it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 10

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

labadzenka— Чуў? Пугачова радзіла! — захоплена паведаміла мне бабуля.

Я зразумеў, што страшэнна адстаю ад часу і трэндаў. Не гляджу тэлевізар ужо гадоў 10 (у мяне яго проста няма), не чытаю прэсы, дзе пугачовы ражаюць, абыходжу ўвагаю такія банэры ў нэце...

Я адказаў бабулі, да якога месца мне Пугачова, яна махнула рукой і ўзялася тэлефанаваць сяброўцы.

— Васілеўна, вы ў курсе? Пугачова радзіла! Да, праўда! Чэснае слова! Да, я і сама не паверыла! Ну, старая, але ж Галкін той малады!..

Наступныя паўгадзіны бабуля ляжала і думала, як такое можа быць. Варыянты скончыліся, і яна патэлефанавала маёй маме.

— Чула, што Пугачова радзіла? Скажы, як такое можа быць, яна ж старая?! Другая баба вынасіла? Дык што, Галкін ня можа? Можа?.. Пугачова ня можа?.. Дык а яна тады прычым да гэтых дзяцей?

Тут я ня вытрымаў і спытаўся:

— Дык а ты прычым?

— Дык інцярэсна! — шчыра сказала бабуля.

Жыць чужым жыцьцём для нашых людзей ня проста цікава. Гэта безвыходнасьць. Калі сваё жыцьцё такое, што жыць ім проста немагчыма, пачынаеш шукаць танныя замяняльнікі. На дапамогу прыходзяць сіліконавыя тэлеканалы, гатовыя да бясконцасьці карміць людзей пугачовымі-галкінымі-кіркоравымі-валачковымі-задорнавымі-лявонцевымі-баскавымі-малінінымі-газманавымі…

Рызыкуючы зноўку здабыць славу русафоба, заўважу: увесь гэты бруд, памыі для свядомасьці ідуць у Беларусь з Расеі. Беларусь мае 5 краін-суседак, а цераз іх мяжуе з усёй Эўропаю, дзе гэтых пугачовых-баскавых — гаць гаці! Рэдкі выпадак, калі гэты расейскі спам быў разбаўлены іншым — калі ражала “дочка сьцюардэсы”, якая “ахмурыла прынца Уільяма”.

Згодны з вамі, так — ня толькі ў нас. Высокая культура жыве на ўзроўні “кватэрнікаў” — выставы, імпрэзы, падзеі для адносна невялікай колькасьці людзей. Нізкая культура як атрутны газ — паўзе да нас праз усе дзюры-шчылінкі. І ёй будуць карміць да таго часу, пакуль людзі будуць гэта спажываць. Але гэта — як таннае чарніла, якое бярэ чалавека ў палон, разбурае ягоны розум, робіць ягоную сьвядомасьць, а сьледам і рэчаіснасьць прымітыўнай. Людзі п’юць чарніла, каб забыцца. І для гэтага ж яны сочаць за тым, што “пугачова радзіла”.

Я праўда не разумею, што творыцца ў галаве ў аматараў Бабкінай і Кадышавай.

Калі еду ў маршрутцы, то кожны раз пакутую ад пытаньня: дзе яны бяруць гэтую музыку? І ці дастатковы інтэлектуальны ўзровень спажыўца такой музыкі, каб кіраваць аўтамабілем?

Калі ўсё гэтае сьмецьце едзе да нас, яно зьбірае “Менск-Арэну”, Палац Рэспублікі ці Палац спорту. Хто ўсе гэтыя людзі, якія аддаюць немалыя грошы і ідуць слухаць такое? Чаму фальклёр ад бабкіных-кадышавых — гэта інцярэсна, а фальклёр найвышэйшай пробы ад Кірчука і Хаменкі — не?

Таму што ў людзей няма ўцямнага разуменьня, што такое — наша. Таму што бабкіны-кадышавы-пугачовы — для іх гэта “наша”. Таму што спажываць гэта прасьцей, бо — ня трэба думаць. Таму што Іван Кірчук не ражае дзяцей з прабіркі, а Зьміцер Вайцюшкевіч любіць дзяўчат, а не хлопцаў.

Але ж ня ўсім класіку слухаць ды па музэях хадзіць, праўда што! Калі ўсё стане на свае месцы, то зьявяцца свае, беларускамоўныя баскавы-галкіны, якія задаволяць патрэбы спажыўцоў навінаў “пугачова радзіла”. Менавіта таму я зь вялікай ахвотай адгукаўся некалькі разоў на прапановы перакласьці на беларускую мову песьні для папулярных выканаўцаў папсы. Цяпер, пачуўшы гэтыя песьні па радыё, я нясьмела радуюся, што для каторага спажыўца папсы зьявілася месца ў жыцьці і беларускаму слову.

…Спускаюся да пад’езду, а на лавачцы дыялог.

— Я таксама гавару, чэраз сем лет этат рыбёнак пайдзёт у школу, а ёй ужо тады будзе 71!.. — даказвае кабета спадару. — С ума баба выжыла, на старасці гадоў дзяцей ёй давай!

Тэгі: