродкам камунікацыі. Але без мовы няма народа — ёсць толькі насельніцтва. Без роднай мовы душа будзе халодная. Таму ўся надзея на моладзь. На моладзь і, паўтаруся, на Някляева, які безумоўная, бездакорная вяршыня ў нашай літаратуры, што б там ні гаварылі. Дарэчы, цікава, што ён жа пачынаў пісаць па-руску, але родная мова, мова яго маці ўсё-такі перамагла. Раней жа і нацыянальнасць запісвалі па маці — гэта калі я яшчэ быў малады. Праўда, як прыгадаеш, калі гэта было, дык самому страшна становіцца, але ўсё адно ж не хочацца лічыць сябе старым!

А што б Вы сказалі будучым чытачам «Вушацкага словазбору»?

— Вядома, я не магу сказаць: «Чытайце абавязкова!» — я хацеў бы, я быў бы рады, быў бы шчаслівы, калі б нехта прачытаў гэтую кніжку і, можа быць, вушацкае, маміна слова лягло б яму на душу, як аблокі на смяглую зямлю. Я спадзяюся, што некаму слова маёй мамы ўскосна, можа быць, нагадае яго маці, а некага нават і сагрэе.

Я лічыў сваім абавязкам, каб словазбор вушацкага варыянта крывіцкай мовы быў надрукаваны. Гэта быў мой неадплатны доўг і перад вушацкімі людзьмі, і перад мамай. Цяпер, калі сам стаў стары, я зразумеў, што страшэнна вінаваты перад мамай, бо крыўдзіў яе… «Вушацкі словазбор» — гэта мая даніна павагі маме, маленькая, мільённая частка доўгу перад ёй. Тут жа і словы маміны, і голас, і вочы яе…

Тут Ваша мама жывая.

— Так, тут мама жывая… Я ўсё жыццё пісаў вершы маме, але самы лепшы мой верш, прысвечаны маме, — гэты слоўнік.

Сам я жыву і ратуюся роднай мовай. Самае святое для мяне — гэта мама і мова, мова і мама. Без іх я як без радні. І «Вушацкі словазбор» — гэта мой паклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова. Гэта мой паклон маме і родным вушацкім людзям, якія не выракліся свайго. Бо без мовы не можа быць ні асобнага чалавека, ні цэлага народа. І калі маладыя пачнуць адраджаць нашу мову, значыцца, яна будзе жыць. А калі будзе жыць мова — будзе жыць і Беларусь.

bar02

Практычна адначасова з «Вушацкім словазборам» выйшла яшчэ адна Ваша кніга — «Лепей», падрыхтаваная паэтам, журналістам і блогерам Глебам Лабадзенкам. Заўважу, што Глеб практычна кожнага разу выдае нешта незвычайнае: спачатку былі яго ўласныя «Pager-вершы», пасля факсімільна перавыдадзеная Ваша першая кніжачка «Маладзік над стэпам», следам за тым — факсімільнае выданне рукапісу «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча, пасля — Глебава «Дзіцячая заМова». І вось яшчэ адзін яго кніжны праект — факсімільна выдадзеныя аўтографы Вашых вершаў, якія былі напісаны ў перыяд з 1952 да 2013 года. Да таго ж унікальны выпадак — у кнізе няма ніводнай друкаванай літары. Але ці помніце, як Вы першапачаткова паставіліся да ідэі такога выдання?

— Шчыра кажучы, ідэя гэтая дужа мяне збянтэжыла, таму што звычайна факсімільна выдаюць тых, каго няма ў жывых. Але пасля падумаў, што гэта можа быць цікава. Тым больш што адзін урач сказаў, што па рукапісах можна вызначыць, якая хвароба ў чалавека і калі яна пачалася.

І з якога часу пачаў пагаршацца стан Вашага здароўя?

— Быццам бы ў пачатку гэтага стагоддзя.

