it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 04

перадрук з Cmok.budzma.org

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” -- дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

 

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. У Лепелі даведаліся ўсе акалічнасці пра першы ў Беларусі помнік Цмоку. Наперадзе быў Полацк...

Бікульнічы: беларускі Стоўнхендж!

Вёска Бікульнічы ляжыць пры самай трасе ад Лепеля на Полацк. Вельмі маляўнічай трасе, трэба сказаць!

Калі вы пугугліце “Бікульнічы”, то непазбежна знойдзеце недзе побач словазлучэнне “беларускі Стоўнхендж”. Каб не пужаць мясцовую цётухну такімі словамі, пытаемся проста:

-- Шаноўная, а дзе тут у вас камяні здаровыя па полі раскіданыя?

-- Дык гэта вунь там, за вёскаю!

Містычная версія пра тое, што камяні раскідаў Цмок (а магчыма, і жыў у найбольшых з іх) не кладзецца на душу шчырай беларусцы.

-- Калі поле калгас распрацоўваў пад пашню, дык пазвозілі ў кучу – вось вам і ўвесь Цмок! Вазьміце во лепей, у мяне яблычак панабірайце – а то ўсё адно прападуць!..

Ад яблычак не адмаўляемся, але ў версію, што Цмокам быў калгас – не верым. Кіруемся за вёску, на бераг возера Янова. Дарэчы, і сама вёска, і беларускі Стоўнхендж размешчаны фактычна на паўвыспе ў гэтым возеры. Паўвыспа мае цікавую форму, дзе пры жаданні можна пабачыць…

…Спачатку бачым пасярод поля адну вялізную кучу валуноў.

Потым другую.

Потым трэцюю. Тут ужо валуны пабольшыя.

Пакідаць нашую фірмовую шыльду не наважваемся, але здымак на памяць робім.

А потым заўважаем, што такіх кучаў валуноў – па гэтым паўвостраве добры тузін! І ведаеце што? Добра, калгас іх звёз, калі пашню рабілі. Але нідзе больш я не бачыў такой колькасці агромністых валуноў на адным полі! Ледавік? Цмок?..

Пакідаем Бікульнічы, так і не адшукаўшы адказу на гэтае пытанне. Мо, вам пашанцуе?..

 

Полацк: Цмок жыве ў самым цэнтры Еўропы!

Вы і самі ведаеце, што Полацк – галоўны беларускі горад. Самы стары, самы слаўны,  самы апеты летапісцамі і пісьменнікамі.

А яшчэ тут, як вядома, Цэнтр Еўропы – дакладней, адзін з некалькіх у Беларусі 🙂

 

Прычым – ну трэба ж, якая ўдача! – Цэнтр той прападае роўненька на сярэдзіну галоўнага бульвара горада, які колькі год таму, на шчасце, быў пераназваны з Карламарла на бульвар Францыска Скарыны.

Мы неадвалочна ладзім цмачыную акцыю ў Цэнтры Еўропы – раздаем маленькім палачанам нашыя файныя значкі з выяваю Цмока.

Юныя палачане поўзаюць сабе па Цэнтры Еўропы, часам нават выпрабоўваючы яго на зуб.

Непадалёк на гэтым жа бульвары стаіць памятны знак літары Ў. Адзін з самых славутых сучасных палачанаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў засцерагае называць яго помнікам – бо помнік звычайна ставіцца нябожчыкам ці падзеям даўніны, а літара Ў жывая! На памятным знаку – фантастычна прыемныя палачанам словы з верша “Полацкі менталітэт” іх земляка з недалёкіх Вушачаў Рыгора Барудуліна:

…Ад Еўфрасінні, ад Скарыны…

…Ад Полацка пачаўся свет.

Кіруем да Полацкага ўніверсітэта, яік месціцца ў фантастычным будынку езуіцкага калегіума 1750 года.

Пры ўваходзе нас вітае студэнт калегіума.

Дарэчы, у “Таямніцах полацкай гісторыі” Уладзімір Арлоў падрабязна спыняецца на найцікавейшым факце: у 1773 годзе, пасля забароны дзейнасці ордэна езуітаў папам рымскім Полацк на колькі гадоў стаў сусветнай сталіцай езуітаў!

Аднак вартаўніка калегіума гэта цікавіць найменей.

