it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 25

перадрук з Cmok.budzma.org

Тэкст Глеб Лабадзенка

Фота Аляксандр “Таранціна” Ждановіч

Аўтамабіль Ford Kuga для вандроўкі прадстаўлены партнёрам экспедыцыі “У пошуках Цмока” — дылерам Ford у Беларусі, кампаніяй “Атлант-М Баравая”.

Вандроўкі “У пошуках Цмока” працягваюцца! Мы ўжо наведалі Наваградчыну (РАЗДВА), Веткаўшчыну (РАЗДВА), Глыбоччыну з Браслаўшчынай (РАЗДВА), Ваўкавышчыну (РАЗДВА), знайшлі ўнікальны Змееў камень пад Новалукомлем ды зуб маманта ў Юравічах. І рушылі далей, у самае цмачынае месца Беларусі…

Лепель: першы помнік Цмоку ў Беларусі!

Дарога да Лепеля – маляўнічае замілаванне роднай зямлі. Недзе пад Лагойскам наступае фантастычны момант, калі вышморгваеш з-за гары – а наперадзе даліна з пагоркаў і лагчын, занесеных рознакаляровым лесам… Едзеш – і думаеш сабе, што аднойчы помнік Цмоку будзе стаяць у кожным беларускім горадзе. Натуральна, калі дагэтуль там з’явяцца помнікі Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Еўфрасінні Полацкай, Вітаўту,  Канстанціну Астрожскаму… А пакуль што мы кіруем у Лепель – горад, дзе вось-вось адкрыюць першы ў Беларусі помнік Цмоку.

— Наш Цмок, хоць яшчэ і не ўсталяваны, а ўжо дапамагае людзям – сустракае нас у Лепелі вядомы мясцовы краязнаўца Валацуга Шушкевіч. – Як толькі райвыканкам узгадніў ідэю помніка, некаторыя сталі абурацца, што дзіцячых пляцовак добрых не хапае, а яны на нейкага там Цмока грошы марнуюць! Дык нашыя чыноўнікі што зрабілі? Адкрылі ў парку на Дзень горада новую дзіцячую пляцоўку! Але пры гэтым і на помнік Цмоку грошы выдаткавалі!

Валацуга (Валадар) Шушкевіч – унікальны чалавек. Помнік Цмоку ў Лепелі – ягоная асабістая заслуга. А пачалося ўсё з сямейнага падання пра Цмока, якое пан Валацуга запомніў ад сваёй бабулі.

— Мая бабуля Анэта Шушкевіч разам з дзедам Тарэнтам жылі ў вёсцы Верабкі Лепельскага раёна, – апавядае спадар Шушкевіч. – На Лепельшчыне ёсць традыцыя: маладыя павінны пайсці на возера і ў самае глыбокае месца ўкінуць пачастунак Цмоку – гарэлку ды закуску. Тады Цмок пачынае там бушаваць – і гэтак дабраслаўляе маладых. А бабуля мая атэістка была, ну і ў Цмока таксама не верыла. Таму як яны з дзедам пабраліся – адмовілася ісці на возера, несці Цмоку пачостку. Тады ў 1965 годзе роптоўна памірае мой бацька (ейны сын). Следам – другі яе сын. І нешта яна задумалася: ці не таму гэта, што яна так з Цмокам ды абрадам тым паступіла? Карацей, зрабілася мая бабуля галоўным агітатарам за Цмока!..

Праз некалькі дзясяцігоддзяў галоўным агітатарам за Цмока было наканавана зрабіцца ўжо самому Валацугу Шушкевічу. Ды так, што ажно да помніка справа дайшла.

— А чаго я з тым помнікам завёўся? – рытарычна пытаецца пан Шушкевіч. – Пачуў, што ў Бабруйску паставілі помнік Шуру Балаганаву. Толькі за тое, што ў Ільфа і Пятрова Бабруйск адным радком згадваецца!.. Ну мяне і заела: пра нашага Цмока нават Караткевіч пісаў, столькі ўсяго вядома!.. Карацей, вырашыў я дамагацца помніка!

Як кажуць у нас на вёсцы, мужык сказаў – мужык зрабіў. Стаў Валацуга Шушкевіч пісаць паўсюль пра таго Цмока, піярыць яго як сімвал Лепельскага краю. Дайшло да таго, што тагачасны старшыня выканкама, як кажа Шушкевіч, “увёў на Цмока табу”. І забараніў рэдактару мясцовай раёнкі Цмока ў газеце згадваць.

— Але Цмок разабраўся!.. — смяецца Шушкевіч. – На маё шчасце, таго старшыню выбралі ў Палату Прадстаўнікоў ды ў Мінск адправілі. А на яго месца прыйшоў 32-хгадовы Барыс Яфрэмаў. На маім баку быў таксама намеснік старшыні Мікалай Нікіцін. І справа закруцілася!

Ідзем разам са спадаром Шушкевічам на месца, дзе неўзабаве будзе помнік Цмоку. Пакуль што спадар Шушкевіч паказвае фотапрывязку.

Непадалёк можна сфатаграфавацца ў абдоймах прыўкраснай лепяльчанкі.

Мясцовая дзятва пра Цмока ўжо начутая, таму ідэю сфоткацца з шыльдаю ўспрымаюць з вялікім энтузіязмам.

І тут – паводле Цмачынага павялення – у рукі да спадара Шушкевіча прыйшла інфармацыя, што Еўрасаюз прымае заяўкі на падтрымку праектаў у межах праграмы “Вада, прырода, людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі”. Прычым – зноў жа, шанцаванне – у праграму ўключаныя толькі Галандыя, Масква, Калінінградская вобласць і Лепельскі раён! І менеджар праграмы ў Беларусі Вольга Маханенка, аказалася, жыве ў Лепелі!

— Я падрабязна апісаў сваю ідэю пра Цмока і заяўку падаў, — кажа пан Валацуга. – Разам са мной было пададзена яшчэ 8 праектаў з Лепельшчыны. У выніку былі падтрыманыя ўсе праекты, але мне вылучылі найбольш грошай – 2900 еўра!

Гэтых сродкаў хапіла, каб аплаціць працу скульптара Льва Аганава, стварэнне макета ў натуральную велічыню і матар’ялы для гэтага.

— Як усё было гатова, зрабілі запыт на мінскае прадпрыемства аб кошце самога помніка. Над адказалі: 187 мільёнаў рублёў. Начальства нашае і спахмурнела адразу… Зрабілі на іншае: 183 мільёны. Перада мной ужо ледзьве не выбачаюцца: няма, Валацуга, такіх грошай… Я думаю: не, нельга такі шанец упускаць! Стаў варушыцца, шукаць… Звярнуўся ў Полацк на прадпрыемства “Тэхналіт”. Мне падрахавалі: 112 мільёнаў! Выканкам тады сказаў, што трэба, каб было 99 – іначай ім давядзецца тэндар там нейкі ладзіць і справа можа заглухнуць. І цуд! – на “Тэхналіце” пайшлі насустрач і пагадзіліся на суму 99 мільёнаў!..

Хто скажа, што ўся гэтая гісторыя “склеілася” без дапамогі Цмока?.. Здавалася б – неверагодная ідэя краязнаўцы і гарачага патрыёта свайго краю… Але спраўдзіцца ёй было наканавана ў адным выпадку з сотні… І ўсё склалася!

Пра гэта можна смела казаць, бо сам помнік Цмоку ўжо гатовы і знаходзіцца ў Полацку на “Тэхналіце”. Вось пацьвержанне – Валацуга Шушкевіч абдымае такога чаканага Цмока!

Дарэчы, выгляд Цмока “змалёўвалі” роўненька з Караткевічавага апісання. У рамане “Хрыстос прызямліўся ў гародні” класік так казаў пра Лепельскага Цмока: “Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў… Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані”

Што сказаць, нізкі паклон Валацугу Шушкевічу!

У Лепелі аглядаем таксама касцёл 1857 года і помнік Льву Сапегу, адкрыты зусім нядаўна.

Скульптар Леў Аганаў — аўтар помніка і Льву Сапегу, і Цмоку!

Фота: lepel.by

 

Вялікі Поўсвіж: аграсядзіба дудара Васіля Шкіндзера

 

Кіруем на ўскраіну Лепеля, адтуль – у блізкую вёску Вялікі Поўсвіж, дзе мае аграсядзібу “Поўсвіж” яшчэ адзін прыхільнік Цмока – Васіль Шкіндзер.

 

Спадар Васіль — беларускамоўны чалавек, вялікі патрыёт свайго краю. Напрыклад, каля каменя-следавіка з ягонай ініцыятывы ўсталявалі вялізную фігуру Перуна – бо гару гэтую спрадвеку называлі Перуноваю. Да таго ж, герой наш на дудзе грае!

— Начуты пра вашыя вандроўкі ў пошуках Цмока! – сустракае нас перад брамаю свае сядзібы спадар Васіль. – Ну, прапаную не марнаваць час – а адразу на возера! Тым больш, што я сам там яшчэ не быў!

Урачыста прыкручваем на браму сядзібы Васіля Шкіндзера нашую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”

Возера, куды мы едзем, адзінае ў Беларусі называецца Цмокава. Адкрыў гэта Валацуга Шушкевіч, які заўважыў на мапе ідэальна круглае безыменнае возера між азёрамі Рыбанец і Вялікія Акунічы. А калі адкрыў у інтэрнэце спадапрожнікавую мапу – аслупянеў! Там чорным па белым значылася: Dragon lake. Што перакладаецца як Цмокава возера!

Дарэчы, можаце пазначыць сабе кантакты гаспадара сядзібы “Поўсвіж” Васіля Шкіндзера: 802132-2-62-10
МТС 719-23-92. Тут і пераночыць можна, і цікавостак пабачыць, і з цмачынай шыльдаю сфоткацца – і ў суправаджэнні гаспадара патрапіць на Цмокава возера…

 

Цмокава возера: прайсці над безданню чорнай вадзіцы

Дарога ідзе праз закінуты палігон, дзе часам трапляюцца трывожныя таблічкі.

Мясцовыя жыхары, натуральна, пра “Цмокава возера” чуць не чулі – таму ідзем “па прыборах”: карыстаючыся навігатарам і падказкамі спадара Шушкевіча.

Калі на экране навігатара лясная дарога прытуляецца амаль да самага возера, спыняемся і рушым далей пешшу.

Вось і яно – адзінае ў Беларусі Цмокава возера!.. Напрыўду амаль ідэальна круглае, да трывожнага ціхае і таямнічае.

Да берага ідзем ужо па дрыгве – зямля пад нагамі калышацца як пярына. На беражку вырашаем высветліць, колькі ж пад намі вады. Для чаго выломваем сухое дрэўца вышынёй 3,5-4 метры.

Буль-буль-буль – і дрэўца цалкам сыходзіць пад ваду, ледзьве-ледзьве дакранаўшыся недзе там глыбока да глею. То бок, мы стаім, фармальна кажучы, на шчыльна зрослай траве – а пад намі больш за 3,5 метра вадзічкі!

Кругом возера журавінаў – кладзіся і еж тры дні!

Тут, на Цмокавым возеры, напраўду нейкія вельмі дзіўныя адчуванні. Скажам так, калі сунуў руку ў ваду следам за тым дрэўцам – розныя думкі наведвалі галаву… Але адганаем іх і чапляем на ссохлае дрэва знаёмую вам шыльду.

Вада на Цмокавым возеры – чорная, што не відаць ні на сантыметр углыб.

Зрэшты, што тут асабліва распісваць – усё адно ўсіх уражанняў не перадаць. Глядзіце відэа!

Дарэчы, дазвольце пахваліцца: у гэтую вандроўку брэнд моладзевай вопраткі LSTR экіпіраваў мяне фірмовай цішоткай. Менавіта ў такіх цішотках дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі” нашая зборная па муай-тай паехала на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон.

Вяртаемся з Цмокавага возера цераз той жа палігон. У лесе захаваліся акопы і шырачэзныя траншэі, куды хаваліся танкі. Уражанне – нібыта зямлю вялізныя чарвякі перапахалі.

Дарогаю спаткалі вывернутае невядомай сілай дрэва. Каб было зразумела: дрэва цалкам ляжыць на зямлі, а мы з Васілём Шкіндзерам стаім каля ягонага агромністага карэння.

Дарога часам ідзе так, што давялося дужа акуратна лавіраваць, каб не пашкодзіць Ford Kuga!

Але рушым асцярожна, бо наперадзе…

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Дзякуем кампаніі “Атлант-М Баравая”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы цудоўнаму джыпу Ford Kuga нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!

Асабіста дзякуем кіраўніку аддзела маркетынгу Сяргею Скляраву.
ford
Атлант-М Баравая
Афіцыйны дылер у Беларусі
Мінскі раён, в. Баравая, 2
(каля гіпермаркета Bigzz).
Тэл.:  +375 (17) 266-44-44
МТС: +375  (29) 766-44-44
Velcom:  +375 (44) 766-44-44
Факс: +375 (17) 266-40-33
Інфармацыйны партнёр акцыі — “Комсомольcкая правда” в Белоруссии”
Тэгі: ,


Leave a Reply