it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 26

Баталія развярнулася на форуме раёнкі. Наш знаны пекар Кастусь Ларкоў задаў пытанне — і атрымаў “вычарпальны адказ”.

Кастусь:

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Вельмі крыўдна, што гэтую дату выданне абыйшло бокам.Удвая крыўдна, што ў нумары за 21 лютага не маецца ніводнага артыкула на роднай мове.
Звяртаюся да галоўнага рэдактара. Яніна Станіславаўна, чаму газета зацята не жадае рабіць крок насустрач зразумелай ўсім нацыянальнай мове? Чаму вашым (нашым) выданнем праігнараваны Міжнародны дзень роднай мовы?

Кастусь Ларкоў

 

Шпак:

Кастусь, падтрымліваю зварот.

Рэдактар:

pПаважаныя Кастусь і Шпак!
На ваш запыт наконт выкарыстання беларускай мовы ў раённай газеце паведамляю, што ў статуце рэдакцыі прадугледжана выданне газеты на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Гэта рашэнне прынята на падставе праведзенага ў Беларусі 14 мая 1995 года рэферэндуму, на якім беларускі народ выказаўся за двухмоўе: рускай мове нададзены статус дзяржаўнай нароўні з беларускай. За такі расклад прагаласавала 83,3% удзельнікаў рэферэндуму. Мы паважаем выбар беларускага народа і прапаноўваем нашу прадукцыю ў выглядзе інфармацыі ў адпаведнасці з пажаданнямі чытачоў.
Дарэчы, гыты выбар паўплываў і на іншыя сферы дзейнасці і грамадскага жыцця ў краіне: справаводства вядзецца на рускай мове, на ёй выдаецца 2/3 кніг, працуе 85% школ і садкоў і г.д. Перыядычныя выданні, як вы, пэўна, заўважылі, за выключэннем мастацкіх і спецыяльных газет і часопісаў, поўнасцю перайшлі на рускую мову. У значнай ступені гэта звязана з неабходнасцю рэалізаваць сваю прадукцыю. Падабаецца нам гэта ці не, але пераважная большасць чытачоў у інтэрнацыянальнай краіне, дзе адукацыя вядзецца ў рускамоўных школах, выбіраюць адпаведныя выданні. Паколькі рэдакцыя з’яўляецца гаспадарчаразліковай арганізацыяй і не атрымлівае датацый з бюджэту, мы таксама заклапочаны рынкам збыту — не можам рызыкаваць падпісчыкамі і абмяжоўвацца адной мовай. Дарэчы, такі падыход і ў іншых постсавецкіх краінах. У Краславе, напрыклад, з 5 тысяч асобнікаў толькі 1 тысяча – на латвійскай мове, астатнія на рускай.
Яшчэ адной умовай перавагі таго ці іншага тэксту з’яўляецца чыста тэхналагічны бок справы. Значная частка інфармацыі трапляе ў рэдакцыю на электронных носьбітах менавіта на рускай мове. Гэта не толькі афіцыйная інфармацыя, але творчасць нашых чытачоў і няшатных аўтараў, шматлікія службовыя паведамленні. Губляць час на пераклады пры абмежаванасці журналісцкіх кадраў і неабходнасці працаваць над павелічэннем інфармацыйнай насычанасці газеты накладна і не мае сэнсу.
Калі гаварыць канкрэтна аб Міжнародным дні роднай мовы, то ў ЮНЭСКА і ААН каля 200 датаў, прысвечаных розным важным тэмам. Ва ўмовах малафарматнай газеты адзначыць іх проста немагчыма, асабліва калі гэтыя дні супадаюць з асвятленнем дзяржаўных святаў, як у нашым выпадку. Тым не менш, калі б таварыства беларускай мовы, культасветустановы ці іншыя зацікаўленыя аўтары прапанавалі цікавы матэрыял па распаўсюджанню роднай мовы, абавязкова змясцілі б яго.
Што датычыць уласных матэрыялаў карэспандэнтаў, ніякага свядомага адмаўлення ад роднай мовы няма. Больш таго, заахвочваю калег на планёрках пісаць менавіта па-беларуску. Аднак бываюць розныя абставіны аж да таго, што героі артыкулаў просяць расказаць аб іх на рускай мове, бо не валодаюць беларускай.
Падзяляю ваша жаданне бачыць на старонках газеты больш матэрыялу на роднай мове і данясу яго да творчага калектыву. Пастараемся па магчымасці павялічыць колькасць беларускамоўных артыкулаў. Але просім і вас з разуменнем адносіцца да шматграннай рэдакцыйнай працы, якая мае шмат акалічнасцяў.
Дзякую за супрацоўніцтва.
З павагай, Яніна Пакульневіч.

 

Шпак:

Дзякуй Вам за адказ, спадарыня Пакульневіч. Прыкладна такога адказу і чакаў, асабліва ў частцы спасылак на рэферэндум і прыняты потым закон, а таксама пра гаспадарчаразліковы падыход да моўнай справы.
«…Дарэчы, гыты выбар паўплываў і на іншыя сферы дзейнасці і грамадскага жыцця ў краіне: справаводства вядзецца на рускай мове, на ёй выдаецца 2/3 кніг, працуе 85% школ і садкоў і г.д. Перыядычныя выданні, як вы, пэўна, заўважылі, за выключэннем мастацкіх і спецыяльных газет і часопісаў, поўнасцю перайшлі на рускую мову. У значнай ступені гэта звязана з неабходнасцю рэалізаваць сваю прадукцыю. Падабаецца нам гэта ці не, але пераважная большасць чытачоў у інтэрнацыянальнай краіне, дзе адукацыя вядзецца ў рускамоўных школах, выбіраюць адпаведныя выданні.» — Вы вельмі трапна акрэслілі вынікі палітыкі роўнасці дзяржаўных моў за 19 гадоў пасля таго рэферэндуму.
«…Паколькі рэдакцыя з’яўляецца гаспадарчаразліковай арганізацыяй і не атрымлівае датацый з бюджэту, мы таксама заклапочаны рынкам збыту — не можам рызыкаваць падпісчыкамі і абмяжоўвацца адной мовай» — падтрымліваю Вас. Канешне, не трэба абмяжоўвацца адной мовай, ці, прынамсі, пераважную большасць матэрыялаў публікаваць на адной мове. Трэба больш ужываць і беларускую, знойдзецца чытач і на такія матэрыялы, будзьце ўпэўненыя.
«…Што датычыць уласных матэрыялаў карэспандэнтаў, ніякага свядомага адмаўлення ад роднай мовы няма. Больш таго, заахвочваю калег на планёрках пісаць менавіта па-беларуску.» — падтрымліваю Вас у Вашых дзеяннях і шчыра зычу плённасці працы на гэтай ніве Вам і Вашамау калектыву.
«…Пастараемся па магчымасці павялічыць колькасць беларускамоўных артыкулаў» — упэўнены, што гэта знойдзе водгук ў чытачоў газеты і сайту.
Поспехаў Вам у Вашай працы.

Тэгі:


Leave a Reply