Калі рыхтаваў кнігу гутарак з Вамі «Тры мяхі…», дык праслухаў запісы ранейшых Вашых інтэрв’ю і не мог не заўважыць, як пачаў змяняцца Ваш голас пасля смерці Васіля Быкава. Я даўно ўжо перакананы, што на Вас вельмі паўплываў раптоўны сыход Вашага блізкага сябра. Гэта ў тым ліку і па Вашых фотаздымках тых часоў можна прасачыць. Мабыць, гэта смерць Быкава прыспешыла Вашую хваробу?

— Магчыма, бо Васіль быў для мяне ўсім… Для мяне тры імёны былі святыя: Бог, мама і Быкаў.

Але давайце, дзядзька Рыгор, вернемся да кнігі «Лепей». Вы сказалі, што спачатку Глебава ідэя збянтэжыла Вас, але цяпер Вы задаволены вынікам?

— Па-першае, я яшчэ раз пераконваюся, што Глеб — гэта тая змена, якая дужа патрэбна Беларусі. Нашая беларускасць трымаецца, безумоўна, якраз на такіх волатах, на такіх вяршынях, як Някляеў, і на такой маладой руні, як Глеб.

Рунь ці ўжо пагорак?

— Рунь — гэта для вачэй, для сэрца, рунь малодзіць душу і прымушае забыцца на драбязу. Але Глеба адным словам не вызначыш… Пра яго можна яшчэ сказаць, што гэта ўжо не дрэўца, а малады гаёк.

Я не быў знаёмы з Караткевічам, але ж Вы блізка сябравалі з Уладзімірам Сямёнавічам, таму, канешне, можаце сказаць, ці дакладная будзе асацыяцыя: мне так падаецца, што калі б Караткевіч жыў сёння і быў Глебава ўзросту, дык, мабыць, ішоў бы прыкладна тым жа шляхам, што і наш з Вамі, дзядзька Рыгор, агульны сябра?

— Караткевіч усё жыццё ішоў сваім шляхам — шляхам супраць. Ён ніколі не хаваўся і заўсёды, што называецца, сек з пляча. Караткевіч жыў, як дыхаў, і пісаў, як дыхаў. Ён быў абсалютна натуральны. Ужо не кажу пра тое, што ён быў сусветна адукаваны. Караткевіч прыйшоў у літаратуру ў цёмныя часы, калі, здавалася, не было практычна ніякай перспектывы. Пра гістарычную ж літаратуру наогул не ішло ніякай гаворкі. А Караткевіч пайшоў у глыбіню беларускай велічы і паказаў Беларусь незалежнай і вольнай. Але гэта Бог, лёс пасылаюць Беларусі ў патрэбны час патрэбнага чалавека.

Што тычыцца Лабадзенкі — некалі Марыйка Мартысевіч напісала: «У Глебе элітная нацыянальная адукацыя абярнулася іншым бокам медаля: ён бязмежна верыць у беларускую Беларусь і змагаецца за яе сваімі сродкамі. Альтэрнатыўнымі. Можна нават сказаць, магічнымі… Лабадзенка — цімуравец, а дакладней, сам Цімур, які малюе бел-чырвона-белыя значкі на платах тых людзей, якім дзячыць за іх шматгадовую працу сваёй дапамогай… Глеб Лабадзенка — жаўнер-альтэрнатыўшчык на службе ў Беларусі. Але не ў агульнапрынятай Беларусі, а ў нашай, беларускай». Мне бачыцца, што лепш пра Лабадзенку як пра рэкрута, які прызваны служыць на карысць Беларусі, нават не скажаш.

— Так, рэкрут — гэта правільна. Я ж гавару: чым Беларусь і выжывае, чым выжываюць нашыя культура і мова, — гэта тым, што ў той час, калі здаецца, што ўсё ўжо знішчана, тады Бог, лёс даюць патрэбнага чалавека, дый не аднаго — дзясяткі чалавек, якія і трымаюць на сабе Беларусь.

