it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 10

mig

сёньня на шпацыры меў дзьве ілюстрацыі да працы нашых надзвычайных службаў. паставіў машыну на вуліцы Эўфрасіньні Полацкай, пайшоў у царкоўную краму па свечкі. вяртаюся хвілін праз 15 — і бачу здалёк: нейкі дзядзька ашываецца каля машыны, пільна ўглядаецца ў вокны. а на заднім сядзенні ў мяне ляжыць ноўтбук — на яго ён паглядае асабліва зацікаўлена. падыходжу, кажу: што трэба? аж адскочыў. кажа, салон разглядаў, спідометр. я толькі запытаў: на заднім сядзенні? ён пачаў сыходзіць са словамі: вы толькі нічога не падумайце, я тут проста сябра чакаў.

я сеў у машыну — і краем вока бачу, што ён заглядае ў машыны ўжо на іншым канцы паркоўкі. тэлефаную 102, паведамляю. кажу: ваш кліент, няйначай. адназначна наркот, які шукае, дзе б што стырыць у машыне. адказваюць: выязджаем. запісалі мой нумар і імя.

той дзядзька кудысці аддаліўся. але праз 15 хвілін прыйшлі трое іншых — і сталі заглядаць у тую машыну, куды нядаўна заглядаў ён. потым заўважылі мяне, сталі рабіць выгляд, што так проста тусуюцца.

забягаючы наперад, скажу — роўна праз ГАДЗІНУ мне ператэлефанавалі з міліцыі і запыталі, “у чом дзела”. калі я падзякаваў ім за пільную працу, зьдзівіліся: дык што, не высылаць машыну? не, кажу, чаго салярку дарма паліць. ідзіце, кажу, далей бабак з семкамі каля мэтро ганяйце.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

праз 500 мэтраў мяне чакаў другі выпадак. каля дома па Адоеўскага, 70 на ходніку ля дарогі ляжаў дзядзька і не варушыўся. я падыйшоў, таргануў яго. пачаў мычэць — у драбадан п’яны, нічога ен разумее. патэлефанаваў 103. сказалі: жжыце каля яго, каб не ўцёк, высылаем машыну. праз ПАЎГАДЗІНЫ зьявілася “хуткая”. паляпалі яго па шчаках — і павалаклі па зямлі ў машыну. я падыйшоў спытацца, ці жывы ён. кіроўца кажа: а што яму зробіцца. кажу, а чаго ж вы так доўга ехалі? на што фельчарка сказала: дык іх мільён такіх па горадзе.

дарэчы, пакуль я чакаў “хуткую” непадалёк дзядзькі, назіраў. з масы людзей (чалавек 50) да яго за паўгадзіны падыйшло чалавек 5. патузалі троху — і пайшлі далей.

мараль з гэных двох гісторый напішыце самі.

Тэгі:


One Response to “мая міліцыя і хуткая мяне беражэ”

  1. 1. Renessaince Says:

    А я дык болей і ня буду выклікаць «хуткую» для п’яных, што валяюцца на вуліцы.

    Аднойчы выйшлі ўсёй сям’ёю прагуляцца на вольным паветры, ды недалёка адышоўшы ад хаты, убачылі на зямлі жанчыну, якая ці то п’яная ляжала, ці то невядома што. Ня стаў разьбірацца, вырашыў на сваю галаву выклікаць «хуткую». Пакуль чакалі, вырашылі спытацца, чым ёй дапамагчы, падбадзёрыць, маўляў, хутка прыедуць лекары. Ну яна калі гэта пачула, пачала ўцякаць ад нас па ўсіх квартале. Што рабіць? Тэлефон свой пакінуў, калі выклікаў дактароў, давялося яе хаця б не выпускаць з поля зроку, бо яна відавочна не хацела трапляць у лякарню. Аднак пры гэтым хапалася час ад часу за жывот і нешта казала пра выкідыш…

    Жонку з сынам адпусьціў на шпацыр ды стаў чакаць, калі ж нарэшце прыедзе дапамога. Недзе праз паўгадзіны жанчына забегла ў першы аўтобус, які ўбачыла (гэта ўжо было за паўкілямэтры ад месца здарэньня), а «хуткая» ў гэты час стаяла побач на скрыжаваньні. Давялося яшчэ вяртацца туды, бо я ж пакінуў арыентыр, дзе яны мусілі мяне знайсьці.

    Патлумачылі мне, што заяўка мая хвілінаў 15 проста стаяла ў чарзе, бо не было машынаў, ну а потым пакуль ехалі з шпіталю хуткай дапамогі, дык у нарматывы свае ўклаліся. Я махнуў рукой на ўсё гэта і зарокся (гл. вышэй).

Leave a Reply