it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 23


я зноў у гародні — самым прыгожым, самым эўрапейскім і файным беларускім горадзе. пасьля менску адчуваеш тут сябе інакш: аказваецца, людзі тут ходзяць па нармалёвых прыгожых вулках, глядзяць на нармалёвыя дамы, усьміхаюцца. неверагодна, але шостая частка ўсіх старых будынкаў у Беларусі – захаваліся тут.
аднойчы я буду жыць тут.

Тэгі:

Jun 21


Дзяржынскі раён
бібліятэку-скарбец Чапскіх у Станькаве можна пабачыць ТУТ

Тэгі: ,

Jun 21

прынамсі, апошні месяц у мяне такое адчуваньне.
практычна штодня мне тэлефануюць і пытаюцца:
— гэта “трансаэра”?
пагугліўшы, я высьветліў, што іх нумар ну ня тое, каб адзін у адзін, але падобны — розьніца ў адну лічбу.
звоняць шмат. можа, сапраўды заняцца продажам квіткоў і пуцёвак?.. 😉

Jun 19

У Мінску збіраюцца зруйнаваць яшчэ адзін стары будынак — першую ў сталіцы электрастанцыю 1870-х гадоў. Гэта калі коратка. Падрабязней гісторыя выглядае так.

На праспекце Незалежнасці, злева ад цырка, сабраліся будаваць прэстыжны гатэль “Кемпінскі”. Рэч, бясспрэчна, патрэбная — асабліва напярэдадні чэмпіянату свету-2014 па хакеі ў Мінску. Аднак вось бяда — якраз на гэтым месцы знаходзяцца будынкі першай у Мінску электрастанцыі — унікальнага помніка гарадской прамысловасці. Электрастанцыя ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. І ўнесена недарэмна. Па-першае, іншага такога будынка ў Мінску няма. А ў Беларусі — усяго два. Па-другое, электрастанцыя перажыла многае — Першую сусветную вайну, рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну. Пасля вайны электрастанцыя непасрэдна ўдзельнічала ў гераічным аднаўленні праспекта — сілкавала ўсе будоўлі ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі.

І вось праектанты гатэлю малююць план, на якім электрастанцыі… няма. А ёсць 8-павярховы шкляны гмах. Гм… На шчасце, усе праекты будаўніцтва ў зоне гісторыка-культурных помнікаў (а тут адразу два — ансамбль праспекта і сама станцыя) узгадняе кампетэнтная Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры. І Рада адрэагавала адэкватна: гатэль будуйце, але станцыю захавайце. Маскоўская фірма “Speech”, якая з’яўляецца аўтарам праекта, падышла з разуменнем, і 7 красавіка Радзе быў прадстаўлены другі праект, на якім гатэль павінен быў будавацца ўздоўж ракі, а станцыя захоўвалася (гл. малюнак). Чытаць далей »

Тэгі: ,

Jun 18

на сайце Полацкага гарвыканкама скончылася галасаваньне адносна вуліцы Грунвальдзкай. Вынікі такія:

Выскажите свое мнение о возможности переименования улицы Войкова в Грюнвальдскую улицу:
Да, согласен
943 75.7%
Нет, не согласен
268 21.5%
Затрудняюсь ответить
35 2.8%

Кол-во голосов : 1246
Первый голос : 15.04.2010 19:11
Последний голос : 14.06.2010 15:31

Вы скажаце: гэта сайт. А я заўважу, што нейкім дзіўным чынам ўва ўсіх папярэдніх галасаванках зьдзяйсьняўся якраз варыянт, які перамагаў на сайце 😉

Jun 17

рабіў ня я, даслалі скайпам

Jun 17

і ён нават заходзіў да мяне ў госьці. прысьніцца ж такое!..

здымак (с) Ганны Лейбовіц

сон сёньня быў вельмі даўгі і чамусьці запомніўся вельмі дакладна. сэнс такі. я праводзіў дабрачынную акцыю зь нейкім дзіцячым домам. і выхаванцы папрасілі сабе кожны пярсьцёнак. помню, што трэба было 52 пярсьцёнкі. а мне з сябрамі ўдалося набыць толькі некалькі — штукі 4 ці 5. і вось прыязджае Абама. я паказваю яму відэа, дзе дзеткі кажуць пра свае жаданьні. Абама зьяжджае, і раптам мне прыходзіць пасылка — каробка фармату А4 з чорным аксамітам, а ў ёй, у прарэзах — патрэбная колькасьць пярсьцёнкаў.
пасьля Абама прыязджае зноў, выступае на трыбуне. я падыходжу да яго з гэтай каробкай і прашу слова. пасьля распавядаю ўсім, што гэта ён, Абама, выканаў жаданьні выхаванцаў нашага дзіцячага дома. пасьля кажа сам Абама. а пасьля ён заходзіць да мяне ў госьці.
і чаго ён мне прысьніўся? напэўна, таму, што я ўчора першы раз за апошні год паглядзеў тэлевізар (бо наладжваў бабулі каналы) — і там у навінах выступаў Абама )))))))