-- Што вы тут фатаграфіруеце, ану давайце дзеньгі плаціце!

За што плаціць, вартаўнік тлумачыць вельмі проста:

-- Ужо нікога няма, таму я тут глаўны – а за фатаграфіраваніе нада плаціць!

У ветлівай форме пасылаем яго да Цмока і рушым у двор калегіума – аглядаць езуіцкую студню ці не XVI стагоддзя (бо калегіум заснаваны ў 1580-х гадах), раскапаную і адноўленую літаральна ў мінулым годзе.

На дне – вада!

Тут жа, у дворыку, неверагодна прыгожы гадзіннік, дзе на манер пражскага Арлоя штогадзіны (у працоўны час) выходзяць прывітаць шукальнікаў Цмока знакамітыя палачане.

А нас чакае Сафійскі сабор.

Пад гарою, на якой стаіць Сафія – крыніца з неверагодна смачнай вадой.

Не дзіва, што на такой вадзе выгадаваліся Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і Уладзімір Арлоў!

Перад Сафіяй – знакаміты Барысаў камень ХІІ стагоддзя з надпісам: “Госпадзі, памажы рабу сваяму Барысу” і шасціканцовым крыжом.

Барыс – імя ў хросце Рагвалода Усяславіча, старэйшага сына Усяслава Чарадзея. А ў тым, што Усяслаў Чарадзей быў Цмокам, думаю, не сумняецца ўжо ніхто. Прыгадайце:

Усяслаў-князь людзям чыніў суды,

радзіў князям гарады,

а сам уночы ваўком рыскаў,

з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,

Хорсу вялікаму шлях перацінаў.

Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана

ў званы ў святое Сафіі,

а ён той звон чуе ў Кіеве.

Падумайце самі! І сёння з Полацка ў Кіеў можна не заехаць за дзень, калі зоркі правільна не стануць! А тады, у ХІ стагоддзі?! Цмок дэтэктэд!

Сафійскі сабор не проста ўражвае – ён перапаўняе гонарам за нашую слаўную гісторыю. А таксама прыгадвае некаторыя акалічнасці кантактаў з суседзямі. Напрыклад, дату 1 траўня 1710 года, калі салдаты Пятра І узарвалі той, тысячагадовы Сафійскі сабор. За пяць гадоў да гэтага п’яны цар са сваім паслугачом Меньшыкавым зладзілі ў Сафіі сапраўдную разню: засеклі шаблямі шасцёра манахаў і святароў. Чытаючы акалічнасці той трагедыі, ты шкадуеш, што Цмок некуды адлучыўся з Полацка і не спаліў злодзеяў яшчэ на падыходах да галоўнага беларускага храма…

Ад Сафіі ХІ стагоддзя да нашага часу засталіся падмуркі і правая апсіда (калі стаць тварам да ўваходу ў храм).

Гэтая апсіда – найстарэйшая мураваная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Месцамі яна неатынкаваная, каб можна было на свае вочы пабачыць тысячагадовую кладку.

Сафія ў сённяшнім выглядзе паўстала дзякуючы выбітнаму архітэктару Яну Глаўбіцу, які стаў вынаходнікам стыля віленскае барока.

Вуліца, якая вядзе да Сафіі, перажыла цягам чатырох стагоддзяў некалькі назваў: Вялікая, потым Ніжнепакроўская, потым Леніна, цяпер зноўку Ніжнепакроўская.

Хоць у Полацку, як у кожнай бочцы мёду, можна знайсці і сваю лыжку дзёгцю…

Нічога, гэтыя фоткі ўжо перададзеныя намі беларускаму Цмоку для прыняцця рашэння!..

 

Ваўчо: сястра Васіля Быкава далучылася да экспедыцыі!

Дарогаю на Вушачы спыняемся пры дарозе ў вёсцы Арэхаўна, каб зірнуць на панскую сядзібу ХІХ стагоддзя. На жаль, яе  стан зрабіўся катастрафічным пасля таго, як мясцовы калгас закінуў яе пару гадоў таму…

А ў бліжэйшай перад Вушачамі вёсцы Ваўчо жыве Валянціна Уладзіміраўна Быкава – сястра Васіля Быкава. Запрашаем шаноўную Валянціну Уладзіміраўну далучыцца да нашай экспедыцыі!