Раней я ўкладаў Вашую білінгвічную, беларуска-рускую кнігу «Перакуленае», дык ведаю, наколькі гэта складана — падрыхтаваць том Вашай выбранай паэзіі. Дый Глеб таксама піша ў прадмове да «Лепей»: «Гэта не кніга выбранных вершаў. Як можна выбраць 100 найлепшых вершаў Рыгора Барадуліна? І хто павінен выбіраць? Калі я наіўна паставіў перад сабою такую задачу і засеў чытаць нататнікі класіка, то першы адбор прынёс 500 адсканаваных твораў. Другі — 270. І так — пакуль вокладка гэтай кніжкі не стала больш-менш закрывацца». А Вас самога, дзядзька Рыгор, не засмуціла б прапанова скласці том уласнай выбранай паэзіі?

— Гэта практычна немагчыма, бо ўжо зранку глядзіш па-іншаму на тое, што ўвечары падабалася. Але пакуль самому не падабаецца ці не дужа падабаецца тое, што ты напісаў, да гэтага часу і можаш пісаць. Хоць некаторыя і лічаць сябе геніямі, адзін такі добра пра сябе сказаў: «Я — саманадзейны геній». Што на гэта скажаш? Нічога… Усё-такі літаратар павінен быць з пачуццём адказнасці.

Сапраўды, мусіць, кожнага разу сумленнаму літаратару здаецца, што наступным разам напішацца лепей. Невыпадковая і назва ў гэтай кнігі — «Лепей». Мне ў гэтым бачыцца пэўная іронія.

— Правільна. Сёння лепей, заўтра — горш. Гэта як у песні…

Некалі Аляксандр Фядута ў рэцэнзіі на кнігу «Ксты» заўважыў, што калі запытацца ў звычайных чытачоў, якія яны ведаюць Вашыя вершы, дык, мусіць, яны б назвалі толькі «Трэба дома бываць часцей…». А Вас самога не здзіўляе папулярнасць гэтага верша?

— Калі груба гаварыць, дык атрымліваецца, што гэты верш — як тая дзяўчына, якая ўсім падабаецца. Але трэба падумаць-паглядзець: вакол жа ёсць і прыгажэйшыя, і лепшыя… Тут, відаць, шмат што залежыць ад школьнай праграмы, вершы ў якой варта было б час ад часу мяняць, а то як уваб’юцца ў адзін мех… У гэтым ёсць свая небяспека.

А з іншага боку, дзядзька Рыгор, як каханую мяняць? Я яшчэ ў школьныя гады прачытаў у Яўгена Еўтушэнкі: «…Идут белые снеги, как во все времена, как при Пушкине, Стеньке и как после меня. Идут снеги большие, аж до боли светлы, и мои, и чужие заметая следы». І з таго часу Еўтушэнка існуе для мяне найперш вершам «Идут белые снеги». А Барадулін — «Трэба дома бываць часцей…».

— Можна сказаць, што гэта ўжо як брэнд.

Вам не шкада, што шмат хто ведае Вас па адным толькі вершы?

— У сітуацыі, калі ў Беларусі сваіх літаратараў не ведаюць, дык хай хаця б гэта ведаюць. І добра, што хоць адзін верш, бо некаторыя ж ніводнага не прыгадаюць і, наогул, ставяцца да беларускай мовы як да дыялекту рускай.

У прадмове да кнігі Глеб піша, што свая магія ёсць і ў Вашым  почырку і трэба звяртаць увагу не толькі на тое, што напісана, але і як: «Форму кнігі падказаў сам почырк Барадуліна, які даўно стаў  графічным брэндам. Гэта як беларускія руны. Нават той, хто не да донца даўмеецца сэнс, адчуе, што тут ёсць нешта важнае і галоўнае». Але Вы самі, дзядзька Рыгор, ці бачыце ў почырку нейкі метафізічны сэнс?

— Хоць мама мая пісала не надта добра, бо яна ж практычна не вучылася ў школе, але ўсё роўна мамін почырк для мяне цяплейшы. Гэта як тыя словы, што тысячы гадоў таму былі высечаны на скалах. Таму мамін почырк для мяне больш святы і ўзорны.