Тэгі:

Jun 16

і пашкадаваў, што некалі зарэгіўся там. амаль год — а ні разу не было ніякай карысьці, адзін спам час адымаў.
хапае скайпу, гмэйлу і аські. а розныя фэйсбукі-аднакласьнікі-кантакты-твітэры… занадта маленькае жыцьцё, каб марнаваць яго на непатрэбшчыну.

Jun 15

не таму, што я там працую і друкуюся.

сам я выпісаў “Звязду” тры гады таму. аргумэнтаў у мяне асабіста было два. па-першае, гэта адзіная ў Беларусі штодзённая беларускамоўная газэта. і мне не хацелася б, каб яна зьнікла.

па-другое, я выпісаў “Звязду” дзеля штодня новых фантастычных здымкаў Майстра — Анатоля Клешчука. а калі даведаўся, што шаноўны Анатоль Кляшчук нарадзіўся за тры кіломэтры ад вёскі маёй бабулі, дык і ўвогуле пацяплела.

“Звязда” адрозьніваецца ад іншых дзяржаўных газэтаў. на яе не прымушаюць падпісвацца, як на вядомую вам каляровую туалетную паперу. так, “Звязда” дзяржаўная газэта — і таму хваліць уладу. але практычна ніколі не ліе бруд на апанэнтаў. цікава, дарэчы, было даведацца, што “Звязда” практычна самаакупальная газэта — датацыі складаюць усяго некалькі адсоткаў, а больш чым на 95% газэта жыве за кошт рэклямы. зноўку ж, напрошваюцца параўнаньні з газэтай, у якой некалі наклад за адну ноч павялічыўся з 350 да 500 тысяч. у многіх вёсках тады паболела матар’ялу для растопкі і самакрутак.

наклад “Звязды” сёньня 33 тысячы 310 асобнікаў. гэта вельмі мала. бо ва ўмовах сёньняшняга інфармацыйнага грамадзтва народу ўжо няма патрэбы атрымліваць навіны з газэты.

выпішыце “Звязду”, бо яна ня мусіць зьнікнуць. няма ахвоты ці часу чытаць самім — падпішыце бабулю ці суседку. такая мая просьба.

падпіска працягваецца, здаецца, да 24 ці 25 чысла. на месяц каштуе 12400, на тры месяцы 37200, на паўгады 74400.

Тэгі:

Jun 15

сьвежая фотка з Рагачова: на вуліцы імя Ўладзімера Караткевіча зьявіліся шыльды. па-беларуску, дарэчы.
цешуся, што крыху спрычыніўся да гэтага. рух пачаўся пасьля крытычнага артыкула на адрас рагачоўскіх уладаў. пасьля гэтага імі быў распрацаваны плян дзеяньняў па ўшанаваньню памяці Караткевіча. адным з пунктаў было якраз перайменаваньне вуліцы, на якой стаіць дзедава хата Караткевіча, дзе напісаўся “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Віно дажджоў”, “Сівая легенда”, “Ладзьдзя Роспачы”, часткова — “Каласы пад сяропоім тваім”. раней вуліца называлася Чкалава. відаць, Чкалаў над імі пралятаў.
“за” перайменаваньне прагаласавалі ўсе дэпутаты, апроч аднаго, які сказаў: “не магу галасаваць за перайменаваньне, бо я — афіцэр, і Чкалаў — афіцэр”.
калі ўжо вырашылі пераназываць, то ўзьнікла іншая праблема: каб сэканоміць грошы, хацелі пераназваць ня ўсю вуліцу, а толькі тую частку, дзе стаіць хата — і зрабіць яе “завулкам Караткевіча”. давялося на месцы ўпэўніваць рагачоўскіх чыноўнікаў, што ў юбілейны год “завулак” будзе занадта несалідна, ды і праславіў Рагачоў Караткевіч няслаба — заслужыў вуліцу, калі не праспэкт ці плошчу. дзякаваць Богу, удалося пераканаць.
мару ў кожным нашым мястэчку пабачыць па вуліцы Караткевіча, а таксама іншых выбітных беларусаў — замест савецкіх катаў і ашавуркаў, якія альбо зьнішчалі беларусаў, альбо ня маюць да нас аніякага дачыненьня.

Тэгі: