it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 22

перадрук з сайта Музея Янкі Купалы
dubrovno_yanka-kupalaБольш трыццаці гадоў жыццё і творчасць Янкі Купалы былі цесна звязаныя са сталіцай Беларусі, горадам Мінскам. Сённяшні Мінск мае іншае сучаснае аблічча, змяніліся назвы вуліц і плошчаў, наогул, значна памяняўся план горада. Але па старых картах, па працах гісторыкаў і даследчыкаў, знойдзеных у архівах, мы можам узнавіць Мінск канца ХІХ – пачатку ХХ ст. і прайсціся Купалавымі сцежкамі.

Відзен горад здаля,
Горад Мінск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.

(Янка Купала “Над Свіслачай”, 1911 – 1912 гг.)

Знаёмства з Мінскам у Янкі Купалы пачалося яшчэ з дзяцінства. Некалі на месцы сучаснага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі была Траецкая гара. Менавіта з гэтым маляўнічым кутком тагачаснага Мінска, на рагу былых вуліц Аляксандраўскай (цяпер вуліца Максіма Багдановіча) і Траецкай (цяпер частка вуліцы Янкі Купалы) звязана маленства Яся Луцэвіча. Раней тут месціўся заезджы двор, дзе ў 1890 г. пасля блукання ў пошуках зямлі, спынілася сям’я Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча – бацькі будучага паэта. Жылі яны на Старавіленскай вуліцы ў доме знаёмага мешчаніна з Радашковічаў.


Цікавы нам і адрас дома па вуліцы Садовай, 5, дзе жыла сям’я Самойлаў. Сёння гэта кароценькая вуліца не існуе (цяпер – тэрыторыя парка імя Янкі Купалы). Раней Садовая праходзіла прыкладна паралельна з вуліцай Паліцэйскай (зараз частка вуліцы Я. Купалы) і абмяжоўвалася з дзвюх бакоў ракой. Янка Луцэвіч быў частым госцем у свайго сябра Валодзі Самойлы. У той час будучы паэт, мабыць, і не здагадваўся, што праз 30 гадоў будзе сам жыць непадалёк, і нават веснічкі яго сада будуць выходзіць на гэтую вуліцу.

З 21 студзеня 1919 г., прыехаўшы са Смаленска, Янка Купала жыве на вуліцы Юр’еўскай, д. 35, кв. 6. З часам вуліца згубілася, а раней яна праходзіла недалёка ад музея Вялікай Айчыннай вайны. З гэтага часу паэт стала пасяліўся ў сталіцы, хоць часам і мяняў свае адрасы.

З верасня 1919 г. да 1920 г. Янка Купала пераязджае на вуліцу Кашарскую, д. 10, кв. 5 (месца побач з вуліцай Чырвонаармейскай). Па гэтым жа адрасе размяшчалася рэдакцыя часопіса “Рунь”, рэдактарам якога быў Янка Купала. Цікава, што менавіта гэты перыяд з’явіўся для паэта вельмі значным. У Мінску ў Янкі Купалы выспела канцэпцыя не проста нацыянальнага самавызначэння, але незалежнага існаваня Беларускай дзяржавы, паэт піша пра нацыянальную сімволіку, беларускае войска, вырашэнне сацыяльных і нацыянальных праблем народа. Гэта ідэя праходзіць стрыжнем у артыкуле “Незалежнасць”: “… Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”. Ідэя нацыянальнага адраджэння гучыць і ў “Прадмове на 15-годдзі літаратурнай працы”: “Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе”.

З 1920 па 1923 гг. Янка Купала разам са Змітраком Бядулем жыў у вядомым будынку Дома І з’езда РСДРП па вуліцы Захар’еўская, 135/137 (цяпер праспект Ф. Скарыны, 31-а). Працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела наркамасветы БССР, сакратаром часопіса “Вольны сцяг” (установы знаходзіліся на пляцы Волі).

Перадапошнім Купалаўскім адрасам у Мінску была вуліца Правіянцкая, д. 36 (цяпер вуліца Захарава, 36), дзе Янка Купала жыў у 1924 – 1926 гг.

Адным з найбольш вядомых адрасоў Янкі Купалы быў дом 36 (нумар дадзены, зыходзячы з архіўных дакументаў) па вуліцы Кастрычніцкай. Паводле перапіскі Янкі Купалы з Л. М. Клейнбартам дом меў нумар 36-а, а потым № 40 (адбылася перанумарацыя) . Дом стаяў на рагу Кастрычніцкай (былой Хрышчэнскай) і Садова-Набярэжнай ля Свіслачы (цяпер тэрыторыя парка імя Янкі Купалы). Менавіта тут паэт з сям’ёй жыў з 1927 па 1941 гады. Дом гэты Янка Купала з сястрой Леакадзіяй Дамінікаўнай Раманоўскай набыў у Л. М. Ізыгзона. Амаль на месцы былога дома паэта знаходзіцца будынак Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

У розныя часы ў доме Купалы бывалі многія пісьменнікі, у тым ліку з-за мяжы, журналісты, кампазітары, грамадскія дзеячы. Усе, хто тут быў, знаходзілі ўвагу, цеплыню, усіх яднаў шчыры, зычлівы дух гэтага дома, яго гасцінныя гаспадары і асабліва гаспадыня – цёця Уладзя, Купаліха, як яе сталі называць пазней. У гасцёўні дома чыталі вершы, спявалі песні, абмяркоўвалі надзённыя пытанні. Называлі гэты дом “Салон Купалы”, дом пад таполяй. Для літаратурнай моладзі гасцёўня паэта была і бацькоўскім домам, і сапраўдным паэтычным салонам, школай літаратурных ведаў і жыццёвага вопыту.

У гэтым доме паэтам былі напісаны паэмы “З угодкавых настрояў”, “Тарасова доля”, вершы “Маладым паэтам”, “Дзе крыўда адвечная спела”, “Сыходзіш, вёска, з яснай явы…”, “Украіна”, “Якубу Коласу” (“Як калісь спявалі” і “Жыві ў радасці і шчасці””), “Наша моладзь” і шэраг іншых.

Тэгі:


Leave a Reply