А Вам самому падабаецца адбор вершаў у кнізе «Лепей»?

— Глеб толькі ўчора прынёс мне кніжку, дык я ўстаў сёння а палове шостай раніцы і прачытаў яе ад першай старонкі да апошняй, бо пачнецца дзень, пачнецца мітусня, а так я спакойна пабыў сам-насам са сваімі вершамі. У гэтым ёсць свая асаблівасць: я ў сваёй сям’і, са сваякамі… Мне спадабаўся адбор Глеба. Прычым часам я здзіўляўся гэтаму адбору: так, я ведаю, што гэта мае вершы, але сам я ніколі не даўмеўся б паставіць іх у гэтую кнігу, а яны сапраўды нармальна тут месцяцца!.. Наогул кажучы, калі чытаў гэтую кнігу, я  толькі ахаў і здзіўляўся дасведчанасці Глеба. Ён жа чалавек новай  фармацыі, новага пакалення… Я помню, як некалі ён прыйшоў да мяне са сваімі вершамі, і што цікава: я некаторыя свае творы пагубляў, але ўсе вершы Глеба, якія ён мне прыносіў, я акуратненька збіраў і пасля, праз некалькі гадоў, перадаў яму.

Расказваюць, што Самуіл Маршак, калі да яго ў рэдакцыю прыходзілі маладыя аўтары, заўсёды вітаў іх стоячы, а пасля яшчэ і сам праводзіў да выхаду. І калі ў Маршака запыталіся, чаму ён так сябе паводзіць, дык ён адказаў на гэта: «А раптам геній?»

— Калі працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», дык праз мае рукі, праз мае вочы праходзілі тысячы і тысячы радкоў. І калі ўпершыню свае вершы прынёс Глеб, я адразу зразумеў, што з яго будзе паэт. Я ведаў гэта ад самага пачатку.

Дарэчы, таксама я некалі ведаў, што паэт будзе і з Уладзіміра Някляева. І калі ён сабраўся з’язджаць у Маскву, дык мы пайшлі з ім у рэстаран «Мінск», на апошні паверх. Тады я і адгаварыў Валодзю ехаць у Маскву.

bar03

Са слоў Някляева ведаю, што Вы, «па-чалавечы развітваючыся», так напаілі яго, што хоць у яго і быў квіток на цягнік у той вечар, але ні ў якую Маскву ён не паехаў, а тым часам Вы аддалі рукапіс яго кнігі, якая была зарэзана ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», на рэцэнзію Панчанку. І Пімен Емяльянавіч, напісаўшы проста на тытульным лісце рукапісу: «Калі выдаваць першыя кнігі вершаў, дык такія», — тым самым вырашыў і лёс першай кнігі Някляева, і яго ўласны лёс: Някляеў застаўся ў Беларусі і ў беларускай літаратуры. І такім чынам стаў не рускім, а беларускім паэтам.

— Прычым выдатным беларускім паэтам… Вось глядзіце: Ігар Шклярэўскі — найвыдатнейшы расійскі паэт, які нарадзіўся ў Бялынічах, але даўно жыве ў Маскве. І хоць у Расіі яго ведаюць, але ўсё-такі трэба жыць дома і паміраць трэба дома. Я, можа, сумна гавару, але дзе нарадзіўся, там і трэба паміраць… Хоць, з іншага боку, тут ужо як Бог дасць.

І на заканчэнне гутаркі: дзядзька Рыгор, ідуць навагоднія святы, Каляды. Ці чакаеце Вы нечага ад наступнага года?

