it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 08

supolka003

Сябры!

Ад 13 студзеня (19.00) ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў распачынаецца новы праект – модныя курсы беларускай мовы “МОВА НАНОВА”.

Вядуць курсы філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак, ад 19.00 да 21.00. Уваход вольны!

Ужо цяпер – далучайцеся да суполкі курсаў у facebook і суполкі ЎКАНТАКЦЕ!

На кожным занятку будуць цікавыя беларускамоўныя госці — як вельмі вядомыя людзі, гэтак і прафесіяналы ў сваёй справе, якія нячаста фігуруюць у прэсе. Прычым, не толькі з Беларусі — ужо ў студзені навучэнцы змогуць паразмаўляць з сапраўднымі беларускамоўнымі амерыканцамі, шведамі і іспанцамі!

Назва курсаў “МОВА НАНОВА” тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова”вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!

Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя — лексіка і граматыка, а таксама ўсемагчымыя цікавосткі — падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, файна і нязмушана. Апроч уласна моўных практыкаванняў, вас чакаюць незвычайныя звесткі па гісторыі ды культуры Беларусі!

Першы занятак прынясе шмат цікавостак: адразу некалькі гасцей (адзін з іх – вядомы беларускамоўны замежнік), выступ лідара гурта HandmadE Яўгена Валошына, таямнічы госць з Верхнядзвінска, майстар-клас “Як слушна павіншаваць па-беларуску”, хітрыкі з граматыкі, аўдыё, відэа, фота, мультымедыя…

На занятках будзе цёплая, сяброўская атмасфера, а таксама прыемная драбяза: дармовыя кава і гарбата. Хоць зіма і бясснежная, але ж прыемнасці ніхто не касаваў!

Чакаем вас на занятках!

PS Чаму “модныя”? Нам дужа хочацца, каб размаўляць па-беларуску сталася модна! А потым — натуральна!

ПАРТНЁРЫ КУРСАЎ

Галерэя сучаснага мастацтва Ў

“Будзьма беларусамі!”

Кнігарня “ЛогвінаЎ”

“Белсат”

 

Тэгі:


Leave a Reply