У Вушачах аглядаем хату народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Сам дзядзька Рыгор цяпер у Мінску, таму не наважваемся без дазволу гаспадара прымацаваць сюды шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”. Хоць пэўныя, што іранічны Барадулін не пакрыўдзіўся б – балазе, калі ён даведаўся пра нашую экспедыцыю, то прысвяціў Цмоку некалькі вершаў. А наш “цмачыны” эксперт Антон Астаповіч перакананы, што сам Барадулін – і ёсць Цмок!

У Вушачах прымушае ўсміхнуцца і абвестка на дзвярах касцёла: “Тэлефоны, якія звоняць падчас Святой Імшы, будуць апушчаныя ў Святую Ваду”.

 

Селішча: таямнічыя падзямеллі паміраючага храма

Барокавы касцёл святой Веранікі 1728 года ў вёсцы Селішча пад Вушачамі прымушае сэрца сціснуцца: якая ж прыгажосць гіне! Даведзены да ручкі за савецкім часам, ён так і не адноўлены па сённяшні дзень.

 

У касцёле дагэтуль захавалася багатая і вытанчаная дэкарацыя.

Падзямеллі касцёла разгалінаваныя і таямнічыя – ахвотна верыцца, што на ролі вартаўніка ў закінутым храме запраста мог бы быць беларускі Цмок з найбліжэйшага возера…

-- Васіль дужа любіў нашыя вушацкія вазёры, -- нібыта ўгадвае думкі Валянціна Уладзіміраўна. – Ягонае любімае возеры было Ваўчэнскае, якое недалёка за маім агародам…

Заязджаем у Чарапоўшчыну, каб пабачыць панскую сядзібу ХІХ стагоддзя. Калі Валянціна Уладзіміраўна была маладзейшая, яна хадзіла сюды на працу ў калгасную кантору. Цяпер будынак закінуты, але пакуль яшчэ знаходзіцца ў цалкам прыстойным стане.

 

Бычкі: Цмок жыве ў хляве Васіля Быкава!

Прыязджаем у Бычкі – родную вёску Быкавых. Валянціна Уладзіміраўна кліча Антаніну – сваю братавую (жонку брата) і ёйнага сына.

 

-- Тоня, выходзь, хлопцы нейкага Цмока прыехалі шукаць!..

-- Якога Цмока? У нас у музеі ніякага Цмока няма!.. – адказвае кабета.

-- Я ім казала, Тоня, але хлопцы хочуць самі паглядзець!.. – смяецца сястра Васіля Быкава.

Аглядаем музей.

Сама хата – новая. Калі Васіля Быкава не стала, і было вырашана рабіць тут музей, сапраўдную хату разбурылі (“спарахнелая была”) – і адбудавалі “такую самую”.

Сярод экспанатаў – здымкі, аўтографы, лісты і малюнкі Быкава…

 

На вокнах – вельмі кранальныя фіранкі з газет. Памятаеце, як кожны з нас выразаў у дзяцінстве сняжынкі з сурвэтак?..

-- Як музей рабілі, спыталі ў мяне – што было раней на вокнах?.. – прыгадвае Валянціна Уладзіміраўна. – Я адказала, што як малая была – то вось так з газет фіранкі выразала. Мяне папрасілі і цяпер выразаць!

Валянціна Уладзіміраўна неверагодна падобная да свайго сусветнавядомага брата!

На развітанне з дазволу Быкавых прымацоўваем на музейны хлеў нашую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”. Робім здымак на памяць.

Час позні. Завозім Валянціну Уладзіміраўну дадому ў Ваўчо.

Пераглядаем здымкі з яе славутым братам, выразкі з газет пра яго.

Валянціна Уладзіміраўна жыве адна, госці ў яе бываюць не так часта…

-- А хай бы прыехаў хто яшчэ таго Цмока шукаць, я была б вельмі радая!.. – праводзіць нас у дарогу сястра Васіля Быкава.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Асабіста дзякуем кіраўніку аддзела маркетынгу Сяргею Скляраву.
ford
Атлант-М Баравая
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінскі раён, в. Баравая, 2
(каля гіпермаркета Bigzz).
Тэл.:  +375 (17) 266-44-44
МТС: +375  (29) 766-44-44
Velcom:  +375 (44) 766-44-44
Факс: +375 (17) 266-40-33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”
Тэгі: ,