— Так ужо па традыцыі павялося, што ад кожнага новага года чакаеш нечага і старога, і новага: старое каб палепшылася, а новае — каб уразіла сваёй нечаканасцю. Чакаеш, што будзе нейкае прасвятленне на душы, што будзеш зразуметы тым, хто цябе чытае, і тым, хто яшчэ будзе чытаць. І хацелася б, вядома, каб Бог дазволіў троху затрымацца на гэтай зямлі. Бо пад канец хочацца нешта яшчэ напісаць…

Мне ўжо мнагавата гадоў, прычым палову з іх я не п’ю. І калі падумаю, колькі мне цяпер, дык я як той даўні каньяк у бачурках… (Усміхаецца.) Тым не менш я не адчуваю сябе старым. Як паглядзіш — дык той стары, той стары, а сам пра сябе ніколі так не думаеш. Не тое што я да маладых сябе адношу, але проста не хочацца быць старым. А тое, што зморшчыны ды сівыя валасы — дык гэта ўсё маё…

Наогул кажучы, узрост — рэч дзіўная: афіцыйна ды вонкава ён адзін, а на самой справе зусім іншы. Гэта ўсё ад таго, што душа заўсёды маладая. Няма старых душ, няма. І гэта добра, што Бог так распарадзіўся, каб чалавек не мог ведаць, калі памрэ: гэтае няведанне і захоўвае і маладосць, і бадзёрасць, і светлы позірк, і юную душу.

І калі яшчэ гаварыць пра чаканні, дык, відаць, ледзь не кожны з нас хацеў бы дачакацца, калі ж нарэшце скончыцца гэтая чорная навала і мы будзем жыць, як Вы некалі напісалі, у беларускай Беларусі.

— Я і раніцай устаю — спадзяюся, і ўвечары кладуся спаць — спадзяюся на гэта. А калі не спадзявацца, дык будзеш чакаць, як у тым каптуху, калі табе пададуць мешанку ці ахрап’е… Я ўсё-такі веру латыні: dum spiro, spero — пакуль жывеш, спадзявайся. І таму хачу пажадаць чытачам «Абажура»:

 

Удзячныя чытачы,

Рыцары «Абажура»,

Воз чэрствых клопатаў цягнучы,

На свой не глядзіце хмура.

Брыда з верхаводкай сплыве.

Рашучасць укленчыць нязгодзе.

І ў цеснай ад задум галаве

Світаць будзе

Навагоддзе!

 

Фота аўтара

 

 

Гэтая кніжка для мяне вельмі дарагая не толькі таму, што гэта кніга Барадуліна, геніяльнага майго сябра, а яшчэ і таму, што ў ёй жыве мая, наша з Рыгорам, родная зямля — Полаччына. Са сцежкамі, з рэчкамі, з азёрамі, з усімі яе фарбамі. Разам з тым гэтая кніга прыкметная яшчэ і тым, што дае, хай не поўны, але адказ на загадку, якую нясе ў сабе Рыгор, як кожны вялікі паэт: адкуль ён, чаму ён такі, чаму жыве гэтым? А жыве ён роднаю зямлёй, народнымі думамі і памкненнямі, нарэшце, жыве роднай мовай. І пры гэтым паказвае ўзор таго, як трэба беражліва ставіцца да жывой, натуральнай, крынічнай мовы, паказвае ўзор таго, як пісьменнік павінен удзельнічаць у ачышчэнні сучаснай мовы ад канцылярызмаў і выпадковасцей, і больш за тое — удзельнічаць у моватворчасці. Таму гэтая кніга для мяне не проста з’ява, а падарунак маёй душы.

Кажуць, што Барадуліна без беларускай мовы няма. А мне здаецца, што і беларускай мовы без Барадуліна ўжо таксама няма. Няма і не будзе. І колькі будзе жыць беларуская мова — столькі будзе ў ёй жыць Рыгор.

Генадзь БУРАЎКІН

 

 

Усялякая кніга Рыгора Барадуліна — гэта падзея не толькі для яго, але і для ўсіх тых, хто сёння яшчэ нешта чытае, хто сёння яшчэ ў нечым беларус. Я кажу: «у нечым» і «нешта», — бо гэтага нечага, на жаль, у нас усё меней і меней. Дык вось, «Вушацкі словазбор» — апроч таго, што гэта выдатная кніга, яшчэ і намаганне пабольшыць гэтую меншасць. І намаганне вельмі паспяховае, бо ўсе, хто да барадулінскага словазбору ўжо дакрануўся, хто пакупаўся ў бяздоннай чысціні мовы, у сабраных Барадуліным вушацкіх словах, прыказках і прымаўках, не маглі не адчуць, якія яны багатыя людзі і якія яны дурні, што не цэняць гэтае багацце.

Няма патрэбы даводзіць, што Рыгор Барадулін — геніяльны паэт, але «Вушацкі словазбор» — кніга і для яго ўнікальная, бо напісаная не ім адным. Разам з ім кнігу пісала ягоная маці, пісалі ягоныя сваякі, ягоныя землякі, увесь народ, які, на жаль, сёння не з’яўляецца моватворцам, і таму ягоную працу — працу моватворцы — выконвае паэт Рыгор Барадулін. Апроч гэтага ён выконвае яшчэ і ролю захавальніка беларускай мовы, і некалі беларускі народ, асэнсаваўшы подзвіг, які здзейсніў Барадулін, скажа вялікае дзякуй свайму Паэту.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ

 

Гэта суцэльнае задавальненне — працаваць над такімі матэрыяламі, тым больш калі разумееш, што маеш справу з неацэнным скарбам, бо мова — скарб сапраўды неацэнны. І мая запаветная мара, каб нарадзіўся нарэшце сур’ёзны даследчык творчасці, жыццёвага шляху і асобы Рыгора Барадуліна, бо ён — значная фігура ва ўсёй другой палове ХХ стагоддзя.

Раней я думала, што добра ведаю Рыгора, бо мы столькі гадоў працавалі разам у выдавецтве «Мастацкая літаратура». І не адной мне, але і шмат каму здавалася, што ён толькі і робіць, што весела бегае ды лётае па жыцці. Аднак гэта была ўсяго толькі вонкавая, падманлівая лёгкасць, бо цяпер, калі два гады таму пачала апрацоўваць яго архівы, бачу, што насамрэч ён працаваў удзень і ўначы — многія яго вершы пазначаны начным часам. Ён працаваў, літаральна як атамны рэактар — без перапынкаў. Гэтае адкрыццё я зрабіла, рыхтуючы яго «Вушацкі словазбор». І калі мне будзе дадзена яшчэ часу нешта зрабіць для Рыгора — буду шчаслівая тым. Хаця працы тут хапіла б не толькі для мяне — для ўсіх, для цэлага інстытута. Але калі гэта яшчэ будзе?..

Наталля ДАВЫДЗЕНКА

 

Што было найвялікшым адкрыццём падчас працы з нататнікамі Барадуліна? Раптоўнае разуменне, наколькі дзядзька Рыгор розны — і шчыры ў гэтай рознасці — на суседніх старонках. Вось вам вершаванае перастварэнне малітвы «Ойча наш…», а вось — цераз пару старонак — зацемка пра пеўня, які «хоць худы, ды ёбкі» (аўтар сам не ставіць тут шматкроп’я). Вось верш «Пусці ў душу Хрыста…», а следам — «Паганскія багі»…

Гэтую рознасць Барадуліна можна назваць сцісла: ад «Здубавецця» да «Кстоў». Цяжка прыгадаць іншага аўтара, чыя таленавітая палітра была б настолькі шырокая.

Нашто вам кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна? Не, не толькі як сувенір. У наш час усё, ажно да паэзіі, чытаецца па дыяганалі. Перанасычэнне інфармацыяй прымушае нас спажываць яе ў паскораным рэжыме. Тут такі нумар не пройдзе. Хоць почырк дзядзькі Рыгора і не саамы «лекарскі», аднак з наскоку не ўсё прачытаеш. Чытаць Барадуліна няспешна, асэнсоўваючы — вось навошта вам гэтая кніга.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА

Тэгі:


Leave a Reply